Акрамя “пустышак”, расейскія службы ўжываюць бесчалавечыя сродкі адцягненьня інфармацыйнай увагі – тэракты. На тэрактах пуцінскіх “байцоў нябачнага фронту” злавілі ня раз, напрыклад, узрывы дамоў разам зь людзьмі ў Маскве і Валгадонску і потым -- спроба ўзрыву ў Казані (каб распаліць вайну ў Чачэніі), забойства Зелімхана Яндарбіева (калі гэбоўскіх тэрарыстаў злавілі і судзілі) і іншыя выпадкі. Расейскі КГБ з прыходам Пуціна аднавіў міжнародную тэрарыстычную дзейнасьць. Калі ўлічваць статыстыку фактаў тэрарызму, то лёгка вылучыць тыя, якія супадалі з пэўнымі палітычнымі падзеямі і адцягвалі ўвагу на сябе, спрыялі такім чынам разьвіцьцю зададзеных палітычных працэсаў дакладна гэтак жа, як і “пустышкі”. Розьніца толькі ў маштабах. Цана такой палітыкі – кроў. Аналіз наводзіць на думку аб каардынацыі тэрору з палітычнымі падзеямі ў Расеі і Беларусі.
Аб кіраваньні сусьветным тэрарызмам з Расеі пераканаўча (з дакумантамі ў руках) даводзяць былыя функцыянеры расейскай разьведкі, што пасяліліся на Захадзе, а таксама рускія аналітыкі і дэсідэнты (А. Літвіненка, У. Букоўскі і інш.)
Вялікія тэракты папярэднічалі і істотна паўплывалі на сітуацыю з выбарамі ў Беларусі ў 2001 і ў 2004 гадах. Выбары 2006 года па значымасьці для пуцінскага і лукашысцкага рэжымаў пераўзыходзяць нават 2001 і 2004 гады. Змрочная статыстыка наводзіць на невясёлыя меркаваньні і трывожны прагноз. Але такая рэчаіснасьць.
Ці ведаюць на Захадзе пра тэрарыстычную ролю Расеі? На мой погляд -- так. Каму трэба – ведаюць. Але кіруюцца, відаць, лёгікай “палітычнай мэтазгоднасьці”. І адпаведна – маўчаць.