"Куда прешь?! Убери сумку! Ты мне, может, ещё на голову сядешь! Дай пройти, корова!" Наўрад ці гэтыя словы могуць здзівіць таго, хто кожны дзень у гадзіну пік карыстаецца грамадскім траспартам. Многія з нас даўно ўжо перасталі звяртаць на іх увагу, а нехта часам і сам карыстаецца імі для "адстойвання сваіх правоў і тлумачэння сваіх пазыцыяў".
Нарэшце ўбіўся. Ну, хоць зноў не прыйдзецца нагамі топаць праз палову гораду. Спрабую павярнуцца і стаць крыху зручней. Але мяне адразу ж ставяць на месца, ды яшчэ такімі словамі, што калі апусціць ненарматыўныя, дык, здаецца, нічога і не сказалі. Праз адзін прыпынак пачынаю разумець, што, у лепшым выпадку, пасля гэтай паездкі застануся інвалідам. Жанчына нясціплых памераў пачынае прабірацца да выхаду, нібы бульдозер, распіхваючы пасажыраў. Між іншым, калі б яна спытала, можа б высветлілася, што тыя, каго яна "расплюшчыла" па дарозе, таксама збіраліся выходзіць.
Божачкі, толькі не гэта. На прыпынку літаральна прыняла нізкі старт група школьнікаў з аграмаднымі заплечнікамі. А так хацелася мець дзяцей… У такія моманты думаецца: няўжо бацькам так складана навучыць сваіх дзетак здымаць заплечнікі перад уваходам у аўтобус.
Наступны прыпынак. Ледзь жывая бабулька спрабуе залезці ў аўтобус. Ну няўжо на лецішча трэба ехаць ў 7.30, а вяртацца ў 17.00, як раз у той час, калі большая частка насельніцтва гораду едзе на працу ці вяртаецца дадому? Няўжо ж ейная морква засохне, калі яна паедзе праз гадзіну ў пустым аўтобусе?
- Раптам нейкая цётка бальзакаўскага ўзросту, седзячы на паўтары крэслы, пачынае вучыць хлопчыка побач: "Мальчик, ну-ка, уступи вон той бабушке место. Если тебя родители не научили, то я сейчас научу элементарным правилам культуры!!!" Хочацца нагадаць ёй, што добрыя справы трэба рабіць сваімі рукамі і што яна сама не карыстаецца "элементарными правилами культуры", паказваючы іх выдатнае веданне. Дарэчы, калі хлопчык вылез з аўтобуса і пайшоў, кульгаючы, усе зразумелі, што стаяць яму у той момант было, можа, і не лягчэй за тую бабульку. Але гэта, як кажуць, дэталі.
Едзем далей. На наступным прыпынку ўвалілася кампанія паддатых мужчын. Бедная кандуктарка... Яна проста выконвала сваю працу. І наўрад ці заслужыла тое, што пачула ў свой адрас… Але сёння ім не пашанцавала. Міліцыянт, які выпадкова ехаў у гэтым жа аўтобусе, не толькі паставіў іх на месца, але і паклаў на зямю на наступным прыпынку і, мне думаецца, знайшоў куды ім падзець энэргію на наступныя сутак пятнаццаць.
Ну вось і мая чарга выходзіць. Толькі паспеў пра гэта падумаць, як вынесены натоўпам, ужо стаяў на вуліцы. Так, добра, што гэта мой прыпынак…