Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 3 Прэзыдэнцкія выбары 2001 году - Дынаміка рэйтынгу А. Лукашэнкі і вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году

У жніўні, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, НІСЭПД даў сацыялягічныя прагнозы што да магчымага галасаваньня тых беларускіх выбарцаў, якія яшчэ ня вызначыліся.

Было апытана 1.518 рэспандэнтаў. Гранічная памылка рэпрэзэнтацыйнасьці не перавышае 0.03 %.

Галасы за трох кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах разьмеркаваліся наступных чынам. (гл. Таб. 1).

На падставе атрыманых дадзеных быў разьлічаны аптымістычны для апазыцыі сцэнар галасаваньня. З разьлікаў НІСЭПД, А. Лукашэнка мог атрымаць, звыш паказаных у табліцы, яшчэ каля 4% галасоў. Пры найлепшым зьбегу абставінаў 13–14% дадавалася адзінаму апазыцыйнаму кандыдату.

Аднак нават пры спрыяльнай для апазыцыі сытуацыі А. Лукашэнка забіраў палову ўсяго беларускага электарату. Адзіны апазыцыйны кандыдат мог атрымаць каля траціны ўсіх галасоў. Гэтая лічба выходзіла пры мэханічным складаньні адсоткаў У. Ганчарыка і С. Домаша. Нават пры ўзгодненым галасаваньні апазыцыі беларускі прэзыдэнт захоўваў істотны адрыў. Такім чынам, апазыцыя ішла на выбары, ужо завочна прайграючы А. Лукашэнку.

На нізкі, у параўнаньні з А. Лукашэнкам, рэйтынг У. Ганчарыка ў значнай ступені паўплываў чыньнік часу. Паводле дадзеных таго ж апытаньня НІСЭПД, чвэрць выбарцаў, якія ня вызначыліся, зусім ня ведала пра кандыдата У. Ганчарыка (гл. Таб. 2).

У той жа час, А. Лукашэнка быў цэнтральнай постацьцю беларускай палітычнай сцэны з 1994 году і на момант выбараў заставаўся самай вядомай асобай у Беларусі.

Паводле вынікаў выбараў падазрэньні выклікае не сама перамога А. Лукашэнкі, а высокі адсотак ягоных прыхільнікаў — паводле афіцыйных дадзеных, дзьве траціны выбарцаў. Тады як паводле вынікаў жнівеньскіх дасьледаваньняў НІСЭПД, напярэдадні выбараў прэзыдэнт Лукашэнка мог упэўнена разьлічваць на галасы прыблізна паловы ўсіх выбарцаў.

Афіцыйныя дадзеныя Цэнтравыбаркаму, у параўнаньні з вынікамі галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе, дазваляюць афіцыйнаму Менску сьцьвярджаць пра стабільную падтрымку палітыкі А. Лукашэнкі бальшынёй беларускага насельніцтва цягам сямёх гадоў (гл. Таб. 3 і 4).

Пры яўцы выбарцаў у цэлым блізу 84% у 2001 годзе, паводле дадзеных Цэнтравыбаркаму, за А. Лукашэнку прагаласавала каля дзьвюх трацінаў удзельнікаў галасаваньня. У 1994 годзе ў другім туры выбараў, пры яўцы блізу 70 % выбарцаў, за А. Лукашэнку прагаласавала блізу 80% удзельнікаў галасаваньня. Пры супастаўленьні гэтых дадзеных з вынікамі выбараў 2001 году відаць, што папулярнасьць А. Лукашэнкі цягам сямёх гадоў застаецца на ўзроўні, супастаўным з выбарамі 1994 году, ці нават крыху павялічылася. Але, у той жа час, у першым туры выбараў 1994 году адсотак прыхільнікаў А. Лукашэнкі склаў блізу 45%. Гэта значыць, што адсотак галасоў прыхільнікаў кандыдатаў, што не прайшлі ў другі тур, праціўнікаў В. Кебіча, адышоў да А. Лукашэнкі.

