Перадгісторыя
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 году, упершыню ў гісторыі беларускага канстытуцыяналізму прадугледзела ўсталяваньне ў краіне адмысловага органу канстытуцыйнага кантролю — Канстытуцыйнага Суду. У Канстытуцыю ўвайшоў разьдзел з васьмёх артыкулаў, які рэгуляваў кампэтэнцыю, парадак фармаваньня Канстытуцыйнага Суду і прававы статус судзьдзяў. Гэты разьдзел уваходзіў у частку VI Асноўнага Закону пад назовам «Дзяржаўны кантроль і нагляд». Такім чынам быў падкрэсьлены асаблівы статус Канстытуцыйнага Суду ў сыстэме дзяржаўных органаў.
30 сакавіка 1994 году, праз 15 дзён пасьля прыняцьця Канстытуцыі, быў прыняты Закон «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь». Ён складаўся з 57 артыкулаў у чатырох разьдзелах[1]. Сымбалічна, што гэта адбылося ў дзень уступленьня ў дзеяньне новага Асноўнага Закону.
На адзінаццаць пасадаў судзьдзяў прэтэндавала каля 40 кандыдатаў[2]. Зь іх дэпутаты ўхвалілі толькі васьмярых. Яшчэ адна кандыдатура была прапанаваная беспасярэдне ў часе сэсіі. Такім чынам, 28 красавіка 1994 году на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету быў абраны паўнамоцны склад Канстытуцыйнага Суду (паводле артыкула 12 Закону аб Канстытуцыйным Судзе, ён меў права пачаць працаваць і прымаць пастановы, калі ў ягоны склад абраныя ня менш за 7 судзьдзяў)[3]. Яшчэ двух судзьдзяў даабралі 25 траўня 1996 г.[4].
Шмат хто з судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду да абраньня на гэтую пасаду займаў высокія пасады ў органах выканаўчай улады: намесьнік міністра юстыцыі, намесьнік міністра ўнутраных справаў, начальнік юрыдычнага ўпраўленьня ўраду, намесьнік начальніка навукова-дасьледчага аддзелу Вышэйшых курсаў КДБ, намесьнік старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. У склад Канстытуцыйнага Суду абралі двух судзьдзяў Вярхоўнага і Менскага гарадзкога судоў. Чальцамі суду сталі таксама загадчык юрыдычнага аддзелу Сакратарыяту Вярхоўнага Савету, начальнік катэдры Акадэміі міліцыі і два дацэнты катэдры канстытуцыйнага права Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Агулам у першым складзе суду былі тры дактары і тры кандыдаты юрыдычных навук, адзін з дактароў (Валер Ціхіня) меў годнасьць члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі.
Ужо ў першыя гады дзейнасьці Канстытуцыйны Суд вызначыў сваё месца ў палітычнай сыстэме грамадзтва. Ён разгледзеў больш за 40 справаў, датычных канстытуцыйнасьці законаў парлямэнту, указаў прэзыдэнта, пастановаў ураду. Бальшыня зь іх мела на мэце абарону канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў.
Трэба адзначыць, што цягам 1995-1996 гадоў асноўным парушальнікам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі быў прэзыдэнт А. Лукашэнка. Ягоныя ўказы часта падмянялі дзейныя законы і парушалі канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзянаў. Пад лістапад 1996 году Канстытуцыйны Суд прызнаў неканстытуцыйнымі (цалкам або ў пэўных частках) 17 указаў і 1 распараджэньне Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі.
Канстытуцыйны Суд апынуўся ў эпіцэнтры «лістападаўскіх падзеяў» 1996 году, калі прэзыдэнт А. Лукашэнка выступіў з ініцыятывай правядзеньня нацыянальнага рэфэрэндуму. На прапанову Старшыні Вярхоўнага Савету С. Шарэцкага Канстытуцыйны Суд зрабіў заключэньне пра рэкамэндацыйны характар рэфэрэндуму па пытаньні зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі, пра што быў зроблены адпаведны запіс у бюлетэні. А напярэдадні рэфэрэндуму, 19 лістапада, у Канстытуцыйны Суд паступіла прапанова 73 дэпутатаў Вярхоўнага Савету пачаць працэдуру адхіленьня А. Лукашэнкі ад пасады прэзыдэнта. Праз шэраг прычынаў, пра якія будзе сказана ніжэй, суд ня здолеў завяршыць разгляду гэтай справы.
Спасылаючыся на вынікі лістападаўскага 1996 году рэфэрэндуму, А. Лукашэнка ўвёў у дзеяньне новую рэдакцыю Канстытуцыі, якая іначай разьмеркавала паўнамоцтвы паміж асноўнымі органамі дзяржаўнай улады. Судзьдзям Канстытуцыйнага Суду, якія не прызналі «новай» Канстытуцыі, прапанавалі напісаць заявы на ймя прэзыдэнта. Шасьцёра судзьдзяў, улучаючы старшыню, гэтак і зрабілі. Іх адстаўка была прынятая. Судзьдзя М. Пастухоў, які не схацеў зьвярнуцца з просьбай пра адстаўку, быў вызвалены з пасады «ў сувязі з заканчэньнем тэрміну паўнамоцтваў судзьдзі». У студзені 1997 году быў сфармаваны новы склад Канстытуцыйнага Суду. Старшыню суду (Р. Васілевіча) і пяцёра судзьдзяў прызначыў сваім указам А. Лукашэнка, астатніх шасьцёра судзьдзяў «абрала» верхняя палата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі.
Такім чынам, цяпер у Беларусі дзейнічае Канстытуцыйны Суд, прызначаны прэзыдэнтам А. Лукашэнкам і яму падсправаздачны. Цікава, што за чатыры зь лішкам гады працы ён не разгледзеў ніводнага ўказу й дэкрэту прэзыдэнта наконт адпаведнасьці Канстытуцыі.
Парадак фармаваньня Канстытуцыйнага Суду і прававы статус судзьдзяў
Як вядома, у эўрапейскіх краінах існуюць розныя падыходы да адбору кандыдатаў на пасады судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду. У шмат якіх эўрапейскіх краінах права прызначаць судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду маюць некалькі органаў або службовых асобаў, што належаць розным галінам улады[6]. Прапановы замацаваць такі парадак выказваліся і ў часе распрацоўкі праекту Закону аб Канстытуцыйным Судзе[7]. Аднак заканадаўцы пайшлі іншым шляхам, устанавіўшы ў артыкуле 126 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, што Канстытуцыйны Суд абіраецца Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусі з кваліфікаваных спэцыялістаў у галіне права ў колькасьці 11 судзьдзяў. Разьвіваючы канстытуцыйную норму, Закон аб Канстытуцыйным Судзе прадугледзеў, што судзьдзём можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, высокую кваліфікацыю ў галіне права і высокія маральныя якасьці[8].
Працэдура абраньня чальцоў суду была падрабязна ўрэгуляваная разьдзелам V Часовага рэглямэнту Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі[9]. Паводле артыкулу 71 гэтага акту, кандыдатуры на пасады судзьдзяў прапаноўваліся дэпутатамі Вярхоўнага Савету. Абмеркаваньне і галасаваньне адбывалася з улікам заключэньняў па кандыдатурах дзьвюх сталых камісіяў парлямэнту — з заканадаўства і зь дзяржаўнага будаўніцтва, а таксама Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету — органу, у які апрача сьпікера і віцэ-сьпікераў уваходзілі ex officio старшыні ўсіх сталых камісіяў парлямэнту. Адпаведна з прынятай працэдурай, кандыдат на пасаду судзьдзі павінен быў выступіць перад парлямэнтам з кароткай прамовай і адказаць на пытаньні дэпутатаў. У выпадку, калі колькасьць прэтэндэнтаў была большай за колькасьць вакансіяў, прадугледжвалася папярэдняе галасаваньне аб уключэньні кандыдатураў у сьпіс для тайнага галасаваньня. Рэглямэнт не дапускаў паўторнага вылучэньня на працягу адной сэсіі кандыдатуры, якая ў выніку галасаваньня не атрымала больш за палову галасоў ад агульнай колькасьці дэпутатаў парлямэнту, як і не дапускалася вылучэньне аднаго й таго кандыдата болей за два разы.
