Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Пасьлямова

Прэзыдэнцкія выбары выклікалі вялікае напружаньне і ўзрушэньне ў беларускіх масах. Цягам летніх месяцаў наконт іх вынікаў выказваліся самыя незвычайныя прагнозы. У дзеяньне былі прыведзеныя агромністыя людзкія і матэрыяльныя рэсурсы. У нейкі момант здалося, што 9 верасьня мы станем сьведкамі сьмяротнай сутычкі дзьвюх найважнейшых у краіне сілаў — сыстэмы ўлады і сыстэмы апазыцыі. Значэньне гэтай даты дружна падкрэсьлілі абодва палітычныя антаганісты. Дзейны прызыдэнт Лукашэнка — словамі «...прэзыдэнцкія выбары — больш чым выбраньне таго ці іншага палітыка. Гэта — вызначэньне лёсу дзяржавы». Адзіны кандыдат дэмакратычных сілаў Уладзімер Ганчарык — параўнаньнем саміх выбараў зь бітвай паміж Дабром і Злом.

Аднак пасьля выбараў здаецца, што маштаб гэтай падзеі быў моцна завышаны. Для лукашэнкаўцаў яна стала нагодай для яшчэ адной дэманстрацыі свайго палітычнага, адміністрацыйнага, ідэалягічнага і інш. патэнцыялу, для дэмакратычных сілаў — спробай павялічыць сваю грамадзкую вагу, утрываліць свае пазыцыі, стварыць надзейны падмурак для будучай барацьбы. Мы дапушчаем, што пасьля цьвярозай ацэнкі бягучага палітычнага моманту стратэгамі дэмакратычных сілаў ужо ня ставілася заданьне перамагчы за любы кошт. Яго заступіла ўсьведамленьне неабходнасьці дасягнуць «пазыцыйнай выгады», г. зн. павялічыць сацыяльны засяг апазыцыі і праверыць дзеяздольнасьць яе цэнтральных і рэгіянальных структур ува ўмовах прэсынгу з боку дзяржавы. Вялікай перамогай апазыцыі ўяўляецца сам факт, што Ўладзімер Ганчарык з кіраўніка арганізацыі, якая яшчэ год таму de facto ішла на кампраміс з лукашэнкаўскай дзяржавай, стаў бескампрамісным апазыцыйным лідэрам, які ўжо ня мае шляху назад.

Выбарчая кампанія пакіне пазытыўны сьлед у калектыўнай памяці беларусаў. Як адна зь нячастых падзеяў агульнанацыянальнае цікавасьці, яна вастрынёй сюжэту прыцягнула да сябе ўвагу ўсіх пластоў грамадзтва. І хоць яно ў каторы раз аказалася падзеленым ня проста сьветапоглядна, а культурна, тое, што беларускія грамадзяне некалькі месяцаў цалкам былі захоплены пэрыпэтыямі айчыннай палітыкі, нашмат важнейшае.

Прэзыдэнцкія выбары прывучаюць людзей быць грамадзянамі ўласнай дзяржавы і тым самым фармуюць незалежніцкія настроі ў масах. Выбары канструююць рэальную палітычную гісторыю Беларусі і ствараюць неацэнны гарызонт досьведу, да якога будуць рэгулярна зьвяртацца ў далейшым.

Мінецца яшчэ крыху часу, і савецкая эпоха будзе на масавым узроўні ўспрымацца ўсяго толькі як перадгісторыя незалежнай Беларусі.

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПРАБЛЕМА НА ВЫБАРАХ

Выбарчая кампанія стала яшчэ адным сьведчаньнем таго, што незалежнасьць і дзяржаўны сувэрэнітэт для бальшыні беларусаў — катэгорыя не культурная, а палітычная, што яны зьвязваюцца з рэалізацыяй палітычных, а не культурных правоў нацыі. Тыя палітычныя сілы, якія рабілі акцэнт на рэалізацыі культурных правоў, у 90-х гадах апыналіся ў меншыні. Акурат таму нацыянальная праблема аказалася на гэтых выбарах на другім пляне.

