Шмат хто зараз мае кампутар. Шмат хто мае выхад у інтэрнэт. І таксама шмат хто дасылае нам у рэдакцыю лісты з просьбай падказаць, дзе можна знайсці праўдзівую, свежую і аб'ектыўную інфармацыю пра сучасную сітуацыю ў Беларусі. Адказваем – у інтэрнэце.
Мы не будзем прэтэндаваць на канчатковаць і вычарпальнасць нашых парадаў тым, хто хоча ведаць праўду. Зрэшты, гэта справа густу, якія сайты глядзець. Скажам толькі пра найбольш папулярныя ў нашай арганізацыі крыніцы атрымання навін з інтэрнэта.
Пачнем з Берасця. Не рэгулярна абнаўляецца, але ж часамі выдае цікавыя навіны розных інфармацыйных агенцтваў сайт BrestOnline: http://brestonline.com/index-by.shtml. Ён змяшчае таксама факты з гісторыі горада, цудоўную фотагалерэю берасцейскіх краявідаў і шмат іншай інфармацыі – ад прагноза надвор'я, мапы Берасця, да раскладу руху тралейбусаў. Ёсць і ангельская версія сайту – яна бу-дзе карысна тым, хто вывучае замежную мову. Неблага працуе і сайт Берасцейскага аблвыканкама: http://www.brest-region.by. Ён павінен зацікавіць тых, хто займаецца бізнэсам, дробным прадпрымальніцтвам (інфармацыя аб рэгістрацыі прадпрыемстваў, ліцэнзаванні і да т.п.), тым, хто шукае працу. Ёсць там і навіны, але, як вы разумееце, яны робяцца ў лепшых традыцыях савецкіх часоў: "На нашых палетках цудоўны ўраджай, і ўвогуле ўсё добра, прыгожая маркіза!" Самым цікавым, на наш погляд з'яўляецца магчымасць задаць пытанне любому чыноўніку выканкама. І, як ні дзіўна, атрымаць адказ.
Што да агульнабеларускіх навінаў, то тут бясспрэчным лідэрам з'яўляецца сайт грамадскай ініцыятывы "Хартыя'97": http://www.charter97.org. Абнаўляецца 2 разы на дзень, заўсёды самыя свежыя, актуальныя і непаўторныя навіны пра ўсё, што дзееца ў грамадска-палітычнай і эканамічнай сферах нашага жыцця. Прычым публікуюцца не толькі матэрыялы ўласных карэспандэнтаў, але і артыкулы з іншых крыніц: расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў і газет, пераклады нямецкай і амерыканскай прэсы, датычныя сітуацыі ў Беларусі. Ёсць магчымасць падпісацца на рассылку навін, якія будуць прыходзіць на вашу электронную скрынку.
Другое месца па папулярнасці трывала займае сайт "Радыё Свабода": http://svaboda.org. Пагадзіцеся, у наш час значна прасцей чытаць навіны ў інтэрнэце, чым шукаць недзе ў кладоўцы дзедаўскі кароткахвалевы прыёмнік, каб праз трэск і шум слухаць голас Свабоды. Хаця прыёмнік ні выкідайце. Так, на ўсялякі выпадак. На Свабодзе вы знойдзеце навіны пра Беларусь, пра найбольш значныя падзеі ў свеце. Карысныя парады для тых, хто хоча размаўляць па-беларуску, інтэрв'ю з вядомымі беларускімі літаратарамі і яшчэ шмат чаго. Як і ў "Хартыі", ёсць магчымасць падпісацца на рассылку.
Зусім нядаўна ў нашых сяброў стала папулярнай інтэрнэт-газета агенцтва Белапан: http://www.naviny.by. Тут увогуле бездань навін пра ўсё-ўсё, і не толькі ў Беларусі. Культура, спорт, мода, музыка і г.д. Ну, і, безумоўна, палітыка, эканоміка, грамадства – толькі факты.
Напрыканцы хочам параіць інтэрнэт-рэсурсы, дзе вы знойдзеце інфармацыю пра Беларусь на ўсе выпадкі жыцця:
– Акавіта (http://www.akavita.by) – каталог беларускіх сайтаў, выдатная пошукавая сістэма, рэйтынгі наведваемасці.
– Беларуская палічка (http://www.knihi.com) – электронная бібліятэка твораў беларускіх аўтараў і пераклады на беларускую мову выбітных літаратараў замежжа (мастацкая і навуковая літаратура, публіцыстыка, вершы). Новыя творы з'яўляюцца амаль штодзённа. Ёсць некалькі найбольш папулярных беларускіх мелодый для мабільных тэлефонаў.
– Сайт Партыі БНФ (http://pbnf.org) – праграма і статут, платформа партыі, гісторыя ўтварэння, сімволіка, кантакты мясцовых арганізацый партыі. Ёсць і навіны, і магчымасць падпісацца на рассылку.
Жадаем вам устойлівай і хуткай сувязі!
P.S. Пры патрэбе знайсці ў інтэрнэце інфармацыю пра гісторыю, культуру, эканоміку Беларусі, звяртайцеся да нас. Дапаможам. Ну, а калі вы адкапаеце нейкія іншыя цікавыя сайты пра Беларусь, падзяліцеся сваім адкрыццём з намі, а мы раскажам усім.