У артыкулах 36 і 126 Канстытуцыі Беларусі былі замацаваныя пэўныя абмежаваньні на дзейнасьць судзьдзі Канстытуцыйнага Суду. Так, асобы, абраныя ў склад суду, не маглі займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, выконваць іншую аплатную працу, акрамя выкладчыцкай і навукова-дасьледчай, якая не суправаджалася заняцьцём штатным пасадаў. Яны (як і судзьдзі агульных судоў) не маглі быць дэпутатамі, а таксама чальцамі палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, якія перасьледавалі палітычныя мэты.
Цяжка растлумачыць, чым кіраваліся дэпутаты парлямэнту, усталяваўшы для судзьдзяў КС гранічны ўзрост знаходжаньня на пасадзе ў 60 год. У праектах Закону і Канстытуцыі, якія неаднаразова перарабляліся, фігуравалі лічбы 65 і 70 год. Тым ня менш, якраз 60-гадовы ўзрост быў замацаваны ў канчатковым варыянце. Паводле пункту 5 артыкула 100 Асноўнага Закону, кандыдатуру для абраньня на пасаду старшыні суду павінен быў прапаноўваць прэзыдэнт, у той час як паводле артыкула 13 Закону аб Канстытуцыйным Судзе намесьнік старшыні абіраўся самімі судзьдзямі з свайго складу. Больш за год пасада старшыні была вакантная, бо кандыдатура Дзьмітрыя Булахава, старшыні парлямэнцкай камісіі з заканадаўства, прапанаваная прэзыдэнтам, не набрала неабходнай колькасьці галасоў[10].
Артыкул 13 Закону аб Канстытуцыйным Судзе прадугледжваў, што ў выпадку адсутнасьці старшыні і яго намесьніка або немагчымасьці выкананьня гэтымі асобамі сваіх абавязкаў, паўнамоцтвамі старшыні карыстаецца найстарэйшы векам судзьдзя, якім быў В. Ціхіня. Ён жа і быў абраны на пасаду старшыні суду з прапановы прэзыдэнта А. Лукашэнкі 23 сакавіка 1995 году[11]. На пасаду намесьніка старшыні адкрытым галасаваньнем судзьдзяў быў абраны Валер Фадзееў[12].
Артыкул 126 Канстытуцыі прадугледжваў, што судзьдзі абіраюцца на 11 год. Такая пастанова была прынятая дзеля таго, каб тэрмін паўнамоцтваў судзьдзяў не супадаў з тэрмінам паўнамоцтваў парлямэнту. У арт. 15 Закону аб Канстытуцыйным Судзе ўтрымлівалася норма, паводле якой судзьдзі маглі быць пераабраныя на новы тэрмін.
Старшыня Канстытуцыйнага Суду абіраўся на 5 год, пасьля чаго таксама мог быць пераабраны, але ўжо «на астатні тэрмін сваіх паўнамоцтваў у якасьці судзьдзі»[13]. Выходзіла, што пры пераабраньні тэрмін яго паўнамоцтваў мог бы складаць ужо ня 5, а 6 год. Цікава, што ў Законе ўвогуле ня згадвалася, на які тэрмін абіраецца намесьнік старшыні, з чаго вынікала, што ён абіраўся на ўвесь тэрмін сваіх паўнамоцтваў, г. зн. на 11 год.
Артыкул 18 Закону аб Канстытуцыйным Судзе рэгуляваў пытаньне пра датэрміновае спыненьне паўнамоцтваў судзьдзяў па пастанове Вярхоўнага Савету і пры наяўнасьці адной з наступных акалічнасьцяў:
а) просьба судзьдзі пра адстаўку;
б) стан здароўя, які перашкаджае выкананьню абавязкаў;
в) сьмерць судзьдзі;
г) дасягненьне 60-гадовага ўзросту;
д) страта грамадзянства Рэспублікі Беларусі;
е) зьдзяйсьненьне ўчынкаў, якія дыскрэдытуюць Канстытуцыйны Суд;
ж) уступленьне ў дзеяньне датычнага судзьдзі абвінаваўчага выроку суду.
Зьвяртае на сябе ўвагу пункт «е» сваёй досыць расплывістай фармулёўкай, якая пры пэўных абставінах дазваляе выкарыстоўваць яе супраць судзьдзі, нежаданага з палітычных меркаваньняў. Больш за тое, ані Закон аб Канстытуцыйным Судзе, ані Часовы рэглямэнт Вярхоўнага Савету не рэгулявалі працэдуру спыненьня паўнамоцтваў судзьдзі.
У Канстытуцыі і Законе былі замацаваныя гарантыі незалежнасьці судзьдзяў. Згодна з часткай 4 арт. 126 Канстытуцыі, простае ці ўскоснае ўзьдзеяньне на Канстытуцыйны Суд альбо яго чальцоў, зьвязанае зь дзейнасьцю для ажыцьцяўленьні канстытуцыйнага кантролю, недапушчальнае і цягне адказнасьць, прадугледжаную законам.
Судзьдзі Канстытуцыйнага Суду не маглі быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці, арыштаваныя, іншым чынам пазбаўленыя асабістай свабоды бяз згоды Вярхоўнага Савету, апрача выпадкаў затрыманьня на месцы зьдзяйсьненьня злачынства. Крымінальная справа ў дачыненьні да судзьдзі Канстытуцыйнага Суду магла быць пачатая толькі Генэральным пракурорам, дый толькі пры згодзе парлямэнту (цікава, што Канстытуцыя замацоўвала ў дачыненьні да чальцоў КС больш высокі ўзровень абароны, чымся нават дэпутатаў парлямэнту, у адносінах да якіх у час паміж сэсіямі крымінальная справа магла быць распачатая пры згодзе Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету). Згодна з часткай 2 арт. 23 Закону аб Канстытуцыйным Судзе, недатыкальнасьць судзьдзі распаўсюджвалася на яго жытло і іншую законную ўласнасьць, службовае памяшканьне, транспарт, сродкі сувязі, карэспандэнцыю, рэчы й дакумэнты.
У сакавіку 1995 году ў Закон аб Канстытуцыйным Судзе былі ўнесеныя дапаўненьні, якія ўзмацнілі матэрыяльныя гарантыі дзейнасьці судзьдзяў[14]. Гэтак, было прадугледжана, што судзьдзя, які выйшаў у адстаўку, пры наяўнасьці пэўнага працоўнага стажу атрымліваў права на выплату штомесячнай пажыцьцёвай дапамогі. Службовыя аклады судзьдзяў былі на ўзроўні акладу віцэ-сьпікера парлямэнту, а Старшыні Канстытуцыйнага Суду — на ўзроўні сьпікера. У Законе была ўсталяваная норма, згодна зь якой зьніжэньне існуючага ўзроўню матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня дзейнасьці Канстытуцыйнага Суду магло адбывацца толькі са згоды Вярхоўнага Савету.
Аднак у варунках, калі матэрыяльна-тэхнічнае абслугоўваньне суду зьдзяйсьнялася «ў парадку, вызначаным прэзыдэнтам», было цяжка дамагчыся рэалізацыі гэтых палажэньняў Закону. Напрыклад, паводле пастановы Савету міністраў, прынятай у чэрвені 1994 году, за кожным судзьдзём быў замацаваны пэрсанальны аўтамабіль, кіроўца якога быў адначасова целаахоўнікам судзьдзі. Пасьля першай жа пастановы суду аб прызнаньні неканстытуцыйнасьці ўказу прэзыдэнта пэрсанальныя аўтамабілі і целаахоўнікаў «адмацавалі». Колькасьць аўтамабіляў, замацаваных за судом, зьмяншалася ў прапарцыйнай залежнасьці ад павелічэньня актаў прэзыдэнта, прызнаных судом неканстытуцыйнымі. Пад лістапад 1996 году аўтамабілем мог карыстацца толькі старшыня суду.
