АРГАНІЗАЦЫЙНАЯ СТРУКТУРА НЕЗАЛЕЖНАГА ГРАМАДЗКАГА НАЗІРАНЬНЯ
Падмурак сыстэмы незалежнага грамадзкага назіраньня складалі дзьве структуры: 1) Цэнтральная каардынацыйная рада па назіраньні за выбарамі (далей — ЦКР) і 2) ГА «Праваабарончы цэнтар «Вясна». У сваю чаргу ў ЦКР уваходзілі некалькі грамадзкіх аб’яднаньняў: 1) ГА «Беларускі рэспубліканскі клюб выбарцаў», 2) РГА «Беларускі Гельсынскі камітэт», 3) «Свабодны прафсаюз беларускі», 4) РГА «Фонд імя Лява Сапегі», 5) ГА «Беларускі жаночы інфармацыйна-каардынацыйны цэнтар», 6) ГА «Цэнтар «Беларуская ініцыятыва» і 7) аргкамітэт «Руху за дэмакратычныя і свабодныя выбары». ЦКР была створана ўвосень 1999 году і мела досьвед назіраньня за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Нягледзячы на тое, што ў ЦКР на правах чальца ўваходзіла РГА «БГК», гэта арганізацыя трымалася асобна і разам з агульнай рэалізоўвала таксама й сваю ўласную праграму назіраньня.
На пачатку 2001 году публічна заявіла пра сваё жаданьне наладзіць самастойнае назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі «Асацыяцыя грамадзкіх аб’яднаньняў «Асамблея» (кіраўнік А. Бяляцкі). Блізу двухсот арганізацыяў, што ўваходзяць у Асамблею, падтрымалі ўдзел у назіраньні, у тым ліку Грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», Рэспубліканскае маладзёвае аб’яднаньне «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў», Грамадзкае аб’яднаньне «Праваабарончы цэнтар «Вясна», Грамадзкае аб’яднаньне «Прававая дапамога насельніцтву», Грамадзкае аб’яднаньне «Цэнтар па правах чалавека».
Імкнучыся не дапусьціць стварэньня паралельных структураў у сыстэме грамадзкага назіраньня, ЦКР ініцыявала перамовы з Асамблеяй, якія завяршыліся ўвесну 2001 году падпісаньнем пагадненьня аб стварэньні адзінае сыстэмы незалежнага грамадзкага назіраньня. Свой унёсак у дасягненьне гэтае дамоўленасьці зрабіў кіраўнік КНГ АБСЭ ў Менску пасол Ганс-Георг Вік.
Адзіная сыстэма грамадзкага незалежнага назіраньня атрымала назву Грамадзянская ініцыятыва «Незалежнае назіраньне» (далей — ГІ «НН»). Арганізатары ГІ «НН» не палічылі неабходным падаваць дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. Кіраўнікамі ГІ «НН» былі два сустаршыні: М. Грыб — фактычны кіраўнік ЦКР і А. Бяляцкі — кіраўнік Асамблеі і ГА «Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Сваімі галоўнымі заданьнямі ГІ «НН» абвясьціла: 1) стварэньне моцнай дзеяздольнай сеткі незалежнага непартыйнага назіраньня за выбарамі на тэрыторыі ўсяе краіны, 2) забесьпячэньне дэмакратычнасьці, адкрытасьці, публічнасьці і празрыстасьці выбарчага працэсу і 3) інфармаваньне беларускай грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці пра сапраўдныя вынікі галасаваньня.
Пра сваю зацікаўленасьць ува ўдзеле ў працы ГІ «НН» заявіла Фэдэрацыя прафсаюзаў беларуская. Гэта было зьвязана з тым, што У. Ганчарык, старшыня гэтага буйнейшага ў краіне прафаб’яднаньня, зьбіраўся вылучаць сябе ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. Аднак ФПБ ня стала паўнапраўным сябрам ГІ «НН», а абмежавалася статусам назіральніка. Пра сваю падтрымку ГІ «НН» заявілі і іншыя меркаваныя дэмакратычныя кандыдаты ў прэзыдэнты, але рэальнага ўдзелу ў працы па стварэньні сыстэмы назіраньня ніхто зь іх ня браў.
