Асноўныя стаўкі ў перадвыбарнай барацьбе 2001 году рабіліся не на праграмы кандыдатаў, а на выкрыцьцё рэальных ці ўяўных злачынстваў апанэнтаў, абвінавачаньні ў зьніжэньні ўзроўню жыцьця і дэстабілізацыі палітычнай абстаноўкі.
Апазыцыйны электарат аб’ядноўвае не супольная шкала вартасьцяў, а незадаволенасьць рэжымам А. Лукашэнкі. Сама апазыцыя — гэта сукупнасьць розных груповак з адметнымі ідэалёгіямі, ад камуністаў да нацыяналістаў, аб’яднаных, у першую чаргу, сваім супрацьстаяньнем рэжыму А. Лукашэнкі.
ПАДТРЫМКА ПЕРАДВЫБАРНАЙ КАМПАНІІ А. ЛУКАШЭНКІ
З 1995 году электронныя і друкаваныя дзяржаўныя СМІ цалкам кантралююцца прэзыдэнцкай выканаўчай вэртыкальлю. Асьвятленьне перадвыбарнай кампаніі А. Лукашэнкі ў падкантрольных прэзыдэнту СМІ не адрозьнівалася ад асьвятленьня дзейнасьці прэзыдэнта ў папярэдні пэрыяд, пачынаючы з 1995 году. Паназіраўшы за перадачамі Беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня ў апошнія пяць гадоў, можна сьцьвярджаць, што рэклямная кампанія на карысьць А. Лукашэнкі ў дзяржаўных СМІ вядзецца на працягу ўсяго гэтага часу. Прэзыдэнт Лукашэнка фактычна манапалізаваў тэлевізійны этэр і стала фігуруе ў перадачах дзяржаўнага тэлебачаньня з моманту падрыхтоўкі да рэфэрэндуму 1996 году.
Празьмерная прысутнасьць прэзыдэнта ў беларускіх тэлеперадачах нязьменна суправаджаецца пазытыўнымі камэнтарамі ягоных дзеяньняў, паведамленьнямі пра посьпехі ў палітыцы й эканоміцы. Пры гэтым усімі сродкамі падтрымліваецца вобраз, які прывёў А. Лукашэнку да ўлады — чалавека з простага люду, які дагэтуль ня страціў зь ім лучнасьці. Беларускі прэзыдэнт не дапускае правядзеньня тэлевізійных дэбатаў з прадстаўнікамі апазыцыі.
За ўвесь час свайго кіраваньня А. Лукашэнка стала наведваў беларускія рэгіёны, праводзіў сустрэчы, адкрываў сьвяты, ладзіў працяглыя выступы, дэманструючы адзінства з абралым яго грамадзтвам, выяўляў актыўную дзейнасьць у вырашэньні сацыяльных і эканамічных праблемаў.
Былы дырэктар саўгасу, А. Лукашэнка штогод ладзіць тэлевізійнае шоў — сэлектарныя нарады з кіраўнікамі калгасаў, дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія дэманструюць электарату ягоныя намаганьні ў паляпшэньні жыцьця ў краіне. 7 жніўня 2001 году беларускі прэзыдэнт чарговы раз зладзіў ужо традыцыйную сэлектарную нараду з удзелам высокапастаўленых чыноўнікаў, прысьвечаную жніву і ўмалоту. Паводле заявы кіраўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, збор ураджаю ішоў пасьпяхова.
Такое асьвятленьне ўборачнай кампаніі — штогадовая акцыя, накіраваная на падтрымку рэйтынгу прэзыдэнта.
Першыя вынікі гэтае кампаніі пракамэнтаваў лідэр прафсаюзу работнікаў сельскай гаспадаркі Аляксандар Ярашук: «Што да заяваў пра ўдалы ўраджай, дык у іх няма нічога дзіўнага, бо сельская гаспадарка ў нас даўно ўжо стала не эканамічнай, а ідэалягічнай галіной. Бяда ў тым, што ніхто не ўзгадае, пра што йшлося на сэлектарнай нарадзе, калі надыдзе час падводзіць вынікі і параўноўваць іх з прагнозамі»[1].
Адначасова з рэклямай А. Лукашэнкі ў беларускіх дзяржаўных СМІ праводзіцца дыскрэдытацыя любой рэальнай апазыцыі прэзыдэнту. Кампанія афіцыйных СМІ супраць апазыцыі пачалася з выхадам у беларускі тэлевізійны этэр фільму тэлежурналіста Юр’я Азаронка «Дзеці хлусьні» ў 1995 годзе. Акцыі беларускай апазыцыі ў выпусках беларускіх навінаў заўсёды паказваюцца ў нэгатыўным сьвятле. Адмысловая штотыднёвая праграма «Рэзананс» складаецца зь сюжэтаў і камэнтароў, накіраваных на зьніжэньне даверу да апазыцыі.
Задоўга да пачатку выбарчай кампаніі на Беларускім тэлебачаньні зьявілася праграма Ю. Азаронка «Таемныя спружыны палітыкі» — адкрытая прапаганда супраць апазыцыі і яе лідэраў, пабудаваная на прымітыўных мэтадах ачмурэньня, стварэньня вобразу ворага, выкарыстаньні мантажу і прадузятых камэнтароў, маніпуляваньня вобразамі й цытатамі, што беспасярэдне не датычаць заяўленых праблемаў. У перадачы выкарыстоўваюцца перакручваньні фактаў, аднабаковае асьвятленьне падзеяў, абвінавачаньні апазыцыі ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў і супрацоўніцтве з замежнымі спэцслужбамі, якія імкнуцца падарваць уладу «народнага» прэзыдэнта.
Перадачы Беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня таксама закліканыя апраўдаць беларускія ўлады ў сытуацыі з правамі чалавека для міжнароднай супольнасьці. Яны пераймаюць стылістыку савецкіх палітычных аглядаў, што выкрывалі жахі буржуазнай дэмакратыі.
Выступы самога беларускага прэзыдэнта ў падкантрольных СМІ таксама, як правіла, зьмяшчаюць выпады супраць апазыцыі. Асаблівы рэзананс у незалежнай прэсе выклікала нарада А. Лукашэнкі з вышэйшымі ўрадоўцамі, якая трансьлявалася 31 ліпеня Беларускім дзяржаўным тэлебачаньнем.
Гарант беларускай Канстытуцыі правёў у этэры нараду з кіраўнікамі выканаўчай вэртыкалі, прысьвечаную будучым выбарам, заклікаючы іх не паддавацца на правакацыі апазыцыі. Паводле словаў прэзыдэнта, супраць яго рыхтавалася змова, на чале якой стаіць галава місіі АБСЭ Ганс-Георг Вік, які ўзначальвае штаб беларускай апазыцыі. «Гэты штаб падрыхтаваў сцэнар адхіленьня Лукашэнкі ад улады. І ён просты: у дзень выбараў 15 тысяч назіральнікаў павінны абвясьціць пераможцам праціўніка дзейнага прэзыдэнта. Пасьля гэтага, 10 верасьня, некалькі тысяч праціўнікаў Лукашэнкі возьмуць штурмам ягоную рэзыдэнцыю».