Увага да нацыянальных сымбаляў была прытупленая як у лягеры лукашэнкаўцаў (што й ня дзіўна), так і ў лягеры дэмакратычных сілаў. Патлумачыць гэта можна прагматычным чыньнікам — сёлета галоўнае спаборніцтва паміж дзьвюма найбольш уплывовымі ў краіне палітычнымі сіламі разгарнулася за тую частку электарату, якая да апошняга не магла вызначыцца з сваім выбарам. Паводле розных падлікаў, гэтая частка складае каля 30 % ад усіх беларускіх выбарцаў. Яе аснова — расійскамоўныя, схільныя да навеяных культурнымі рэаліямі фрустрацый людзі, у якіх нацыянальныя сымбалі Беларусі так і не здабылі прызнаньня.

Ігнараваньне апазыцыяй нацыянальнае праблемы было значнай перамогай лукашэнкаўцаў: барацьба ішла на іхным полі і паводле іхнага сцэнару.

СЫСТЭМА АПАЗЫЦЫІ НА ВЫХАДЗЕ З ВЫБАРАЎ

Напярэдадні выбараў правацэнтрысцкая апазыцыя не змагла знайсьці поўнага паразуменьня з Захадам у абліччы Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску, рэгулярна разыходзячыся зь ёю ў стратэгічных і тактычных пытаньнях.

Адначасна выбары не прывялі да ўзбуйненьня беларускіх палітычных сілаў. Апазыцыя застаецца атамізаванаю, а «самотныя палітыкі» па-ранейшаму маюць, прынамсі, ня меншую палітычную вагу, чым лідэры партый. У пэўныя моманты перадвыбарнай гонкі партыйныя лідэры дэманстравалі больш зацікаўленасьці ў выжываньні сваіх партыйных структураў пасьля выбараў, чым у дасягненьні тактычных і стратэгічных мэтаў на гэтым этапе.

Пазытыўны вынік выбараў — далейшае самаакрэсьленьне «левага» і «правага» блёку дэмакратычных сілаў.

ЧАМУ ГАНЧАРЫК?

І Ганчарык, і Домаш сваім зьяўленьнем на палітычнай сцэне былі абавязаны структурам беларускага трэцяга сэктару. Толькі Ганчарык быў кандыдатам ад «савецкага» трэцяга сэктару, які ў агульных рысах сфармаваўся пры канцы існаваньня СССР і адносна пасьпяхова прыстасаваўся да ўмоваў незалежнай Беларусі, а Домаш — ад «новага» трэцяга сэктару, які ўзьнік пасьля лістападаўскага канстытуцыйнага перавароту 1996 г. Гэтае адрозьненьне тлумачыць і памяркоўнасьць пазыцый Ганчарыка, і большую колькасьць подпісаў у сваю падтрымку, сабраную Домашам.

Новы «трэці сэктар» болей а болей робіцца рэзэрвуарам чыстай апазыцыйнасьці, бо абсарбуе людзей, якія з тых ці іншых прычын адмаўляюцца ад супрацоўніцтва зь беларускім рэжымам. З гэтым, дарэчы, зьвязана адна далекасяжная слабасьць беларускага рэжыму. Пры дэмакратычным грамадзкім ладзе кіраўніцтва дзяржавы імкнецца па магчымасьці не выключаць сацыяльна рэлевантных індывідаў з працэсу рэпрадукцыі ўсяго грамадзтва. Тым часам за сем гадоў лукашэнкаўскага кіраваньня тысячы адукаваных, ахвотных працаваць для дабра дзяржавы кадраў аказаліся папросту лішнімі для сфармаванай канструкцыі ўлады. Большая частка іх, ня маючы іншага выйсьця, знайшла прытулак у інстытуцыях «новага трэцяга сэктару».

У сваю чаргу, адток «палітычна нядобранадзейных» ува ўстановы «новага трэцяга сэктару» не вястуе нічога добрага і тым структурам, якія пэрсаніфікуе Ўладзімер Ганчарык. Будучы за савецкім часам зародкамі грамадзянскай супольнасьці пры аўтарытарнай палітычнай сыстэме, яны ня далі рады ажыцьцявіць глыбокую трансфармацыю за дзесяць гадоў беларускай незалежнасьці. Таму яны ў многіх праявах функцыянуюць ня як рэальныя, а як сымбалічныя сацыяльныя інстытуты.

