Прамаскоўскі рэжым

альбо як адбываецца разбурэньне беларусі

Пазьняк Зянон


Ізаляцыя

У ізаляцыі Беларусі ад усяго сьвету зацікаўленая Расея. Гэтым яна прывязвае свайго стаўленьніка да сябе і пазбаўляе манэўру. Захад спрыяе ізаляцыі часткова з-за неразуменьня справы, а больш з-за таемнай ці яўнай падтрымкі расейскай палітыкі на ўсходзе.

Цяпер, рыхтуючыся захаваць рэжым Лукашэнкі, Масква паставіла задачу грунтоўна ізаляваць Польшчу, каб перашкодзіць польскім дэмакратычным уплывам у час прэзыдэнцкіх выбараў на Беларусі ў 2006 г. і запабегчы паўтарэньню “ўкраінскага сцэнару” 2004 г. Дзеля гэтага быў штучна створаны і раздзьмуханы канфлікт у Саюзе палякаў Беларусі. Масква надзіва лёгка дасягнула патрэбных вынікаў, скарыстаўшы пэрманэнтны эмацыйны стан у польскім палітычным жыцьці, а зрэшты, і неразуменьне некаторымі палітыкамі падзеяў на ўсходзе.