Публічная нарада была закліканая стымуляваць ляяльнасьць урадоўцаў у часе выбараў. А. Лукашэнка пэрсанальна папярэдзіў тагачаснага галаву адміністрацыі Міхаіла Мясьніковіча, прэм’ер-міністра Ўладзімера Ярмошына і мэра Менску Міхаіла Паўлава, што прэзыдэнту, нібыта, раілі публічна арыштаваць Міхаіла Мясьніковіча і Ўладзімера Ярмошына, каб запалохаць чынавенства. Зь іншай крыніцы Лукашэнку стала вядома пра кантакты менскага мэра, галавы адміністрацыі і прэм’ер-міністра з арганізацыяй «За новую Беларусь», якую ўзначальвае былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, што адбыў турэмнае зьняволеньне і цяпер знаходзіцца ў апазыцыі да прэзыдэнта. Таксама А. Лукашэнку былі, нібыта, перададзеныя дакумэнты, якія сьведчылі аб тым, што вылучэньне кандыдата Міхаіла Марыніча было інсьпіраванае Міхаілам Мясьніковічам. Але прэзыдэнт тут жа пасьпяшаўся заявіць, што не дае веры гэтым паведамленьням і ніхто ня будзе арыштаваны. Паводле словаў Лукашэнкі, дэзінфармацыя зыходзіць ад апазыцыі, якая імкнецца ў вырашальны момант «зьнегаловіць» уладу.
Пры канцы жніўня кандыдаты на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі С. Домаш, У. Ганчарык і С. Гайдукевіч выступілі па Беларускім тэлебачаньні, кожны з трыццаціхвілінным зваротам да выбарцаў. А. Лукашэнка адмовіўся ад перадвыбарнага тэлевізійнага выступу перад выбарцамі, тым самым падкрэсьліваючы свой асаблівы статус што да іншых кандыдатаў.
Прэзыдэнт Лукашэнка абвясьціў па БТ праграму канкрэтных справаў. Ён наведваў рэгіёны Беларусі, сустракаўся з насельніцтвам, ягоны ваяж падрабязна асьвятляўся СМІ. А. Лукашэнка ўвесь час даваў інтэрвію Беларускаму тэлебачаньню, што шматкроць перавысіла час выступленьня ягоных апанэнтаў у беларускім тэлеэтэры. Беларускае тэлебачаньне паказвала, як прэзыдэнт, у адрозьненьне ад сваіх апанэнтаў, не гаворыць, а займаецца канкрэтнымі справамі для паляпшэньня жыцьця людзей.
Наведваньне рэгіёнаў з падрабязным асьвятленьнем у беларускіх навінах адначасова рабіла А. Лукашэнку рэкляму на ўсю краіну, дзякуючы манапалізаванаму тэлебачаньню, і беспасярэдне забясьпечвала рэкляму ў рэгіёнах. Яшчэ з часоў візытаў кіраўнікоў СССР у савецкія рэгіёны мясцовае начальства на час візыту задзейнічае ўсе рэсурсы, намагаючыся палепшыць сытуацыю ў населеных пунктах па шляху візытантаў. Гэтая традыцыя дэманстрацыйнага дабрабыту захавалася й цяпер. Такім чынам, зь зьяўленьнем найвышэйшага кіраўніка ўмовы жыцьця ў населеным пункце, як правіла, паляпшаюцца. У варунках беларускай правінцыі, пры нізкім узроўні палітычнай і інтэлектуальнай культуры, гэты папулісцкі прыём цалкам апраўданы. Акрамя таго, падобнае турнэ па беларускіх рэгіёнах спрыяла кантролю за ляяльнасьцю чынавенства на месцах, прынамсі на нейкі час, дзякуючы асабістаму візыту прэзыдэнта ў рэгіён. Такім чынам, візыты прэзыдэнта Лукашэнкі ў рэгіёны спалучалі папулісцкую кампанію з інспэкцыямі вэртыкалі.
Пачынаючы з 30 жніўня, у Беларусі адбываліся вайсковыя манэўры «Нёман-2001», на якіх прэзыдэнт Лукашэнка прысутнічаў асабіста як Вярхоўны Галоўнакамандуючы. Вучэньні падрабязна асьвятляліся ў спэцыяльных рэпартажах Беларускага тэлебачаньня. Падчас вучэньняў, што трансьляваліся на ўсю краіну, адпрацоўваліся дзеяньні супраць тэрарыстычных фармаваньняў на тэрыторыі Беларусі; дзеяньні войскаў супраць праціўніка, які ўварваўся з тэрыторыі суседніх дзяржаваў, хаця канкрэтна не ўдакладнялася, што гэта за дзяржавы; адбіцьцё авіяцыйных налётаў. Гледачам беларускага каналу дэманстравалася маленькая пераможная абарончая вайна, хаця і ўмоўная.
Тым часам асьвятленьне дзейнасьці астатніх кандыдатаў на Беларускім тэлебачаньні на фоне чынаў прэзыдэнта рабілася ў іранічна-нэгатыўным рэчышчы.
Дзяржаўнымі СМІ для дыскрэдытацыі апазыцыі актыўна выкарыстоўваюцца крымінальныя справы супраць палітыкаў, што сталі ў апазыцыю да А. Лукашэнкі, а таксама супраць іхных сваякоў. У 2001 годзе інфармацыйная кампанія супраць М. Чыгіра разьвівалася дзяржаўнымі СМІ на падставе рэпартажаў і камэнтароў пра арышт ягонага сына, Аляксандра Чыгіра, нібыта за крадзяжы і гандаль запчасткамі аўтамабіляў. Абвінавачаньні й камэнтары, якія пераконвалі аўдыторыю ў вінаватасьці затрыманых, трансьляваліся Беларускім тэлебачаньнем адразу пасьля затрыманьня, пры адсутнасьці пастановы суду. Аналягічная тактыка раней ужывалася ў дачыненьні да самога М. Чыгіра.
Завядзеньне крымінальных справаў супраць прадстаўнікоў апазыцыі суправаджалася інфармацыйнай кампаніяй у дзяржаўных СМІ, якая апраўдвала такія захады і адначасова фармавала ў сваёй аўдыторыі нэгатыўнае стаўленьне да апазыцыі.
З набліжэньнем выбараў сталі больш складанымі варункі працы апазыцыйных выданьняў. У канцы жніўня ў Горадні былі арыштаваныя 64 тысячы асобнікаў не зарэгістраванай у Дзяржкамдруку расійскай газэты «Президент», якія накіроўваліся ў Калінінград.
Арыштаваны нумар газэты был цалкам прысьвечаны палітычнай сытуацыі ў Беларусі напярэдадні выбараў. Адны толькі загалоўкі гэтага нумару газэты ўжо могуць сьведчыць шмат пра што: «Трэцяга ня дадзена: Аляксандар Лукашэнка ня мае права балятавацца ў прэзыдэнты», «Дзікае паляваньне караля Стаха: рэдакцыя газэты «Президент» атрымала пакет дакумэнтаў і відэаматэрыялаў, што паступілі ў Адміністрацыю прэзыдэнта Расійскай Фэдэрацыі. Усе дакумэнты аб’яднаныя адной тэмай — дачыненьне высокіх беларускіх урадоўцаў да дзейнасьці «эскадрону сьмерці» — спэцпадразьдзяленьня, што фізычна зьнішчала палітычных апанэнтаў А. Лукашэнкі» і да т.п. Некалькі матэрыялаў у арыштаваным выпуску газэты былі прысьвечаныя адзінаму кандыдату ў прэзыдэнты ад апазыцыі Ўладзімеру Ганчарыку.