Кампэтэнцыя Канстытуцыйнага Суду
Артыкул 132 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвяшчаў: «Кампэтэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасьці Канстытуцыйнага Суду вызначаюцца законам». Такім чынам, пералік паўнамоцтваў суду, замацаваны ў Канстытуцыі, ня быў вычарпальным. Некаторыя зь іх былі зафіксаваныя ў Законе аб Канстытуцыйным Судзе. Агулам характарызуючы кампэтэнцыю беларускага суду, можна сказаць, што яна была значна больш вузкаю ў параўнаньні з судамі бальшыні эўрапейскіх краінаў. Суд ня быў правамоцны ацэньваць канстытуцыйнасьці палітычных партыяў, тлумачыць Канстытуцыю, разглядаць канстытуцыйныя скаргі грамадзянаў.
Асноўным заданьнем Канстытуцыйнага Суду, у адпаведнасьці з арт. 125 Канстытуцыі, было зьдзяйсьненьне кантролю за канстытуцыйнасьцю нарматыўных актаў у дзяржаве. Паводле арт. 127 Асноўнага Закону, Канстытуцыйны Суд ажыцьцяўляў кантроль за канстытуцыйнасьцю: а) законаў; б) міжнародных дамоваў і іншых абавязкаў Рэспублікі Беларусі; в) прававых актаў міждзяржаўных утварэньняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь (перш за ўсё меліся наўвеце акты, прынятыя ў рамках Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў); г) указаў прэзыдэнта; д) пастановаў кабінэту міністраў; е) актаў Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў і Генэральнага пракурора, што маюць нарматыўны характар.
Акты, пералічаныя ў пунктах «а)» і «б)», маглі правярацца ня толькі на адпаведнасьць Канстытуцыі, але і міжнародным прававым актам, ратыфікаваным Беларусяй, а пералічаныя ў пунктах «в)», «г)», «д)» — таксама й на адпаведнасьць законам.
Канстытуцыя замацоўвала пералік суб’ектаў, якія мелі права ініцыяваць разгляд справы ў Канстытуцыйным Судзе. Гэта: 1) прэзыдэнт; 2) Старшыня Вярхоўнага Савету; 3) сталыя камісіі Вярхоўнага Савету; 4) група дэпутатаў Вярхоўнага Савету, лікам ня меншая за 70 чалавек (пры агульнай колькасьці дэпутатаў парлямэнту ў 260 чалавек); 5) Вярхоўны Суд; 6) Вышэйшы гаспадарчы суд; 7) Генэральны пракурор. Іншыя дзяржаўныя органы, грамадзкія аб’яднаньні, а таксама грамадзяне маглі зьвяртацца з прапановамі ініцыяваць праверку канстытуцыйнасьці пэўнага акту толькі да вышэйпералічаных суб’ектаў.
У Канстытуцыі мелася адмысловая норма (арт. 112), якая надавала права любому суду зьвяртацца ў Канстытуцыйны Суд, калі пры разглядзе пэўнай справы суд прыходзіў да высновы, што нарматыўны акт не адпавядае Канстытуцыі. У такім выпадку суд павінен быў прыняць пастанову ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і паставіць «ува ўстаноўленым парадку пытаньне аб прызнаньні дадзенага нарматыўнага акту неканстытуцыйным». Падрабязна «прыняты парадак» рэгуляваўся Законам аб судовым ладзе і статусе судзьдзяў Рэспублікі Беларусі. Згодна з гэтым Законам, старшыні раённых, гарадзкіх, абласных, а таксама міжгарнізонных вайсковых судоў і Старшыня Беларускага вайсковага суду маюць права хадайнічаць перад Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусі аб унясеньні прапановаў у Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнысьці нарматыўных актаў[15]. Дасюль у практыцы яшчэ не было выпадкаў такіх хадайніцтваў.
За першыя два з паловай гады дзейнасьці Канстытуцыйнага Суду найбольш часта да яго зьвярталіся Старшыня Вярхоўнага Савету, сталыя камісіі парлямэнту і групы дэпутатаў парлямэнту лікам ня менш за 70 чалавек. Агулам за пэрыяд з 1994 году да лістапада 1996 году ў пытаньні канстытуцыйнасьці былі разгледжаныя 46 нарматыўных актаў, зь якіх не адпаведнымі Канстытуцыі цалкам альбо часткова былі прызнаныя 13 законаў, 4 пастановы Вярхоўнага Савету, 17 указаў прэзыдэнта, 3 пастановы ўраду, адна пастанова Пленуму Вярхоўнага суду, адна пастанова выканаўчага камітэту Менскага гарадзкога Савету.
Асаблівасьцю прававога статусу Канстытуцыйнага Суду, у адрозьненьне ад судоў іншых эўрапейскіх краінаў, было права суду на сваю ініцыятыву разглядаць пытаньне аб адпаведнасьці нарматыўных актаў любога дзяржаўнага органа, грамадзкага аб’яднаньня Канстытуцыі, законам, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусяй. Варта адзначыць, што Канстытуцыйны Суд, асабліва на пачатку сваёй дзейнасьці, досыць часта карыстаўся правам пачынаць справы з уласнай ініцыятывы, што сталася нагодай упікаць суд у «юрыдычным актывізьме» і, безумоўна, было адной з прычынаў, што падштурхнула А. Лукашэнку ініцыяваць канстытуцыйную рэформу ўвосень 1996 году.
Замежныя адмыслоўцы, якія рэцэнзавалі праект Закону аб Канстытуцыйным Судзе, выказвалі заклапочанасьць у сувязі з тым, што існаваньне такога права дае падставу сумненьням у нэўтральнасьці і палітычнай бесстароннасьці суду. А. Блянкенагель, прыкладам, паказваў, што наяўнасьць уласнай ініцыятывы правакуе суд на судова-прававую актыўнасьць і пазбаўляе яго магчымасьці выконваць свае першапачатковыя функцыі і не дае баком ставіцца да гэтай інстанцыі як да суду.
Тым ня менш, заканадаўца не прыслухаўся да гэтых заўвагаў і надаў суду на канстытуцыйным узроўні права распачынаць справы з уласнае ініцыятывы. На гэтае рашэньне паўплывалі як мінімум тры акалічнасьці. Па-першае, быў улічаны досьвед працы Камітэту Канстытуцыйнага нагляду СССР, які меў такое права. Па-другое, меркавалася, што суд будзе асьцярожна выкарыстоўваць гэтае права, разглядаючы толькі акты, якія абмяжоўвалі канстытуцыйныя правы й свабоды грамадзянаў. Па-трэцяе, орган канстытуцыйнага кантролю быў новаю зьявай у палітычнай і прававой сыстэмах дзяржавы. Некаторыя дэпутаты лічылі, што наданьне суду такога права заахвоціць да актыўнасьці іншых суб’ектаў, што могуць ініцыяваць звароты і «заняць» суд дастатковай колькасьцю працы. Меркавалася, што Канстытуцыйны Суд будзе распачынаць справы з свае ініцыятывы адно на першым этапе сваёй дзейнасьці.