Па аналёгіі з цэнтрам ува ўсіх абласьцях і г. Менску, а таксама практычна ўва ўсіх раёнах і найбуйнейшых гарадох былі створаныя рэгіянальныя структуры ГІ «НН», якія ачольвалі два каардынатары (фармальна адзін зь іх быў кіраўніком, другі — ягоным намесьнікам). Пры ГІ «НН» была створана прэс-служба (кіраўнік Тацяна Равяка), сайт у Інтэрнэце і юрыдычная служба (кіраўнік Валянцін Стэфановіч).
Удзельнікі ГІ «НН» дамовіліся пра ўніфікацыю ўсіх дакумэнтаў, якія выкарыстоўвалі ў сваёй працы назіральнікі, арганізавалі выпуск уласнае сымболікі і двух даведнікаў для назіральнікаў. Адзін з даведнікаў прызначаўся для доўгатэрміновых унутраных назіральнікаў (пад рэдакцыяй Міхася Пліскі), другі — для назіральнікаў, якія пачыналі сваю працу зь першага дня датэрміновага галасаваньня (пад рэдакцыяй Мечыслава Грыба, Уладзімера Гудзеева і Міхася Пліскі).
Падрыхтоўка назіральнікаў вялася на сэмінарах, якія праводзіліся спэцыялістамі з практычным досьведам назіраньня за выбарамі. Усім удзельнікам сэмінараў раздавалі пакет мэтадычных і навучальных матэрыялаў.
Да ключавых постацяў у сыстэме грамадзкага назіраньня за выбарамі, якія рабілі вызначальны ўплыў на прыняцьцё рашэньняў, а таксама вялі беспасярэднюю арганізацыйную працу, трэба аднесьці двух сустаршыняў ГІ «НН» — Мечыслава Грыба і Алеся Бяляцкага, а таксама старшыняў ГА «Беларускі рэспубліканскі клюб выбарцаў» У. Гудзеева і РГА «БГК» Тацяну Процьку.
КАНЦЭПЦЫЯ НЕЗАЛЕЖНАГА НАЗІРАНЬНЯ
У дзеяньнях ЦКР і Асамблеі можна прасачыць барацьбу дзьвюх, хаця і падобных, але ўсё ж розных канцэпцый грамадзкага назіраньня.
Адна з гэтых канцэпцый — яна ў большай ступені характэрная для дзейнасьці ЦКР — заснаваная на палажэньні, што назіральнік ня ёсьць беспасярэднім удзельнікам выбарчага працэсу, а значыць, і ня мае права ўмешвацца ў ход выбараў. Таму заданьне назіральніка зводзіцца адно да фіксаваньня парушэньняў, якія робяць у сваёй дзейнасьці ўсе суб’екты выбарчага працэсу. Прыхільнікі гэтага падыходу ўвесь час падкрэсьлівалі сваю роўнааддаленасьць як ад уладаў, гэтак і ад структураў палітычнае апазыцыі. У прэсе М. Грыб заяўляў, што сыстэма назіраньня ЦКР ёсьць незалежнай сыстэмай назіраньня, што яна не перакрыжоўваецца з партыйнымі сыстэмамі назіраньня і сыстэмамі назіраньня кандыдатаў у прэзыдэнты. На практыцы гэтае цьверджаньне не адпавядала рэчаіснасьці. Касьцяк сыстэмы грамадзкага назіраньня якраз і складаўся з назіральнікаў, якія былі чальцамі апазыцыйных палітычных партыяў. Практычна ўсе абласныя, раённыя і гарадзкія каардынатары сыстэмы грамадзкага назіраньня былі адначасова й лідэрамі структуры якой-небудзь апазыцыйнай палітычнай партыі.