17 жніўня ў Менску ў друкарні прыватнага выдавецтва «Мэджык» быў арыштаваны 400-тысячны наклад беларускай апазыцыйнай газэты «Наша свабода». Апэрацыю зьдзяйсьнялі супрацоўнікі АБЭЗ Першамайскага раёну сталіцы сумесна з прадстаўнікамі Дзяржкамітэту фінансавых расьсьледаваньняў. Арыштаваны спэцвыпуск прысьвячаўся перадвыбарнай сытуацыі ў Беларусі, а таксама кандыдату Ўладзімеру Ганчарыку. Паводле сьведкаў — супрацоўнікаў «Мэджыка», прадстаўнікі праваахоўных органаў яшчэ ў ноч на пятніцу, калі друкаваўся наклад «Нашай свабоды», перакрылі ўсе выхады з памяшканьня друкарні. І ўсё ж такі частку накладу — 100 тысячаў асобнікаў — супрацоўнікі рэдакцыі змаглі вывезьці. Паводле афіцыйнай вэрсіі, тое, што адбылося ў друкарні «Мэджык», тлумачыцца тым, што адпаведныя дакумэнты на друк нумару газэты «не адпавядалі дзейнаму заканадаўству». Іначай кажучы, кіраўніцтва «Мэджыка» не паказала неабходных дакумэнтаў на патрабаваньне «органаў», паколькі яны знаходзіліся ў рэдакцыі «Нашай свабоды». Апрача таго, яны сапраўды ўтрымлівалі пэўныя недакладнасьці. Аднак усе гэтыя парушэньні не давалі права арыштоўваць накладу газэты. Карныя санкцыі ці да друкарні, ці да рэдакцыі — вось звыклыя меры пакараньня ў такіх выпадках. Такім чынам, відавочна, што ў ход пайшла не бугальтэрыя, а палітыка.
У Воршы ў рэдакцыю незалежнай мясцовай газэты «Куцейна» ўварваліся чацьвёра ў цывільным і, не паказаўшы ніякіх дакумэнтаў, пачалі ператрус. Супрацоўнікі рэдакцыі выклікалі нарад міліцыі, які прыбыў і паехаў. За гэты час адзін зь невядомых назваўся супрацоўнікам камітэту фінансавых расьсьледаваньняў, а іншы — супрацоўнікам КДБ. За тры гадзіны зьявілася абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і выданьні газэты безь ліцэнзіі. Галоўны рэдактар заявіў пра беспадстаўнасьць абвінавачаньняў. Але чатыры кампутары і надрукаваныя асобнікі газэты былі канфіскаваныя.
31 жніўня два спэцвыпускі незалежнай «Предпринимательской газеты» выйшлі зь белымі плямамі. Як паведаміла «Радыё Рацыя», зьнятыя з друку матэрыялы аспрэчвалі законнасьць балятаваньня Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта. У іх даводзілася, што Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца заняць прэзыдэнцкую пасаду ўжо ў трэці раз, хаця паводле Канстытуцыі прэзыдэнт можа знаходзіцца ўва ўладзе толькі два тэрміны.
Напярэдадні выбараў дзяржаўныя СМІ распаўсюджвалі паведамленьні пра падрыўную дзейнасьць апазыцыі ў хаўрусе з замежнымі спэцслужбамі. Спасылаючыся на нейкі маскоўскі цэнтар «Незалежная палітычная экспэртыза», які перадаў аналітычныя нататкі ў Дзяржаўны сакратарыят Рады бясьпекі Беларусі, дзяржаўныя СМІ распаўсюджвалі інфармацыю пра тое, што на тэрыторыі Беларусі праводзіцца апэрацыя «Белы бусел», накіраваная на зрынаньне прэзыдэнта Лукашэнкі паводле югаслаўскага сцэнару. Задарма распаўсюджваўся спэцвыпуск дзяржаўнай газэты «Советская Белоруссия» ад 5 верасьня, выдадзены дадатковым накладам. Газэту разносілі выбарцам, якія не падпісваліся на «Советскую Белоруссию». У спэцвыпуску ўтрымліваліся заклікі да людзей галасаваць за Аляксандра Лукашэнку, а таксама праграма прэзыдэнта «За моцную і квітнеючую Беларусь».
9 верасьня былі заблякаваныя інтэрнэт-сайты апазыцыйных арганізацыяў і СМІ, якія плянавалі асьвятляць працэс выбараў у рэжыме on line. У іх ліку былі заблякаваныя інтэрнэт-рэсурсы «Хартыі’97», «БДГ-online», «Радыё Свабода», «Радыё Рацыя», «Нашай Нівы», праваабарончага цэнтру «Вясна», «Маладога фронту» і іншых, уключаючы сайт менскага прадстаўніцтва IREX. Гэта было дастаткова проста зрабіць, паколькі асноўныя рэсурсы Інтэрнэту ў Беларусі кантралюе дзяржаўная арганізацыя «Белтэлекам».
Была таксама ўжытая тэлефонная блякада. У замежных карэспандэнтаў узьнікалі праблемы пры перадачы паведамленьняў у свае агенцыі і рэдакцыі. У сярэдзіне дня беларускія спэцслужбы прыпынілі працу перасоўнага тэлевізійнага комплексу Эўрапейскага вяшчальнага саюзу, рэпартажы зь Беларусі ішлі з затрымкай.
ЭФЭКТЫЎНАСЬЦЬ ПРАПАГАНДЫ Ў ДЗЯРЖАЎНЫХ СМІ
Узмацненьне рэпрэсіяў, здольных стымуляваць радыкалізацыю іншадумцаў і, у тым ліку, цяперашняй палітычнай апазыцыі, нявыгаднае беларускаму прэзыдэнту. Аляксандру Лукашэнку патрэбная слабая, разрозьненая, кантраляваная апазыцыя, якая хаця й пратэстуе супраць беларускага рэжыму, але пазьбягае рашучых дзеяньняў. Такая апазыцыя забясьпечыць бачнасьць дэмакратыі і неабходны вобраз ворага для прэзыдэнцкага электарату.
Супраць апазыцыйных выданьняў выкарыстоўваюць у першую чаргу не паліцэйскія сілы, а падпарадкаваны прэзыдэнту бюракратычны апарат. Асноўныя перашкоды ў дзейнасьці апазыцыйных СМІ ствараюцца з дапамогаю адміністрацыйных захадаў: кампаніяў перарэгістрацыі незалежных ад дзяржавы выданьняў і падатковага кантролю. Выпуск апазыцыйных выданьняў можа быць прыпынены ў дзяржаўных друкарнях, магчымае зьняцьцё з друку некаторых матэрыялаў, у выніку чаго нумары апазыцыйных газэт могуць выйсьці зь белымі палосамі.
Такім чынам 6 ліпеня быў сарваны выпуск нумару газэты «День», у якім было зьмешчанае інтэрвію з былым кіраўніком справаў прэзыдэнта Іванам Ціцянковым. Гэты нумар павінен быў выйсьці накладам 55 600 асобнікаў пры звычайным накладзе ў 8000 асобнікаў. Але ў дзяржаўнай друкарні нумар быў надрукаваны накладам толькі ў 5600 асобнікаў. Аднак раніцой гэты суботні выпуск так і не зьявіўся ў шапіках Менску, абласных і раённых цэнтраў. Але інтэрвію з былым кіраўніком справаў прэзыдэнта ўсё адно было апублікаванае ў апазыцыйнай прэсе.
У цэлым улады пазьбягаюць адкрытага гвалту што да да апазыцыйных СМІ, па магчымасьці імкнуцца ствараць бачнасьць законнасьці, аддаючы перавагу эканамічнаму і адміністрацыйнаму ціску. Прапагандысцкая кампанія на карысьць А. Лукашэнкі ідзе ў сытуацыі, калі апазыцыя ня мае доступу да этэру і дзяржаўнага друку, манапалізаваных прэзыдэнцкай вэртыкальлю. Аднак у Беларусі ўсё ж існуе пэўная свабода слова, хаця інфармацыйныя рэсурсы апазыцыі, і, у цэлым, іншадумцаў, для выказваньня свайго пункту погляду значна сьціплейшыя.