Іншым паўнамоцтвам суду, пра якое ня згадвалася ў Канстытуцыі, але якое прадугледжвалася артыкуламі 36 і 44 Закону аб Канстытуцыйным Судзе, было складаньне прэзыдэнту і Вярхоўнаму Савету штогадовага пасланьня пра стан канстытуцыйнай законнасьці ў краіне. Праект гэтага дакумэнту рыхтаваўся Сакратарыятам Канстытуцыйнага Суду, затым накіроўваўся судзьдзям і чальцам Навукова-Кансультацыйнай Рады для вывучэньня. Дапрацаваны тэкст пасланьня з улікам заўвагаў і прапановаў абмяркоўваўся на паседжаньні суду, зацьвярджаўся ягонай пастановай і падпісваўся Старшынём Канстытуцыйнага Суду.
Першы такі дакумэнт быў прыняты 27 студзеня 1995 году. У ім ацэньвалася захаванасьць канстытуцыйных нормаў у дзейнасьці дзяржаўных органаў на прыкладзе пастановаў Канстытуцыйнага Суду, а таксама выказваліся прапановы для ўдасканаленьня дзейнага заканадаўства. Фактычна, у першым пасланьні быў закладзены стандарт наступных дакумэнтаў такога тыпу.
Асабліва шырокі грамадзкі і палітычны рэзананс набыло Пасланьне Канстытуцыйнага Суду прэзыдэнту й Вярхоўнаму Савету ад 9 лютага 1996 г. У ім стан канстытуцыйнай законнасьці ў краіне быў прызнаны нездавальняючым. Суд прызнаў, што ў выніку неправамернага ўзмацненьня выканаўчай улады прыніжаюцца роля і значэньне іншых галінаў улады, што ў шэрагу выпадкаў законы падмяняюцца падзаконнымі актамі, што супярэчаць законам[16]. Пасланьне абмяркоўвалася ў парлямэнце, і ў выніку была прынятая адмысловая пастанова Вярхоўнага Савету[17].
Канстытуцыя і Закон аб Канстытуцыйным Судзе не надалі суду права заканадаўчай ініцыятывы, то бок права ўносіць у парлямэнт праекты законаў. Разам з тым, артыкул 130 Асноўнага Закону даў суду права падаваць прапановы ў Вярхоўны Савет аб неабходнасьці зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі, а таксама аб прыняцьці і зьменах законаў. Такія прапановы належала абавязкова разглядаць. Гэта права суд выкарыстаў пры падрыхтоўцы штогадовых пасланьняў аб стане канстытуцыйнай законнасьці. Напрыклад, у Пасланьні Канстытуцыйнага Суду ад 9 лютага 1996 году было прапанавана стварыць у Рэспубліцы Беларусі пасаду ўпаўнаважанага ў правах чалавека, унесьці зьмены ў Канстытуцыю, надаўшы суду права афіцыйна тлумачыць Канстытуцыю, усталяваць адказнасьць за невыкананьне пастановаў Канстытуцыйнага Суду (апошняя прапанова была рэалізаваная парлямэнтам у чэрвені 1996 г.)[18].
Канстытуцыйны Суд быў складнікам мэханізму вырашэньня пытаньня аб адказнасьці Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. Згодна з артыкулам 104 Канстытуцыі, прэзыдэнт мог быць адхілены ад пасады ў выпадку парушэньня Канстытуцыі або пры зьдзяйсьненьні злачынства. Пытаньне аб адхіленьні прэзыдэнта магло быць пастаўленае на прапанову ня менш як 70 дэпутатаў парлямэнту. Заключэньне аб парушэньні прэзыдэнтам Канстытуцыі мусіў даваць Канстытуцыйны Суд. З моманту вынясеньня такога заключэньня прэзыдэнт ня мог выконваць сваіх абавязкаў да прыняцьця Вярхоўным Саветам адпаведнай пастановы.
Аналіз некаторых пастановаў Канстытуцыйнага Суду першага складу
Канстытуцыйны Суд разгледзеў шэраг справаў па абароне правоў і свабодаў грамадзянаў, замацаваных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусі. У першую чаргу суд зьвяртаў увагу на прававую абарону грамадзянаў у галіне працоўных, грамадзянскіх, адміністрацыйных стасункаў.
Гэтак, насуперак патрабаваньню артыкула 5 Закону «Аб парадку ўступленьня ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі», што прадугледжвала дзеяньне законаў і іншых нарматыўных актаў (да таго, як яны будуць прыведзеныя ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй) толькі ў той частцы, у якой яны не пярэчаць Канстытуцыі, на практыцы прымяняліся нормы працоўнага заканадаўства, што не адпавядалі Канстытуцыі.
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд сваім заключэньнем ад 23 верасьня 1994 году прызнаў неканстытуцыйнымі і ня маючымі сілы яўна дыскрымінацыйныя нормы, апісаныя ў артыкуле 181 і пункце 11 артыкула 33 Кодэксу законаў аб працы, што прадугледжвалі права наймальніка звальняць работнікаў пры дасягненьні імі пэнсійнага ўзросту.
Канстытуцыйны Суд распачаў разгляд канстытуцыйнасьці нормаў працоўнага заканадаўства з прычыны неабгрунтаванага абмежаваньня пэўнымі тэрмінамі аплаты вымушанага прагулу, а таксама задавальненьня іншых грашовых патрабаваньняў. Вярхоўны Савет, разгледзеўшы гэтае пытаньне, палічыў неабходным скасаваць у Кодэксе законаў аб працы нормы, што абмяжоўвалі тэрмін аплаты вымушанага прагулу, а таксама выплаты работніку належных сумаў пры задавальненьні іншых грашовых патрабаваньняў.
Вывучыўшы пытаньне аб рэалізацыі права грамадзянаў на прафэсійна-тэхнічную адукацыю, Канстытуцыйны Суд выявіў, што выканаўчы камітэт Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў, прыняўшы 19 траўня 1994 году пастанову «Аб парадку прыёму ў прафэсійна-тэхнічныя вучэльні выпускнікоў агульнаадукацыйных школаў г. Менску і найбліжэйшых населеных пунктаў», абмежаваў магчымасьць атрыманьня прафэсійна-тэхнічнай адукацыі ў Менску выпускнікоў школаў іншых рэгіёнаў краіны. Суд зрабіў выснову, што гэтая пастанова не адпавядае артыкулу 49 Канстытуцыі, артыкулу 19 Закону «Аб правах дзіцяці», якія гарантуюць грамадзянам права на даступнасьць прафэсійна-тэхнічнай адукацыі і выбар навучальнай установы. Пастанова было прызнаная неканстытуцыйнай і ня маючай юрыдычнае сілы ў частцы абмежаваньня правоў грамадзянаў на атрыманьне прафэсійна-тэхнічнай адукацыі ў навучальных установах Менску[19].
У справе «Аб адпаведнасьці Канстытуцыі артыкула 88 Закону Рэспублікі Беларусі «Аб пэнсійным забесьпячэньні» і артыкула 56 Закону Рэспублікі Беларусі «Аб пэнсійным забесьпячэньні вайскоўцаў, асобаў камандуючага і шараговага складу органаў унутраных справаў» суд, прызнаўшы гэтыя артыкулы неканстытуцыйнымі ў частцы прыпыненьня выплаты працоўнай пэнсіі на тэрмін пазбаўленьня пэнсіянэра волі, адначасова прапанаваў Вярхоўнаму Савету і органам выканаўчай улады прывесьці законы і іншыя нарматыўныя акты ў адпаведнасьць з Заключэньнем Канстытуцыйнага Суду ад 28 траўня 1996 г.
Артыкул 22 Канстытуцыі гарантаваў роўнасьць усіх перад законам і права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Захаваньне гэтай канстытуцыйнай нормы не магло быць забясьпечана ў варунках, калі адміністрацыйную адказнасьць, а таксама падвышаныя (у параўнаньні з ужо прынятым Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях) памеры караў (штрафаў) на свой водум прымалі абласныя, Менскі гарадзкі саветы дэпутатаў. 24 кастрычніка 1994 г. Канстытуцыйны Суд прызнаў артыкул 5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях у частцы надаваньня права мясцовым саветам прымаць пастановы аб узмацненьні і ўсталяваньні адміністрацыйнай адказнасьці неадпаведным Канстытуцыі.
