Прамаскоўскі рэжым

альбо як адбываецца разбурэньне беларусі

Пазьняк Зянон


Інфармацыйныя пустышкі

Расейская агентура і ейныя паліттэхнолягі ў Беларусі выкарыстоўваюць цэлы арсенал абдурваньня грамадзтва, пускаюць розныя інфармацыйныя вірусы, ствараюць міфалягемы, прыдумваюць розныя неіснуючыя гісторыі, разыгрываюць спэктаклі.

Стандартна, калі адбываюцца нейкія заплянаваныя рэжымам падзеі, то, каб запабегчы супраціўленьню і зрыву, прыдумваюць “інфармацыйныя пустышкі” ці падзеі “адцягненьня ўвагі”. Клясычнай інфармацыйнай пустышкай было, напрыклад, зьяўленьне Т. Віньнікавай з “зоны маўчаньня”. У друку пачынаюць на ўсе лады лямантаваць, абмяркоўваць, дуспутаваць, задаваць пытаньні і г.д., хоць ніякай рэальнай інфармацыі ў заявах і ў інтэрв’ю Віньнікавай не было, адна пустата. Але гэты псэўдаінфармацыйны ажыятаж адцягваў увагу грамадзтва ад іншай падзеі, якую рэжым хаваў і абрабляў пад мішурой пустазвонства інфармацыйнай пустышкі. Увага грамадзтва ў гэты час пераключалася на пустую інфармацыю.

Першы раз служба, якая вывезла Віньнікаву з-пад арышту за мяжу, выпусьціла яе 8-га сьнежня 1999 года у той дзень, калі Ельцын з Лукашэнкам падпісалі антыканстытуцыйны акт аб стварэньні так званай беларуска-расейскай “дзяржавы” (“саюзу”). Былі пікеты і нешматлікія дэманстрацыі супраціву ў Менску. Але ўвесь гэты антынацыянальны факт, увесь гэты вар’яцкі антыбеларускі ўчынак адышоў тады на трэці плян, патануў у журналісцкім пустазвонстве вакол інфармацыйнай пустышкі Віньнікавай, пасьля чаго Віньнікаву зноў надоўга схавалі. І так зрабілі, здаецца, тры ці чатыры разы, пакуль увесь тавар ня выйшаў у расход.

7-га ліпеня гэтага года нейкі амапавец у Менску ўдарыў кулаком у твар жанчыну Сьвятлану Завадзкую. Выпадак агідны і дзікі. Цэлы месяц ў пэўных колах у Маскве, Менску, Празе і Брусэлі і г.д. не сьціхалі гаворкі, абурэньні, заявы, рэзалюцыі з гэтай прычыны, казалі пра парушэньне парвоў чалавека, зьверскасьць дыктатуры, апэлявалі да Масквы і г.д. Дарэчы, калі ў Расеі забіваюць беларусаў ці спрабуюць забіць у Менску кіраўніка Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Юры Беленькага (2000 г.), ці кідаюць у засьценкі хворага і гераічнага Ўладзімера Плешчанку, ніхто ў Эўропе не лямантуе. Яны гэтага ня бачаць. А тут такі лямант? Зрэшты, мы ведаем, што такое ў Эўропе падвойны стандарт. Гэта галоўная рыса лібэральнай палітыкі – ілгаць альбо замоўчваць пра ўсё, што не адпавядае іхным паняцьцям.

Потым, аднак, усё сьціхла. Нікога не судзілі, нават толкам не даведаліся, хто ўдарыў С. Завадзкую. Інфармацыя зышла на нуль. У чым жа справа? А справа выглядае так. У Маскве расейскія спэцслужбы ў асобе сустаршыні Савета па зьнешняй і абарончай палітыцы РФ (СВОП) С. Караганава і былой “дэмакраткі” Э. Памфілавай (кіраўніца Савету пры прэзыдэнце РФ па справах разьвіцьця інстытутаў грамадзянскай супольнасьці) утварылі “расейска-беларускую камісію па абароне правоў чалавека”. Шыльдачку стварылі для Эўропы. Маўляў, глядзеце, мы, маскоўцы, займаемся беларускай праблемай. Раскрутку зрабілі па-гэбоўску проста і, на іхны розум, “эфэктна”. У Менску ўсе былі ў зборы; камэры, журналісты, ішла здымка з выгаднага ракурсу, правільна выбраны кадр; вось падходзіць амапавец проста ў кадр і ні з таго ні з сяго, ня моцна, але адчувальна і гнюсна б’е жанчыну, якая стаяла ў пікеце, у твар.

