Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 4 Партыйная сыстэма Беларусі. Беларускія палітыкі. - Сьпіс беларускіх палітыкаў

Абрамава Вольга

Нарадзілася 19 верасьня 1953 году ў г. Менску. Атрымала гуманітарную адукацыю. Дэпутат ВС 13 скліканьня (сакратар сталай Камісіі па міжнародных справах). Выступала супраць беларусізацыі сыстэмы асьветы, рэзка выказвалася супраць Закону Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР, прынятага 26 студзеня 1990 году на 14 сэсіі Вярхоўнага Савету БССР 11 скліканьня. У 2000 годзе была абрана ў ніжнюю палату лукашэнкаўскага парлямэнту.

Агалец Валянцін

Нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Азяраны Жыткавіцкага раёну. Атрымаў вайсковую адукацыю. 20 сьнежня 1995 г. прызначаны на пасаду міністра ўнутраных справаў. 8 лютага 1999 г. вызвалены з пасады «ў сувязі зь пераводам на іншую працу». Зь лютага 1999 г. пасол Беларусі ўва Ўзбэкістане.

Аліева Марыя

Нарадзілася 1 студзеня 1953 году ў вёсцы Востраў Ляхавіцкага раёну. Працавала на Менскім электратэхнічным заводзе (1971–1993). Намесьнік прэзыдэнта Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (1994–1995), кіраўнік справаў, потым старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага (1995–1999). З траўня 1999 году віцэ-прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Андрэйчанка Ўладзімер

Нарадзіўся ў 1949 годзе ў Лёзьненскім раёне. Па спэцыяльнасьці аграном. Пасьля працы ў калгасе быў прызначаны першым сакратаром Верхнядзьвінскага райкаму партыі. Закончыў Менскую вышэйшую партыйную школу. У дадзены момант — старшыня Віцебскага аблвыканкаму.

Антановіч Іван

Нарадзіўся 3 красавіка 1937 году ў вёсцы Домашы Ляхавіцкага раёну. Па адукацыі перакладнік. У 1977–1987 гг. — функцыянэр камуністычнай партыі (з 1979 г. загадчык аддзелу культуры ЦК КПБ). Сакратар і чалец Палітбюро ЦК Кампартыі РСФСР (1990–1991). Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі вярнуўся на бацькаўшчыну. У 1993–1995 гг. — дырэктар Беларускага інстытуту навукова-тэхнічнай інфармацыі й прагнозу, намесьнік міністра (1995–1997), міністар замежных справаў Беларусі (1997–1998).

Антончык Сяргей

Нарадзіўся 1 красавіка 1956 году ў г.п. Плешчаніцы Лагойскага раёну. Працаваў на прыборабудаўнічым заводзе БелВАР. У 1990–1995 гг. — чалец фракцыі БНФ у ВС 13 скліканьня. Падчас выбарчай кампаніі 2001 году заявіў аб сваім жаданьні заняць пасаду прэзыдэнта. Ня здолеўшы набраць патрэбнай колькасьці подпісаў, адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў ёй і заклікаў сваіх выбарцаў аддаць свае галасы за Міхаіла Марыніча.

Бабаед Віктар

Нарадзіўся 25 чэрвеня 1950 году ў вёсцы Асонавічы Докшыцкага раёну. Мае юрыдычную адукацыю. Прэзыдэнт Выканаўчага бюро Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (1994), старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу (з 1995), прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (з 1998). Чалец партыі Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада.

Багданкевіч Станіслаў

Нарадзіўся 1 студзеня 1937 году ў вёсцы Шапавалы Валожынскага раёну. Атрымаў фінансава-эканамічную адукацыю. У 1981–1991 гг. — загадчык катэдры грашовага абарачэньня й крэдыту Беларускага інстытуту народнай гаспадаркі. У 1991–1995 гг. кіраўнік Нацыянальнага банку. Супрацьдзейнічаў ініцыяванаму ўрадам Кебіча аб’яднаньню грашовых сыстэм Беларусі і Расіі. Ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі.

Бажэлка Алег

Нарадзіўся 27 кастрычніка 1954 году. Пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах 1994 г. праявіў сябе яго гарачым прыхільнікам, за што атрымаў пасаду Генэральнага пракурора. 27 лістапада 2000 г. быў адпраўлены ў адстаўку ў сувязі з скандалам вакол «зьніклых» палітыкаў.

Баршчэўскі Лявон

Нарадзіўся 4 сакавіка 1958 году ў г. Полацку. Па адукацыі перакладнік, працаваў школьным настаўнікам, выкладчыкам у інстытуце. У 1990–1995 гадох — чалец апазыцыі БНФ у ВС 12 скліканьня. У дадзены момант — намесьнік дырэктара Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтру. З 1995 году намесьнік старшыні БНФ, пасьля эміграцыі Зянона Пазьняка некаторы час выконваў абавязкі старшыні БНФ.

Батура Барыс

Нарадзіўся ў г. Ваўкавыску ў 1947 годзе. Па спэцыяльнасьці інжынэр-мэханік. Прайшоў шлях ад начальніка Ваўкавыскага камбінату камунальных прадпрыемстваў да намесьніка прэм’ер-міністра. У дадзены момант — старшыня Магілёўскага аблвыканкаму.

Беленькі Юры

Нарадзіўся 5 траўня 1960 году ў г. Менску. Па адукацыі фінансіст, працаваў у апараце міністэрства фінансаў, пасьля на прамысловых прадпрыемствах. Чалец апазыцыі БНФ у ВС 12 скліканьня (працаваў у плянавай і бюджэтна-фінансавай камісіі). З 26.09.1999 г. намесьнік старшыні КХП БНФ.

Бухвостаў Аляксандар

Нарадзіўся 22 лістапада 1944 году ў г. Арле (Расія). Па адукацыі інжынэр. Доўгі час працаваў на заводзе сельскагаспадарчай тэхнікі «Гомсельмаш». Старшыня прафсаюзу работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня, сустаршыня Асацыяцыі незалежных прафсаюзаў прамысловасьці. З 1995 г. дэпутат ВС 13 скліканьня, чалец сталай Камісіі па сацыяльнай палітыцы й працы. У 1993–1999 гг. — старшыня Беларускай партыі працы, з 1999 г. — лідэр БПП. Падчас выбараў 2001 г. — давераная асоба У. Ганчарыка.

Быкаў Генадзь

Нарадзіўся 1 жніўня 1957 году. Па адукацыі гісторык. У 1978–1992 гг. старшыня прафкаму на Менскім заводзе аўтаматычных ліній. Старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага (1991–1996). Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (1996–1999).

Бяляцкі Алесь

Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў сяле Вяртсіля Сартавальскага раёну (Расія). Па адукацыі беларускі філёляг. У 1991–1995 гг. — дэпутат Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў. У 1996 г. стварыў і з 1998 году ўзначаліў праваабарончую арганізацыю «Вясна-96» (www.spring96.org). З 1999 году — намесьнік старшыні БНФ «Адраджэньне».

Вайтовіч Аляксандар

Нарадзіўся 5 студзеня 1938 году ў вёсцы Рачкевічы Капыльскага раёну. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. З 1960 і да 1992 году — су­працоўнік інстытуту фізыкі. У 1997 годзе абраны прэзыдэнтам Нацыянальнай акадэміі навук. 19 сьнежня 2000 г. абраны Старшынём Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу II скліканьня (верхняй палаты лукашэнкаўскага парлямэнту).

Вайцянкоў Мікалай

Нарадзіўся ў 1947 году ў г. Швэрыне (ГДР). Па адукацыі інжынэр-мэханік. На момант здабыцьця Беларусяй незалежнасьці працаваў старшынём Гомельскага аблвыканкаму. У 1995 годзе прызначаны паслом Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы. З 18.01.1997 зноў стаецца старшынём Гомельскага аблвыканкаму. 17 красавіка 2001 г. пайшоў у адстаўку з гэтай пасады.