Дзяржаўныя СМІ, якія абслугоўваюць рэжым, знаходзяцца ў нашмат выгаднейшых умовах у параўнаньні з апазыцыйнымі. Яны забясьпечаныя паліграфічнымі магутнасьцямі, памяшканьнямі і фінансавымі рэсурсамі. Іхны наклад значна вышэйшы за наклад апазыцыйных газэт.
Напрыклад, наклад найбольш папулярных апазыцыйных і незалежных СМІ на момант выбараў быў наступны. Газэта «Белорусский рынок» — 13 000 асобнікаў; «Белорусская газета» — 15 000 асобнікаў; «Белорусская деловая газета» — 18 600, «Народная воля» — 41 780, «Наша Ніва» — 5600, «Наша свабода» — ад 9 000 да 10 000 асобнікаў; газэта «Товарищ», заснаваная Цэнтральным камітэтам Партыі камуністаў беларускай, — 8 000; выданьне Фэдэрацыі прафсаюзаў «Беларускі час» — 42 000 асобнікаў. У той жа час наклад адной толькі прапрэзыдэнцкай газэты «Советская Белоруссия» складае 380 493 асобнікі, суботніх выпускаў — 438 333 асобнікі. Ляяльная да Лукашэнкі «Народная газета» выдаецца накладам 89189 асобнікаў.
Аднак пры фактычнай манаполіі прэзыдэнта на дзяржаўныя СМІ, папулярнасьць беларускіх інфармацыйна-прапагандысцкіх тэлеперадач у гледачоў дастаткова нізкая. Прафэсійны ўзровень гэтых перадач вельмі невысокі і адпавядае ўзроўню савецкай прапаганды на Беларускім тэлебачаньні ў пэрыяд позьняга СССР. Зацягнутыя сюжэты, паўтараныя шматкроць ідэалягічныя штампы, суседзтва з больш прафэсійнымі і цікавымі расійскімі каналамі, якія іначай асьвятляюць становішча ў Беларусі, звужаюць аўдыторыю беларускіх інфармацыйных праграмаў. Таму эфэктыўнасьць уласна электронных беларускіх СМІ невысокая. Пра гэта сьведчаць дадзеныя сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў чэрвені 2001 г. Гэтак, насуперак прапагандысцкай кампаніі супраць дзейнасьці АБСЭ ў Беларусі, распачатай Беларускім тэлебачаньнем, пра тое, хто такі Ганс-Георг Вік, у чэрвені ведала менш за палову рэспандэнтаў (гл. табліцу).
Хаця беларусы глядзяць праграмы дзяржаўнага тэлебачаньня, інфармацыйныя перадачы не карыстаюцца ў іх высокай папулярнасьцю. Больш за траціну апытаных НІСЭПД у чэрвені іх проста не глядзелі. Сур’ёзнага пагаршэньня адносінаў да апазыцыі мэтанакіраваная тэлевізійная прапаганда таксама не дасягае (гл. табліцу).
Дзяржаўнае Беларускае тэлебачаньне ня мае істотнага ўплыву як на меркаваньне беларускіх элітаў, так і на думку шараговых грамадзянаў. Ніжэй прыводзяцца дадзеныя апытаньня беларускіх элітаў, праведзенага НІСЭПД у ліпені 2001 году.
Якраз эліта найбольш уважліва сочыць за выступамі Аляксандра Лукашэнкі на Беларускім тэлебачаньні. І, у значнай ступені, акурат на беларускіх урадоўцаў быў разьлічаны выступ прэзыдэнта 31 ліпеня. Хаця ўрадоўцы могуць не згаджацца зь дзеяньнямі прэзыдэнта, яны ўсё яшчэ дастаткова залежныя і недастаткова арганізаваныя. Іх стаўленьне да кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі і рэальныя дзеяньні ў працэсе падрыхтоўкі да выбараў цалкам могуць не супадаць.
РАСІЙСКІ ЧЫНЬНІК У БЕЛАРУСКАЙ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ПРАСТОРЫ
У інфармацыйнай прасторы Беларусі, занятай электроннымі СМІ, дамінуе Расія. На момант прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ў Беларусі налічвалася тры асноўныя тэлевізійныя каналы: Беларускае тэлебачаньне, канал ОРТ і РТР. Апошнія два каналы — расійскія. У Менску зь сямёх бясплатных тэлевізійных каналаў беларускім зьяўляецца адно дзяржаўны канал БТ. Расійскія: ОРТ, РТР, Культура, НТВ, TV-6. Сталічны канал СТВ+RenTV, створаны на базе сталічнага Восьмага каналу, насамрэч ёсьць філіяй расійскага каналу RenTV.
Ступень даверу беларускага грамадзтва да расійскіх электронных СМІ значна вышэйшая, чымся да беларускіх. Акурат яны, больш за беларускія незалежныя СМІ, здольныя паўплываць на тую частку беларускага электарату, якая вагаецца.
Зь лютага 2001 году, пачынаючы зь візыту А. Лукашэнкі ў Маскву ў часе Дзён беларускай культуры, расійскія каналы трансьлявалі рэпартажы пра побыт беларускага прэзыдэнта ў Маскве. Улетку 2001 году якраз расійскае тэлебачаньне ўпершыню за апошнія гады трансьлявала выступы некаторых беларускіх палітыкаў, якія прэтэндавалі на імідж «апазыцыйных».
7 чэрвеня, у дзень, калі Нацыянальны сход Беларусі абвясьціў дату прэзыдэнцкіх выбараў, а 15 гадзіне па расійскім канале НТВ было паказанае інтэрвію з Л. Сініцыным. У ім Сініцын у абсурднай манэры заявіў, што А. Лукашэнка можа аб’явіць сябе прэзыдэнтам, які набраў 130% галасоў, і ніхто ня зможа яго спыніць. Тады ж 7 чэрвеня, у вечаровым тэлеэтэры папулярнага ў Беларусі каналу ОРТ з інтэрвію тэлевядучаму Аляксандру Любімаву выступіў галава Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік.
8 траўня а 21 гадзіне паводле беларускага часу ў Беларусі была раптоўна перапыненая трансьляцыя расійскіх тэлеканалаў ОРТ, РТР, НТВ. Беларускае тэлебачаньне трансьлявала свае перадачы па ўсіх каналах да канца гэтага дня. 9 траўня працягвалася дэманстрацыя праграмаў Беларускага тэлебачаньня па ўсіх расійскіх каналах, што вяшчаюць на Беларусь. Глядзець расійскія перадачы маглі толькі ўладальнікі спадарожнікавых антэнаў, а іх у Беларусі вельмі мала.
Адказнасьць за адключэньне расійскага тэлевяшчаньня ўзяў на сябе першы намесьнік галавы Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Замяталін, растлумачыўшы гэта як часовую рэалізацыю сувэрэнітэту краіны. Напярэдадні чакалася прыбыцьцё ў Маскву на запрашэньне Фонду абароны галоснасьці пяцёх апазыцыйных прэтэндэнтаў на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. Тым ня менш, вяшчаньне расійскіх каналаў было адноўленае.
У нядзелю 10 чэрвеня па канале ОРТ у папулярнай праграме расійскага журналіста Ўладзімера Познэра «Времена» выступілі Сямён Домаш, Павал Казлоўскі, Сяргей Калякін, Міхаіл Чыгір і лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Праграма трансьлявалася ў тым ліку і на Беларусь. У час перадачы былі выказаныя заўвагі пра тое, што насуперак інтэграцыйным расійска-беларускім пагадненьням і стварэньню саюзных структураў Беларусі й Расіі, інтэграцыя немагчымая праз прынцыпова адрозную арганізацыю эканомік: камандна-адміністрацыйную ў Беларусі і рынкавую ў Расіі.
