Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 4 Партыйная сыстэма Беларусі. Беларускія палітыкі. - Разбурэньне манаполіі КПСС і пачатак фармаваньня шматпартыйнай сыстэмы

Разьвіцьцё партыйнай сыстэмы ў Беларусі пасьля распаду СССР не было абапертым на старыя традыцыі*. Самае позьняе ад 1939 году, калі ўся тэрыторыя сёньняшняй Беларусі апынулася ў СССР, пра партыйную сыстэму ў Беларусі гаварыць не выпадае. Пасьля гэтага мінуў задоўгі час, апроч таго, нацыянальная эліта, якая магла б хоць часткова перахаваць старыя традыцыі, была амаль цалкам зьнішчаная падчас сталінскіх рэпрэсій.

Новая партыйная сыстэма Беларусі напачатку разьвівалася пад уплывам вонкавых фактараў, наймя, пад уплывам уздыму шырокіх нацыянальна-дэмакратычных рухаў у іншых краінах былога СССР, найперш у суседніх балтыйскіх дзяржавах і Ўкраіне, а таксама пад уплывам актывізацыі дэмакратычна настроенай расійскай інтэлігенцыі, найперш маскоўскай ды ленінградзкай (санкт-пецярбурскай).

Дэмакратычныя настроі ахоплівалі ўсё шырэйшыя слаі: шырыліся сярод элітаў і сярод насельніцтва ўвогуле. У першыя гады пасьля пачатку «перабудовы» камуністычная партыя надалей захоўвала поўную ўладу ў СССР. На змаганьні з гэтым галоўным праціўнікам засяроджваліся высілкі ўсіх дэмакратычна настроеных групаў; палітычны працэс вызначала супрацьстаяньне камуністычнай партыі і праціўнікаў ейнай аўтарытарнай улады.

Вялікая частка сёньняшніх дэмакратычных партыйных элітаў пачынала свой палітычны шлях у разнастайных нефармальных суполках. У другой палове 1980-х гадоў у Беларусі паўстае шэраг нефармальных моладзевых суполак («Талака», «Тутэйшыя», «Паходня», «Узгор’е» ды шмат інш.), якія займаліся асьветнай, гістарычна-рэстаўрацыйнай дзейнасьцю, адраджалі нацыянальныя сьвяты, ладзілі краязнаўчыя экспэдыцыі, літаратурныя вечарыны, зьбіралі подпісы за школьную адукацыю на беларускай мове і г.д. Палітызаванасьць гэтых суполак, якая была непазьбежнаю ўва ўмовах дзяржаўнага ўціску нацыянальнай мовы і культуры, урэшце прывяла да ўзьнікненьня грамадзка-палітычнага руху Беларускі народны фронт «Адраджэньне», устаноўчы зьезд якога адбыўся ў 1989 годзе. Узорам для стварэньня БНФ «Адраджэньне» былі падобныя рухі ў суседніх рэспубліках СССР. Як і ў летувіскім «Саюдысе» ці ўкраінскім «Руху», у ідэалёгіі БНФ поруч стаялі нацыянальнае адраджэньне і дэмакратычныя рэформы, прычым галоўны акцэнт рабіўся менавіта на адраджэньні нацыянальнай мовы і культуры. БНФ неўзабаве стаў магутнай грамадзкай сілай, флягманам руху за дэмакратызацыю грамадзтва ў Беларусі. Сябры тагачаснага БНФ сёньня складаюць аснову чатырох палітычных партый: уласна БНФ «Адраджэньне», КХП БНФ, БСДП (НГ) і БСДГ.

Калі для ўдзельнікаў БНФ нацыянальнае адраджэньне і дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі ад самага пачатку станавілі найвышэйшыя вартасьці, дык іншая частка беларускага дэмакратычнага руху, якую вельмі ўмоўна можна пазначыць як расійскамоўную альбо расійскакультурную (апошняе, бадай, больш слушнае), сьпярша разьвівалася ў рамках агульнасавецкай пратэстнай плыні. Вытокі беларускай расійскамоўнай дэмакратыі сягаюць 1987 году, калі ў Менску быў заснаваны дыскусійны клюб «Сучасьнік» («Современник»). У гэты клюб уваходзілі эканамісты, журналісты, філёзафы, якія прапагандавалі дэмакратычныя ідэі і крытыкавалі палітычны лад Савецкага Саюзу. Ядро сяброў клюбу, а таксама беларусы-сябры «Дэмакратычнай плятформы ў КПСС» (рэфармісцкага крыла КПСС) у 1990 годзе ўвайшлі ў склад Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (АДПБ) — першай афіцыйна зарэгістраванай палітычнай партыі ў Беларусі. Іншыя спробы арганізацыі расійскамоўнай дэмакратычнай эліты рабіліся ў 1991 годзе — стварэньне Руху за дэмакратычныя рэформы (зарэгістраваны ў лютым 1992) на ўзор аднайменнага расійскага руху, у 1994 годзе — заснаваньне Грамадзянскай партыі. Пазьней гэтая частка беларускай эліты збольшага кансалідавалася ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая ўтварылася ў 1995 годзе ў выніку зьліцьця АДПБ і Грамадзянскай партыі. На пачатку расійскамоўныя дэмакраты не надавалі выключнага значэньня беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці, а канцэнтраваліся на пытаньнях эканамічных рэформаў і агульнай дэмакратызацыі грамадзтва. Пасьля няўдалай спробы путчу ў Маскве, калі СССР ужо стаў на мяжы развалу, яны выказаліся супраць выхаду Беларусі з СССР, тлумачачы гэта эканамічнымі меркаваньнямі. Адылі зь цягам часу іхныя пагляды ў стасунку да беларускай дзяржаўнасьці зьмяніліся.

У апошні год існаваньня СССР да КПБ, БНФ і АДПБ дадаецца шэраг новых палітычных партыяў. У лютым 1991 году аграрнікі, якія выступалі за радыкальныя рэформы сельскай гаспадаркі, скасаваньне калгасаў, ствараюць Беларускую сялянскую партыю. У сакавіку частка сяброў БНФ, якой праграма эканамічных рэформаў БНФ падавалася занадта радыкальнаю, на чале зь Міхасём Ткачовым засноўвае Беларускую Сацыял-Дэмакратычную Грамаду. У чэрвені ўтвараецца Беларуская Хрысьціянска-дэмакратычная злучнасьць, у ліпені — Нацыянальна-дэмакратычная партыя. Апошнія дзьве партыі ня здолелі стаць рэальнымі грамадзкімі сіламі, бо і з гледзішча ідэалёгіі былі фактычна дублёрамі БНФ.