Парадаксальна, але з гледзішча пэрспэктывы перамога лукашэнкаўскага рэжыму над прафсаюзнай імпэрыяй Ганчарыка будзе азначаць не падрыў жыцьцядзейнасьці дэмакратычных сілаў, а хутчэй прымусовую санацыю дэмакратычнага лягеру ад яго нежыцьцяздольных структурных элемэнтаў[1].

Пры гэтым асабісты палітычны лёс Уладзімера Ганчарыка можа скласьціся інакш, чым у Міхаіла Чыгіра або Зянона Пазьняка. Бо апошнім толькі цуд дапаможа застацца на першых ролях на беларускай палітычнай сцэне. У сваю чаргу, зьняцьцё Сямёна Домаша зь перадвыбарнай гонкі ў пэўнай ступені вывела з-пад удару структуры «новага трэцяга сэктару», які дагэтуль знаходзіцца ў фазе станаўленьня і ня быў цалкам гатовы да змаганьня.

Выбар кандыдатуры Ўладзімера Ганчарыка ў якасьці адзінага кандыдата ад апазыцыі можна тлумачыць меркаваньнямі ня толькі «перадвыбарнага», але і «пасьлявыбарнага» характару. Можна зь вялікай доляй пэўнасьці сьцьвярджаць, што пасьля перамогі беларускі рэжым захоча паквітацца зь «мяцежнай» Фэдэрацыяй прафсаюзаў беларускай і яе вышэйшым кіраўніцтвам. Але інстытуцыйны канфлікт паміж сыстэмай улады і інтэгральным элемэнтам грамадзянскай супольнасьці, якім зьяўляюцца прафсаюзы, не абяцае быць лёгкім, а перамога лукашэнкаўцаў — беззасьцярожнай. У кожным разе, пры такім сцэнары разьвіцьця падзеяў адказнасьць за дэстабілізацыю палітычнай сытуацыі ў Беларусі ўскладзецца на рэжым.

ГАЙДУКЕВІЧ

Постаць гэтага «кандыдата ад трэцяй сілы» найбольш яскрава сьведчыць пра наяўны ўва ўладаў патэнцыял для маніпуляцыі грамадзкай думкай. Былі ў лягеры Лукашэнкі і іншыя псэўдакандыдаты, якіх адсеялі па дарозе. Гайдукевіч жа, за якім стаіць шэры бізнэс і крыміналізаваныя структуры, дайшоў да выбараў, каб аказаць пасільную падтрымку Лукашэнку на апошнім этапе кампаніі. Ні Машэрава, ні Сініцын, ні Марыніч такога посьпеху дабіцца ня здолелі. А Гайдукевіч дабіўся, бо зьяўленьне яго прозьвішча ў выбарчых бюлетэнях выглядала найбольш праўдападобна (ЛДПБ самая шматлікая партыя ў Беларусі — мае каля 20 тысяч сяброў у сваім складзе).

Фактычна, вынікі збору подпісаў за кандыдатаў паказалі, што ў краіне ёсьць чатыры рэальныя палітычныя сілы. Тры зь іх досыць стабільныя: посткаляніяльны адміністрацыйна-гаспадарчы апарат, стаўленік клянаў якога — Лукашэнка (395 тыс. подпісаў), незалежнае беларускае грамадзтва (Домаш, 161 тыс. подпісаў), шэры бізнэс, цесна зьвязаны з карумпаванай часткай дзяржаўнага апарату (Гайдукевіч, 136 тыс. подпісаў). Чацьвертая ж — гэта ўтвораны бягучай кан’юнктурай хісткаваты альянс расчараванай у палітыцы Лукашэнкі намэнклятуры, прыватнага бізнэсу, «старога трэцяга сэктару», а таксама той часткі дзяржаўных службоўцаў, інтарэсы якіх палітыка Лукашэнкі ставіла пад пагрозу. Уладзімер Ганчарык сабраў 123 тыс., але цяжка прадказаць доўгатрываласьць гэтага палітычнага хаўрусу.