На баку беларускага прэзыдэнта ў тэлеперадачы Ўладзімера Познэра выступіў дэпутат Дзяржаўнай думы Расіі камуніст Георгі Ціханаў. Аднак і ён, у выніку, вымушаны быў канстатаваць, што інтэграцыя Расіі й Беларусі на цяперашнім этапе немагчымая праз адрозьненьні ў дзяржаўных сыстэмах. Сам Аляксандр Лукашэнка ў праграме ня ўдзельнічаў. Характэрна, што беларускі прэзыдэнт пазьбягае адкрытай палемікі з апанэнтамі. Ягоныя выступы ў электронных СМІ праходзяць у рэжыме маналёгу. Як паведаміў вядучы перадачы Ўладзімер Познэр, ён накіроўваў пэрсанальнае запрашэньне Аляксандру Лукашэнку, але адказу не атрымаў. Пазьней Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў апазыцыянэраў у тым, што яны шчодра заплацілі за свой удзел у праграме для рэклямы на ОРТ. Уладзімер Познэр спраставаў заяву беларускага прэзыдэнта, паведаміўшы, што ўдзельнікі перадачы ня плацяць за свой удзел і выступы.
У красавіку 2001 году НІСЭПД вывучаў стаўленьне грамадзтва да беларускіх і расійскіх радыёстанцыяў і прэсы.
У радыёэтэры асноўнымі канкурэнтамі беларускаму дзяржаўнаму радыё ёсьць не Беларуская служба Радыё «Свабода», а расійскія або расійскамоўныя беларускія радыёстанцыі (гл. табліцу).
Згаданыя ў апытаньні FM-станцыі вядуць вяшчаньне на расійскай мове і займаюць згодніцкую палітычную пазыцыю, абмяжоўваючыся кароткімі навінамі пра палітычныя падзеі, зьвязаныя зь Беларусяй. Беларускае дзяржаўнае радыё знаходзіцца пад поўным кантролем прэзыдэнцкае вэртыкалі. Дэмакратычныя вартасьці ў Беларусі прапагандуюць толькі тры радыёстанцыі — Радыё Свабода, Радыё Рацыя і радыё «Балтыйскія хвалі».
У рэйтынгу даверу друкаваным выданьням у красавіку 2001 году першае месца занялі расійскія выданьні, якія мелі беларускія выпускі. Гэта, у першую чаргу, папулярныя яшчэ з часоў перабудовы газэты «Аргументы и факты» і «Комсомольская правда» (гл. табліцу).
Досыць вялікая аўдыторыя чытачоў давярае прапрэзыдэнцкай «Советской Белоруссии» — каля траціны апытаных, што прыблізна адпавядае колькасьці прыхільнікаў А. Лукашэнкі ў беларускім грамадзтве. Сама газэта захавала сваю назву з часоў СССР.
ДЗЯРЖАЎНЫЯ СМІ ЯК ВЫРАЗЬНІК УСТАНОВАК БЕЛАРУСКАГА РЭЖЫМУ
У лютым-сакавіку 2001 году НІСЭПД правёў дасьледаваньне сацыяльна-палітычных пазыцыяў СМІ, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. Праводзіўся параўнальны аналіз іхных сталых аўдыторыяў (гл. табліцу).
Аўдыторыя беларускага недзяржаўнага і заходняга радыё, карыстальнікі Інтэрнэту падзяляюць дэмакратычныя вартасьці, падтрымліваюць незалежнасьць Беларусі, паважаюць міжнародныя структуры. Аўдыторыя беларускага дзяржаўнага радыё і тэлебачаньня настроеная антыдэмакратычна, не давярае міжнародным структурам, ня цэніць незалежнасьці. Гледачы расійскіх тэлеканалаў складаюць асноўную масу тых, хто ня вызначыўся з прыярытэтамі.
Беларускае і расійскае тэлебачаньне ёсьць найбольш даступным для бальшыні беларускага насельніцтва, масавым. Спадарожнікавае тэлебачаньне і Інтэрнэт даступныя людзям з высокім, па беларускіх мерках, дабрабытам. Аднак, улічваючы дадзеныя сацыялягічных апытаньняў, датычных беларускіх СМІ, у чэрвені 2001 году, правамерна меркаваць, што пазытыўнае стаўленьне электарату Аляксандра Лукашэнкі да прэзыдэнта вызначаецца ня столькі дзейнасьцю беларускіх СМІ, колькі самі палітычныя прыхільнасьці пасьлядоўнікаў Аляксандра Лукашэнкі вызначаюць перавагі ў сфэры СМІ. Паводле дадзеных чэрвеньскіх дасьледаваньняў НІСЭПД, больш за 70% беларускага насельніцтва не паддаецца ўплыву беларускай тэлевізійнай прапаганды.
Беларускія СМІ ня столькі прадукуюць уяўленьні сваёй сталай аўдыторыі, колькі ўзнаўляюць тыя яе ўяўленьні, якія ўжо ўкарэніліся на ўзроўні здаровага глузду, засвоіліся ў савецкі час і нязначна трансфармаваліся ў постсавецкі пэрыяд.
Паводзіны гледачоў Беларускага тэлебачаньня, і, у цэлым, спажыўцоў інфармацыі дзяржаўных СМІ Беларусі, укладаюцца ў мадэль кагнітыўнага дысанансу Леона Фэстынгера[2]. Прыхільнікі прэзыдэнта аддаюць перавагу тым крыніцам інфармацыі, якія даюць ім паведамленьні, што адпавядаюць іхным уяўленьням пра ролю палітычнага лідэра, зьдзяйсьненьне дзяржаўнае ўлады і сацыяльнае справядлівасьці, нават калі гэтыя ўяўленьні і не адпавядаюць рэчаіснасьці.
ІНФАРМАЦЫЙНАЯ ПАЛІТЫКА БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ
У перадвыбарнай тактыцы беларускай апазыцыі прасочвалася тая ж стаўка на пратэставае галасаваньне, што і ў каманды А. Лукашэнкі ў 1994 годзе. Калі асноўным рэсурсам прэзыдэнта быў адміністрацыйны, дык апазыцыя імкнулася выкарыстаць супраць А. Лукашэнкі разнастайныя скандалы, зьвязаныя з парушэньнем правоў чалавека і законаў Беларусі. Прычым чуткі й паведамленьні, праўдзівасьць якіх пэўна не даведзеная, не абавязкова зыходзяць беспасярэдне ад прадстаўнікоў беларускай палітычнай апазыцыі.