Разглядаючы справу аб адпаведнасьці Канстытуцыі пастановаў Савету міністраў Рэспублікі Беларусі ад 6 красавіка 1992 г. № 186 «Аб дзяржаўных каштоўных паперах былога Саюзу ССР» і ад 5 сакавіка 1993 г. № 125 «Аб выкупе аблігацыяў мэтавай беспрацэнтнай пазыкі 1990 году на набыцьцё тавараў працяглага карыстаньня», суд прызнаў, што дзяржава беспадстаўна адмовілася выконваць узятыя на сябе абавязкі што да грамадзянаў-уласьнікаў аблігацыяў азначанай пазыкі, не згадзіўшыся на прапанаваныя ўмовы іх пагашэньня. Тым самым былі парушаныя ня толькі патрабаваньні асноўных нормаў грамадзянскага заканадаўства, але й канстытуцыйны прынцып узаемнай адказнасьці дзяржавы й грамадзяніна.
Канстытуцыйны Суд выказаўся ў абарону грамадзянскіх і палітычных правоў і свабодаў грамадзянаў у справе канстытуцыйнасьці Ўказу Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ад 21 жніўня 1995 г. № 336 «Аб некаторых захадах для забесьпячэньня стабільнасьці і правапарадку ў Рэспубліцы Беларусі».
Гэтым указам была прыпыненая дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Менскага мэтрапалітэну прафсаюзу чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Рэспублікі Беларусі; пракуратуры было загадана ўнесьці ў суды пастановы для забароны дзейнасьці гэтых прафсаюзных арганізацыяў; прадугледжвалася, што ўдзел палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і прафсаюзаў у страйках на прадпрыемствах, улучаных у Пералік, зацьверджаны пастановаю кабінэту міністраў ад 28 сакавіка 1995 г. № 158, цягне за сабой спыненьне іх дзейнасьці. Апрача таго, указ прыпыняў дзеяньне нормаў законаў у пляне недатыкальнасьці дэпутатаў Вярхоўнага Савету і мясцовых саветаў дэпутатаў.
Суд прызнаў, што гэтыя дзеяньні Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі супярэчаць Канстытуцыі, законам Рэспублікі Беларусі, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы «Аб свабодзе асацыяцыяў і абароне права на арганізацыю», ратыфікаваным Рэспублікай Беларусяй.
На ініцыятыву дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі, што паставілі пытаньне аб недапушчальнасьці манапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі, суд праверыў тры ўказы прэзыдэнта (ад 4 жніўня 1994 г. № 19, ад 5 жніўня 1994 г. № 27, ад 28 верасьня 1994 г. № 128), датычных дзейнасьці выдавецтва «Беларускі дом друку», якое займала дамінуючае становішча на рынку газэтнай прадукцыі. Злоўжываньне гэтым становішчам з боку асобных службовых асобаў дзяржаўных органаў кіраваньня прывяло да таго, што ў сьнежні 1994 г. некаторыя газэты выйшлі зь белымі плямамі. Гэтым было парушанае канстытуцыйнае права грамадзянаў на атрыманьне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі. Нэгатыўныя наступствы такога становішча мелі месца і ў 1995 г., калі ў сувязі з парушэньнем устаноўленага парадку выдавецтвам «Беларускі дом друку» былі скасаваныя дамовы з шэрагам недзяржаўных выданьняў, што змусіла іх шукаць паліграфічную базу вонках краіны.
Суд таксама прыйшоў да высновы, што Нацыянальная тэлерадыёкампанія была ня толькі сродкам масавай інфармацыі, займаючы дамінуючае становішча ў сфэры тэлерадыёвяшчаньня, але й мела функцыі цэнтральнага органа дзяржаўнага кіраваньня. Гэта прывяло фактычна да ўстанаўленьня яе манаполіі ў сфэры электронных сродкаў масавай інфармацыі.
На гэтай падставе суд прызнаў, што асобныя нормы Палажэньня аб Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, зацьверджанага Ўказам прэзыдэнта ад 28 верасьня 1994 г. № 128, пярэчаць Канстытуцыі, якая забараняе манапалізацыю сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадзкімі аб’яднаньнямі або асобнымі грамадзянамі.
У шэрагу сваіх пастановаў Канстытуцыйны Суд зьвярнуў увагу на неабходнасьць захаваньня канстытуцыйнага прынцыпу разьдзяленьня ўладаў, згодна зь якім заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлады самастойныя ў межах сваіх паўнамоцтваў, узаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адна адну.
Гэтак, разьмежаваньне паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету й прэзыдэнта, а таксама вызначэньне іх месца ў сыстэме органаў дзяржаўнай улады былі разгледжаныя судом пры праверцы канстытуцыйнасьці Законаў аб Вярхоўным Савеце і Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі. Суд прызнаў, што шэраг палажэньняў Законаў як аб Вярхоўным Савеце, так і аб прэзыдэнту не адпавядаюць Канстытуцыі, у той жа час была падкрэсьленая важнасьць дэталізацыі сфэры дзейнасьці найвышэйшых органаў дзяржаўнай улады і забесьпячэньня іх эфэктыўнага ўзаемадзеяньня, як гэтага патрабуе Канстытуцыя.
Суд канстатаваў, што прынцып разьдзяленьня ўладаў яшчэ не атрымаў належнага ўвасабленьня на практыцы. У выніку мелі месца факты неабгрунтаванага ўзмацненьня выканаўчай улады, прыніжэньня ролі і значэньня іншых галінаў улады.
У справе адпаведнасьці Канстытуцыі Закону ад 6 кастрычніка 1994 г. «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусі «Аб мясцовым самакіраваньні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусі» суд сваім заключэньнем прызнаў неканстытуцыйнымі нормы гэтага Закону, датычныя скасаваньня мясцовых саветаў першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню.
Разгледзеўшы справу аб адпаведнасьці Канстытуцыі артыкула 7 Закону «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусі», асобных артыкулаў Рэглямэнту Вярхоўнага Савету, суд прыйшоў да высновы, што Канстытуцыя не дапускае, як гэта трактавалася выканаўчай уладай, адсутнасьці найвышэйшага прадстаўнічага і адзінага заканадаўчага органа ўлады, якім ёсьць Вярхоўны Савет. На падставе Канстытуцыі і Закону «Аб парадку ўступленьня ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі» суд прызнаў, што Вярхоўны Савет 12 скліканьня мае права ажыцьцяўляць свае паўнамоцтвы аж да першага паседжаньня Вярхоўнага Савету трынаццатага скліканьня, абранага ў паўнамоцным складзе.
Указам прэзыдэнта ад 19 верасьня 1995 г. № 383 «Аб правядзеньні рэформы органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня» былі зьліквідаваныя ў гарадох раённыя саветы дэпутатаў і іх органы. На тэрыторыі гэтых раёнаў былі ўтвораныя мясцовыя адміністрацыі, абвешчаныя правапераемцамі выканаўчых камітэтаў раённых саветаў дэпутатаў. Гэтым жа ўказам у гарадох было прыпыненае правядзеньне выбараў у раённыя саветы народных дэпутатаў. Наступныя ўказы прэзыдэнта ад 27 лістапада 1995 г. № 481 і ад 30 лістапада 1995 г. № 485 зацьвярджалі прыкладную структуру мясцовай адміністрацыі і ўносілі зьмены і дапаўненьні ў Часовае палажэньне аб мясцовай адміністрацыі.
Разгледзеўшы гэтыя ўказы, суд пастанавіў, што ліквідацыя ў гарадох раённых саветаў дэпутатаў і іх органаў і стварэньне на тэрыторыі раёнаў у гарадох мясцовых адміністрацыяў, пярэчаць Канстытуцыі і Закону «Аб мясцовым кіраваньні й самакіраваньні», а прыпыненьне правядзеньня выбараў у раённыя саветы дэпутатаў пярэчаць Канстытуцыі і Закону аб выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў.