Гэты падыход да грамадзкага назіраньня канцэптуальна супадаў з падыходам да назіраньня, які быў характэрны для міжнародных назіральнікаў АБСЭ. Для назіральнікаў АБСЭ ён і ня мог быць іншым — у адваротным выпадку іх маглі б абвінаваціць ува ўмяшальніцтве ўва ўнутраныя справы той ці іншай краіны і пазбавіць акрэдытацыі. Таму іх дзейнасьць у краіне знаходжаньня, як правіла, абмяжоўваецца выключна фіксацыяй парушэньняў у часе выбараў, і затым на падставе гэтай ацэнкі робяцца высновы пра ступень дэмакратычнасьці выбараў. Да прыхільнікаў такога падыходу можна залічыць і кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску пасла Г.-Г. Віка.
Другі падыход да сутнасьці грамадзкага назіраньня быў заснаваны на больш актыўным удзеле назіральніка ў выбарчым працэсе. Яго прыхільнікі лічылі, што назіральнік павінен ня толькі фіксаваць парушэньні выбарчага заканадаўства, але й намагацца прадухіляць парушэньні. Калі прыхільнікі першага падыходу, кажучы пра дзейнасьць назіральнікаў, стараліся пазьбягаць слова «кантроль», дык прыхільнікі актыўнага супрацьдзеяньня парушальнікам закону разьмясьцілі яго на сымболіцы ГІ «НН», што стала прычынай заўзятае дыскусіі на адным з сумесных паседжаньняў ЦКР і Асамблеі. Прыхільнікі гэтага падыходу разумелі, што ў часе гэтых выбараў улада не зьбіраецца выконваць дэмакратычныя стандарты. Таму яны не баяліся афішаваць свае сувязі з апазыцыйнымі палітычнымі партыямі (напрыклад, правесьці сваё паседжаньне ў штаб-кватэры БНФ) і разумелі, што немагчыма стварыць разгалінаваную сыстэму грамадзкага назіраньня бязь іх дапамогі і ўдзелу ў ёй чальцоў беларускіх партыяў.
Безумоўна, ня варта перабольшваць значэньне гэтых канцэптуальных разыходжаньняў. Бальшыня назіральнікаў не заглыблялася ў тэарэтычныя пабудовы, тым больш, што сваімі рашучымі дзеяньнямі, накіраванымі супраць самой ідэі незалежнага назіраньня, улада нівэлявала адрозьненьні ў падыходах і не давала ім вырасьці ў сур’ёзныя арганізацыйныя разыходжаньні паміж ЦКР і Асамблеяй.
БАРАЦЬБА ЎЛАДЫ ЗЬ НЕЗАЛЕЖНЫМ ГРАМАДЗКІМ НАЗІРАНЬНЕМ
Галоўная стратэгія ўлады палягала ў тым, каб, распаўсюджваючы з дня ў дзень праз электронныя й друкаваныя СМІ розныя байкі пра назіраньне, запалохаць шараговых грамадзянаў і пазбавіць іх усялякага жаданьня стаць назіральнікамі. У чым толькі ні абвінавачвалі арганізатараў назіраньня і назіральнікаў. Найчасьцейшым абвінавачаньнем было называньне дзейнасьці па арганізацыі назіраньня «антыдзяржаўнай» і «антынароднай». Асабліва вядомым стала выказваньне А. Лукашэнкі, у якім ён параўнаў назіральнікаў з баевікамі. У адной зь перадачаў БТ (27 жніўня) лукашэнкаўскі прапагандыст Яўген Новікаў заклікаў кампэтэнтныя органы неадкладна арыштаваць усіх кіраўнікоў сыстэмы грамадзкага назіраньня. Трэба аддаць належнае ўладам: хаця й былі іх дзеяньні просталінейнымі, ім удалося прадухіліць масавае ўступленьне грамадзянаў у шэрагі назіральнікаў. У такіх умовах аб’явы, што рэгулярна публікаваліся ў незалежных СМІ, з заклікамі ўзяць удзел у назіраньні, не прынесьлі вялікага плёну. Агульная колькасьць назіральнікаў, што ўваходзілі ў сыстэму ГІ «НН», была не нашмат большай, чым на выбарах у Палату прадстаўнікоў, і ў выніку склала блізу 8 тысяч чалавек, г.зн. заплянаванае колькасьці ў 14 тысяч дасягнуць не ўдалося. Агулам, паводле словаў Лідзіі Ярмошынай, на 6700 выбарчых участках было акрэдытавана 21 887 назіральнікаў.