З пачатку 2001 году ў расійскіх і беларускіх незалежных СМІ сталі зьяўляцца публікацыі, у якіх А. Лукашэнку прыпісваўся дыягназ «мазаічная псыхапатыя». Дыягназ быў пастаўлены беларускім лекарам-псыхіятрам, выпускніком Гарадзенскага мэдычнага інстытуту Зьмітром Шчыгельскім у заключэньні «Гісторыя хваробы Аляксандра Лукашэнкі», апублікаваным пасьля таго, як сам Зьміцер Шчыгельскі выехаў у ЗША. Паводле матэрыялаў, разьмешчаных у электронным выданьні «Газета.Ру», «у Лукашэнкі кансыліюмам дактароў (Шчыгельскі ўзгадніў свае высновы зь яшчэ як мінімум трыма лекарамі-псыхіятрамі) дыягнаставанае наступнае захворваньне: «мерна выражаная мазаічная псыхапатыя зь пераважаньнем рысаў паранаідальнага і дысацыяльнага разладаў асобы». Гэтая выснова зроблена на падставе працяглага завочнага назіраньня за Лукашэнкам А., у тым ліку на аснове шматкроць трансьляваных па Беларускім тэлебачаньні сэлектарных нарадаў прэзыдэнта, ягоных выступаў перад дэпутатамі парлямэнту, успамінаў пра яго ягоных нядаўніх паплечнікаў, а таксама жонкі... Галоўная небясьпека палягае ў тым, што ягоная псыхапатыя, з гледзішча псыхіятраў, мае паранаідальныя рысы, характэрныя таксама для дысацыяльнага разладу асобы пры наяўнасьці стрыжневай звышкаштоўнай ідэі ўласнае значнасьці. Канчатковы ж дыягназ, як, зрэшты, няцяжка было здагадацца, — «мазаічная псыхапатыя». Гэты ж дыягназ быў пастаўлены ў такіх вядомых асобаў, як Гітлер і Сталін. Пакутаваў ад яе й Мусаліні... З такім дыягназам Лукашэнка не павінен займаць пасаду галоўнакамандуючага беларускага войска. Патрабаваньні да здароўя вайскоўцаў беларускага войска цалкам дакладна апісаныя ў загадзе міністра абароны № 461 ад 4 жніўня 1998 году. «Мерна выражаная мазаічная псыхапатыя» трапляе пад абмежваньне артыкулу 76 гэтага загаду і прадугледжвае няздатнасьць да вайсковае службы ня толькі ў ваенны, але і ў мірны час. Таму Шчыгельскі ў сваім звароце да дэпутатаў парлямэнту заклікае іх тэрмінова арганізаваць адмысловую камісію для дадатковага агляду Лукашэнкі А. з мэтай вырашэньня пытаньня аб вызваленьні яго ад пасады прэзыдэнта».
У часе перадвыбарнай барацьбы апазыцыя актыўна выкарыстоўвала супраць А. Лукашэнкі і яго абкружэньня абвінавачаньні ў зьнікненьні беларускіх апазыцыйных дзеячоў: экс-міністра ўнутраных справаў Юр’я Захаранкі, зьніклага 7 траўня 1999 году, экс-старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, журналіста расійскага тэлебачаньня Зьмітра Завадзкага, зьніклага 7 ліпеня 2000 году. У пачатку лета ў Беларусі ў спэцвыпусках газэты «Наша свабода», якія распаўсюджвалі ў беларускіх гарадох актывісты апазыцыйнага руху «Зубр», і ў спэцвыпусках прафсаюзнай газэты «Рабочы» была апублікаваная інфармацыя пра дзейнасьць створанага рэжымам беларускага эскадрону сьмерці, які зьнішчаў дзеячоў апазыцыі. Затым у апазыцыйных выданьнях пачалі публікаваць матэрыялы, прысьвечаныя зьнікненьням і сьледзтвам у справах зьніклых бязь вестак, а таксама ўскосным сьведчаньням дачыненьня Аляксандра Лукашэнкі й ягонага абкружэньня да зьнікненьняў.
6 ліпеня ў Маскве жонкі зьніклых палітыкаў сустракаліся з прадстаўнікамі расійскіх СМІ. Сьвятлана Завадзкая, Ірына Красоўская, Тацяна Клімава і Людміла Карпенка заявілі пра беспасярэдняе дачыненьне беларускай улады і асабіста Аляксандра Лукашэнкі да зьнікненьня/гібелі/зьняволеньня сваіх мужоў. 8 ліпеня Сьвятлана Завадзкая, Ірына Красоўская, Тацяна Клімава і Людміла Карпенка накіраваліся ў Парыж, дзе з 6 да 10 ліпеня адбывалася летняя сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
7 ліпеня, у гадавіну зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, Беларуская асацыяцыя журналістаў зладзіла акцыю: блізу 40 журналістаў перадалі ў Генэральную пракуратуру і Міністэрства ўнутраных справаў зварот з патрабаваньнем адказаць: дзе Зьміцер Завадзкі? Кіраўніцтву сілавых структураў быў перададзены ліст, падпісаны 275 беларускімі й замежнымі журналістамі.
Ранкам 13 ліпеня кандыдат на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі У. Ганчарык у экстраным парадку сабраў у штаб-кватэры Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай журналістаў і заявіў, што мае дакумэнты, якія пацьвярджаюць дачыненьне некаторых дзяржаўных чыноўнікаў да зьнікненьня дзеячоў апазыцыі. Журналістам былі раздадзеныя ксэракопіі дакумэнтаў, што датычылі зьнікненьняў. Сярод іх былі тлумачэньні асобаў, зьвязаных са справамі аб зьнікненьнях, матэрыялы допытаў, вынікі крыміналістычных экспэртызаў, у тым ліку фотаздымак пісталета, якім, нібыта, былі зьдзейсьнены забойствы. Паводле Ўладзімера Ганчарыка, дакумэнты датычылі зьнікненьня ў 1999 годзе былога міністра ўнутраных справаў Юр’я Захаранкі, намесьніка Старшыні Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі, які зьнік на тэрыторыі Беларусі, ня быў згаданы.
Журналістам была прадэманстраваная ксэракопія рукапіснага тэксту, нібыта рапарту начальніка галоўнага ўпраўленьня крымінальнай міліцыі МУС генэрал-маёра Мікалая Лапаціка міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву. Генэрал-маёр Лапацік, у ліку іншых службовых асобаў, займаўся расьсьледаваньнем справаў пра зьнікненьні. У сваім рапарце за лістапад 2000 году Мікалай Лапацік паведамляў, што, паводле ягоных зьвестак, канкрэтныя асобы атрымлівалі даручэньні па фізычным зьнішчэньні былога міністра ўнутраных справаў Юр’я Захаранкі. За некалькі месяцаў гэтак сама захапілі і зьнішчылі В. Ганчара і бізнэсоўца А. Красоўскага. Былі названыя прозьвішчы асобаў, што давалі даручэньні, і беспасярэдніх выканаўцаў. Рапарт неўзабаве быў вернуты Мікалаю Лапаціку з рэзалюцыяй «Для выкананьня».
Матэрыялы, зь якімі Ўладзімер Ганчарык пазнаёміў журналістаў, былі атрыманыя ад невядомае асобы. Уладзімер Ганчарык ня стаў іх публікаваць цалкам, а даслаў разам са зваротам у Адміністрацыю прэзыдэнта дзеля таго, як паведаміў ягоны прэс-сакратар Зьміцер Верашчагін, каб прасачыць за рэакцыяй Аляксандра Лукашэнкі.
На прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася пазьней у той жа дзень, 13 ліпеня, міністар унутраных справаў У. Навумаў адмаўляў факт атрыманьня ад генэрал-маёра Мікалая Лапаціка рапарту, копію якога паказваў журналістам У. Ганчарык. Уладзімер Навумаў паведаміў, што пры канцы 2000 году генэрал-маёр Лапацік цяжка захварэў. У справе Зьмітра Завадзкага Ўладзімер Навумаў выказаў упэўненасьць, што ў гэтай справе будуць асуджаныя вінаватыя са злачыннай групы былога афіцэра спэцпадразьдзяленьня «Алмаз» Валера Ігнатовіча, заявіўшы, што матывам злачынства была помста Ігнатовіча за чачэнскі рэпартаж пра яго (аўтарства Зьмітра Завадзкага). Аднак Зьміцер Завадзкі ніколі не здымаў Ігнатовіча, ня згадваў ягонага прозьвішча і ня быў зь ім знаёмы.