Можна безь перабольшаньня сказаць, што на пачатковым этапе дзейнасьці (красавік 1994 г. — лістапад 1996 г.) Канстытуцыйны Суд зрабіў значны ўнёсак у рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў і забесьпячэньне прынцыпаў вяршэнства закону і разьдзяленьня ўладаў. Упершыню ў айчыннай практыцы канстытуцыяналізму было прадэманстраванае імкненьне органа ўлады служыць Канстытуцыі і абараняць правы чалавека і грамадзяніна.
Справа аб імпічмэнце прэзыдэнта А. Лукашэнкі
Напярэдадні канстытуцыйнага рэфэрэндуму 24 лістапада 1996 г. 73 дэпутаты Вярхоўнага Савету зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд з ініцыятывай аб адхіленьні ад пасады прэзыдэнта А. Лукашэнкі. Фармальнай падставай ініцыятывы дэпутатаў сталі шматлікія факты выданьня А. Лукашэнкам указаў, што пярэчылі Канстытуцыі і парушалі асноўныя правы й свабоды грамадзянаў. Такіх актаў, прызнаных устаноўленым парадкам неканстытуцыйнымі, налічвалася 18.
Рэальнай жа прычынай для пачатку працэдуры імпічмэнту стаў зацяты канфлікт паміж А. Лукашэнкам і парлямэнтам. Вытокі гэтага канфлікту, на наш погляд, трэба шукаць у нястрымным імкненьні А. Лукашэнкі сканцэнтраваць у сваіх руках усю дзяржаўную ўладу і пазбавіць іншыя органы ўлады права кантраляваць ягоную дзейнасьць. Улетку 1996 году А. Лукашэнка абвесьціў намер правесьці нацыянальны рэфэрэндум і ўнесьці істотныя зьмены й дапаўненьні ў Канстытуцыю 1994 году. Народу Беларусі прапаноўвалася, па сутнасьці, новая канстытуцыя. Асноўныя праўкі датычылі пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў асноўных органаў улады. Прычым большая частка паўнамоцтваў даставалася прэзыдэнту. У той жа час Вярхоўны Савет як найвышэйшы прадстаўнічы орган улады мусіў быць датэрмінова распушчаны, а замест яго меў зьявіцца дзьвюхпалатны парлямэнт накшталт Нацыянальнага сходу Францыі. Канстытуцыйны суд таксама належала рэфармаваць, зьмяніўшы парадак яго фармаваньня і звузіўшы кампэтэнцыю. У выніку і парлямэнт, і Канстытуцыйны Суд лучалі ў поўную залежнасьць ад прэзыдэнта, чые паўнамоцтвы, у сувязі з прыняцьцём новай канстытуцыі, працягваліся на два гады.
Пад выглядам правядзеньня рэфэрэндуму А. Лукашэнка й ягоная каманда рыхтавалі дзяржаўны пераварот з мэтай умацаваньня асабістай улады прэзыдэнта. Дэмакратычна настроеныя дэпутаты Вярхоўнага Савету ўсяляк чынілі перашкоды гэтым памкненьням А. Лукашэнкі. На прапанову Старшыні Вярхоўнага Савету С. Шарэцкага й з уласнай ініцыятывы Канстытуцыйны Суд разгледзеў з пункту погляду адпаведнасьці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусі пастанову Вярхоўнага Савету ад 6 верасьня 1996 году «Аб правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму ў Рэспубліцы Беларусі і захадах для яго забесьпячэньня» і пастанавіў, што пытаньне аб зьменах і дапаўненьнях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі ня можа выносіцца на абавязковы рэфэрэндум. Паводле пастановы суду, вынікі галасаваньня ў гэтым пытаньні маглі мець адно рэкамэндацыйны (кансультацыйны) характар[20].
На падставе рашэньня Канстытуцыйнага Суду ад 4 лістапада 1996 году Вярхоўны Савет унёс зьмены ў сваю пастанову ад 6 верасьня 1996 году і прызнаў, што на абавязковы рэфэрэндум выносяцца толькі пытаньні пра перанос Дня незалежнасьці Рэспублікі Беларусі (Дня Рэспублікі) і пра выбарнасьць кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.
А. Лукашэнка, ня згодны з заключэньнем Канстытуцыйнага Суду ад 4 лістапада 1996 г. і пастановаю Вярхоўнага Савету ад 6 лістапада 1996, выдаў два ўказы, датычныя будучага рэфэрэндуму. Указ ад 5 лістапада 1996 г. № 455, парушаючы Канстытуцыю і Закон «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) ў Рэспубліцы Беларусі», вызначаў парадак уступленьня ў сілу рашэньняў рэспубліканскіх рэфэрэндумаў аб зьменах і дапаўненьнях Канстытуцыі[21]. Указ ад 7 лістапада 1996 г. № 459 сьцьвярджаў, што заключэньне Канстытуцыйнага Суду ад 4 лістапада 1996 г. ня дзейснае, бо істотна разыходзіцца з Канстытуцыяй і абмяжоўвае канстытуцыйнае права грамадзянаў на ўдзел у рэфэрэндуме (народным галасаваньні)[22]. Больш за тое, указ зьмяшчаў пагрозу на адрас тых дзяржаўных органаў, якія будуць замінаць правядзеньню рэспубліканскага рэфэрэндуму. Дзейнасьць такіх дзяржаўных органаў, паводле ўказу прэзыдэнта, мусіла быць спыненая, а вінаватыя асобы прыцягваліся да адказнасьці. У істоце гэта было ўвядзеньне простага прэзыдэнцкага кіраваньня з усімі наступнымі вынікамі.
За два тыдні да рэфэрэндуму, з 9 лістапада 1996 году, пачалося датэрміновае галасаваньне, хаця тэксты зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі не былі яшчэ апублікаваныя. Толькі 12 лістапада чатырохмільённым накладам выйшаў з друку прэзыдэнцкі праект Канстытуцыі. А вось альтэрнатыўны праект, вынесены на рэфэрэндум дэпутатамі Вярхоўнага Савету, невялічкім накладам быў апублікаваны толькі 21 лістапада, і грамадзяне практычна ня мелі магчымасьці зь ім азнаёміцца.
Увесь гэты час грамадзтва апрацоўвалася дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі. Грамадзянам дзясяткі разоў на дзень па радыё й тэлебачаньні прапаноўвалася падтрымаць пытаньні, вынесеныя прэзыдэнтам. Надзвычайную актыўнасьць падчас падрыхтоўкі да рэфэрэндуму разгарнулі падпарадкаваныя прэзыдэнту органы выканаўчай улады. Кіраўнікі прадпрыемстваў, установаў, арганізацыяў, калгасаў, саўгасаў, камандзіры вайсковых частак атрымалі канкрэтныя ўказаньні забясьпечыць перамогу прэзыдэнцкага праекту Канстытуцыі. Ува ўсіх рэгіёнах былі створаныя штабы для правядзеньня рэфэрэндуму, якія ахапілі сваім уплывам і кантролем амаль усё дарослае насельніцтва краіны.
Пад рознымі падставамі грамадзянаў схілялі да датэрміновага галасаваньня (хаця гэта й было парушэньнем Закону аб рэфэрэндуме). Праводзілася нечуваная дагэтуль агітацыйная праца на карысьць пытаньняў, прапанаваных прэзыдэнтам. Сам А. Лукашэнка з прапагандысцкімі мэтамі наведаў шэраг гарадоў, буйных прадпрыемстваў, выступаў на шматлюдных грамадзкіх форумах.