Васілевіч Рыгор

Нарадзіўся 13 лютага 1955 году ў г. Менску. У 1972–1977 гг. працаваў машыністам кампрэсарнай станцыі заводу імя Вавілава (зь перапынкам на службу ў войску), інжынэрам па падрыхтоўцы кадраў на заводзе імя Казлова. Закончыў БДУ (1980). Чалец Канстытуцыйнага Суду Беларусі ад пачатку яго заснаваньня. Пасьля канстытуцыйнага перавароту, учыненага Лукашэнкам у лістападзе 1996 году, быў прызначаны Старшынём Канстытуцыйнага Суду. Сваё прызначэньне заслужыў асабістым удзелам у распрацоўцы прэзыдэнцкага варыянту Канстытуцыі, вынесенага на рэфэрэндум у лістападзе 1996 году.

Вячорка Вінцук

Нарадзіўся 7 ліпеня 1961 году ў Берасьці. Па адукацыі выкладчык беларускай мовы й літаратуры. Выкладаў у Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце, а з 1990 году — у Беларускім гуманітарным ліцэі. Адзін з стваральнікаў і кіраўнікоў «Майстроўні» (1979–1984), «Талакі» (1986–1989), Канфэдэрацыі беларускіх маладзёвых суполак (1988–1989). Адзін з заснавальнікаў БНФ (чалец аргкамі­тэту, 1988). Каардынатар дзейнасьці беларускага трэцяга сэктару. У 1995 го­дзе стварыў і ўзначаліў грамадзкую арганізацыю — Цэнтар «Супольнасьць» (інтэрнэт-старонка http://cacedu.unibel.by/cscsc/spasylki.htm). З 1999 году старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі (інтэрнэт-старонкі http://ngo.unibel.by, http://www.geocities.com/assmby/). Старшыня руху БНФ «Адраджэньне» і Партыі БНФ. Двойчы няўдала балятаваўся ў ВС 12 і 13 скліканьняў.

Гайдукевіч Сяргей

Нарадзіўся 8 верасьня 1954 году ў г. Менску. Атрымаў вайсковую адукацыю. Служыў у войсках супрацьпаветранай абароны. У 1976–1991 гг. на розных камандных пасадах у войску, у т. л. быў кіраўніком групы вайсковых спэцыялістаў СССР у Іраку (1982–1983). У 1991–1992 гг. — вядучы спэцыяліст Ўпраўленьня нацыянальнай бясьпекі Дзяржаўнага сакратарыяту Беларусі. У 1992–1994 гг. стаў старшынём камітэту па сацыяльнай абароне супрацоўнікаў органаў дзяржбясьпекі, унутраных справаў, міністэрства абароны, памежных войскаў і воінаў-інтэрнацыяналістаў пры Савеце міністраў Беларусі. У 1991–1994 гг. — старшыня праўрадавага Народнага руху Беларусі (НРБ), які спыніў сваё існаваньне празь некаторы час пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. З 1995 году — лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. У 2000 годзе ўзначаліў арганізацыйны камітэт палітычнага блёку «Новая Беларусь — Адзінства». На прызыдэнцкіх выбарах 2001 году набраў 2,5% галасоў. Бія­графія Гайдукевіча на нямецкай мове зьмешчана на старонцы http://www.belarusnews.de/news_de/2001/akten/985136171.shtml.

Ганчар Віктар

Нарадзіўся 7 верасьня 1957 году ў пасёлку Ра­дзічава Слуцкага раёну. Закончыў юрыдычны факультэт БДУ. Дэпутат Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьня. У верасьні 1991 г. выступіў з заявай у парлямэнце аб незаконнасьці прыпыненьня дзейнасьці КПБ. У 1994 годзе чалец выбарчага штабу Лукашэнкі. За свае заслугі ў справе выбраньня Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта атрымаў пасаду намесьніка прэм’ер-міністра (1994). Зь цягам часу пайшоў у апазыцыю Лукашэнку. У лістападзе 1996 г. быў незаконна адхілены ад пасады старшыні Цэнтравыбаркаму. Кіраўнік самаабвешчанага Цэнтравыбаркаму падчас альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году. Зьнік 16 верасьня 1999 году.

Ганчарык Уладзімер

Нарадзіўся 24 красавіка 1940 году ў вёсцы Аўгустова Лагойскага раёну. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт народнай гаспадаркі і Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС. Чалец КПСС з 1964 г. Кандыдат эканамічных навук. З 1961 г. — эканаміст, намесьнік, выканаўца абавязкаў галоўнага бугальтара саўгасу «10 гадоў БССР» Любанскага раёну. У 1965–1970 гг. — першы сакратар Любанскага раёну ЛКСМ Беларусі. З 1970 г. — інструктар Менскага абкаму, другі сакратар Дзяржынскага абкаму КПБ. З 1976 г., пасьля сканчэньня асьпірантуры Акадэміі грамадзкіх навук пры ЦК КПСС, — намесьнік загадчыка сельскагаспадарчага аддзелу Менскага абкаму, першы сакратар Чэрвенскага раёну КПБ. З 1982 па 1984 г. — інспэктар, намесьнік загадчыка аддзелу арганізацыйна-партыйнай працы ЦК Кампартыі Беларусі. З 1984 г. — другі сакратар Магілёўскага абкаму Кампартыі Беларусі. Займаў пасаду старшыні Камісіі па абароне прыроды і рацыянальным выкарыстаньні прыродных рэсурсаў. Дэпутат ВС 13 скліканьня, старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. З 1986 г. — старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (цяперашняя назва Фэдэрацыя прафсаюзаў беларуская). Паводле афіцыйных зьвестак, на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году набраў 15,4 % галасоў. Афіцыйная старонка http://www.goncharik.org.

Гразнова Людміла

Нарадзілася ў 1953 годзе ў г. Дзяржынску. Па спэцыяльнасьці эканаміст. Займала пасаду дацэнта катэдры эканамічных навук БДУ. Дэпутат ВС 13 скліканьня. Чалец аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97». Актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі 2001 году на баку дэмакратычных сілаў.

Грушавы Генадзь

Нарадзіўся 24 ліпеня 1950 году ў г. Менску. Па адукацыі філёзаф. Адзін з заснавальнікаў БНФ «Адраджэньне». Дэпутат ВС 12 скліканьня, чалец фракцыі БНФ. Быў пераабраны ў ВС 13 скліканьня. У 1996 г. ачоліў Беларускую хрысьціянска-дэмакратычную партыю. У 1997–1998 гадох хаваўся ў Нямеччыне ад арышту.

Грыб Мечыслаў

Нарадзіўся 28 верасьня 1938 году ў вёсцы Саві­чы Дзятлаўскага раёну. Закончыў Львоўскую пажарна-тэхнічную вучэльню (1959), БДУ (1967). З 1959 году працаваў у органах унутраных справаў. Даслужыўся да годнасьці генэрала-лейтэнанта міліцыі (1993). Дэпутат ВС 12 скліканьня. Сьпярша старшыня сталай Камісіі па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і барацьбы з злачыннасьцю, у студзені 1994 году абраны Старшынём ВС (займаў гэтую пасаду да студзеня 1996 г.). Быў у апазыцыі да Лукашэнкі. У 1996 годзе пераабраны ў ВС 13 скліканьня (чалец сталай Камісіі па міжнародных справах). Чалец Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» (1996), першы намесьнік старшыні партыі (з 1999). Падчас выбарчай кампаніі 2001 году ўзначаліў структуры незалежнага назіраньня за выбарамі.