Адмысловае месца ў прапагандысцкай кампаніі ўладаў заняло змаганьне супраць спробаў ГІ «НН» арганізаваць паралельны падлік дадзеных пра вынікі галасаваньня. Арганізатары сыстэмы назіраньня, а разам і ўся апазыцыя, былі абвінавачаныя ў прысваеньні функцыяў выбарчых камісіяў: маўляў, яны хочуць гэта зрабіць дзеля таго, каб сфальсыфікаваць вынікі выбараў і захапіць уладу. 3 верасьня пад эгідай праўрадавай Рэспубліканскай каардынацыйнай рады кіраўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў адбылося паседжаньне круглага стала з дужа сымбалічным парадкам дня «Сацыяльныя й прававыя наступствы паралельнага падліку галасоў». На ім выступілі высокапастаўленыя прадстаўнікі пракуратуры, МУС, Міністэрства юстыцыі, Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія ў адзін голас гаварылі пра незаконнасьць і недапушчальнасьць правядзеньня паралельнага падліку галасоў. Рэпартаж з гэтага круглага стала ў адпаведнай танальнасьці быў паказаны па тэлебачаньні. Раней, 16 жніўня, Міністэрства юстыцыі выступіла нават з адмысловай заявай, у якой папярэдзіла кіраўнікоў ГІ «НН» пра недапушчальнасьць дзейнасьці ад імя незарэгістраванае арганізацыі і правядзеньня паралельнага падліку галасоў.
Насамрэч ніхто з арганізатараў назіраньня й ня думаў прысвойваць функцыі ўчастковых камісіяў. Гаворка йшла не пра наладжаньне сыстэмы паралельнага падліку галасоў, а адно пра вызначэньне агульных вынікаў выбараў на падставе сумаваньня дадзеных, якія ўтрымліваліся ў зыходных (першасных) пратаколах участковых камісіяў. Арганізатары сыстэмы назіраньня мелі ўсе падставы меркаваць (пра гэта сьведчыў досьвед назіраньня за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў), што на этапе перадачы выніковых пратаколаў з участковых у тэрытарыяльныя камісіі адбываецца іхная фальсыфікацыя, то бок замена адных вынікаў іншымі, выгаднымі для існуючага рэжыму. Разумеючы, што ў сьціслыя тэрміны атрымаць неабходныя дадзеныя з усіх выбарчых участкаў практычна немагчыма, кіраўніцтва ГІ «НН» вырашыла спрасьціць заданьне й абмежавацца зборам дадзеных толькі зь некаторых зь іх, якія можна было б потым экстрапаляваць на ўсю краіну. З гэтай мэтай па рэпрэзэнтацыйнай выбарцы былі абраныя 500 участкаў, якія прапарцыйна прадстаўлялі гарадзкія, сельскія й закрытыя ўчасткі ўва ўсіх рэгіёнах краіны. Гэтая мэтодыка дазваляла вызначыць вынікі выбараў з хібнасьцю, якая не перавышала 2%. У тым выпадку, калі б зьвесткі з гэтых участкаў істотна адрозьніваліся ад афіцыйных, гэта магло служыць доказам магчымых фальсыфікацыяў. Такая мэтодыка падліку галасоў ужывалася ў шмат якіх краінах — Украіне, Грузіі, Казахстане, Баўгарыі, Пэру, Філіпінах — і цалкам апраўдала сябе.
Побач з выключна прапагандысцкімі прыёмамі ўлады выкарыстоўвалі і іншыя спосабы барацьбы зь незалежнымі назіральнікамі. Напярэдадні датэрміновага галасаваньня сярод чальцоў выбарчых камісіяў сталі распаўсюджваць адмысловыя мэтадычныя дапаможнікі, у якіх знаходзіліся рэкамэндацыі па супрацьдзеяньні працы грамадзкіх назіральнікаў. Натуральна, што гэтая літаратура выдавалася ананімна й ня мела ніякіх выходных зьвестак.