МАБІЛІЗАЦЫЙНАЯ КАМПАНІЯ

Галоўная мэта сёлетняй мабілізацыйнай кампаніі дэмсілаў палягала ня столькі ў вывадзе беларускіх выбарцаў на ўчасткі — яны і без таго дэманстравалі высокую ступень гатоўнасьці ўзяць удзел у вырашэньні лёсу краіны, колькі ў дэманстрацыі схаванага патэнцыялу дэмакратычных арганізацый (неправамерна ставіць пытаньне, адлюстравала мабілізацыйная кампанія разьвітасьць ці неразьвітасьць палітычнай культуры лідэраў і шараговых прыхільнікаў апазыцыйнага руху). Мабілізацыйная кампанія была абмежаванаю і не вылучала перад сабой колькі-небудзь прэтэнцыёзных заданьняў. Стаўка была зроблена перадусім на гульнёвыя віды дзейнасьці — расклейку налепак і ўлётак, выраб і нашэньне маечак з нанесенымі на іх дэмакратычнымі заклікамі, лякальныя паводле сацыяльнага рэзанансу і колькасьці ўдзельнікаў акцыі грамадзкага непадпарадкаваньня, пэрформансы і канцэрты, прабегі на роварах, паходы і падарожжы на плытох. Акцэнт на кантактнай працы з выбарцамі не рабіўся.

Асноўнае адрозьненьне мабілізацыйнай кампаніі беларускіх дэмсілаў ад яе клясычных першаўзораў палягае ў тым, што звычайна да яе рэалізацыі прыцягваюцца сілы, якія маюць пазытыўнае сацыяльнае аблічча, тады як у Беларусі гэтая кампанія праводзілася рэсурсам апазыцыйных асяродкаў (перш за ўсё маладзёвых), характар дзейнасьці якіх у варунках беларускага палітычнага рэжыму, як правіла, малавядомы ўсяму беларускаму грамадзтву, а калі і вядомы, дык перадусім у тэндэнцыйным асьвятленьні дзяржаўных СМІ. У выніку, кампанія займела ў ваччу некаторых беларусаў вобраз маштабнай апазыцыйнай акцыі, якая спрыяе канфрантацыі, а не кансалідацыі грамадзтва.

ЛУКАШЭНКА І ЛУКАШЭНКАЎЦЫ

Актыўна выкарыстоўваючы савецкі сымбалічны капітал цягам сваёй першай кадэнцыі, Лукашэнка сам падсёк сук, на якім сядзіць. Нельга не канстатаваць, што пасьля такога частага ўжываньня-злоўжываньня Лукашэнкам і лукашэнкаўцамі ўкарэненыя савецкія міты ў масавай сьвядомасьці губляюць сваю прыцягальную сілу, а агрэсіўна-ксэнафобская рыторыка не знаходзіць былога пачуцьцёвага водгуку. Атаесамленьне сучасных адраджэнцаў зь нямецкімі паліцаямі-халуямі, а дэмакратычных лідэраў з прадажнымі юдамі паціху становіцца знакам благога густу.

Савецкая міталёгія губляе вартасьць на беларускім палітычным рынку. Адчуваючы дэвальвацыю гэтай вартасьці, Лукашэнка ўжо ў сваёй цяперашняй перадвыбарнай праграме паабяцаў маштабную эканамічную лібэралізацыю (чаго варты толькі пасаж «колькасьць ліцэнзаваных відаў дзейнасьці будзе скарочана да 10—12»), згортваньне кантрольнага апарату дзяржавы.

На самым конадні выбараў Лукашэнка даслаў «Вітаньне дэлегатам афіцэрскага сходу ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусі», у якім неаднакроць падкрэсьліў непарушнасьць нацыянальнае незалежнасьці: «Рэспубліка Беларусь была, ёсьць і будзе сувэрэннай, незалежнай эўрапейскай дзяржавай... Нашы ўзброеныя сілы ёсьць вытварам беларускага народу і яго нацыянальнай гордасьцю»[2].

Фактычна, ужо цяпер беларускі прэзыдэнт узяў на ўзбраеньне рыторыку нацыянальна-дэмакратычных сілаў, якой тыя паслугоўваліся ў пэрыяд набыцьця Беларусяй незалежнасьці. Тую самую рыторыку ў характэрнай для яго абсурднай манеры падхапіла постчыкінскае БТ. У. Ганчарык быў ім абвінавачаны ў «заігрываньні з Расіяй», што нібыта нясе пагрозу нацыянальнай незалежнасьці. Вядома, гэткая рыторыка мела на мэце найперш узбудзіць недавер да У. Ганчарыка з боку нацыянал-дэмакратычнага электарату, але яна ёсьць паказальнаю і з гледзішча разрастаньня незалежніцкага дыскурсу.