Дабравольскі Аляксандар

Нарадзіўся 23 лістапада 1958 году. Намесьнік старшыні Нацыянальнага камітэту АГП. Па адукацыі юрыст. У 1989–1991 гг. дэпутат ВС СССР. Дэпутат ВС 13 скліканьня, старшыня падкамісіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі па сродках масавай інфармацыі і сувязях з грамадзкімі аб’яднаньнямі.

Дамашкевіч Мікалай

Нарадзіўся ў 1949 годзе ў Гомельскай вобласьці. Па адукацыі інжынэр-мэханік. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці — першы сакратар Сеньненскага райкаму КПБ. У 1995 годзе пры­значаны начальнікам службы кантролю Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі, празь некаторы час — старшынём Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусі. 2 сьнежня 1998 г. прызначаны старшынём Менскага аблвыканкаму.

Даўгалёў Васіль

Нарадзіўся 25 траўня 1951 году ў г. Рагачове. Паводле першай адукацыі інжынэр-электрык, па другой — эканаміст-мэнэджэр. Пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах 1994 году — начальнік службы кантролю Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. 10 кастрычніка 1995 году быў прызначаны намесьнікам прэм’ер-міністра. 13 сакавіка 2000 г. адхілены ад гэтай пасады і прызначаны старшынём Берасьцейскага аблвыканкаму.

Данейка Павал

Нарадзіўся 3 красавіка 1961 году ў г. Менску. Па адукацыі эканаміст. Працаваў у дзяржаўных і недзяржаўных структурах. У да­дзены момант займае пасаду дырэктара Цэнтру па разьвіцьці нацыянальнай канкурэнтаздольнасьці. З 1991 году чалец Аб’яднанай дэма­кратычнай партыі, пасьля яе рэарганізацыі — АГП. Старшыня яе Менскай гарадзкой арганізацыі, з 15.04.2000 — намесьнік старшыні Нацыянальнага камітэту АГП. Дэпутат ВС 13 скліканьня.

Домаш Сямён

Нарадзіўся 2 студзеня 1950 году ў вёсцы Тумашы Ляхавіцкага раёну. Закончыў Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум, Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі, факультэт плянаваньня прамысловасьці. Працаваў мэханікам па рамонце аўтамабіляў, інжынэрам, а з 1974 г. па 1977 г. — дырэктарам аўтабазы. З 1977 г. да 1982 г. — дырэктар аўтакамбінату №1 у Горадні. З 1982 г. да 1987 г. працаваў загадчыкам прамыслова-транспартнага аддзелу Гарадзенскага гаркаму КПБ і другім сакратаром Кастрычніцкага райкаму КПБ г. Горадні. У 1987 г. быў абраны старшынём выканкаму і гарадзкога Савету дэпутатаў г. Ліды Гарадзенскай вобласьці. У 1990 г. абраны старшынём выканкаму г. Горадні. У 1991–1993 гг. — старшыня выканкаму і гарадзкога Савету дэпутатаў г. Горадні. У 1993 годзе абраны старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму і абласнога Савету дэпутатаў. Дэпутат ВС 12 і 13 скліканьняў. У траўні 1996 г. абраны сябрам Прэзыдыюму ВС 13 скліканьня. У лістападзе 1996 г. разам з 70 дэпутатамі ВС падпісаў заяву аб імпічмэнце прэзыдэнту. З 1997 году старшыня Каардынацыйнага камітэту «Гарадзенская Ініцыятыва». Зь ягонай ініцыятывы і пры актыўным удзеле ў траўні 2000 г. была створана Каардынацыйная рада «Рэгіянальная Беларусь», шырокая кааліцыя грамадзкіх, палітычных і прафсаюзных аб’яднаньняў усіх абласных цэнтраў і буйных гарадоў Беларусі. Удзельнічаў у выбарчай кампаніі 2001 г., зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Уладзімера Ганчарыка.

Дубко Аляксандар

Нарадзіўся 14 студзеня 1938 году ў вёсцы Ілава Шумілінскага раёну. Па адукацыі аграном. Прайшоў кар’ерны шлях ад агранома-насеньнявода да старшыні Гарадзенскага абласнога Савету дэпутатаў, старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму. Чалец Аграрнай партыі Беларусі, з 1995 году ўвайшоў у склад яе цэнтральнай рады. У 1994 годзе ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах. Памёр 4 лютага 2001 г.

Ерын Леанід

Нарадзіўся 17 лістапада 1951 году ў г. Воршы. Па першай адукацыі інжынэр, па другой — афіцэр КДБ. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці працаваў у Цэнтральным апараце КДБ СССР у Маскве, пасьля ачольваў Упраўленьне ФСБ Расійскай Фэдэрацыі па Маскве і Маскоўскай вобл. 20 кастрычніка 1995 г. заняў пасаду намесьніка старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусі. 25 верасьня 2000 г. прызначаны начальнікам службы бясьпекі прэзыдэнта. 27 лістапада 2000 г. пераведзены на пасаду старшыні КДБ Рэспублікі Беларусі.

Замяталін Уладзімер

Нарадзіўся 14 траўня 1948 году ў г. Тула (Расія). Кадравы вайсковец. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці працаваў палітработнікам у Беларускай вайсковай акрузе. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 1994 г. быў прэс-сакратаром В. Кебіча. У 1995 г. прызначаны начальнікам Галоўнага ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Працаваў намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі, старшынём Дзяржаўнага камітэту Рэспублікі Беларусі па друку, намесьнікам старшыні Савету міністраў. На момант прзыдэнцкай кампаніі — першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Адразу пасьля выбараў 2001 году быў адпраўлены ў адстаўку.

Захаранка Юры

Нарадзіўся 4 студзеня 1952 году ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёну. Кадравы работнік праваахоўных органаў. На момант здабыцьця Беларусяй незалежнасьці працаваў намесьнікам начальніка Міжрэгіянальнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС СССР. Пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах 1994 году пры­значаны міністрам унутраных справаў. 16 кастрычніка 1995 г. адхілены ад гэтай пасады. Стаў актыўным апазыцыянэрам. Быў абраны чальцом Палітсавету АГП. Зьнік 7 траўня 1999 г.

Івашкевіч Віктар

Нарадзіўся 21 верасьня 1959 году ў г. Менску. У 1981–1991 гг. працаваў стропальшчыкам на Менскай чыгунцы. Адзін з заснавальнікаў БНФ «Адра­джэньне» (30.10.1999 быў прызначаны намесьнікам старшыні гэтай арганізацыі). З 1997 году галоўны рэдактар газэты «Рабочы» (інтэрнэт-старонка http://kapp.nsys.by:8101/173/st6index.html#1). У 1999 годзе абраны віцэ-прэзыдэнтам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Казлоўскі Павал

Нарадзіўся 9 сакавіка 1942 году ў вёсцы Ваўкаўня Пружанскага раёну. Атрымаў вайсковую адукацыю. На момант здабыцьця Беларусяй незалежнасьці — намесьнік камандуючага Беларускай вайсковай акругі. 22 красавіка 1992 году быў пры­значаны міністрам абароны Беларусі. Нейкі час займаў пасаду старшыні менскай гарадзкой арганізацыі АГП. У 2001 г. выйшаў з АГП. Беспасьпяхова ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі 2001 году — ня быў зарэгістраваны кандыдатам праз адсутнасьць патрэбнай колькасьці подпісаў. Быў даверанай асобай Уладзімера Ганчарыка. Біяграфія Казлоўскага на нямецкай мове была зьмешчана на старонцы http://www.belarusnews.de/news_de/2001/akten/985186116.shtml. Афіцыйны сайт http://www.kozlovski.by.ru.