У такіх варунках 19 лістапада 1996 году Канстытуцыйны Суд распачаў справу «Аб парушэньні Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі А. Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі». Аднак справа не разглядалася па сутнасьці. На судзьдзяў рабіўся беспрэцэдэнтны ўціск з боку Адміністрацыі прэзыдэнта. Старшыню суду В. Ціхіню двойчы выклікалі на канфідэнцыйныя гутаркі з А. Лукашэнкам. Пасьля гэтых сустрэчаў В. Ціхіня неаднойчы схіляў судзьдзяў спыніць справу.
Усеахопны ўціск рабіўся таксама на дэпутатаў, якія падпісалі зварот у Канстытуцыйны Суд. У выніку незаконных дзеяньняў уладаў (запалохваньні, шантаж, пагрозы і да т.п.) да дня разгляду справы 12 дэпутатаў адклікалі свае подпісы пад зваротам.
Яшчэ адна цікавая дэталь. Напярэдадні разгляду справы аб адхіленьні прэзыдэнта А. Лукашэнкі ад пасады ў Менск прыбыла група расійскіх высокіх асобаў (Віктар Чарнамырдзін, Генадзь Селязьнёў, Ягор Строеў). Пад іхным патранажам уночы з 21 на 22 лістапада было падпісанае «траістае» «Пагадненьне аб грамадзка-палітычнай сытуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусі»*. Яго падпісалі прэзыдэнт А. Лукашэнка, які абавязаўся скасаваць свае ўказы аб абавязковым рэфэрэндуме ў пытаньнях зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі; Старшыня Вярхоўнага Савету С. Шарэцкі, які меўся забясьпечыць адкліканьне з Канстытуцыйнага Суду дэпутацкага звароту; Старшыня Канстытуцыйнага Суду В. Ціхіня, які мусіў спыніць справу аб парушэньні прэзыдэнтам А. Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі.
Падпісаньне гэтага Пагадненьня не дазволіла Канстытуцыйнаму Суду пачаць 22 лістапада 1996 году разгляд справы, нягледзячы на тое, што сабраліся ўсе ўдзельнікі судовага паседжаньня. Старшыня суду В. Ціхіня ня даў пачаць працэсу і адклаў разгляд да атрыманьня ліста С. Шарэцкага аб адкліканьні подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Аднак бальшыня дэпутатаў адмовілася адклікаць свае подпісы.
Выніковае паседжаньне суду было прызначанае на 26 лістапада 1996 г. Але ранкам гэтага дня Цэнтальная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў абвясьціла «пераможныя» вынікі рэфэрэндуму і ўступленьне ў сілу новай рэдакцыі Канстытуцыі. Вярхоўны Савет 13 скліканьня на ініцыятыву Адміністрацыі прэзыдэнта быў распушчаны. У такіх умовах Канстытуцыйны Суд спыніў справу аб парушэньні прэзыдэнтам А. Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі. Фармальнай падставай для гэтага паслужыла тое, што дэпутаты Вярхоўнага Савету адклікалі свае подпісы пад зваротам у Канстытуцыйны Суд[23].
Зьмены прававога статусу Канстытуцыйнага Суду паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі
Новая рэдакцыя Асноўнага Закону, а таксама прынятая на яе аснове новая вэрсія Закону аб Канстытуцыйным Судзе кардынальна зьмяніла статус суду і яго чальцоў.
З Канстытуцыі зьнік асобны разьдзел, прысьвечаны прававому статусу Канстытуцыйнага Суду. Замест ранейшых васьмёх артыкулаў у новую рэдакцыю Асноўнага Закону ўвайшоў толькі адзін артыкул, зьмешчаны ў самым канцы разьдзелу «Суд».
Калі дагэтуль увесь склад суду абіраўся парлямэнтам, дык цяперака, згодна з часткай 3 артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, шэсьць судзьдзяў прызначаюцца прэзыдэнтам, а шэсьць — абіраюцца вярхняй палатай парлямэнту — Саветам Рэспублікі.
Цікава, што, нягледзячы на ўказаньне Канстытуцыі выбіраць шэсьць судзьдзяў, насамрэч ніякіх выбараў не праводзілася, альтэрнатыўныя кандыдатуры парлямэнту не прапаноўваліся і на паседжаньні, на якім зацьвярджалі судзьдзяў, не абмяркоўваліся. І яшчэ: у Рэглямэнце Савету Рэспублікі, які афіцыйна не публікаваўся, ёсьць палажэньне, згодна зь якім усе кандыдатуры на пасаду судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду могуць уносіцца на разгляд верхняй палаты толькі на прапанову Старшыні Канстытуцыйнага Суду. Іначай кажучы, магчымасьць прызначэньня непажаданых з той ці іншай прычыны для прэзыдэнта судзьдзяў цалкам выключаная.
У новай рэдакцыі Канстытуцыі і — адпаведна — у новай рэдакцыі Закону аб Канстытуцыйным Судзе зьмяніліся патрабаваньні да прэтэндэнтаў на пасаду судзьдзі. Гранічны ўзрост чальцоў суду павышаны да 70 год. Цяпер прэтэндэнты павінны, «як правіла», мець навуковую ступень у галіне юрыспрудэнцыі. Што праўда, у Канстытуцыі нічога не гаворыцца пра тое, хто вырашае, магчыма ці не магчыма вылучаць на пасаду судзьдзі асобу, якая ня мае такой ступені.
У новай рэдакцыі Канстытуцыі і Закону аб Канстытуцыйным Судзе зьніжаныя гарантыі незалежнасьці судзьдзяў. Цяпер паўнамоцтвы судзьдзі могуць прыпыняцца, ён можа быць арыштаваны або прыцягнуты да адказнасьці «са згоды прэзыдэнта». Акрамя таго, прэзыдэнт можа ў любы час адхіліць старшыню суду і любога судзьдзю (у тым ліку і прызначанага ня ім на пасаду) у выпадках, прадугледжаных арт. 18 Закону аб Канстытуцыйным Судзе.
Зьніжаныя і матэрыяльныя гарантыі незалежнасьці судзьдзяў. Цяпер яны ў матэрыяльным забесьпячэньні прыраўноўваюцца да судзьдзяў агульных судоў.
29 студзеня 1997 году парлямэнт прыняў дапаўненьне да Закону аб Канстытуцыйным Судзе, згодна зь якім «судзьдзя ў часе зьдзяйсьненьня сваіх паўнамоцтваў у Канстытуцыйным Судзе прыводзіцца да прысягі аднаго разу». Аднак, нягледзячы на гэта, 4 сакавіка 1997 г. новы склад судзьдзяў, у тым ліку й чацьвёра судзьдзяў першага складу, былі прыведзеныя да прысягі на вернасьць новай рэдакцыі Канстытуцыі асабіста А. Лукашэнкам.
Істотныя зьмены адбыліся ў пераліку суб’ектаў, надзеленых правам ініцыяваць судовыя справы ў Канстытуцыйным Судзе. Зь іх былі выключаныя тыя суб’екты, якія раней праявілі найбольшую актыўнасьць у падачы заяваў. Згодна з новымі варункамі, Канстытуцыйны Суд ня можа распачынаць справы з уласнай ініцыятывы. Цяпер права зьвяртацца ў суд маюць прэзыдэнт, абедзьве палаты парлямэнту, Вярхоўны і Вышэйшы гаспадарчыя суды (прызначаныя прэзыдэнтам) і Савет міністраў Рэспублікі Беларусі (прэм’ер-міністар прызначаецца на пасаду прэзыдэнтам з наступным зацьверджаньнем верхняй палатай парлямэнту, астатнія чальцы ўраду прызначаюцца прэзыдэнтам).
З новай рэдакцыі Канстытуцыі зьнікла права Канстытуцыйнага Суду даваць заключэньне пра парушэньне Канстытуцыі прэзыдэнтам. Замест гэтага зьявілася норма аб неабходнасьці на прапанову прэзыдэнта даваць заключэньне пра наяўнасьць фактаў сыстэматычнага або грубага парушэньня Канстытуцыі палатамі парлямэнту.