Трэба чакаць, што цягам найбліжэйшых гадоў тэма беларуска-расійскай інтэграцыі будзе з фактару вонкавай палітыкі Беларусі больш а больш ператварацца ў фактар унутранай палітыкі. Ужо цяпер яна адкрыта выкарыстоўваецца для мабілізацыі прыхільнікаў сёньняшняга палітычнага курсу ў патрэбны палітычны момант.

Выбары таксама паказалі, што дэмакратычныя сілы недаацэньваюць інтэлектуальны патэнцыял лукашэнкаўцаў. Нягледзячы на скандалы ў справах зьніклых (забітых?) палітыкаў і прадпрымальнікаў, мэдыйныя скандалы з удзелам перакінчыкаў з лукашэнкаўскага лягеру, цягам перадвыбарнага маратону ўвесь час складалася ўражаньне, што дэмакраты так ня здолелі перахапіць у лукашэнкаўцаў ініцыятыву. Тым удавалася ўсё задуманае — дабіцца нэўтралітэту новапаўсталых бізнэс-элітаў, заручыцца падтрымкай Расіі й іншых краінаў СНД, разрэклямаваць у СМІ эканамічны ўздым, укідваньнем тузіну псэўдакандыдатаў зьбіць з панталыку незалежныя СМІ, адных падкупіць, другіх падмануць. Карацей, усё, што ўдалося пару гадоў раней іхным расійскім, украінскім, казахскім калегам.

Недаацэнка «мазгавога цэнтру» лукашэнкаўцаў, а значыць, і здольнасьці адэкватна рэагаваць на выклікі часу і непаўторныя рэаліі постсавецкай Беларусі, сьведчыць пра завышаную самаацэнку шмат якіх лідэраў дэмсілаў і адсутнасьць у іх рэальнага ўяўленьня пра цяперашні дзяржаўны апарат. Ягонае функцыянаваньне падчас перадвыбарнай кампаніі паказала моц бюракратычнае сыстэмы, умацаванае Лукашэнкам.

НАЦЫЯНАЛІЗУЮЧЫ ЎПЛЫЎ МЕНСКАГА АСЯРОДЗЬДЗЯ

Лукашэнка ўзору 2001 году — гэта не Лукашэнка ўзору году 1994-га. Менскае асяродзьдзе, у якім ён круціцца вось ужо дзесяць гадоў, моцна на яго паўплывала. Новая беларуская ідэнтычнасьць і яе крэольскія дэфармацыі ў сталіцы ўмацаваліся непараўнальна лепш, чым ува ўсходніх рэгіёнах краіны.

Стойкі лукашэнкаўскі электарат — гэта крэалізаваная частка беларускага грамадзтва. Выбары пацьвердзілі статус Лукашэнкі як прэзыдэнта ўсіх беларускіх крэолаў. У беларускім кантэксьце з крэоламі ня варта атаясамліваць толькі этнічных беларусаў, якія дагэтуль не набылі акрэсьленай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Трэба падысьці шырэй: крэолы — носьбіты ідэнтычнасьці, сфармаванай яшчэ за часоў данацыянальнага грамадзтва. Юры Сівакоў, Урал Латыпаў і Аляксандар Лукашэнка ў гэтым сэнсе мала розьняцца.

Расійска- і піджынамоўныя крэолы з пашпартамі грамадзян Рэспублікі Беларусі непазьбежна ўтвараюць асноўны рэсурс для рэпрадукцыі палітычнага рэжыму, створанага Лукашэнкам. Дзякуючы сваёй культурнай непаўнавартасьці і выніку гэтага — псыхалягічнай няўстойлівасьці, яны асабліва чуйныя на ідэалягічную індактрынацыю і іншыя маніпуляцыі з палітычнымі мэтамі. Толькі крэолы могуць забясьпечыць стварэньне такой канструкцыі ўлады, якая магла б утрымацца адносна вялікі гістарычны прамежак часу, дасягненьне «пераемнасьці ўлады», пра што так марыць Лукашэнка. Лукашэнкаўскія рэфэрэндумы 1995 і 1996 гг., апрача тымчасовых палітычных эфэктаў, зьнялі ўсе абмежаваньні з рэпрадукцыі крэолаў у маштабе ўсяго грамадзтва, ператварыўшы тым самым гэтую рэпрадукцыю ў адну з найважнейшых мэтаў дзяржаўнай палітыкі.