Адна з такім мэтадычных рэкамэндацыяў называлася «Пра тактыку нэўтралізацыі дзейнасьці «незалежных» назіральнікаў». У прыватнасьці, яна прапаноўвала старшыням камісіяў вызначаць такія месцы для назіральнікаў, якія б «не дазволілі весьці паўнавартаснага назіраньня», старшыні камісіяў павінны былі супрацьдзеяць ня ўсім назіральнікам, а, у першую чаргу, найбольш актыўным зь іх. У іншай, такога ж тыпу, брашуры зьмяшчаліся ня толькі «каштоўныя» парады па нэўтралізацыі назіральнікаў, але й адкрыта перакручваўся зьмест некаторых артыкулаў Выбарчага кодэксу, датычных назіраньня (прадстаўнікі СМІ ня маюць права назіраць за ўчастковымі камісіямі, а назіральнікі — права прысутнічаць пры падліку галасоў) і працэдуры галасаваньня (падставай для датэрміновага галасаваньня ёсьць адпачынак).
На выбарах у Палату прадстаўнікоў улада ўпершыню арганізавала прысутнасьць на выбарчых участках назіральнікаў, ляяльных існуючаму рэжыму. На прэзыдэнцкіх выбарах гэты досьвед атрымаў паўсюднае разьвіцьцё. У якасьці арганізацыяў, якія маглі накіроўваць «правільных» назіральнікаў, былі вызначаныя БПСМ (у розгар выбарчай кампаніі гэта арганізацыя ў прапагандысцкіх мэтах заявіла, што накіруе для назіраньня 26 000 чалавек), праўрадавыя палітычныя партыі і вэтэранскія арганізацыі.
У барацьбе зь незалежным назіраньнем улады ня грэбавалі і выключна адміністрацыйнымі захадамі. Напярэдадні датэрміновага галасаваньня па Беларусі прайшла хваля пагромаў сядзібаў грамадзкіх аб’яднаньняў, якія былі ўдзельнікамі сыстэмы незалежнага назіраньня — ГА «Беларускі рэспубліканскі клюб выбарцаў», РГА «Фонд імя Лява Сапегі», РГА «Беларускі Гельсынскі камітэт» і інш. Праверка інфармацыі пра «факты парушэньняў у сфэры прадпрымальніцтва і падаткаабкладаньня» супрацоўнікамі дзяржаўнага камітэту фінансавых расьсьледаваньняў, як правіла, заканчвалася канфіскацыяй кампутараў, факсавых апаратаў і размнажальнае тэхнікі, а нярэдка й апячатваньнем памяшканьняў, якія арандавалі правяраныя арганізацыі. У дзень выбараў да гэтых захадаў дадаліся новыя: былі адключаныя кватэрныя тэлефоны ў актывістаў сыстэмы незалежнага назіраньня і тэлефоны іхных сядзібаў. Была блякаваная праца сайту й электроннае пошты ГІ «Незалежнае Назіраньне».
Своеасаблівым апатэозам у барацьбе зь незалежным назіраньнем стала пастанова Цэнтральнае камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў аб скасаваньні акрэдытацыі ўсіх назіральнікаў, накіраваных ГА «Праваабарончы цэнтар «Вясна». Гэтая пастанова прымалася ўдзень 8 верасьня, то бок у дзень, папярэдні галасаваньню. Увадначасьсе блізу 2 тысячаў назіральнікаў пазбавіліся магчымасьці зьдзяйсьняць назіраньне 9 верасьня. Акрамя гэтага ў Гарадзенскай вобласьці ў дзень галасаваньня з ініцыятывы абласное тэрытарыяльнае камісіі не дапусьцілі да назіраньня ўсіх назіральнікаў, накіраваных РГА «Фонд імя Лява Сапегі».
ВЫНІКІ І ЗНАЧЭНЬНЕ НЕЗАЛЕЖНАГА ГРАМАДЗКАГА НАЗІРАНЬНЯ
Заданьні, якія ставіла перад сабой ГІ «НН», — стварэньне дзеяздольнай сеткі назіраньня й забесьпячэньне дэмакратычнасьці, адкрытасьці, публічнасьці і празрыстасьці выбарчага працэсу — выкананыя не былі.
