Партыя БНФ выходзіць з крызісу, у які яе загналі ўлады. Гэта адчуваецца і ў сталіцы, і ў рэгіёнах, у якіх апошнім часам партыйнае кіраўніцтва правяло шэраг працоўных сустрэч з мясцовымі актывістамі. На адным з такіх сходаў, што адбыўся днямі ў г. Бяроза, мы і паразмаўлялі з лідэрам Партыі БНФ сп. Вінцуком Вячоркам аб перспектывах партыйнага будаўніцтва, аб ролі і месцы партыі ў грамадстве.
Вінцук ВячоркаПартыя БНФ сёлета ўпершыню за шмат гадоў брала ўдзел у мясцовых выбарах. Якія мэты ставіліся вамі на гэтыя выбары і наколькі іх удалося дасягнуць?
- Мясцовая кампанія была для нас найперш магчымасцю дайсці да соцень тысяч людзей, натхніць гэтых людзей, многія з якіх ужо расчараваліся ва ўладзе Лукашэнкі, яго эканамічнай сістэме, у знешнепалітычнай ізаляцыі, якую гэтая ўлада стварыла.
І, натуральна, гэта была магчымасць паказаць людзям, што Партыя БНФ прапаноўвае рэальныя шляхі выйсця і з агульнага крызісу і рэальныя шляхі вырашэння мясцовых праблем.
Мы выставілі парадку 250-ці прэтэндэнтаў на мясцовыя выбары па ўсёй краіне. Людзі вылучаліся кандыдатамі дзеля ідэі, таму што мала хто спадзяваўся прарвацца праз густыя фільтры, якія супраць нас выставіла ўлада. І сярод 100 з нечым чалавек, імёны якіх былі ўсё ж такі ўнесеныя ў бюлетэні, сёння 23 з'яўляюцца дэпутатамі мясцовых саветаў.
А ці дасягнулі вы мэты дагрукацца да сэрцаў выбаршчыкаў, паказаць альтэрнатыву рэжыму Лукашэнкі? Ці ёсць нейкія колькасныя паказчыкі. Скажам, ці павялічылася колькасць прыхільнікаў, колькасць сябраў партыі?
- Што да колькасці сябраў, то, безумоўна, у нашай запалоханай краіне далёка не кожны, хто прыхільна ставіцца да Народнага фронту, яўна ў яго запішацца. А колькасць прыхільнікаў вымяраецца сацыёлагамі. Па даследаваннях, якія праводзілі іншаземныя сацыялагічныя службы, у лістападзе мінулага году ў нас было 17-18% прыхільнікаў, а цяпер 23%. Я схільны гэтыя 5-6% залічваць на мясцовую кампанію. Мы паказаліся людзям як нармальныя, адукаваныя, адэкватныя палітыкі, здольныя гаварыць з людзьмі на іхняй мове і адказваць на іхнія пытанні. Бо мясцовы кандыдат павінен гаварыць не толькі пра высокую палітыку. Ён павінен гаварыць пра гарачую ваду, пра разбітыя дарогі, пра асвятленне, і прапаноўваць канкрэтныя шляхі вырашэння гэтых праблем.
Мясцовыя выбары, відаць, першы крок па аднаўленню іміджу Партыі БНФ у грамадстве, па вяртанню сваіх колішніх пазіцыяў. Якія мэты ставіце на парламенцкія выбары 2004 г.?
- У пэўным сэнсе падобныя. Гэта значыць, мы будзем дабівацца перамогі дзеля таго, каб прарвацца ў заканадаўчы орган краіны. Таму мы плануем выстаўляць моцную каманду прэтэндэнтаў.
І, паралельна, будзем вырашаць стратэгічную задачу на наступныя некалькі гадоў. Мы павінны здабыць сімпатыі бальшыні насельніцтва з тым, каб яно было гатовае да паваротных зменаў. У 2006г. будуць прэзідэнцкія выбары. Вось жа выбары наступнага году трэба разглядаць як падрыхтоўку да іх. Калі нам удасца дайсці да мільёнаў людзей, то гэта будзе таксама перамогай.
Дарэчы, на тэму прэзідэнцкіх выбараў. Хто, на Вашу думку, можа стаць той асобай, той альтэрнатывай сучаснай уладзе, якую падтрымае большасць грамадства?