Калугін Леанід

Нарадзіўся 16 студзеня 1940 году. Па адукацыі інжынэр-мэханік. Працаваў майстрам, начальнікам цэху. З 1993 году прэзыдэнт акцыянэрнага таварыства «Атлянт» — дырэктар Менскага заводу лядоўняў. Чалец верхняй палаты лукашэнкаўскага парлямэнту, працуе ў Камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы. Удзельнічаў у выбарчай кампаніі 2001 году, але з прычыны недабору подпісаў ня быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты.

Калякін Сяргей

Нарадзіўся 16 чэрвеня 1952 году ў г. Менску. Па адукацыі інжынэр. З 1983 г. працаваў у структурах КПБ. У 1989 годзе абраны другім сакратаром райкаму партыі Савецкага раёну Менску. У 1994 го­дзе IV зьездам Партыі камуністаў Беларускай пры­значаны першым сакратаром ЦК ПКБ. З 1995 году — дэпутат ВС 13 скліканьня, а пасьля й сябра Прэзыдыюму парлямэнту. Узначальваў дэпутацкую фракцыю ПКБ. Быў адным з аўтараў альтэрнатыўнага праекту Канстытуцыі, вынесенага на рэфэрэндум 1996 году. Удзельнічаў у выбарчай кампаніі 2001 г. Пасьля няўдалага збору подпісаў падтрымаў кандыдатуру Ўладзімера Ганчырыка, быў яго даверанай асобай. Біяграфія Калякіна на нямецкай мове зьмешчана на старонцы http://www.belarusnews.de/news_de/2001/akten/985185948.shtml.

Канаплёў Уладзімер

Нарадзіўся 3 студзеня 1954 году ў сяле Акуленцы Магілёўскага раёну. Па адукацыі географ. Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 1994 г. зьбіраў подпісы за Лукашэнку. Дэпутат ВС 13 скліканьня, чалец Прэзыдыюму, кіраўнік прапрэзыдэнцкай фракцыі «Згода». Адзін з кіраўнікоў ніжняй палаты лукашэнкаўскага парлямэнту.

Карніенка Віктар

Нарадзіўся 29 ліпеня 1957 году ў вёсцы Міхнічы Краснапольскага раёну. Па адукацыі інжынэр-эканаміст. Дэпутат ВС СССР (1989–1991), намесьнік старшыні гарадзкога Савету г. Гомеля (1991–1994). Чалец Палітсавету АГП, старшыня гомельскай абласной арганізацыі АГП. Каардынатар па Гомельскай вобласьці Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый.

Кароль Аляксей

Нарадзіўся 29 траўня 1945 году ў мястэчку Копысь Аршанскага раёну. Па адукацыі гісторык. З 1992 г. намесьнік старшыні Партыі народнай згоды. У дадзены момант намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада».

Карпенка Генадзь

Нарадзіўся 17 верасьня 1949 году ў г. Менску. Закончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1972). Працаваў дырэктарам заводу парашковай мэталюргіі ў Маладэчне (1983–1990 гг.) Дэпутат ВС 12 і 13 скліканьня. У ВС 13 скліканьня быў абраны намесьнікам старшыні. Старшыня Партыі народнай згоды (да 1995), намесьнік старшыні АГП. Памёр 7 красавіка 1999 г. Біяграфія на ангельскай мове зьмешчана на старонцы http://www.belarus.net/parliame/korpenko.htm.

Кебіч Вячаслаў

Нарадзіўся 10 чэрвеня 1936 году ў вёсцы Канюшаўшчына Валожынскага раёну. Па адукацыі інжынэр-мэханік. З 1958 і да 1980 гг. працаваў на кіраўнічых пасадах у вытворчым сэктары эканомікі. З 1980 г. — функцыянэр КПБ (другі сакратар Менскага гаркаму КПБ, другі сакратар Менскага абкаму). У 1985–1990 гг. — намесьнік Старшыні Савету міністраў БССР, старшыня Дзяржаўнага плянавага камітэту БССР. У1989–1991 гг. — чалец ЦК КПБ, дэпутат ВС БССР, народны дэпутат СССР. У 1990–1994 гг. — Старшыня Савету міністраў. Асноўны супернік Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году. Дэпутат ВС 13 скліканьня, пасьля лістападаўскага канстытуцыйнага перавароту дэпутат ніжняй палаты лукашэнкаўскага парлямэнту.

Клімаў Андрэй

Нарадзіўся 17 верасьня 1965 году ў г. Менску. Па прафэсіі будаўнік. Дэпутат ВС 13 скліканьня. Не прызнаў вынікаў рэфэрэндуму 1996 году. 11 лютага 1998 году быў арыштаваны па абвінавачаньні ў фінансавым махлярстве. У цяперашні момант знаходзіцца ў зьняволеньні. Біяграфія на ангельскай мове месьціцца на старонцы http://www.belarus.net/parliame/klimov.htm.

Краўчанка Пётра

Нарадзіўся 13 жніўня 1950 году ў г. Смалявічы. Па адукацыі гісторык. У 1985 г. быў прызначаны сакратаром Менскага гаркаму КПБ. У 1990–1994 гг. — міністар замежных справаў Рэспублікі Беларусі. Дэпутат ВС 12 і 13 скліканьня. У 1994 г. падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі агітаваў за Вячаслава Кебіча. У сярэдзіне 1995 г. абраны намесьнікам старшыні, пасьля аб’яднаўчага зьезду стаў чальцом Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада». З 1998 г. пасол Беларусі ў Японіі.

Крыжаноўскі Яўген

Нарадзіўся ў 1955 годзе ў г. Мікалаеве (Украіна). Па адукацыі тэатральны актор. Кіраўнік менскага тэатру сатыры й гумару «Хрыстафор». Удзельнічаў у выбарчай кампаніі 2001 г. Ня здолеў набраць патрэбнай колькасьці подпісаў. Інтэрнэт-старонка http://www.kryzhanovski.tripod.com.

Кудзінаў Уладзімер

Нарадзіўся 11 чэрвеня 1959 году ў сяле Танежыцы Слуцкага раёну. Па адукацыі фінансіст. Працаваў у падатковай інспэкцыі. У сьнежні 1992 г. узначаліў гандлёва-прамысловую фірму «Івацэвічы». Дэпутат ВС 13 скліканьня. У кастрычніку 1997 году арыштаваны па абвінавачаньні ў даваньні хабару службовай асобе. Адбыў турэмнае зьняволеньне. Чалец АГП. У 2001 г. быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Ганчарыка.

Кучынскі Віктар

Нарадзіўся 2 ліпеня 1958 году. Па адукацыі вы­кладчык гісторыі і сацыяльна-палітычных дысцыплінаў. Дэпутат ВС 12 і 13 скліканьня. Падчас выбарчай кампаніі 1994 г. агітаваў за Лукашэнку. Дырэктар Дэпартамэнту па гуманітарнай дапамозе ў адстаўцы.

Латыпаў Урал

Нарадзіўся 28 лютага 1951 году ў вёсцы Катаева Бакалінскага раёну (Башкартастан, Расія). Закончыў Казанскі ўнівэрсытэт (1973), Вышэйшыя курсы КДБ СССР у Менску (1974). Пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады прызначаны на пасаду памочніка прэзыдэнта па вонкавай палітыцы. Зь сьнежня 1998 г. — міністар замежных справаў, зь лістапада 2000 г. «дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Рэспублікі Беларусі — памочнік Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі па нацыянальнай бясьпецы». Адыграў ключавую ролю ў плянаваньні і правядзеньні выбарчай кампаніі Лукашэнкі ў 2001 годзе. Адразу пасьля выбараў прызначаны кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта замест Міхаіла Мясьніковіча. Пасаду ж сакратара Рады бясьпекі заняў ура­джэнец Піншчыны Генадзь Нявыглас, які дагэтуль працаваў сьпярша намесьнікам старшыні Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў, пасьля старшынём службы бясьпекі прэзыдэнта.