Аднак у 2001 годзе адсотак відавочных прыхільнікаў прэзыдэнта Лукашэнкі, паводле дадзеных Цэнтравыбаркаму, на выбарах заставаўся супастаўны з адсоткам ягоных прыхільнікаў у 1994 годзе ў другім туры галасаваньня. Але ў пэрыяд, які папярэднічаў выбарам 2001 году, і ў першым туры ў 1994-м, колькасьць прыхільнікаў А. Лукашэнкі вагалася ў межах 50 адсоткаў.

Сумненьні ў выніках выбараў паводле інфармацыі Цэнтравыбаркаму выклікае якраз высокі адсотак тых, хто прагаласаваў за А. Лукашэнку ў верасьні 2001 году. Гэтыя сумненьні цалкам абгрунтаваныя, калі супаставіць вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў НІСЭПД, якія праводзіліся ў Беларусі ў сувязі з выбарамі.

НІСЭПД у лютым-сакавіку 2001 году правёў нацыянальнае апытаньне, у час якога было апытана 1489 рэспандэнтаў, гранічная памылка рэпрэзэнтацыйнасьці не перавышала 0.03%.

Паводле дадзеных сацыялягічных апытаньняў пачатку году, калі ўсе эканамічныя і адміністрацыйныя рэсурсы рэжыму яшчэ не былі задзейнічаныя дзеля прыцягненьня электарату, А. Лукашэнка ўжо меў дастаткова надзейную электаральную базу. Пры гэтым бальшыня грамадзянаў ужо тады зьбіралася ўдзельнічаць у выбарах (гл. Таб. 5–8).

Адсотак тых, хто ня вызначыўся, і незадаволеных А. Лукашэнкам перавышаў адсотак ягоных прыхільнікаў. Аднак яшчэ ў лютым-сакавіку незадаволеныя і тыя, хто ня вызначыўся, уяўлялі сабой разрозьненую масу, якая ня бачыла свайго кандыдата. Толькі ў ліпені быў вылучаны адзіны кандыдат, а пагадненьне паміж найбольш пэрспэктыўнымі кандыдатамі ад апазыцыі У. Ганчарыкам і С. Домашам было падпісанае 13 жніўня, за месяц да выбараў. У той жа час, прыхільнікі А. Лукашэнкі былі ад пачатку згуртаваныя вакол свайго аднаго і адзінага кандыдата. Мабілізацыя ўсіх адміністрацыйных і эканамічных рэсурсаў беларускага рэжыму дзеля перамогі А. Лукашэнкі, актыўная мабілізацыйная кампанія ў дзяржаўнай прэсе прыцягнула дадатковыя галасы зь ліку тых, хто вагаўся.

У красавіку 2001 году НІСЭПД зноў праводзіў нацыянальнае апытаньне, у час якога дасьледавалася дынаміка стаўленьня насельніцтва да А. Лукашэнкі. Быў апытаны 1.461 рэспандэнт ува ўзросьце ад 18 гадоў і больш. Была складзеная табліца, якая адлюстроўвала дынаміку рэйтынгу А. Лукашэнкі. Супастаўленьне дадзеных, пачынаючы з 1997 году, сьведчыла пра паступовае зьніжэньне рэйтынгу беларускага прэзыдэнта (гл. Таб. 9).

Але, нягледзячы на зьніжэньне рэйтынгу, А. Лукашэнка ўсё адно заставаўся самым папулярным лідэрам у параўнаньні зь любым магчымым кандыдатам ад апазыцыі (гл. Таб. 10).

Бальшыня апытаных па-ранейшаму зьбіралася галасаваць на выбарах, а колькасьць незадаволеных вынікамі кіраваньня А. Лукашэнкі значна пераўзыходзіла колькасьць задаволеных. Адсотак тых, хто не жадаў, каб А. Лукашэнка заставаўся на наступны тэрмін, перавысіў адсотак ягоных прыхільнікаў (гл. Таб. 11–13).