З Асноўнага Закону зьнікла згадка пра тое, што пастановы Канстытуцыйнага Суду канчатковыя і не падлягаюць абскарджаньню і апратэставаньню, а таксама норма аб тым, што простае або ўскоснае ўзьдзеяньне на Канстытуцыйны Суд ці яго чальцоў, зьвязанае зь дзейнасьцю для ажыцьцяўленьня канстытуцыйнага кантролю, недапушчальнае і цягне за сабой адказнасьць згодна з законам.
Такім чынам, зьмены, унесеныя ў заканадаўства і датычныя інстытуту канстытуцыйнага кантролю пасьля правядзеньня рэфэрэндуму 1996 г., ня маюць прагрэсіўнага характару, звужаюць гарантыі незалежнасьці судзьдзяў, ставяць Канстытуцыйны Суд і яго чальцоў у жорсткую залежнасьць ад волі аднога чалавека.
У выніку Канстытуцыйны Суд з актыўнага і самастойнага органа канстытуцыйнага кантролю ператварыўся ў залежную ад прэзыдэнта і яго структураў (Адміністрацыі, упраўленьня справаў, службы бясьпекі) юрыдычную ўстанову, пазбаўленую ўсялякае ініцыятывы і ўласнае пазыцыі. Гэтае перараджэньне добра відаць на прыкладзе справаў, якія разгледзеў новы склад суду.
За больш як чатырохгадовы тэрмін дзейнасьці Канстытуцыйнага Суду ў новым складзе ім былі разгледжаныя ў 1997 годзе — 13 справаў, у 1998 — 11, у 1999 — 17, у 2000 — 28. Аднак ніводзін акт прэзыдэнта ня быў прызнаны супярэчным Канстытуцыі, нягледзячы на тое, што шмат якія дэкрэты і ўказы прэзыдэнта, на думку выбітных беларускіх навукоўцаў, маюць яўна антыканстытуцыйны характар і пярэчаць ужо новай рэдакцыі Асноўнага Закону. Прыкладам, згодна з сумнавядомым дэкрэтам прэзыдэнта № 4023, ён мае права прымаць пастанову аб канфіскацыі маёмасьці, што належыць на правах уласнасьці як юрыдычным, так і фізычным асобам, нягледзячы на канстытуцыйную норму, што прымусовае адчужэньне маёмасьці ажыцьцяўляецца толькі паводле пастановы суду.
Пра «незалежнасьць» судзьдзяў яскрава сьведчыць Указ прэзыдэнта № 32 ад 18.01.1999 г., адпаведна зь якім прэзыдэнт... прыцягвае да дысцыплінарнай адказнасьці Старшыню Канстытуцыйнага Суду і яго намесьніка, калі яны «нясвоечасова прайшлі штогадовы мэдычны агляд у лячэльных установах упраўленьня справаў прэзыдэнта»[24].
Парушэньнем Канстытуцыі і Закону аб Канстытуцыйным Судзе, якія не прадугледжваюць інстытуту папярэдняга кантролю, зьяўляецца тое, што судзьдзі Канстытуцыйнага Суду, паводле словаў самога А. Лукашэнкі, ажыцьцяўляюць папярэднюю экспэртызу законапраектаў, а таксама бяруць удзел у іх распрацоўцы.
Не дазваляюць казаць пра значэннасьць Канстытуцыйнага Суду ў справе абароны правоў грамадзянаў і ягоныя пасланьні пра стан канстытуцыйнай законнасьці ў Рэспубліцы Беларусь. Яны больш нагадваюць справаздачы аб зробленай працы зь яўным імкненьнем прыхарашыць стан справаў у сфэры захаваньня канстытуцыйных нормаў. У пасланьнях апісваюцца ўсе разгледжаныя справы, аналізуецца зьмест лістоў, што паступілі на адрас Канстытуцыйнага Суду, пералічаюцца канфэрэнцыі, у якіх удзельнічалі судзьдзі Канстытуцыйнага Суду. Але разам з тым у іх няма галоўнага — прынцыповасьці ў ацэнцы стану з захаваньнем законнасьці і правоў чалавека.
Высновы
У выніку палітычнай і прававой трансфармацыі статус Канстытуцыйнага Суду ў сыстэме органаў дзяржаўнай улады рэзка зьнізіўся. Ён хутчэй выконвае ролю дэкарацыі, чымся рэальна дзейснага органа канстытуцыйнага кантролю. Ягонай «доляй» сталі справы, зьвязаныя з праверкай канстытуцыйнасьці асобных палажэньняў законаў, пастановаў ураду і ведамасных нарматыўных актаў. Заключэньні суду ў гэтых справах практычна не ўплываюць на сытуацыю з законнасьцю і правамі чалавека ў краіне.
Паказальна, што нягледзячы на яўныя парушэньні ўжо новай Канстытуцыі, якія ўтрымліваюцца ў актах прэзыдэнта, ніводзін зь іх ня быў скасаваны за час працы новага складу Канстытуцыйнага Суду. Больш за тое, яны нават не былі прадметам разгляду ў судзе.
Улічваючы цяперашні статус суду, а таксама тую акалічнасьць, што ўсе найвышэйшыя органы дзяржавы сфармаваныя самім А. Лукашэнкам або пры ягоным беспасярэднім удзеле, можна сьцьвярджаць: Канстытуцыйны Суд фактычна стаў дэкарацыйным органам, які камуфлюе адсутнасьць рэальнага разьдзяленьня і балянсу ўладаў у дзяржаўным мэханізьме Рэспублікі Беларусі.
1 Закон Республики Беларусь о Конституционном суде Республики Беларусь // Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. 1994. № 15. С. 220.
2 Мехов С. Громко молчащий орган // Фемида. 25 апреля 1994.
3 Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. 1994. № 15. С. 220.
4 Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. 1996. № 18. С. 338.
5 См. например: Zwierzchowski E. Sadownictwo konstytucyjne w Europie Zachodniej.
6 Вашкевич А. Конституционный Суд Республики Беларусь: место и роль в системе государственных органов // Судебно-правовая реформа: концепция и пути ее реализации в Республике Беларусь. Мн., 1992. С. 181.
7 Статья 14 Закона о Конституционном Суде Республики Беларусь // Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. 1994. № 15. С. 220.
8 Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. 1994. № 17. С. 285.
9 Федута А. Валерий Тихиня как зеркало белорусской эволюции // Белорусская деловая газета. 17 октября 1996 года.
10 Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. 1995. № 18. С. 208.
11 Текущий архив Конституционного Суда Республики Беларусь за 1995 год.
12 Ст. 15 Закона о КС // Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь . 1994. № 15. С. 220.
13 Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь.1995. № 20. С. 237.
14 Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. 1995. № 11. С. 120.
15 Вестник Конституционного Суда Республики Беларусь. 1996. № 1. С. 13.
16 Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. 1996. № 7. С. 94.
17 Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. 1996. № 16. С. 224.
18 Больш падрабязна пра гэтую і іншыя справы, датычныя свабоды перамяшчэньня, гл.: Вашкевич А. Конституционный Суд...
19 Вестник Конституционного Суда Республики Беларусь. 1996. № 4. С. 32–37.
20 Собрание указов Президента и постановлений Правительства Республики Беларусь. 1996. № 31. С. 808.
21 Гэты ўказ ня быў апублікаваны ў афіцыйным выданьні. Ягоны тэкст гл.: Газета «Рэспубліка». 1996, 9 ноября.
22 Пастухов М. Импичмент не состоялся. А могло ли быть иначе? // Газета «Народная воля», 1997, 4 марта.
23 Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 1999. № 91. № 1/795.
24 НАЦИОНАЛЬНЫЙ РЕЕСТР ПРАВОВЫХ АКТОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ. 1999. № 7. № 1/41.