19 ліпеня ў Вашынгтоне жонкі зьніклых Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага, удава Генадзя Карпенкі і жонка Андрэя Клімава, які ўжо тры з паловай гады сядзіць у турме, узялі ўдзел у прэсавай канфэрэнцыі, арганізаванай пры тэхнічнай дапамозе амбасады ЗША ў Менску. Яны выказалі ўпэўненасьць у замяшанасьці ў зьнікненьнях «эскадрону сьмерці», арганізаванага беларускімі ўладамі.
Намесьнік дзяржсакратара дзярждэпартамэнту ЗША Філіп Рыкер у заяве для прэсы паведаміў, што Злучаныя Штаты Амэрыкі занепакоеныя палітычна матываванымі зьнікненьнямі ў Беларусі, атмасфэрай палітычных рэпрэсіяў і сур’ёзна ўспрымаюць абвінавачаньні на адрас высокіх чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі. ЗША заклікалі беларускія ўлады правесьці поўнае й празрыстае расьсьледаваньне зьнікненьня Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага, паведаміць пра месца іх знаходжаньня. Жонкі зьніклых палітыкаў зьвярнуліся да міжнароднай супольнасьці з просьбай стварыць камісію, якая б назірала за расьсьледаваньнем.
8 жніўня адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Адкрываючы сустрэчу, прэзыдэнт паведаміў, што апошнім часам на ягоны адрас паступалі шматлікія просьбы правесьці прэс-канфэрэнцыю з прадстаўнікамі вядучых СМІ. Прэзыдэнт заявіў, што на Захадзе ўсё больш актыўна вядуцца размовы пра неабходнасьць супрацоўніцтва зь Беларусяй, але Беларусь на Захадзе будзе адстойваць свае інтарэсы. Калі прадстаўнікі СМІ выказалі нездаўменьне з нагоды адсутнасьці рэакцыі прэзыдэнта на выкрываньні, агучаныя Ўладзімерам Ганчарыкам, Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ён не абавязаны рэагаваць на кожны стрэл апазыцыі, а пададзеныя Ганчарыкам дакумэнты не вытрымліваюць аніякае крытыкі.
Скандалы, кампрамэтуючыя беларускі рэжым, былі закліканыя ўзмацніць пазыцыі канкурэнта Аляксандра Лукашэнкі на выбарах за кошт пратэставага галасаваньня. У красавіку й чэрвені НІСЭПД праводзіў апытаньне з мэтай высьветліць стаўленьне грамадзтва да інфармацыі пра зьнікненьні людзей у Беларусі. Блізу паловы апытаных былі не задаволеныя ходам сьледзтва. Больш за чвэрць рэспандэнтаў была ўпэўненая, што ў зьнікненьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага замяшаныя беларускія спэцслужбы. Варта адзначыць, што гэтыя дадзеныя атрыманыя яшчэ да публікаваньня інтэрвію былых сьледчых пракуратуры Зьмітра Петрушкевіча і Алега Случака пра эскадроны сьмерці ў Беларусі (гл. табліцу).
Расьсьледаваньнем была не задаволена больш за траціну рэспандэнтаў, аднак асаблівага рэзанансу ў грамадзтве, тым больш масавых акцыяў пратэсту, публікаваньне матэрыялаў пра зьнікненьне людзей ня выклікала. Чуткі пра дачыненьне беларускага рэжыму да зьнікненьняў пачалі распаўсюджвацца ў Беларусі ўжо неўзабаве пасьля зьнікненьняў. Матэрыялы пра магчымую зьвязанасьць зь імі вышэйшых асобаў дзяржавы друкаваліся ў апазыцыйнай прэсе і раней. У адказ беларускія дзяржаўныя СМІ распрацоўвалі вэрсію пра наўмыснае зьнікненьне беларускіх апазыцыянэраў з мэтаю зьняславіць прэзыдэнта. У якасьці прыкладу прыводзілася зьнікненьне з-пад варты, а затым зьяўленьне ў Лёндане былой кіраўніцы Нацыянальнага банку Тамары Віньнікавай.
Бальшыня насельніцтва ня выпрацавала дакладнага стаўленьня да зьнікненьняў, у прыватнасьці да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага. Дачыненьне прэзыдэнта й прэзыдэнцікх спэцслужбаў да зьнікненьня людзей для бальшыні заставалася адкрытым пытаньнем (гл. табліцу).
Пасьля публікацый пра эскадроны сьмерці ў незалежных СМІ, інтэрвію уцёклых зь Беларусі сьледчых, прэс-канфэрэнцыі Ўладзімера Ганчарыка беларускае грамадзтва, за выняткам нешматлікіх актыўных прыхільнікаў апазыцыі, ніяк ня выказала свайго стаўленьня да скандалаў.
Пры ацэнцы пасіўнага стаўленьня насельніцтва да інфармацыі пра зьнікненьні належыць улічваць, акрамя нізкага ўзроўню палітычнае культуры, адсутнасьці салідарнасьці і няразьвітай правасьвядомасьці, празьмерна часты зварот да палітычных сэнсацыяў беларускіх дзяржаўных і незалежных СМІ ў працэсе супрацьстаяньня сыстэмы апазыцыі й сыстэмы ўлады. З моманту свайго гістарычнага спавешчаньня пра барацьбу з карупцыяй у 1994 годзе А. Лукашэнка ўвесь час выкарыстоўвае публічныя выкрыцьці ў барацьбе з апанэнтамі. Пры гэтым апазыцыя, выкрываючы дзеяньні прэзыдэнта, таксама правакуе палітычныя скандалы. Пэрыядычныя гучныя заявы, далёка не заўсёды заснаваныя на неаспрэчных фактах і бездакорных доказах, сталі звыклай зьявай у беларускай інфармацыйнай прасторы.
Скандал са зьнікненьнямі атрымаў разьвіцьцё пры канцы жніўня.
27 жніўня, у панядзелак, з інфармацыяй пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў выступілі экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў і былы намесьнік сакратара Рады бясьпекі Валер Кез. Васіль Лявонаў пераказаў зьмест сваіх гутарак з былым Генэральным пракурорам Беларусі Алегам Бажэлкам, а Валер Кез — з былым старшынём КДБ Уладзімерам Мацкевічам. Васіль Лявонаў паведаміў, што рашэньне пра арышт Зьмітра Паўлічэнкі Алег Бажэлка прымаў разам з былым кіраўніком КДБ Уладзімерам Мацкевічам. Пасьля арышту яны паведамілі пра гэта А. Лукашэнку і прапаноўвалі арыштаваць Віктара Шэймана і міністра ўнутраных справаў Юр’я Сівакова. Валер Кез апавёў, што аналягічную інфармацыю ён атрымаў ад Уладзімера Мацкевіча.
Зьміцер Паўлічэнка быў арыштаваны 23 лістапада. «Таго ж дня супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у кватэры Паўлічэнкі і ягоным службовым кабінэце. Як сьцьвярджае Валер Кез, у часе ператрусу была знойдзена буйная сума грошай, зброя і пісьмовыя сьведчаньні датычнасьці Паўлічэнкі да зьнікненьняў палітыкаў. А, нібыта, наступнага дня група байцоў «Алмазу» была накіраваная да СІЗА КДБ дзеля вызваленьня Паўлічэнкі. На яе шляху паўстала спэцпадразьдзяленьне Камітэту дзяржбясьпекі «Альфа». Як казаў Валер Кез, «збройнай сутычкі ўдалося пазьбегчы толькі цудам». Аднак 27 лістапада Паўлічэнку вызвалілі — на загад Лукашэнкі. Таго ж дня былі адпраўленыя ў адстаўку Алег Бажэлка і Ўладзімер Мацкевіч. Прычым Мацкевічу нават не дазволілі ўвайсьці ў ягоны ўласны кабінэт.
