Прамаскоўскі рэжым

альбо як адбываецца разбурэньне беларусі

Пазьняк Зянон


Разбурэньне фундамэнтальнай навукі

Навука даўно стала галоўным сродкам вытворчасьці. Але ўзровень і якасьць навукі вызначаецца не застасаванымі тэхналёгіямі, а тэорыяй, акадэмічнымі дасьледваньнямі, тым, што мы называем фундамэнтальнай навукай.

Акупацыйны рэжым заняўся спэцыяльным разбурэньнем беларускай акадэмічнай навукі. Ліквідавана выбарнасьць Прэзыдэнта Акадэміі Навук, абмежавана выбарнасьць акадэмікаў і член-карэспандэнтаў. Прэзыдэнта нацыянальнай Акадэміі Навук прызначае былы старшыня дрэннага саўгаса, цяперашні кіраўнік рэжыму. Акадэміяй і навукай сталі кіраваць чыноўнікі, якія могуць звольніць любога дырэктара акадэмічнага інстытута і прызначыць, каго хочуць. Беларуская фундамэнтальная навука, якая страціла шмат навуковых кадраў у 90-х гадах і згарнула шмат пэрспэктыўных дасьледваньняў, цяпер апынулася пад пагрозай зьнішчальнага разбурэньня. Вынікі рэгрэсу ў арганізацыйным разьвіцьці фундамэнтальнай навукі выявяцца напоўніцу крыху пазьней. Направа ж будзе вымагаць дзясяткаў гадоў і вялікіх затратаў, каб выкарабкацца з цывілізацыйнай адсталасьці, куды заганяе беларускую навуку акупацыйны рэжым.