- Сёння каля 65% беларусаў не вераць Лукашэнку і супраць таго, каб ён і надалей быў прэзідэнтам краіны. Але, з іншага боку, прыхільнікі дэмакратычнай апазіцыі складаюць толькі 25%. І Лукашэнку верыць таксама чвэрць насельніцтва. Атрымліваецца, што бальшыня нашых людзей ужо не верыць Лукашэнку, але яшчэ не знайшла, што выбраць у якасці альтэрнатывы. Гэта значыць, што бліжэйшыя парламенцкія выбары дазволяць розным лідэрам на практыцы паказаць, ці здольныя яны здабыць перамогу, альбо прынамсі арганізаваць палітычна актыўных людзей на барацьбу за свабоду і дэмакратыю. Гэта будуць сваеасаблівыя прэзідэнцкія "праймерыз", папярэдні прагляд патэнцыялу прэтэндэнтаў на выбары 2006г.
Скажу, хто напэўна не мусіць быць прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта. Мы маем сумны досвед некіравальнасці, непадкантрольнасці прэтэндэнтаў ад наменклатуры. Калі чалавек мае толькі наменклатурны досвед сядзець у кабінетах з сакратаркамі ды кіроўцамі і адміністрацыйным апаратам напагатове, ён не надта разумее, што такое сучасная палітычная барацьба ва ўмовах палітычнай дыктатуры. Вось жа прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта не павінны быць такімі людзімі.
Давайце вернемся да парламенцкіх выбараў. Зараз створана пагадненне пяці партыяў, у якое ўвайшлі прадстаўнікі розных, часам несумяшчальных ідэалогій - ад камуністаў і сацыял-дэмакратаў да лібералаў і кансерватараў. На якім грунце ўдалося аб'яднаць такія розныя сілы?
- У пагадненне пяці партыяў уваходзяць Партыя БНФ, Партыя працы, Аб'яднаная грамадзянская партыя, Партыя камуністаў Беларуская і Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада. Кожная з іх самастойна йшла на мясцовыя выбары і кожная з іх пераканалася і паказала іншым, што нешта можа зрабіць. Але, не змяніць сітуацыю цалкам.
Над намі навісла рэальная небяспека рэферэндума пра трэці прэзідэнцкі тэрмін і пра канстытуцыйны акт так званай Саюзнай дзяржавы. А ўсе пяць партыяў згодны, што ніякі рэферэндум не можа быць праўдзівым ва ўмовах, калі ў выбарчых камісіях няма прадстаўнікоў апазіцыі, калі вынікі могуць быць сфальсіфікаваныя, калі на дзяржаўнае тэлебачанне не дапускаюць нікога з адрозным гледзішчам. І першай рэальнай нашай сусправай было пагадненне аб супольным процістаянні трэцяму прэзідэнцкаму тэрміну. Мы выпрацавалі каляндарны план супольных захадаў на выпадак абвяшчэння рэферэндуму. І гэта быў той грунт даверу, на якім стаіць зараз пагадненне.
Мы не зліваемся, не аб'ядноўваемся, не ствараем палітычны блок, таму што мы сапраўды вельмі розныя. Але, гэта ж да чаго трэба было давесці краіну, каб такія палярныя сілы як БНФ і камуністы пра нешта паміж сабой дамовіліся! Ёсць два асноўныя прынцыпы, на якіх гэтае аб'яднанне адбываецца: "Дамагчыся дэмакратыі, збярогшы незалежнасць". Дэмакратыя і незалежнасць. Гэтыя прынцыпы падзяляюцца ўсімі пяццю партыямі. Астатняе сёння - дэталі.
Мы дамовіліся пра стварэнне супольных спісаў кандыдатаў. У аптымальным варыянце кандыдатаў павінна быць 1-2 на кожнай выбарчай акрузе. Не абавязкова гэта павінен быць адзін. Хай бы йшоў "бэнээфавец" і камуніст. Яны, ў прынцыпе, не перашкаджаюць адзін аднаму, бо маюць падтрымку ў розных пластах насельніцтва. І ўжо сёння мы наклалі свае спісы кандыдатаў на мапу Беларусі і пабачылі, што ў 40% акругаў гэты вынік – 1-2 кандыдаты – ужо дасягнуты. У астатніх – будзем дамаўляцца.
Не так даўно лідэры "пяцёркі" сустракаліся з прадстаўнікамі найбуйнейшых моладзевых дэмакратычных арганізацый краіны ("Зубр", "МФ", "ЛКСМБ" і інш.). Пасля гэтай сустрэчы прадстаўнікі "зуброў" і "маладафронтаўцаў" выступілі з даволі рэзкай крытыкай "пяцёркі". Маўляў, "ізноў на нашых плячах хочуць увайсці ва ўладу", "ім патрэбныя толькі нашыя рукі і ногі", і, галоўнае – "пяцёрка" быццам бы не здолела аб'яднаць усе дэмакратычныя сілы. Як Вы пракаментуеце гэтыя выказванні?