Як падкрэсьліў Васіль Лявонаў, ягоны выступ быў прадыктаваны жаданьнем «уратаваць жыцьцё Алега Бажэлкі». Чалавек, які валодае такой інфармацыяй, павінен баяцца за сваё жыцьцё. Праўда, мяркуючы з інфармацыі пра знаходжаньне Алега Бажэлкі ў Менску, ён адчувае сябе тут цалкам камфортна. Прынамсі, паводле неафіцыйнай інфармацыі, на мінулым тыдні Бажэлка прысутнічаў на народзінах аднаго з кіраўнікоў пракуратуры. Прычым там жа нібыта знаходзіўся і дзейны Генэральны пракурор Віктар Шэйман»[3].
Таго ж дня, 27 жніўня, шэраг беларускіх і расійскіх СМІ атрымалі відэакасэту з новымі выкрыцьцямі, датычнымі зьнікненьняў дзеячоў апазыцыі. За тыдзень да таго ў СМІ ўжо зьявілася відэакасэта, дзе невядомы, назваўшыся былым супрацоўнікам ЗАХР, паведамляў падрабязнасьці пра зьнікненьні.
«Два чалавекі, інтэрвію зь якімі запісаныя на гэтай касэце, фактычна пацьвярджаюць інфармацыю, якую аналягічным чынам на мінулым тыдні распаўсюдзіў іншы ананімны сьведка. Аднак, у адрозненьне ад першых відэавыкрыцьцяў, на гэты раз людзі на касэце не хаваюць твараў, называюць свае прозьвішчы й пасады. Праўда, запіс усё ж ня вельмі якасны — прозьвішча чалавека, які назваўся супрацоўнікам аддзела па абароне канстытуцыйнага ладу і барацьбе з тэрарызмам Камітэту дзяржбясьпекі, прыблізна можна ідэнтыфікаваць як Угляніцу. Другі, Андрэй Жарнасек, таксама можа быць супрацоўнікам КДБ. Абодвух апазнаў сябра штабу Ганчарыка Яўген Скочка.
Гэтую ж інфармацыю пацьвердзілі і ў КДБ. Як сказаў прэс-сакратар КДБ Фёдар Котаў, у гэтым ведамстве сапраўды працуе нейкі Генадзь Угляніца. Пры гэтым Котаў адзначыў, што асабіста ён пазнаць гэтага супрацоўніка на відэакасэце ня змог. Атрымаць тлумачэньні ў самога Генадзя Ўгляніцы не ўдалося. У панядзелак яго не было на працоўным месцы, і ў КДБ не змаглі паведаміць, дзе ён знаходзіцца.
Зьмест відэакасэты мала адрозьніваецца ад сьведчаньняў, агучаных тыдзень таму ананімным інфарматарам. Сьцьвярджалася, што ў часе правядзеньня незалежнага расьсьледаваньня знойдзены сьведка выкраданьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Мяркуючы па ўсім, сьведку клічуць Віталь Мяцельскі. Гэты чалавек быў нібыта салдатам тэрміновай службы ў групе ЗАХРу і браў удзел у хаваньні аўтамабіля Анатоля Красоўскага. Доўгі час ён жыў у Барысаве, але цяпер хаваецца, баючыся за сваё жыцьцё»[4].
Апрача інтэрвію на відэакасэце былі кадры паласы перашкод. Як сьцьвярджалі аўтары інтэрвію, здымкі рабіліся каля базы спэцназу ў Бярэзінскім запаведніку. Нібыта акурат там быў схаваны аўтамабіль Анатоля Красоўскага. 28 жніўня, у аўторак, у згаданае месца выехалі прадстаўнікі пракуратуры і СМІ, а таксама міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Ні доказаў, ні сьведчаньняў іх зьнішчэньня на месцы, згаданым у інтэрвію на відэакасэце, знойдзена не было. Рэпартаж пра пошукі і іх вынікі быў паказаны па тэлебачаньні.
Аднак пытаньне, ці зьяўляецца відэазапіс з чарговымі выкрыцьцямі правакацыяй, застаецца адкрытым. Як і ў папярэдніх скандальных паведамленьнях пра зьнікненьні, для канчатковых высноваў інфармацыя або супярэчлівая, або яе недастаткова. Зьяўленьне касэты можа быць інтэрпрэтавана і як правакацыя з боку беларускіх спэцслужбаў супраць апазыцыі, і як правакацыя апазыцыі супраць прэзыдэнта напярэдадні выбараў.
Новы ўсплёск чутак наконт лідэраў апазыцыі выклікала раптоўнае пагаршэньне стану здароўя Сямёна Домаша. 30–31 жніўня Сямён Домаш, які зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Уладзімера Ганчарыка, быў шпіталізаваны з дыягназам гіпэртанічны крыз. У апазыцыйнай прэсе сталі зьяўляцца артыкулы зь меркаваньнямі пра атручаньне Сямёна Домаша. Ягоны стан паступова пагаршаўся пасьля выступу на Беларускім тэлебачаньні 21 жніўня. Дагэтуль Сямён Домаш быў вядомы сваім моцным здароўем.
Новым этапам інфармацыйнага супрацьстаяньня апазыцыі прэзыдэнту стала выкарыстаньне дагэтуль не ўжываных сродкаў вулічнай агітацыі. Ня маючы доступу да манапалізаваных Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўных СМІ, валодаючы меншымі інфармацыйнымі рэсурсамі, прыхільнікі апазыцыі, у першую чаргу сярод моладзі, скарыстоўваюць тактыку югаслаўскага «Отпору».
На вуліцах гарадоў расклейваюцца мініплякаты-налепкі, якія агітуюць насельніцтва супраць рэжыму Лукашэнкі, за дэмакратычную Беларусь. Ладзяцца вулічныя акцыі, палітычныя гэпінінгі. Як камэнтуе гэтую тактыку расійскі штотыднёвік «Коммерсант-Власть», «імкненьне беларускай апазыцыі ўзяць на ўзбраеньне досьвед сэрбскай аксамітнай рэвалюцыі прасочваецца даволі яскрава. Некаторыя беларускія плякаты — копія сэрбскіх, нават што да шрыфта. Напярэдадні мінулагодніх югаслаўскіх выбараў увесь Бялград быў заклеены налепкамі з адным словам «Готов!» У Менску — гэткія ж налепкі са словам «Надоел!»[5]. Падобную агітацыю, выкарыстоўваючы досьвед югаслаўскага маладзёвага руху «Отпор», што змагаўся такім чынам супраць рэжыму Слабадана Мілошавіча, у беларускіх умовах супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі вёў маладзёжны рух «Зубр», які дачасна згас пасьля выбараў.
1 Мария Яровенко. Комментарии // Белорусская деловая газета. №1012 от 09.08.01.
2 Гл. Фестингер Леон. Теория когнитивного диссонанса: пер. с англ. Leon Festinger. F theory of cognitive dissonance. — СПб.: «Ювента», 1999. — 318 с.
3 Андрей Маховский. Явление новых свидетелей // Белорусская деловая газета. №1023 ад 29.08.01.
4 Андрей Маховский. Явление новых свидетелей // Белорусская деловая газета. №1023 ад 29.08.01.
5 Гл. Геннадий Сысоев. Батька сделал свое дело // Коммерсант-Власть, 17.07.01.