Дзедзіч

Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь

23


"Рэвалюцыя" адбудзецца 7 лістапада

"Перазагрузі рэвалюцыю!". Пад такім дэвізам могуць правесці 7 лістапада прыхільнікі "Матрыцы". Менавіта на гэты дзень, праз два дні пасля сусветнай прэм'еры, у Менску запланаваны паказ трэцяй часткі фільму "Матрыца. Рэвалюцыя".

Сусветная ж прэм'ера "Рэвалюцыі" па рашэнню кінакампаніяў Warner Bros. Pictures і Village Roadshow Pictures прызначана на адзін і той жа час у буйнейшых гарадах свету. Гэтая знамянальная падзея адбудзецца 5 лістапада.

Беспрэцэдэнтная акцыя зробіць карціну даступнай фанатам у 6 раніцы ў Лос-Анжэлесы, ў 9 раніцы жыхары Нью-Ёрка таксама сядуць у крэслы гледачоў. На момант прэм'еры ў Лондане будзе 2 гадзіны дня, у Маскве – 5 гадзін вечара, а фанатам у Токіё, каб атрымаць асалоду ад кампутарных спецэфектаў, прыйдзецца чакаць да 23:00.

Яшчэ больш чым у 50 краінах свету баявік з'явіцца на экранах у адпаведны час. Што да нашага гораду, то ў Берасці прэм'ера трэцяй часткі "Матрыцы" пройдзе, па папярэдніх звестках, 20 лістапада. Прынамсі гэтая дата пазначана на сайце кінатэатра "Большой" – www.bolshoi.by.ru. Там жа мы знайшлі некаторыя цікавыя факты пра "Матрыцу":

– За свой удзел у дзвух сіквелах "Матрыцы" Кіану Рыўз атрымае $30 млн даляраў ці 15% ад збораў абедзьвюх серый (што будзе больш). У інтэрв'ю Empire Online Кіану заявіў: "Калі мне прапанавалі здымацца ў сіквелах Матрыцы, я пагадзіўся без ваганняў. Калі ж я ўбачыў сцэнар другой і трэцяй частак, я зразумеў, наколькі грандыёзным будзе працяг".

– Здымкі фільмаў праходзілі ў Аўстраліі. Аднойчы, па дамоўленасці з мясцовымі ўладамі на 4 гадзіны быў закрыты ўвесь рух у Сіднэе. Гэта было зроблена для забеспячэння бяспекі пры здымках сцэны пралёта верталёта над горадам. Верталёт павінен праляцець над Сіднэем на надзвычай нізкай вышыні, таму было прынятае рашэнне не толькі перакрыць рух на вуліцах горада, але і эвакуіраваць людзей з некаторых хмарачосаў.

– Глорыя Фостэр, актрыса, што выконвала ролю Прарыцацельніцы ў першай "Матрыцы", памерла ад дыябету 29 верасня 2001г. Да гэтага часу былі знятыя амаль усе сцэны з яе удзелам для "Матрыцы-2", аднак для "Матрыцы-3" матэрыял зняты не быў.

Ну, а ўсё, што з гэтага атрымалася, мы з вамі зможам убачыць на ўласныя вочы на вялікім экране. Нажаль, не раней за 20 лістапада.

Беларускія навіны (www.naviny.by)