Зьнішчэньне амаль усіх прарасійскіх структур і выданьняў, якія вызнавалі прынцып дыяспарнасьці (сучасны разнавід імпэрскай дактрыны пра трыадзіны расійскі народ), падчас курыраванай Уладзімерам Замяталіным перарэгістрацыі партый і грамадзкіх аб’яднаньняў, выглядае яшчэ адной шматзначнай праявай гэтай палітыкі.

Крэольская маса — ня столькі пагроза для дзяржаўнасьці Беларусі, чаго так баялася нацыянальная інтэлігенцыя, колькі зарука стабільнасьці і непарушнасьці аўтарытарызму.

Вядома, расійска-беларуская інтэграцыя для беларускіх крэолаў мае сымбалічнае значэньне. Яна забясьпечвае ім пазытыўны эмацыйны тонус, стварае ілюзію супадзеньня іх пэрсанальных і дзяржаўных інтарэсаў. Для задавальненьня гэтай ілюзіі і сам Лукашэнка працягвае трымаць у сваім атачэньні жменьку цьвердалобых русафілаў — такі сабе доказ прарасійскасьці палітычнага курсу беларускага рэжыму. Але пры гэтым сам Лукашэнка выдатна разумее: адчужэньне Беларусі і Расіі будзе нарастаць у меру ўмацаваньня новай расійскай нацыянальнай ідэнтычнасьці ці, прынамсі, новай ідэнтычнасьці грамадзянаў Расійскай Фэдэрацыі.

Як аўтарытарная дзяржава, Беларусь няздольная да інтэграцыі. Утварэньне стабільных супольных структураў магчымае толькі пры дэмакратычным ладзе і на дэмакратычным грунце. Інтэграцыя ў рамках Эўразьвязу гэтаму прыклад. Аўтарытарная ж дзяржава выкарыстоўвае інтэграцыю для ўмацаваньня рэжыму, здабыцьця дадатковых рэсурсаў для ўнутранай кансалідацыі.

Крэолы не пагроза незалежнасьці найперш таму, што яны палітычна бязвольныя і імі лёгка маніпуляваць. З тае ж прычыны яны не нясуць пагрозы анахранічнаму палітычнаму рэжыму і ягонаму эксцэнтрычнаму кіраўніку.

У ЧАКАНЬНІ КУЛЬТУРНЫХ ПЕРАМЕНАЎ

Выбары выразна давялі, што Лукашэнка мае найслабейшыя пазыцыі там, дзе найлепш захаваліся беларуская культура і каталіцкі антыімпэрскі этас. Пра гэта бясспрэчна сьведчаць зьвесткі маштабнага сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага ў cярэдзіне лета амэрыканскім International Republican Institute.

Найменш давяралі Лукашэнку на Гарадзеншчыне (40 %). Мяркуючы па ўсім, роўна такі ж нізкі паказчык падтрымкі ён меў у заходніх — беларускамоўных і/або каталіцкіх — раёнах Меншчыны й Віцебшчыны. Найбольшым жа даверам ён цешыўся не на роднай Магілёўшчыне (52 %), а на патрыярхальнай Гомельшчыне і дээтнізаванай Берасьцейшчыне (67 %). На Гомельшчыне, як вядома, дакапіталістычныя формы аграрнай вытворчасьці пратрымаліся найдаўжэй, а каталіцкі элемэнт, які распаўсюджваўся ў Беларусі з паўночнага захаду, найслабейшы. А на Берасьцейшчыне этнічна ўкраінскі элемэнт яшчэ да канца не ператварыўся ў беларускую нацыю, а пазыцыі праваслаўя выключна моцныя. Вось жа, Лукашэнка найбольш папулярны там, куды мадэрнізацыя, а зь ёй і беларуская нацыянальная ідэя прыйшлі найпазьней — пасьля другой сусьветнай вайны (тады як на Віленшчыну, Гарадзеншчыну, Меншчыну — яшчэ на зломе ХІХ і ХХ стагодзьдзяў). Цікава і тое, што Берасьце і Гомель на пачатку XX ст. былі проста павятовымі цэнтрамі Магілёўскай і Гарадзенскай губэрняў.