У чэрвені, калі прапагандысцкая кампанія ў дзяржаўнай прэсе і СМІ ўзмацнілася, НІСЭПД апытаў 1.499 рэспандэнтаў ува ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшых (памылка рэпрэзэнтацыйнасьці не перавышае 0.03%). Колькасьць гатовых прагаласаваць за А. Лукашэнку істотна не зьмянілася. Каля траціны рэспандэнтаў — велічыня, супастаўная з колькасьцю прыхільнікаў прэзыдэнта, — выбралі адказ «ЦА». Кандыдатура адзінага кандыдата ў апытаньні набірала ўдвая менш адсоткаў за А. Лукашэнку (гл. Таб. 14–18).

На працягу ўсяго пэрыяду падрыхтоўкі да выбараў апазыцыйныя СМІ папярэджвалі пра высокую імавернасьць фальсыфікацый вынікаў галасаваньня. Аднак яшчэ ў чэрвені пераважная бальшыня апытаных ня мела намеру аспрэчваць вынік выбараў у выпадку іх фальсыфікацыі. Больш за палову гэтае пасіўнае бальшыні ўвогуле ня верыла ў магчымасьць паўплываць на сытуацыю. Такім чынам, радыкальных, здольных дэстабілізаваць палітычную абстаноўку і мабілізаваць насельніцтва, дзеяньняў ад апазыцыі у выпадку парушэньняў на выбарах, гэтая бальшыня не чакала (гл. Таб. 18).

Такім чынам, становішча А. Лукашэнкі і ў пэрыяд падрыхтоўкі, і ў часе выбараў заставалася цалкам надзейным. Паводле вынікаў незалежных сацыялягічных апытаньняў, на працягу ўсяго пэрыяду падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў рэйтынг А. Лукашэнкі вагаўся ў межах траціны-паловы ад агульнае колькасьці выбарцаў. У сярэдзіне лета рэйтынг патэнцыйна адзінага апазыцыйнага кандыдата заставаўся ў межах аднае пятае ад агульнай колькасьці выбарцаў.

Аднак рэйтынг А. Лукашэнкі, які вагаўся ў папярэдні выбарам пэрыяд, усё ж такі істотна адрозьніваўся ад афіцыйных вынікаў галасаваньня, пададзеных Цэнтравыбаркамам, — тры чвэрці выбарцаў, што прыйшлі на ўчасткі. Улічваючы, што ў 1994 годзе ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў А. Лукашэнка атрымаў галасы 45% выбарцаў пры яўцы 79%, а ў 2001 годзе ў першым жа туры за яго прагаласавала ўжо 75,65% пры яўцы амаль у 84%, выходзіць, што рэйтынг беларускага прэзыдэнта за 7 гадоў кіраваньня ня зьнізіўся, а, наадварот, вырас. Але дадзеныя сацыялягічных апытаньняў сьведчылі адваротнае.

Такі высокі адсотак выбарцаў, якія прагаласавалі за А. Лукашэнку, быў неабходны беларускаму прэзыдэнту дзеля легітымізацыі, апраўданьня свайго знаходжаньня ўва ўладзе. Спасылкі на Канстытуцыю ставяцца пад пытаньне празь непрызнаньне міжнароднай супольнасьцю Канстытуцыі 1996 году. Застаецца эксплюатаваць старую выпрабаваную ідэалягічную схему: прэзыдэнт, які абапіраецца беспасярэдне на народ. Дзеля гэтага была патрэбная ня проста перамога на выбарах, а перамога зь велізарнаю перавагай.

А. Лукашэнка, які заняў пасаду прэзыдэнта ў 1994 годзе на хвалі пратэставага галасаваньня і ня меў надзейнае апоры сярод прамыслова-фінансавай эліты, змушаны ўвесь час падтрымліваць свой імідж народнага кіраўніка, «усенародна абранага» прэзыдэнта. Нават гарантаваная перамога, якая некалькімі адсоткамі перавышала 50-адсоткавы бар’ер, была недастатковаю дзеля падтрыманьня гэтага вобразу.