Пачатак кастрычніка у Менску быў адзначаны фэстам прадстаўнікоў нэабеларускай літаратуры. Свята доўжылася тры дні, на працягу якіх творчыя асобы змаглі заявіць аб сваіх магчымасцях і памкненнях. дарэчы, вельмі сімвалічна, што само дзеянне адбывалася ў музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Вы можаце спытаць: "Што такое нэабеларуская літаратура, і хіба такія асобы, як Барадулін, Арлоў, Глёбус адносяцца да літаратуры мінулага?" Вось у гэтым і ўся справа, што на фоне беларускай літаратуры ды культуры ў цэлым з'явілася групоўка людзей (Зміцер Вішнёў, Альгерд Бахарэвіч, Ілля Сін, Вольга Агапеева), якія назвалі сябе "Другім фронтам мастацтваў" і пачалі ствараць новую літаратуру.
Новую у тым сэнсе, што ў мастацкіх творах выкарыстоўваюцца сюжэты, не зусім характэрныя для "стандартнай" літаратуры, а вырашэнне ўзнятых праблем адбываецца новымі, зусім невядомымі і невыкарыстанымі ў літаратуры папярэдняга перыяду шляхамі. Аналізуючы большасць твораў гэтых аўтараў, можна прыйсці да высновы, што асноўнымі праблемамі, якія хвалююць новае пакаленне творчай моладзі, з'яўляюцца: ўзаемаадносіны чалавека з чалавекам і адносіны чалавека да самога сябе, праблема будучыні беларускай нацыі ды шэраг іншых тэмаў, актуальных на сённяшнім этапе развіцця Беларусі. Тэмы, здаецца не новыя, але ж падыходы па іх вырашэнні ўражваюць. Каб быць менш галаслоўным, прывяду невялічкую цытатку з кнігі Альгерда Бахарэвіча "Натуральная афарбоўка":
"... Ён па-майстэрску праскочыў міма чалавека ў аранжавым гальштуку й хутка дагнаў дзядзьку ў чорным, які вёў беларусаў да клетак. Беларусы былі ўсе мокрыя і зблізку не такія прыгожыя, але нічога, такая ў іх праца. Хлопчык падыйшоў да іх. "Можна пагладзіць?" - запытаў ён, дрыжучы ад нецярпення. "Ты як сюды прапоўз?" - вохнуў дзядзька. Але насамрэч ён быў добрым і чулым чалавекам, які любіў не толькі жывёлаў, але і дзяцей. Хлопчыку нават дазволілі пакарміць беларусаў праз клетку".
Асобнае месца ў вышэйузгаданым фэсце мела мастацтва пэрфомэнсу. З'ява для Беларусі новая, але ў краінах захаду даволі распаўсюджаная. Пэрфомэнс, калі казаць спрошчана, наколькі гэта толькі магчыма ў дачыненні да гэтага віду мастацтва, – ёсць новы этап у развіцці драматургіі поставангардызму. Прычым перад публікай могуць выконваць пастаноўку як некалькі удзельнікаў (менавіта ўдзельнікаў, а не акцёраў), так і адзін чалавек. Адметнай рысай драматургіі поставангардызму з'яўляецца і тое, што твор можа выконвацца экспромтам і з прыцягненнем у якасці удзельнікаў відовішча саміх гледачоў. Такім чынам, аўтары перфомэнсу ў некаторых выпадках правакуюць гледачоў ды саміх выканаўцаў, у выніку чаго не заўжды з упэўненасцю можна ведаць, чым скончыцца дзеянне. Ад папярэдніх літаратурных плыняў перфомэнс пераняў моцны псіхалагізм дзеяння, мнагазначнасць вобразаў ды сімвалаў, тэндэнцыю да памяншэння колькасці ўдзельнікаў відовішча (так званы тэатр аднаго акцёра). Сярод асноўных прынцыпаў, якія даюць падставу казаць пра з'яўленне поставангардысцкагай драмы – адсутнасць галоўнай дзеючай асобы. Канешне, такая там ёсць, але ж яна не мае матэрыяльнага ўвасаблення, гэта значыць, што на першае месца ставяцца чалавечыя неасэнсаваныя рэфлексы, alter ego чалавечага існавання.
Вось вам апісанне пэрфомансу, які прэзентаваў творчасць Зьміцера Вішнёва:
Удзельнічае тры чалавекі. Сам Зьмій Віш (у сэнсе Вішнёў) і два памочнікі. Усё дзеянне суправа-джаецца псіхалагізаванай музыкай, як паведаміла мне сяброўка, у выканаўстве і аўтарстве Вішнёва. На месцы дзеяння адзін чалавек дастае з торбачкі зялёнага кракадзільчыка і пачынае на мармуровай падлозе музея гісторыі літаратуры рубіць ні ў чым не павінную тушу жывёліны на часткі. Зьмій Віш, разам з памочнікам, які сваёю вопраткаю надта нагадваў Смерць з малюнкаў мастакоў Рэнесансу, замазвалі жоўтай фарбай адзін з малюнкаў самога Вішнёва (да, забыў вам паведаміць, Вішнёў яшчэ лічыцца мастаком. Аб поставангардысцкім мастацтве мы паспрабуем зрабіць асобны артыкул). Пасля Вішнёў абматаў свой твор нейкім, адмыслова прынесеным для гэтай мэты дротам, і, напрыканцы ўсяго дзеяння, знішчыў уласнаручна свой малюнак...
Да адметнасцяў другога дня можна аднесці прэзентацыю п'есы Вольгі Гапеевай пад назвай "Рэканструкцыя неба". П'еса даволі складаная па сваім успрыманні, насычаная вобразамі-сімваламі і паўзамі, ад чаго асэнсаванне ўбачанага робіцца вельмі няпростым і неадназначным. Адна з маіх знаёмых пасля п'есы вельмі ціха на вуха спытала ў мяне: "Ты што-небудзь зразумеў?"
Рэзюмуючы напісанае можна сказаць, што поставангардызм – гэта з'ява, якая толькі нарадзілася на нашай культурнай ніве, таму казаць пра тое, што гэты накірунак цалкам сфармаваўся, пра ўплывы поставангардызму на іншыя накірункі, яшчэ ранавата. Адзінае, што можна сцвярджаць з упэўненасцю – "Другі фронт мастацтваў" заявіў аб сябе на поўныя грудзі, ці, кажучы ў духу поставангардызму, на поўныя жабры.