Леванеўскі Валер

Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Горадні. Працаваў аўтасьлесарам, элек­траманцёрам, інжынэрам. У да­дзены момант індывідуальны прадпрымальнік. Быў чальцом АГП, уваходзіў у Палітсавет гэтай партыі, кіраваў гарадзенскай рэгіянальнай арганізацыяй. У 2000 годзе быў выключаны з АГП. Лідэр незарэгістраванага Беларускага прафсаюзу прадпрымальнікаў. Удзельнічаў у выбарчай кампаніі 2001 году. На этапе збору подпісаў адмовіўся ад далейшай барацьбы. Інтэрнэт-старонка http://www.levonevski.net. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў працавала старонка групы падтрымкі Леванеўскага, прысьвечаная беларускай палітыцы http://newbelarus.by.ru.

Лінг Сяргей

Нарадзіўся 7 траўня 1937 году ў г. Менску. Па адукацыі аграном. Да абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці працаваў міністрам эканомікі. У 1991–1996 гг. віцэ-прэм’ер. 18 лістапада 1996 году, пасьля адстаўкі прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, Лінг быў прызначаны прэм’ер-міністрам. 18 лютага 2000 г. пайшоў у адстаўку з гэтай пасады. 11 жніўня 2000 г. прызначаны сталым прадстаўніком Беларусі пры ААН.

Лукашэнка Аляксандар

Нарадзіўся 30 жніўня 1954 году ў мястэчку Копысь Аршанскага раёну ў няпоўнай сям’і. Прозьвішча « Лукашэнка» атрымаў ад дзеда — матчынага бацькі. Па першай адукацыі настаўнік гісторыі і грамада­знаўства, па другой — эканаміст аграпрамысловай вытворчасьці. На момант здабыцьця Беларусяй незалежнасьці працаваў дырэктарам саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Дэпутат ВС 12 скліканьня, старшыня Камісіі па барацьбе з карупцыяй (красавік 1993 г. — чэрвень 1994 г.). Пераможца першых (1994) і другіх (2001) прэзыдэнцкіх выбараў. Па афіцыйных зьвестках, на сёлетніх выбарах атрымаў пад­трымку 75% беларускіх выбарцаў. Афіцыйны сайт http://www.president.gov.by (расійская і ангельская мовы). Шмат цікавай інфармацыі пра Лукашэнку можна знайсьці на старонках http://www.compromat.ru/main/lukashenko/hist1.htm http://www.terra.es/personal2/monolith/belarus.htm , http://www.angelfire.com/ok4/incognito/ http://www.dereh.com/ , http://www.stopluka.org/ , http://www.lukaisill.f2s.com/ , http://www.lukashenko.com/ http://www.geocities.com/aglukashenko , http://tertiusstatus.narod.ru/1/pg1.htm http://meltingpot.fortunecity.com/kings/1092/luka.htm , http://members.nbci.com/BelCentrum/cartoon/index.htm http://czavo.org/barbie/ http://alexluka.chat.ru/ Найбліжэйшаму атачэньню Лукашэнкі прысьвечана старонка http://meltingpot.fortunecity.com/kings/1092/

Лябедзька Анатоль

Нарадзіўся 27 чэрвеня 1961 году ў вёсцы Трылес Стаўпецкага раёну. Працаваў трактарыстам у калгасе. У 1985 годзе атрымаў вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці выкладчык гісторыі. Дэпутат ВС 12 і 13 скліканьня. Падчас выбарчай кампаніі 1994 г. падтрымаў Лукашэнку, але неўзабаве расчараваўся ў ім. Уступіў у АГП, быў абраны намесьнікам старшыні гэтай партыі. 15 красавіка 2000 г. быў абраны старшынём АГП. Падчас выбараў 2001 г. быў даверанай асобай У. Ганчарыка.

Лявонаў Васіль

Нарадзіўся 16 красавіка 1938 году ў вёсцы Дубеец Касьцюковіцкага раёну. Атрымаў вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю. У 1983–1990 гг. — першы сакратар Магілёўскага абкаму КПБ. Пасьля здабыцьця Беларусяй незалежнасьці пры­значаны гандлёвым прадстаўніком Беларусі ў Нямеччыне. Дэпутат ВC 12 скліканьня. Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня ўва ўрадзе Лукашэнкі. 11 лістапада 1997 году арыштаваны па абвінавачаньні ў фінансавых махлярствах і злоўжываньні службовым становішчам. 14 сту­дзеня 2000 году асуджаны на 4 гады турмы. 5 кастрычніка 2000 году вызвалены па амністыі. Кіраўнік аргкамітэту руху «За новую Беларусь». Узначальваў выбарчы штаб Уладзімера Ганчарыка.

Малафееў Анатоль

Нарадзіўся 14 траўня 1933 году ў г. Гомелі. Па адукацыі эканаміст. Апошні першы сакратар ЦК КПБ (1990–1991). Дэпутат ВС 13 скліканьня, намесьнік старшыні Камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах. Пасьля канстытуцыйнага перавароту 1996 году — старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі першага скліканьня.

Малумаў Юры

Нарадзіўся 26 студзеня 1957 году. Па першай адукацыі інжынэр-будаўнік, па другой — юрыст. Дэпутат ВС 12 і 13 скліканьня. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. працаваў у выбарчым штабе Лукашэнкі. Быў абвінавачаны ў кватэрных махлярствах і вымушаны пакінуць вялікую палітыку.

Мальцаў Леанід

Нарадзіўся 29 жніўня 1949 году ў вёсцы Вецянееўка Слонімскага раёну. Кадравы вайсковец. На момант здабыцьця Беларусяй незалежнасьці вучыўся ў Ваеннай акадэміі Генэральнага штабу Ўзброеных Сілаў у Маскве. У 1995–1996 гг. міністар абароны. Адхілены з пасады за зьяўленьне ў публічным месцы ў нецьвярозым выглядзе. 28 сакавіка 2001 году зноў прызначаны міністрам абароны.

Марыніч Міхаіл

Нарадзіўся 13 студзеня 1940 году ў вёсцы Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёну. Па першай адукацыі інжынэр-будаўнік, а па другой — пера­кладнік з ангельскай мовы. Дэпутат ВС 12 скліканьня. У 1994 годзе прызначаны паслом у Чэхіі, Вугоршчыне і Славаччыне. У тым жа годзе быў пераведзены на пасаду міністра замежных эканамічных сувязяў. З 1999 году пасол Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Удзельнічаў у выбарчай кампаніі 2001 году, адмовіўся ад барацьбы на этапе збору подпісаў. Быў даверанай асобай Уладзімера Ганчарыка. Паводле некаторых зьвестак, пастанова аб зьняцьці кандыдатуры Марыніча быўа прынятая на адным з паседжаньняў Рады бясьпекі. Афіцыйны сайт http://www.marinich.org.

Мацкевіч Уладзімер

Нарадзіўся 1 сакавіка 1947 году ў мястэчку Марына Горка Пухавіцкага раёну. Па адукацыі інжынэр-тэхноляг. На момант здабыцьця Беларусяй незалежнасьці працаваў у органах КДБ. З 20 сьнежня 1995 г. — старшыня КДБ. 27 лістапада 2000 году быў адпраўлены ў адстаўку з гэтай пасады. У дадзены момант — пасол Беларусі ў Югаславіі.