- Мы запрасілі кіраўнікоў моладзевых арганізацыяў, каб прапанаваць ім, усім сябрам гэтых арганізацыяў, нешта рабіць разам. Калі нехта не хоча – нічога страшнага. Практыка мінулай прэзідэнцкай кампаніі паказала, што раней ці пазней у розныя сегменты гэтай кампаніі, скажам, у мабілізацыйную кампанію, негатыўную, уключыліся практычна ўсе, хто жывыя ў нашай краіне. Пазіцыя прадстаўнікоў "Зубра" на гэтай сустрэчы была дастаткова канструктыўнай: калі пяць партыяў дамовіліся і захаваюць сваё паразуменне да выбараў, Зубр будзе сваімі магчымасцямі спрыяць гэтаму адзінству. Будзе займацца мабілізацыйнай кампаніяй, негатыўнай кампаніяй, агітацыяй супраць вядома каго – кандыдатаў ад улады. Ну а што да Паўла Севярынца, які прадстаўляе менскае кіраўніцтва Маладога Фронту, то ён заявіў пра стварэнне нейкага асобнага спісу кандыдатаў, што трошкі недарэчна, таму што Малады Фронт – гэта не палітычная партыя. Наконт аб'яднання ўсіх дэмакратычных сілаў. Я думаю, што так не будзе, каб усе, хто называе сябе дэмакратамі, апынуліся ў адзіным спісе. Там можа не апынуцца Мікола Статкевіч, лідэр БСДП "НГ", які даўно ўжо заявіў, што ён вядзе сваю самастойную гульню па раскрутцы сваёй уласнай партыі і сваёй персоны. Кожны выбірае свой шлях. Мы выбіраем барацьбу за свабоду Беларусі.
Вось жа яшчэ Павел Севярынец заявіў, што ў парламенцкай кампаніі Партыя БНФ ставіць на мэце раскрутку свайго іміджу, пазіцыяванне брэнду, але ж не ставіць на мэце перамогу. Што, сапраўды не верыце ў перамогу?
- Я яшчэ раз кажу, што наша мэта – гэта перамога! Перамога ў выглядзе здабытых мандатаў. Калі нам гэта не дадуць – змаганне за сапраўдныя вынікі выбараў. Бо я ўпэўнены, што людзі рэальна прагаласуюць за нашых кандыдатаў. І самай галоўнай перамогай мы будзем лічыць змену настрою нашых грамадзянаў, каб канчаткова перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах 2006г.
Чаму ў пяцёрку не ўвайшлі прадстаўнікі дэпутацкай групы "Рэспубліка"?
- І мы, і іншыя партыі са складу "пяцёркі" з прадстаўнікамі "Рэспублікі" шмат разоў сустракаліся. Выпрацавана пагадненне з "Рэспублікай", якое падпісалі 4 партыі, а мы пакуль толькі парафіравалі. У нас ёсць вельмі простыя ўмовы. Калі, скажам, мы падпісваем пагадненне з Партыяй Працы, мы ведаем, што ў іх ёсць праграма, нейкая колькасць, нейкія структуры. Што такое "Рэспубліка"? Гэтыя людзі патрапілі ў Палату Прадстаўнікоў таму, што яны былі ў спісе Лукашэнкі, у спісе вертыкалі. Яны былі стаўленікамі ўлады.
Праз нейкі момант яны ўсвядомілі, што Беларусь коціцца ў прорву і трэба нешта мяняць. Вельмі добра! Мы радыя! Але яны ў гэтым сэнсе не ёсць паўнавартаснымі прадстаўнікамі народу, паўнавартаснымі парламентарыямі. І таксама яны не ёсць палітычнай партыяй. Мы, каб зняць непаразуменне, папрасілі ў прадстаўнікоў "Рэспублікі", гэта Парфяновіч, Скрабец, Пашкевіч і Фралоў, сказаць нам, колькі ж іх рэальна ёсць у гэтай "Рэспубліцы". Бо называюць то 11, то 7, а мы бачым толькі чатырох. І адказаць, якая ў іх ідэйна-палітычная платформа. Вось зараз мы чакаем адказу.
Ужо стала папулярнай гэтая лічба "пяць". Пры умове пагаднення з "Рэспублікай" гэта будзе ўжо "шэсць", ці "пяць з плюсам"?
- На сёння ёсць сітуацыя "пяці з плюсам". Бо ўжо пагадзіліся працаваць з "пяцёркай" няўрадавыя арганізацыі. Яны гатовыя будуць супрацоўнічаць у правядзенні мясцовых сацыяльных кампаніяў, навучання, назірання і г.д. Будуць штомесячныя сустрэчы і з моладзевымі арганізацыямі, будуць у нас сустрэчы і, хутчэй за ўсё, пагадненне з сапраўднымі, а не "ручнымі" прафсаюзамі, з буйнымі незалежнымі СМІ.