За гады незалежнай Беларусі не адбылося значнага, відавочнага для ўсіх павелічэньня колькасьці людзей беларускае культуры. Вось галоўны гандыкап апазыцыі ў кампаніі 2001 году.

Стратэгічнай мэтай дэмакратычных сілаў бачыцца ня толькі разбурэньне лукашэнкаўскага рэжыму — гэтае можа зрабіць і няўмольны час, але і забесьпячэньне незваротнасьці працэсаў дэмакратызацыі нашага грамадзтва. Апошняе немагчымае безь пераводу крэалізаванай грамады ўва ўлоньне беларускай культуры[3]. Без уліку гэтага змаганьне з Лукашэнкам будзе змаганьнем Дон-Кіхота зь ветракамі. Дый палітычныя перамены зробяцца непазьбежнымі з нарошчваньнем нацыянальных сілаў.

Заходні рацыяналістычны розум зазвычай схільны шукаць прычыны непадобнасьці Беларусі да іншых усходнеэўрапейскіх краінаў у «загадкавай славянскай душы», якую геніяльна выявіў Фёдар Дастаеўскі, або ў прынцыповым і невыкараняльным антыарыстакратызьме, «плебэйстве» тутэйшага грамадзтва і яго культуры. Тым самым ён лучае ў характэрную аблуду, бо ў выпадку Беларусі мы маем справу перадусім зь незакончанасьцю нацыянальнага праекту (слабасьць беларускага нацыяналізму дазваляе гаварыць пра тое, што на гэтым ускрайку Эўропы ніяк ня скончыцца працэс станаўленьня мадэрнай беларускай палітычнай нацыі, які запачаткаваўся на захадзе кантынэнту больш як два стагодзьдзі назад). У выніку, этнічна беларускаму насельніцтву на культурным узроўні прапануюцца да рэалізацыі тры ідэнтычнасьці: беларуская, крэольская і немадыфікаваная расійская. У бальшыні грамадзян Рэспублікі Беларусі беларуская этнічнасьць спалучаецца з крэольскай ідэнтычнасьцю, якая прадукуе дэвіянтныя ў параўнаньні з эўрапейскімі першаўзорамі палітычныя прэфэрэнцыі. Нішто б так не зьвязала Беларусь з Эўропай, як эўрапейскі капітал і пазычаны з эўрапейскага Захаду і рэалізаваны ў тутэйшых варунках нацыянальны праект выбудовы палітычнай нацыі на аснове айчыннай культурнай ідэнтычнасьці.

Як культурныя опцыі, найбольш пашыраныя ідэнтычнасьці сфармаваліся задоўга да здабыцьця Беларусяй незалежнасьці і ўсяго толькі адлюстроўваюць, наколькі ўсеабсяжнымі тут былі працэсы калянізацыі і мадэрнізацыі, праводжаныя з імпэрскага цэнтру.

Беларусь: незакончаны нацыянальны праект.

1. Санацыя, або чыстка палітычнага поля ад яго нежыцьцяздольных суб’ектаў, таксама ў прынцыпе ёсьць пазытыўным наступствам сёлетніх выбараў.

2. Правядзеньне перад выбарамі найбольшых у гісторыі Беларусі вайсковых вучэньняў «Нёман-2001», падчас якіх «чырвоныя» пад асабістым кіраўніцтвам Лукашэнкі перамаглі «сініх», а заразом зьнішчылі 79 умоўных самалётаў і 13 умоўных крылатых ракет праціўніка, таксама мела незалежніцкі падтэкст, бо ў іх дэманстратыўна ўзялі ўдзел толькі часткі беларускага войска, у адсутнасьць «саюзных» расійскіх. Больш за тое, дзяржаўныя СМІ дружна разрэклямавалі факт, што супрацьпаветраныя комплексы, ужытыя падчас вучэньняў, былі ня толькі вырабленыя, але і распрацаваныя ў Беларусі.

3. Характэрна, што адразу пасьля выбараў сярод усіх недзяржаўных СМІ была зачыненая адзіная газэта — беларускамоўная «Пагоня» з Горадні, якая мела культуратворчае значэньне для рэгіёну.