Машэрава Наталя

Нарадзілася ў 1945 годзе. Дачка былога першага сакратара КПБ Пятра Машэрава, які загінуў у аўтакатастрофе 4 кастрычніка 1980 г. Па адукацыі філёляг. Балятавалася ў ВС 13 скліканьня, прайграла лідэру камуністаў Васілю Новікаву. Увосень 2000 г. на выбарах у ніжнюю палату лукашэнкаўскага парлямэнту перамагла Міхаіла Чыгіра. ­Удзельнічала ў выбарчай кампаніі 2001 г., адмовілася ад барацьбы на этапе збору подпісаў. Паводле некаторых зьвестак, пастанова аб зьняцьці кандыдатуры Машэравай была прынятая на адным з пасе­джаньняў Рады бясьпекі. Інтэрнэт-старонка http://www.masherova.com.

Мясьніковіч Міхаіл

Нарадзіўся 6 траўня 1950 году ў вёсцы Новы Сноў Нясьвіскага раёну. Па адукацыі інжынэр. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці займаў пасаду першага намесьніка Старшыні Савету міністраў. Пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады прызначаны намесьнікам прэм’ер-міністра. З кастрычніка 1995 г. — кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта. Адразу пасьля выбараў пайшоў у адстаўку, быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі ў асаблівых даручэньнях.

Навасяд Уладзімер

Нарадзіўся 12 красавіка 1968 году ў г. Кіеве (Украіна). Па адукацыі выкладчык гісторыі. Дэпутат ВС 13 скліканьня, намесьнік старшыні Камісіі па дзяржаўным будаўніцтве і самакіраваньні. Да 2000 г. чалец Палітсавету АГП, у 1995–1997 гг. старшыня АГП г. Магілёва. У лістападзе 1996 году адклікаў свой подпіс пад зваротам дэпутатаў у Канстытуцыйны Суд для пачатку працэдуры імпічмэнту Лукашэнку, фактычна паспрыяўшы канстытуцыйнаму перавароту. У 2000 годзе абраны дэпутатам ніжняй палаты лукашэнкаўскага парлямэнту.

Навумаў Уладзімер

Нарадзіўся ў 1956 годзе ў г. Смаленску (Расія). Кадравы работнік МУС. На момант здабыцьця Беларусяй незалежнасьці — камандзір атраду спэцыяльнага прызначэньня МУС «Алмаз». 20 студзеня 1999 г. быў прызначаны начальнікам службы бясьпекі прэзыдэнта, з 25 верасьня 2000 г. міністар унутраных справаў.

Нісьцюк Уладзімер

Нарадзіўся ў 1950 году ў г. Багародзку (Расія). Закончыў Новасібірскую вышэйшую вайсковую палітычную агульнавайсковую вучэльню (1972). Нейкі час працаваў камісарам Берасьцейскай крэпасьці. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году працаваў у выбарчым штабе Лукашэнкі, быў яго прэс-сакратаром. Пасьля перамогі Лукашэнкі быў прызначаны начальнікам упраўленьня кантролю органаў выканаўчай улады. Дэпутат ВС 13 скліканьня. У 1996 годзе перайшоў у апазыцыю Лукашэнку. Чалец Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» (сакратар ЦК). На выбарах 2001 г. — давераная асоба У. Ганчарыка.

Новікаў Васіль

Нарадзіўся 21 лютага 1946 году ў вёсцы Ламачына Аршанскага раёну. Па адукацыі філёзаф. У гады існаваньня СССР быў камуністычным функцыянэрам сярэдняга ўзроўню. У 1994 г. узяў удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, заняў апошняе месца. Дэпутат ВС 13 скліканьня (на выбарах перамог Н. Машэраву). У 1998 годзе прызначаны дарадцам амбасады Рэспублікі Беларусі ў Рэспубліцы Малдове. Пэўны час меў пасаду сакратара ЦК Партыі каму­ністаў беларускай.

Пазьняк Зянон

Нарадзіўся 24 красавіка 1944 году ў мястэчку Суботнікі Івейскага раёну. Па адукацыі тэатразнаўца. З канца 80-х і да сярэдзіны 90‑х лідэр беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Дэпутат ВС 12 скліканьня. Старшыня БНФ «Адраджэньне» (з 1989) і партыі БНФ (з 1993). Удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах 1994 г., заняў 3 месца. У красавіку 1996 г. выехаў зь Беларусі, баючыся за сваё жыцьцё. Лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Палевікова Валянціна

Нарадзілася ў 1950 годзе ў г. Любань. Па спэцыяльнасьці інжынэр. З 1992 г. функцыянэр Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай. Старшыня Беларускай партыі жанчын «Надзея». Падчас выбарчай кампаніі 2001 г. была актывісткай выбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка. Біяграфія на ангельскай мове месьціцца на старонцы http://valentina.virtualave.net/personal/cv.htm. Шмат цікавых зьвестак на старонцы http://www.polevikov.com/family/Valentina/.

Папоў Вадзім

Нарадзіўся ў 1940 годзе ў г. Дзямідава (Расія). У 1971 г. закончыў Беларускі інстытут мэханізацыі сельскай гаспадаркі, а ў 1984 г. — Менскую вышэйшую партыйную школу. На момант здабыцьця Беларусяй незалежнасьці працаваў першым сакратаром Магілёўскага абкаму КПБ. У 1999–2000 гг. першы намесьнік міністра, міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня. 21 лістапада 2000 г. абраны старшынём Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі II скліканьня — ніжняй палаты лукашэнкаўскага парлямэнту.

Пашкевіч Іван

Нарадзіўся 11 траўня 1955 году ў вёсцы Беражное (Бор-Дубянец) Столінскага раёну. Па адукацыі журналіст. У 1997 прызначаны намесьнікам кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта. Дэпутат ВС 13 скліканьня. Да кастрычніка 1996 г. чалец Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, быў выключаны за калябарацыю з рэжымам. У 2000 годзе абраны дэпутатам ніжняй палаты лукашэнкаўскага парлямэнту. Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2001 г. працаваў у выбарчым штабе Марыніча.

Посахаў Сяргей

Нарадзіўся 29 лістапада 1944 году ў г. Іркуцку (Расія). Кадравы вайсковец. Падчас выбарчай кампаніі 1994 г. далучыўся да выбарчага штабу Лукашэнкі. Пасьля яго перамогі прызначаны памочнікам прэзыдэнта Беларусі ў палітычных пытаньнях і па сумя­шчальніцтве прадстаўніком Беларусі ў органах СНД. Пасьля выбараў быў ад­праўлены ў адстаўку.

Пракаповіч Пётра

Нарадзіўся 3 лістапада 1942 году. Па адукацыі інжынэр-будаўнік. Дэпутат ВС 12 скліканьня. Працаваў намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, першым намесьнікам прэм’ер-міністра. З 1998 г. старшыня праўленьня Нацыянальнага банку.

Саньнікаў Андрэй

Нарадзіўся ў 1954 годзе ў г. Менску. Па адукацыі перакладнік. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці працаваў у апараце Міністэрства замежных справаў. Намесьнік міністра замежных справаў (1995–1996). У лістападзе 1996 году сышоў у адстаўку. У да­дзены момант каардынатар грамадзкай ініцыятывы «Хартыя’97» па міжнародных сувязях.

Сасноў Аляксандар

Нарадзіўся 14 жніўня 1947 году ў г. Гомелі. Па адукацыі эканаміст. Дэпутат ВС 12 скліканьня. З 1994 году — міністар працы ўва ўрадзе М. Чыгіра (да 1996). Чалец АГП. У дадзены момант экспэрт, намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) (http://www.iiseps.by).