ГІ «НН» не ўдалося атрымаць верагодных і дакладных дадзеных, якія б сьведчылі пра ход галасаваньня і сапраўднае волевыяўленьне беларускіх выбарцаў. Пра гэта сьведчыць разнабой у дадзеных пра вынікі галасаваньня, якія прыводзіліся ўдзельнікамі сыстэмы незалежнага назіраньня. Напрыклад, прэс-служба ГІ «НН» заявіла 9 верасьня, што паралельны падлік дадзеных, якія былі сабраныя з 415 выбарчых участкаў, паказаў, што ў датэрміновым галасаваньні ўзялі ўдзел не 14,6% выбарцаў, як гэта прагучала ў афіцыйных зьвестках, а больш за 17%. Празь некалькі дзён М. Грыб назваў лічбу ў 20%, а пазьней яна вырасла да 25–30%. Лідэрам па колькасьці выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова, у вэрсіі ГІ «Незалежнае Назіраньне», была Віцебская вобласьць, а абсалютным рэкардсмэнам — Дубровенскі раён гэтае вобласьці, у якім такіх выбарцаў было больш за 50%.
У дні датэрміновага галасаваньня назіральнікі неаднаразова сьведчылі факты ўскрыцьця выбарчых скрынак. Гэта магло азначаць замену адных бюлетэняў на іншыя, напрыклад, бюлетэні «за» У. Ганчарыка маглі быць замененыя бюлетэнямі «за» А. Лукашэнку. Практычна заўсёды пры падліку бюлетэняў з выбарчых скрыняў для датэрміновага галасаваньня суадносіны галасоў былі на карысьць А. Лукашэнкі. Звычайна ня менш за 80%, а часам і ўсе 100% выбарцаў выказваліся ў ягоную падтрымку, нават калі пры галасаваньні на выбарчым участку бальшыню галасоў атрымліваў У. Ганчарык. У якасьці прыкладу можна прывесьці выбарчы ўчастак № 4 Першамайскага раёну г. Менску: тут адсотак выбарцаў, якія пры датэрміновым галасаваньні прагаласавалі за А. Лукашэнку, быў роўны 89,6, а ў дзень выбараў — 38, а за У. Ганчарыка адпаведна — 4,7 і 48,8.
Несумненна, улады наўмысна занізілі адсотак выбарцаў, якія ўзялі ўдзел у датэрміновым галасаваньні. На думку ўладаў, гэта павінна было павялічыць значнасьць перамогі А. Лукашэнкі на выбарах: маўляў, нават калі адняць адсотак выбарцаў, што прагаласавалі датэрмінова (14,6%) ад агульнае колькасьці галасоў, аддадзеных за яго (75,65%), дык гэтая лічба ўсё адно будзе большай за 50%.
Хаця, паводле заяваў кіраўнікоў ГІ «НН», у дзень выбараў назіраньне вялося прыблізна на 70% выбарчых участкаў, атрымаць якія-колечы верагодныя дадзеныя не ўдалося. Выступаючы 12 верасьня на прэс-канфэрэнцыі па выніках незалежнага назіраньня, старшыня РГА «Беларускі Гельсынскі камітэт» Т. Процька заявіла, што «ў гэтых выбараў няма выніку. Улада сарвала ня толькі назіраньне, але й самі выбары». Па словах У. Ганчарыка, ён атрымаў на выбарах каля 40% галасоў, а А. Лукашэнка — каля 46%.
Нягледзячы на тое, што ў часе назіраньня не ўдалося разьвязаць заданьні, якія перад сабой ставілі яе кіраўнікі, дзейнасьць арганізацыяў, што ўваходзілі ў ГІ «НН», зрабіла вялікі ўплыў на ход выбарчае кампаніі. Настойлівае імкненьне ГІ «НН» наладзіць сыстэму незалежнага назіраньня змушала ўлады ісьці на яўныя парушэньні выбарчага заканадаўства, якія сьведчылі пра тое, што мінулыя выбары не былі адкрытымі й дэмакратычнымі. У выніку, рэжыму так і не ўдалося дамагчыся вырашэньня галоўнага для сябе заданьня: міжнароднага прызнаньня вынікаў выбараў, а значыць, і легітымацыі ўлады А. Лукашэнкі.