Тэлебачаньне ўсяго сьвету паказала гэты кадр (а Масква, дык з раніцы да вечара, і назаўтра). С. Завадзкая тут жа (падказалі, хто трэба) зьвяртаецца ў Маскву ў новасьпечаную “камісію” да імпэрыяліста Караганава і былой дэмакраткі Памфілавай. Тыя – у цэнтры ўвагі, даюць інтэрв’ю, “рашаюць” праблему на віду перад Захадам, надзьмуваюць шчокі, робяць заявы “о русских в белорусских тюрьмах” (пра рускіх крымінальнікаў, значыць) і г.д. І ўсё – дзеля рэклямы фальшывай палітыкі, дзе караганавы “мнят себя стратегами”. Брыдка было на ўсё гэта глядзець.

Беларусам трэба разумець, што нават калі маскоўцы пачнуць адзін з аднаго жыўцом скуру зьдзіраць, то Захад усяроўна будзе прасіць Маскву, каб яна, маўляў, паўплывала на рэжым Лукашэнкі наконт “дэфіцыту дэмакратыі” ў Беларусі. Якая ўжо там дэмакратыя ў Расеі, якая за некалькі гадоў рускага тэрору на Каўказе забіла 50 тысячаў чачэнскіх дзяцей, мы ведаем.

Гэтым летам сабраліся кіраўнікі Польшчы, Латвіі, Украіны і Летувы абмеркаваць, як дапамагчы незалежнасьці Беларусі. Усе ж зацікаўленыя мець суседам самастойную і дэмакратычную Беларусь, а не вялікага агрэсара пад дзьвярыма. (Дарэчы, зборкі і нарады кіраўнікоў нашых краінаў-суседзяў робяцца ўжо звыклымі).

Першага верасьня тут жа перад журналістамі выступае такі Малазадэ (спэцдакладчык, “спэцыяліст” па Беларусі), які агучвае ў Радзе Эўропы чужыя думкі, не разумеючы, відаць, іх сэнсу, і заяўляе: “У Радзе Эўропы ёсьць спэцыяльны зварот да Расеі – выкарыстаць уплыў на Беларусь для таго, каб паспрабаваць памяняць сітуацыю з правамі чалавека”.

Назаўтра перад расейскімі думцамі “Единой России” выступае прадстаўнік палаты абшчынаў зь Вялікабрытаніі Робэрт Уолтэр і кажа: “Расея можа дапамагчы Эўропе ў “наладжваньні сітуацыі ў Беларусі”. Зьдзіўленыя расейцы пытаюць, ці не абмовіўся ён? “Не, -- кажа Уолтэр, -- Беларусь ваш бліжэйшы сусед і сябра. Гэтак, як у Расеі, яе не разумеюць ні ў Францыі, ні ў Нарвэгіі. Таму дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі мы маглі б падзяліць паміж аб’яднанай Эўропай і Расеяй. Гэта нашыя агульныя эўрапейскія праблемы.” (Известия Ру. www.izvestia.ru/politc/article2595917)

Ведаем мы ўжо такіх “дзялільшчыкаў” ў нашай беларускай гісторыі. Але цікавае іншае: калі надта трэба, то яны й Расею назывуць Эўропай. Гучыць гэты сьпіч ангельца, як у дрэннай драматургіі. Адчуваеце фальш? У чым жа справа?

Уся іхняя лухта з “правамі чалавека”, якімі мусіць нібыта займацца Расея (толькі Расеі гэтым і займацца), гаворыцца зусім дзеля іншага. (І гэта ўжо адзначылі нават заходнія аналітыкі.) Эўропа Заходняя баіцца аб’яднаньня і сэпарацыі Эўропы Ўсходняй у Эўразьвязе, і найперш – узаемадзеяньня паміж Польшчай, Беларусяй, Украінай, Летувой і Латвіяй (былая Рэч Паспалітая ці наша ідэя Балтыйска-Чарнаморскай супольнасьці). Таму, дарэчы, Эўразьвяз і ня хоча прымаць Украіны. Лепш Турцыю (там, трэба разумець, Эўропы болей).

Такім чынам, хоць бы там Пуцін наладзіў яшчэ дзесяць Бесланаў з расстрэламі, уолтары ўсяроўна паедуць у Маскву цягнуць Расею ў “вырашэньне” беларускіх праблемаў, каб “падзяліць”, як кажа Ўолтэр, інтарэсы і ня даць скансалідавацца Ўсходняй Эўропе. Вось чаму Эўракамісія, памятаючы таксама пра расейскія нафту і газ, стаіць насьмерць, каб не дапусьціць да ўдзелу ў тэндары на радыёвяшчаньне для Беларусі ўсходне-эўрапейскія краіны, якія маюць усе тэхнічныя ўмовы для беларускага вяшчаньня (асабліва Польшча і Летува) і толькі патрабуюць рашэньня. І вось чаму Эўразьвяз так упарта хоча заштурхнуць расейскую мову ў беларускі эфір, каб дагадзіць Маскве.