Севярынец Павал

Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 году ў г. Воршы. Па адукацыі географ. У 1996 годзе ўступіў у БНФ «Адраджэньне». З лютага 1997 г. старшыня маладзёвай фракцыі БНФ у Менску. Сустаршыня (1997), старшыня (1999) «Маладога фронту» — маладзёвага крыла БНФ (інтэрнэт-старонка http://mfront.hypermart.net/). Намесьнік старшыні БНФ. У 1998 г. правёў два месяцы ў турэмным зьняволеньні пасьля буйной акцыі пратэсту, наладжанай беларускай апазыцыяй.

Сівакоў Юры

Нарадзіўся 5 жніўня 1946 году на Сахаліне (Расія). Кадравы вайсковец. Пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах 1994 г. быў пры­значаны начальнікам аддзелу апэратыўнага рэагаваньня Дзяржаўнага сакратарыяту Рады бясьпекі. 30 сьнежня 1996 году прызначаны намесьнікам міністра ўнутраных справаў — камандуючым унутранымі войскамі. 9 лютага 1999 году прызначаны міністрам унутраных справаў. Неўзабаве пайшоў у адстаўку. На момант выбарчай кампаніі працаваў у Адміністрацыі прэзыдэнта. Адразу пасьля выбараў адпраўлены ў адстаўку.

Сініцын Леанід

Нарадзіўся 28 ліпеня 1954 году ў Полацку. Па адукацыі інжынэр-будаўнік. З 1987 году ў апараце Магілёўскага абкаму КПБ на паса­дзе інструктара. Дэпутат ВС 12 скліканьня. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. — каардынатар выбарчага штабу Лукашэнкі. Пасьля яго перамогі зь ліпеня 1994 па кастрычнік 1995 году быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта. З кастрычніка 1995 па 6 жніўня 1996 году працаваў намесьнікам прэм’ер-міністра. Пасьля сваёй адстаўкі намесьнік генэральнага дырэктара Фэдэральнай фінансава-прамысловай групы (Расія) і па сумяшчальніцтве дарадца расійскіх банкаў («ІнтэрТЭКбанк», «Банк высокіх тэхналёгій»). Удзельнічаў у выбарчай кампаніі 2001 г., адмовіўся ад далейшай барацьбы на этапе збору подпісаў. Паводле некаторых зьвестак, пастанова аб зьняцьці кандыдатуры Сініцына была прынятая на адным з паседжаньняў Рады бясьпекі. Старонка ў інтэрнэце http://www.sinitsyn.com.

Сіўчык Вячаслаў

Нарадзіўся 18 сьнежня 1962 году ў г. Менску. Па адукацыі геоляг. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці працаваў геолягам у «Беларусьгеалёгіі». У 1995–1998 гг. адказны сакратар управы БНФ, пасьля сакратар управы БНФ, старшыня камісіі Сойму БНФ па сувязях з рабочым рухам. 30 кастрычніка 1999 г. быў абраны намесьнікам старшыні БНФ «Адраджэньне» і Партыі БНФ.

Старавойтаў Васіль

Нарадзіўся 13 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Барок Бялыніцкага раёну. З 1968 г. і да арышту 11 лістапада 1997 г. па абвінавачаньні ў злачыннай змове з мэтай зьдзяйсьненьня крадзяжу ў асабліва буйных памерах — старшыня калгасу «Расьсьвет» (цяпер Акцыянэрнае таварыства Аграпрамысловае аб’яднаньне «Расьсьвет») Кіраўскага раёна. Некалькі гадоў правёў у зьняволеньні. У дадзены момант знаходзіцца ў апазыцыі да рэжыму.

Статкевіч Мікалай

Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядно Слуцкага раёну. Па адукацыі вайсковы інжынэр у радыёэлектроніцы. На момант здабыцьця Беларусяй незалежнасьці працаваў выкладчыкам у МВІЗРВ. У сакавіку 1991 г. уступіў у Беларускую Сацыял-Дэмакратычную Грамаду (БСДГ). У 1996 г. пасьля аб’яднаўчага зьезду БСДГ і Партыі народнай згоды абраны старшынём ЦК аб’яднанай партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада). У 1998 г. абраны старшынём БСДП. У 2000 г. пераабраны старшынём БСДП (НГ).

Сянько Ўладзімер

Нарадзіўся 5 жніўня 1946 году ў вёсцы Вішкавічы Віцебскай вобласьці. Прафэсійны дыплямат. З 1991 г. да 1992 г. — намесьнік міністра замежных справаў, з 1992 г. да 1994 г. пасол Беларусі ў Польшчы, пасьля пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі. З 1994 г. да 1997 г. міністар замежных справаў. З 1997 г. пасол Беларусі ў Францыі.

Таразевіч Георгі

Нарадзіўся 17 ліпеня 1937 году ў вёсцы Слабада Мядзельскага раёну. Па адукацыі інжынэр. Займаў вялікія намэнлятурныя пасады — старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР, намесьнік старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР (1985–1989), чалец ЦК КПБ (1974–1991), кандыдат у чальцы ЦК КПСС. У 1983 г. першы сакратар Менскага гаркаму КПБ. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці ўзначальваў Камітэт па геадэзіі пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусі. З 1995 г. у апазыцыі. Адзін з сустаршыняў ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Тозік Анатоль

Нарадзіўся 13 сакавіка 1949 году ў Гомельскай вобласьці. Па адукацыі гісторык. З 1979 г. у органах КДБ. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці працаваў у Інстытуце нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусі (былыя Вышэйшыя курсы КДБ СССР). Займаў пасаду першага намесьніка дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі. У ліпені 2000 г. прызначаны старшынём Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Трусаў Алег

Нарадзіўся 7 жніўня 1954 году ў г. Амсьціславе. Па адукацыі гісторык. Дэпутат ВС 12 скліканьня (намесьнік старшыні Камісіі па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны). Чалец Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады (з 1991), намесьнік (1991), старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ (1992—1995). У дадзены момант адзін зь лідэраў БНФ.

Хадыка Юры

Нарадзіўся 23 чэрвеня 1938 году ў г. Менску. Па адукацыі фізык. З 1989 г. і да сёньняшняга часу намесьнік старшыні БНФ. У 1996 г. некалькі месяцаў правёў у турме за ўдзел у шэсьці «Чарнобыльскі шлях‑96». Падчас выбараў 2001 г. — давераная асоба У. Ганчарыка.

Хвастоў Міхаіл

Нарадзіўся 27 чэрвеня 1949 году ў вёсцы Казлоўшчына Пастаўскага раёну. У 1975 г. закончыў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моваў, у 1989 г. — Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці працаваў першым сакратаром Сталага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусі пры ААН. У 1997–2000 гг. — пасол Беларусі ў Канадзе. 11 жніўня 2000 г. прызначаны памочнікам прэзыдэнта. 27 лістапада 2000 г. заняў пасаду міністра замежных справаў.

Ціхіня Валер

Нарадзіўся 1 кастрычніка 1940 году ў мястэчку Капаткевічы Петрыкаўскага раёну. Па адукацыі юрыст. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці — сакратар ЦК КПБ. Дэпутат ВС 12 скліканьня. Адзіны дэпутат парлямэнту, які прагаласаваў супраць Віскулёўскіх 1991 г. пагадненьняў аб дэмантажы СССР. Намесьнік Старшыні (1994), Старшыня (1995–1996) Канстытуцыйнага Суду. Падчас канстытуцыйнага крызысу восені 1996 г. быў фактычна адхілены з сваёй пасады.

Ціцянкоў Іван

Нарадзіўся 5 лістапада 1953 году ў вёсцы Клеевічы Касьцюковіцкага раёну. Па адукацыі заатэхнік. Дэпутат ВС 12 скліканьня (сакратар Камісіі па праблемах Чарнобыльскай катастрофы). Падтрымаў Лукашэнку на выбарах 1994 г. З жніўня 1994 г. кіраўнік справаў прэзыдэнта. У 1999 г. быў адпраўлены ў адстаўку, працаваў у Расіі ў структурах кампаніі «Ітэра». У 2001 г. быў аўтарам некалькіх інтэрвію, у якіх крытыкаваў сучасны беларускі рэжым.

