Па заканчэнні летняга сезона адпачынкаў у Беларускае таварыства абароны правоў спажыўцоў пачалі паступаць звароты грамадзян, незадаволеных якасцю паслугаў турыстычных фірм.
Сярод найбольш распаўсюджаных скаргаў – неадпаведнасць гатэля абумоўленаму пры продажы тура ўзроўню. Здавалася б, якая дробязь. Сонца, мора, чыстыя пляжы – аб чым яшчэ думаць на курорце? Аднак, пагадзіцеся, калі замест гатэля ў кветках, што паказалі вам на фота ў беларускім офісе, вас прывозяць у брудны матель – тут ужо хочаш не хочаш прыйдзецца расплюшчыць вочы... Спачатку ад здзіўлення, а пасля і ад крайняга абурэння. Замену раўнавартасным гатэлем яшчэ можна дараваць (такая магчымасць абумоліваецца ў дамове). Але ж бываюць і зусім недапушчальныя выпадкі. Аднойчы па дапамогу да юрыстаў БТАПС звярнуліся грамадзяне, якіх прывезлі ў Турцыю і пасялілі не толькі ў іншым гатэлі, але і ў іншым населеным пункце. Ды яшчэ побач з нейкім судаходным каналам. "Пачалі разбірацца: ані ў дамове, ані нават у турыстычным ваўчары дакладнага месца, дзе павінен пражываць турыст, не пазначана, – расказвае кіраўнік юрыдычнай службы БТАПС Тамара Бельская. – Напісана: "Анталія". Але ж гэта цэлы регіён...".
Што тут скажаш? Будзьце пільнымі, спадары турысты, і падпісвайце не вусныя абяцанкі, а тое, што напісана ў дамове. Сачыце, каб у ёй абавязкова былі абумоўлены месца і ўмовы пражывання ў іншай краіне, дадзены поўны пералік паслугаў, якія будуць прадстаўляцца і, канешне ж, указаны кошт тура. Дарэчы, пры жаданні дамову можна нават карэктаваць. Таму як усё часцей турфірмы выкарыстоўваюць не канкрэтныя, а тыпавыя дамовы, рэкамендаваныя Міністэрствам спорта і турызма. Перадрукоўваюць слова ў слова, без аніякай адаптацыі да прапанаваных тураў, і – трымай, дзядзька, падпісывай. А ў іх – толькі агульныя фразы ды пералік пунктаў, якія дакладна агаворваюць моманты, калі грошы назад не вяртаюцца. Што ж тычыцца адваротнага боку медаля – напрыклад, паломкі аўтобуса за мяжой, на рамонт якога часам губляецца некалькі сутак з аплочанага адпачынку, ці доўгага прастою на мытні, то часцей за ўсё гэта спісваецца на "непрадбачаныя абставіны"... Форс-мажор, так бы мовіць. І многія людзі пага-джаюцца. Маўляў, ну ці мала што. Не хочацца ж у адпачынку псаваць сабе настрой. У выніку, прызвычаіўшыся да беспакаранасці, прадстаўнікі некаторых турфірм дайшлі да таго, што, нават апынуўшыся ў судзе, робяць выгляд нявінных авечак.
Адна з такіх справаў была звязана з Балгарыяй. Спажыўцам прадалі тур з пражываннем у гатэлі, які, як было ўказана ў дамове, знаходзіўся на гары ў 300 метрах ад пляжа. Прыгажосць неверагодная! Як было не купіцца? А што ж аказалася на самой справе? Да мора – 5 кіламетраў горнага серпанціна... Аднак, выступаючы перад судом, прадстаўнік турфірмы, балгарын, сказаў: "Я з вышыні гляджу на мора – не больш за 300 метраў"... Рашэнне суда: вяртанне поўнага кошту тура за неадпаведнасць умоваў пражывання і выплата кліентам маральнай кампенсацыі. Добры ўрок на будучыню.
Так што, шаноўныя турысты, не саромцеся звяртацца ў праваабарончыя арганізацыі для адстойвання сваіх правоў.
Беларускія навіны (www.naviny.by)