Гэта і ёсць той "плюс", які дае рэальныя магчымасці гаварыць, што ўся грамадзянская супольнасць разам нешта робіць дзеля будучыні Беларусі. Пры гэтым палітычныя партыі займаюцца палітычнай дзейнасцю, грамадскія – грамадскай, але ўсе – дзеля адной мэты.
Асабістае пытанне. Ці не замінае Вам палітычная дзейнасць ў жыцці? Ці хапае часу вынесці смецце з хаты, зрабіць прыборку? Як жонка ставіцца да Вашай дзейнасці?
- Ну, вынесці смецце! На гэта ёсць сын, які павінен займацца хатнімі справамі адпаведна свайму ўзросту. Яму 15 гадоў. Але цяжэйшую працу, скажам, вытрэсці дываны, мы выконваем разам. Канешне, вельмі мала часу для таго, каб займацца дзецьмі. Маёй малодшай дачцэ 5 гадоў, і пры любой нагодзе ўвесь вольны час я намагаюся праводзіць з ёй. Але, дзякуй богу, ўсе ў маёй сям'і – мае аднадумцы. Мы гаворым на адной мове ў прамым і пераносным сэнсе.
Часам здараецца, што такога аднадумства ў маладой пары няма. Скажам, яна ўвесь час гаворыць: "Кінь дурное. Лепш бы грошы йшоў зарабляць". Як Вы лічыце, што у такім выпадку трэба рабіць? Шукаць іншую дзяўчыну, ці, як спявае Зміцер Бартосік, займацца перавыхаваннем: "Калі я спаць кладуся з "дзевачкай прастой", а прачынаюся са шчырай беларускай"?
- У прынцыпе тактыка Бартосіка напэўна больш правільная, але калі пасля некалькіх захадаў, якія Бартосік рэкамендуе, дзяўчына не становіцца Вашай аднадумцай, то ў Вас з ёю будуць увесь час узнікаць такія праблемы. Назіраючы лёсы беларускіх сем'яў, якія ствараліся на маіх вачах, я пераканаўся, што, на жаль, калі няма ідэйнага адзінства, рана ці позна гэта адбіваецца на сямейным шчасці.
Ведаю, што Берасце – Ваш родны горад, і сваё дзяцінства Вы правялі ў ім. З чым звязаны Вашы самыя яскравыя дзіцячыя ўспаміны аб гэтым горадзе?
- Сапраўды, да 14 гадоў я вучыўся ў 1-ай школе, якая зараз стала 1-ай гімназіяй, лазіў па яшчэ не сапсаванай савецкімі манументальнымі ізыскамі Берасцейскай крэпасці, ездзіў на Лясную. Але з самага ранняга дзяцінства, і ўвогуле мае самыя першыя ўспаміны ў жыцці – гэта чыстая і празрыстая мухавецкая вада, праз якую відаць было сонечныя блікі на жоўценькім пяску. Вельмі шкада, што сённяшні Мухавец не часта дае нам магчымасць убачыць такую прыгажосць.
Як малады берасцеец можа стаць сябрам Партыі БНФ?
- На жаль, Берасцейская арганізацыя Партыі БНФ пакуль не мае свайго офісу. Таму тым, хто жадае стаць сябрам партыі, раю тэлефанаваць па тэл.: 25-70-55 (Ніна Юльянаўна), альбо (+375 29) 641-20-98 (Уладзімір). Ніякіх выпрабавальных тэрмінаў у нас няма. Трэба толькі шчырае жаданне дапамагчы зрабіць наш край лепшым.
Што б Вы хацелі пажадаць новаму пакаленню берасцейцаў?
- Берасце – памежны горад. У пэўным сэнсе – гэта горад на мяжы выбару. Ва ўмовах існавання дэмакратыі, здаровай эканомікі, адкрытай мяжы, якую цяпер, на жаль, загарадзілі візамі, берасцейцы мелі б унікальныя магчымасці здабываць дабрабыт, падвышаць адукацыйны ўзровень і пры гэтым заставацца самімі сабой.
Мяне трывожыць той настрой, які пануе сярод цяперашняй, асабліва сярод адукаванай амбіцыйнай моладзі: з'ехаць кудысьці. Вось жа, мае дарагія берасцейцы! Ні ў якім разе нікуды не з'язджайце! Мы з вамі разам павінны зрабіць яшчэ пэўны кавалак работы, каб літаральна праз некалькі гадоў у сябе на Радзіме мы маглі годна жыць!