Цярэшчанка Віктар

Нарадзіўся 30 студзеня 1950 году ў вёсцы Дуброўка Краснапольскага раёну. Працаваў сьлесарам, фрэзэроўшчыкам, інжынэрам. Закончыў экстэрнам эканамічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1992 г. прызначаны генэральным дырэктарам СП «Міжнародны інстытут мэнэджмэнту» (МІМ-Беларусь). Удзельнічаў у выбарчай кампаніі 1994 г., ня быў зарэгістраваны кандыдатам. Дэпутат ВС 13 скліканьня (чалец сталай Камісіі па адукацыі, навуцы і культуры). Удзельнічаў у выбарчай кампаніі 2001 г. Адмовіўся ад далейшай барацьбы на этапе збору подпісаў. Афіцыйны сайт http://www.tereshchenko.by.

Чыгір Міхаіл

Нарадзіўся 24 траўня 1948 году ў вёсцы Вусава Капыльскага раёну. Па адукацыі фінансіст. Перад прызначэньнем у 1994 г. на пасаду прэм’ер-міністра працаваў старшынём праўленьня «Белаграпрамбанку». Напярэдадні рэфэрэндуму 1996 г. самахоць пайшоў у адстаўку. Працаваў у Маскве кіраўніком расійскага прадстаўніцтва канцэрну «GЕА». Вярнуўся ў Менск для ўдзелу ў «альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбарах» 16 траўня 1999 г. Быў арыштаваны, паўгоду правёў у турме. Удзельнічаў у выбарчай кампаніі 2001 г. Адмовіўся ад далейшай барацьбы на этапе збору подпісаў. Быў даверанай асобай Уладзімера Ганчарыка. Шмат інфармацыі пра Чыгіра на ангельскай мове зьме­шчана на старонцы http://www.ilhr.org/belarus/chigirversion.htm, па-беларуску і расійску на старонцы http://chyhir.cjb.net/. Афіцыйны сайт http://www.chigir.org.

Шарэцкі Сямён

Нарадзіўся 23 верасьня 1936 году ў вёсцы Лаўрушава Наваградз­кага раёну. Мае аграрную адукацыю. На момант абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі —старшыня калгасу «Чырвоны Сьцяг» Валожынскага раёну. У 1993 г. прызначаны дарадцам прэм’ера Кебіча. У 1994 г. ачоліў Аграрную партыю Беларусі. Дэпутат ВС 13 скліканьня, Старшыня ВС 13 скліканьня з студзеня 1996 г. З ліпеня 1999 г. жыў у Вільні (Летува). У дадзены момант — на эміграцыі ў ЗША. Бія­графія на ангельскай мове месьціцца на старонцы http://www.belarus.net/parliame/sharetsk.htm.

Шлындзікаў Васіль

Нарадзіўся ў 1947 годзе ў Гомельскай вобласьці. Старшыня Грамадзянскай партыі Беларусі, пасьля яе аб’яднаньня з Аб’яднанай Дэмакратычнай партыяй Беларусі — намесьнік старшыні Нацыянальнага камітэту новаўзьніклай АГП. Дэпутат ВС 13 скліканьня (старшыня Камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах). Падчас выбараў 2001 г. — куратар выбарчае кампаніі У. Ганчарыка ў г. Менску.

Шэйман Віктар

Нарадзіўся 26 траўня 1958 году ў Гарадзенскай вобл. Кадравы вайсковец. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці быў маёрам, начальнікам штаба Берасьцейскай дэсантна-штурмавой брыгады. Дэпутат ВС 12 скліканьня. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. падтрымаў Лукашэнку. Пасьля яго перамогі — памочнік Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ў пытаньнях абароны і бясьпекі, дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі. 27 лістапада 2000 г. адхілены ад пасады дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі і прызначаны Генэральным пракурорам.

Шушкевіч Станіслаў

Нарадзіўся 15 сьнежня 1934 году ў г. Менску. Па адукацыі фізык. У 1960–1961 гг., працуючы старшым інжынэрам на Менскім радыёзаводзе, навучаў расійскай мове Лі Гарві Освальда. Дэпутат ВС 12 і 13 скліканьня, першы намесьнік Старшыні ВС, з восені 1991 г. Старшыня ВС (1991–1994). У прэзыдэнцкіх выбарах 1994 г. заняў чацьвертае месца. Старшыня Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. Біяграфія на ангельскай мове месьціцца на старонцы http://www.belarus.net/parliame/shushkev/shushkev.htm.

Шчукін Валер

Нарадзіўся 22 сакавіка 1942 году ў г. Уладзівастоку (Расія). Па адукацыі карабельны інжынэр-мэханік. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці працаваў машыністам крана-трубаўкладніка. Дэпутат ВС 13 скліканьня, сакратар Камісіі па нацыянальнай бясьпецы, абароне і барацьбе з злачыннасьцю. Да 1998 г. чалец ПКБ. У 2001 г. правёў 3 месяцы ў зьняволеньні за антыпрэзыдэнцкую дзейнасьць. Біяграфія на ангельскай мове месьціцца на старонцы http://www.belarus.net/parliame/schukin/index.htm.

Шыдлоўскі Аляксей

Нарадзіўся ў 1979 годзе ў г. Стоўпцы. Вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. Арыштаваны 25 жніўня 1997 году за антыпрэзыдэнцкія графіці. Правёў 1,5 году ў турмах. У дадзены момант актывіст маладзёвага апазыцыйнага руху «Зубр».

Янчэўскі Ўсевалад

Нарадзіўся 22 красавіка 1976 году ў г. Барысаве. Па адукацыі юрыст. Быў чальцом партыі Славянскі Сабор «Белая Русь». Да 2001 г. кіраўнік праўрадавага Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі (БПСМ; інтэрнэт-старонка http://bpsm.by). У да­дзены момант дэпутат ніжняй палаты лукашэнкаўскага парлямэнту.

Ярашук Аляксандар

Нарадзіўся 16 лістапада 1951 году ў вёсцы Ўнучкі Камянецкага раёну. Па першай адукацыі навуковец-аграном, па другой — палітоляг і сацыёляг. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці загадчык аддзелу аграрнай палітыкі ЦК КПБ. З 1999 г. і па сёньняшні дзень узначальвае рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Удзельнічаў у выбарчай кампаніі 2001 г. Адмовіўся ад далейшай барацьбы на этапе збору подпісаў. Быў даверанай асобай Уладзімера Ганчарыка. Біяграфія Ярашука на нямецкай мове была зьмешчана на старонцы http://www.belarusnews.de/news_de/2001/akten/985160868.shtml.

Ярмошын Уладзімер

Нарадзіўся 26 кастрычніка 1942 году ў г. Пронску (Расія). Па адукацыі інжынэр-мэханік. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці — намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму, старшыня камітэту па жыльлёвай гаспадарцы і энэргетыцы. З 1995 г. старшыня Менскага гарвыканкаму. 18 лютага 2000 г. прызначаны прэм’ер-міністрам. На гэтай пасадзе працаваў да 09.09.2001 году.

Ярмошына Лідзія

Нарадзілася 29 студзеня 1953 году ў г. Слуцку. Па адукацыі юрыст. На момант абвяшчэньня Беларусяй незалежнасьці кіраўнік юрыдычнай службы Бабруйскага гарвыканкаму. З 1996 г. старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. На гэтай пасадзе традыцыйна выяўляе поўную ляяльнасьць рэжыму.