Дзедзіч

Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь

23


Моладзь вывучае нашы карані

Сёлетні жнівень актывісты 3 моладзевых НДА Берасцейшчыны правялі, шпацыруючы па вёсках у пошуках мясцовага фальклору: паданняў, казак і песень. 24 экспедыцыі (па 8 на кожную арганізацыю) былі праведзены ў рамках супольнага праекта "Нашы карані", рэалізаванага моладзевымі ініцыятывамі "Кажан" (Лунінецкі р-н), "Рух" (Пінск), а таксама БАМГА "Сузор'е" (Берасце). Сабранага фальклорнага матэрыяла хапіла на цэлы зборнік, які зараз рыхтуецца да друку. З шэрагу падобных праектаў "Нашы карані" выдзяляюцца шэрагам адметнасцяў. Адметнасць № 1: удзел у яго рэалізацыі не толькі сябраў моладзевых НДА, але і простай моладзі, незаангажаванай у грамадскую дзейнасць, якая запрашалася ў вандроўкі праз абвесткі ў СМІ. А паколькі арганізатары аплочвалі выдаткі на праезд і харчаванне, ахвотных было больш чым трэба. Адметнасць № 2: маршруты распрацоўваліся сумесна са спецыялістамі Упраўлення культуры Берасцейскага аблвыканкама, што ёсць добрым прыкладам рэальнага і ўзаемакарыснага супрацоўніцтва паміж уладамі і НДА. Адметнасць № 3: па-за зборам фальклору ўдзельнікі экспедыцыяў ставілі яшчэ адну мэту – знаёмства мясцовай моладзі з дзейнасцю моладзевых НДА. Маладыя вяскоўцы атрымалі буклеты, перыядычныя выданні, іншыя інфармацыйныя матэрыялы пра дзейнасць НДА.

Па словах Віталя Каратыша, каардынатара праекта па Лунінецкім і Столінскім р-нах, ёсць вялікая праблема з тым, што сучасная моладзь у сваёй масе пасіўна ставіцца да грамадскай дзейнасці, для яе патрэбна нейкая матэрыяльная зацікаўленасць.

– Для таго каб зрабіць што-небудь не за грошы, а проста з добрых намераў, знойдзецца зараз не шмат людзей, – кажа Віталь. – Хаця яны ёсць. І гэта усцешвае. І ў Столінскім, і ў Лунінецкім раёнах мы знайшлі актыўных маладых людзей, якіх вельмі зацікавіла тое, чым мы займаемся.

Dzedzich week-news