4 кастрычніка ў памяшканні Фонда "Наша Вежа" прайшоў Круглы стол моладзевых грамадскіх арганізацыяў Берасцейскай вобласці. "Моладзевы рух Берасцейшчыны. Учора. Сёння. Заўтра": такая тэма пасяджэння была прапанавана арганізатарамі - прадстаўніцтвам фонда IDEE. Больш за 20 кіраўнікоў найбольш уплывовых недзяржаўных моладзевых арганізацый з усіх куткоў Берасцейшчыны абмеркавалі праблемы, што перашкаджаюць развіццю моладзевага руху ў краіне і нашым рэгіёне, падзяліліся сваім бачаннем перспектыў яго развіцця на бліжэйшыя гады.
Але галоўны вынік сустрэчы – у іншым. Пераважная большасць моладзевых арганізацый дала папярэднюю згоду ўдзельнічаць у вялікай агульнаабласной сацыяльнай кампаніі, скіраванай на папулярызацыю моладзевага руху і стварэнне станоўчага іміджу моладзевых НДА ў грамадстве. Плануецца, што ў рамках кампаніі пройдуць сацыяльныя, экалагічныя, культурныя акцыі, імпрэзы, канцэрты, якія будуць арганізоўвацца мола-дзевымі НДА ў рэгіёнах (супольна, альбо самастойна). Цікава, што праходзіць гэтыя мерапрыемствы будуць пад адным брэндам, і сябры НДА будуць рэкламаваць дзейнасць не толькі сваёй арганізацыі, але і ўсяго моладзевага руху Берасцейшчыны.
Будзем спадзявацца, што гэтая ініцыятыва не застанецца толькі ў выглядзе дэкларацыі аб намерах, як было неаднаразова, і да яе далучацца тыя моладзевыя НДА, што не бралі ўдзел у пасяджэнні Круглага стала. З вуснаў некаторых удзельнікаў сустрэчы прагучалі словы надзеі, што плённая супраца ў рамках гэтай кампаніі стане добрым падмуркам для стварэння з цягам часу паўнавартаснай і ўплывовай кааліцыі моладзевых НДА Берасцейскай вобласці.
Dzedzich week-news