Незалежнасьць Беларусі вярнуў аб’яднаны нацыянальнай ідэяй Беларускі Народны Фронт. Галоўнай задачай расейскіх спэцслужбаў, пасьля прыводу Лукашэнкі да ўлады, стала ліквідацыя кіраўніцтва БНФ, потым захоп Народнага Фронту агентурай і перараджэньне яго ў дэмакратычную прарасейскую партыю, тыпу АГП. (Гэтыя пляны, дарэчы, пазьней выбалбатала агентура ўплыву ў БНФ, якая цьвердзіла нават, што нацыянальная ідэя памерла і вычарпала сябе.) Прыйдзе час, і пра ўсё будзе сказана наўпрост, цяпер жа толькі зазначу, што забойства кіраўніка БНФ намячалася ў 1996 годзе перад V-м Зьездам Фронта і рыхтавалася яно не ў беларускім КГБ, а ў іншых структурах.
Тым часам ні Масква, ні ейны рэжым нічога не маглі зрабіць з Народным Фронтам. Рух набываў масавы характар. Да БНФ далучылася моладзь.
У 1997 годзе адбыўся V Зьезд БНФ, на якім была прынятая канцэпцыя Беларускага Вызвольнага Руху, начале з Фронтам, які выступаў аб’яднальнікам усіх беларускіх апазыцыйных сілаў. Гэта абазначала, што прамаскоўскаму акупацыйнаму рэжыму ствараецца аб’яднаная нацыянальна-дэмакратычная альтэрнатыва, на якую Масква і ейная разьведка ня мелі дастатковага ўплыву, і ўсялякая зьмена ўлады ў Беларусі прывяла б да кіраўніцтва ў краіне беларускія нацыянальныя сілы. На гэтым стаўся б канец расейскім прэтэнзіям на Беларусь.
Тут Масква запрацавала з усёй моцы, падключыла міжнародныя рэсурсы. Ужо праз некалькі месяцаў быў створаны нібыта міжнародны агентурны праект “Хартыя-97” (задача яго напачатку – прымаць заходнія сродкі пад “дэмакратыю” ды “правы чалавека”, а таксама – забесьпячэньне грамадзтва адпаведна прасеянай інфармацыяй).
Неўзабаве ў Менск прысылаюць у якасьці кіраўніка Місіі АБСЭ мацёрага нямецкага разьведчыка Ганса-Георга Віка, які заключае таемнае пагадненьне з КГБ і пачынае ў альтэрнатыву БНФ працу па стварэньні ненацыянальнай (неадраджэнцкай) “апазыцыі” рэжыму. На гэта былі выдаткаваныя вялікія сродкі. Праз год “апазыцыя” была сфармаваная.
У гэты ж час распачынаюць так званы “Праект Чыгір” па зьнішчэньні БНФ (сумнавядомыя альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта ў 1999 г.) Галоўнай выканаўчай асобай праекту стаў В. Ганчар. Пра гэта ўжо мной пісалася, і прыйдзе час – скажацца больш. Цяпер толькі штрыхом зазначу, што напачатку ўдзельнічаць у праекце Масква прапанавала аднаму дзеячу ўзамен за аукцыйныя ільготы для расейскіх фірмаў падчас будучай прыватызацыі на Беларусі (пасьля зьмены рэжыму, значыць). Дзеяч адмовіўся, пра гэта даведаўся В. Ганчар, паехаў у Маскву і прапанаваў свае паслугі. Паслугі прынялі і далі заданьне, разам са сродкамі. Заданьне Ганчар праваліў і неўзабаве зьнік. “Прадажа імя” маскоўцам каштуе, як аказалася, даражэй, чым Лукашэнку. (Хаця я і па сёньня не выключаю, што Ганчар жыве.)
Вынік усіх гэтых афёраў стаўся для краіны вельмі шкодным. Беларусь згубіла нацыянальную альтэрнатыву ў апазыцыі. Народны Фронт быў расколаты, а прагматычная частка яго далучылася да ненацыянальнай вікаўскай апазыцыі. Нацыянальна-вызвольная частка Фронту страціла ўласьцівасьць шырокага масавага руху. За альтэрнатыву рэжыму антыбеларускія сілы пачалі рэклямаваць вікаўскую “апазыцыю”. Гэта значыць, што пры зьмене рэжыму ўлады Беларусь зноў можа страціць нацыянальную будучыню.
Пасьля маёй эміграцыі (вясна-1996) маскоўская разьведка выпрабавала на грамадзтве некалькі формулаў скрыўленага вобразу: “политический труп”, “сбежал”, “струсил”, “я бы родину не оставил” і г.д. Адначасна пачалася кампанія сярод “дэмпартыяў” па “выбару нацыянальнага лідэра”. Гэта абсурд, але яго абгрунтавалі і сцьвердзілі, што нацыянальнага лідэра можна выбраць. На ролю нацыянальнага лідэра пагадзіўся Генадзь Карпенка і неяк гэтую ношу цягнуў, пакуль не пачаўся “праект Чыгір” (1999 г.) і ён ня ўбачыў, што ўсё каламуцяць без яго. Пачаліся званкі ў Варшаву, і неўзабаве (здаецца, дзесьці ў сярэдзіне сакавіка) Карпенка прыехаў, і мы спаткаліся. З размовы высьветлілася, што Карпенка даволі добра разумеў сутнасьць маскоўска-ганчароўскай афёры і быў ня столькі пакрыўджаны, колькі абураны нізкасьцю яе выканаўцаў. Ён прапанаваў мне супрацоўніцтва ў так званых “альтэрнатыўных выбарах” (у якіх я вымушаны быў удзельнічаць, каб мець магчымасьць уплыву на сітуацыю). Дамовіліся, што 31-га сакавіка Карпенка прыедзе ў сядзібу БНФ на сумеснае паседжаньне, дзе будзе прыняты тэкст пагадненьня аб ягоным супрацоўніцтве з Фронтам і са мной і зроблена адпаведная сумесная заява.
Гэта абазначала б поўны правал маскоўскай палітыкі. Чалавек, якога яны падрыхтавалі і, ў піку маёй асобе, выбралі на нацыянальнага лідэра, прыехаў да мяне і мы дамовіліся аб сумесных дзеяньнях супраць іхняй палітычнай авантуры (у якую яны ўжо ўбухалі сродкі).
31 сакавіка ўвечары Карпенку чакалі ў сядзібе БНФ (я некалькі разоў званіў і цікавіўся). Але Карпенка не прыехаў. У гэты дзень яго (я так мяркую) атруцілі (выклікалі інсульт). Праз тыдзень ён памёр.