Хай даруюць нам вегетарыянцы, але ж мясныя стравы ў беларускай кухні – вельмі неабходная рэч. Іх гатуюць са свініны, ялавічыны, свойскай птушкі.
Перавагу аддаюць мясу, тушанаму з агароднінай і грыбамі. Прыправы – перац, часнок, пятрушка і інш. выкарыстоўваюць умерана, менавіта таму беларускую кухню лічаць амаль што самай лёгказасваяльнай.
СВІНІНА Ў ЦЕСЦЕ
500 г свініны (кумпяк), 100 г здору або алею, 100 г мукі, 0,5 шклянкі малака, 1 яйка, соль, перац, часнок.
Свініну тонка нарэзаць упоперак валокнаў, моцна адбіць, пасыпаючы кожны кавалак соллю, перцам і дробна нарэзаным часнаком. З мукі, яйка і малака прыгатаваць вадкае цеста, дадаць трошкі солі. Апускаць кавалкі падрыхтаванага мяса ў цеста і смажыць з абодвух бакоў у вялікай колькасці тлушчу.
СВІНІНА АПЕТЫТНАЯ
400 г свініны, 4-5 зубкоў часнаку, 1 яйка, 3-4 ст. лыжкі молатых сухароў, 4 ст. лыжкі тлушчу, соль, перац.
Свініну нарэзаць з разліку адзін кавалак на порцыю, адбіць, пасаліць, паперчыць, пасыпаць тоўчаным часнаком, скруціць у выглядзе каўбасак (можна змацаваць завостранай драўлянай палачкай), укачаць у сухары, змачыць сырым яйкам і зноў укачаць у сухары. Абсмажыць у вялікай колькасці тлушчу і паставіць на 10-15 хвілін у духоўку.
СВІНІНА СТРУГАНАЯ
500 г свініны, 2 ст. лыжкі топленага сала, 2 цыбуліны, 0,75 шклянкі смятаны, 2 ст. лыжкі тамату-пюрэ, 1 ст. лыжка мукі, соль, перац.
Свініну нарэзаць брусочкамі даўжынёй 3-4 см, пасыпаць соллю, перцам і абсмажыць на добра разагрэтай патэльні, дадаць падсмажаную цыбулю, смятану, змешаную з таматам-пюрэ, і пасераваную муку, разведзеную булёнам або вадой, давесці да кіпення.
Падаць с варанай бульбай.
МАЧАНКА ПА-СЯЛЯНСКУ
250 г свініны з рэбернымі косткамі, 250 г сырой каўбасы, 2 цыбуліны, 100 г сала, 2 ст. лыжкі мукі, соль, лаўровы ліст. Кавалкі свініны і сырой сялянскай каўбасы абсмажыць. Пшанічную або ячную муку развесці халоднай вадой і ўліваць у кіпень, увесь час памешваючы, да ўтварэння рэдкай мучной падліўкі. Дадаць соль, лаўровы ліст, пакласці кавалачкі падскваранага разам з цыбуляй сала, а таксама свініну і каўбасу. Паставіць на 20-
25 хвілін у духоўку.
Да мачанкі падаць бліны або вараную бульбу.
БІФШТЭКС ПА-БЕЛАРУСКУ
400 г ялавічыны (выразка), 1 ст. лыжка здору, 4 зубкі часнаку, соль, перац.
Мяса разрэзаць упоперак валокнаў на чатыры часткі, кожную злёгку адбіць, надаць круглую форму, пасаліць, паперчыць, пасыпаць змельчаным часнаком. Смажыць біфштэксы на моцна разагрэтай патэльні. Яны гатовы, калі пры націсканні з мяса не выдзяляецца чырвоны сок.
Падаць са смажанай бульбай і марынаванымі грыбамі.
"ВОЖЫКІ"
500 г фаршу (ялавічнага ці дамашняга), 2 цыбуліны, 2 ст. лыжкі рысу, 1 ст. лыжка тлушчу, 1 яйка, 2 ст. лыжкі тамату-пюрэ, 0,5 шклянкі смятаны, лаўровы ліст, соль, перац, зелень.
Мясны фарш змяшаць з прамытым рысам, нашаткаванай цыбуляй, дадаць яйка, соль, перац, добра перамяшаць. Сфармаваць невялікія шарыкі, укачаць іх у муку, злёгку абсмажыць, перакласці ў жароўню, дадаць тамат-пюрэ, смятану, соль, уліць булён або ваду і тушыць на невялікім агні да гатоўнасці рысу. У канцы тушэння пакласці лаўровы ліст.
Падаць "вожыкі" разам з соўсам, у якім яны тушыліся, пасыпаць дробна нарэзанай зеленню кропу або пятрушкі.