25 сьнежня, пасьля падпісаньня ў Маскве чарговых папераў аб намерах аб’яднаньня Беларусі і Расіі ў саюзную дзяржаву, у Мінску адбыўся стыхійны мітынг...
Падпісаўшы ў Маскве дамовы аб “далейшым яднаньні” з Расійскай Федэрацыяй, презідэнт Лукашэнка тут жа безапеляцыйна заявіў: гэтыя дамовы “ня маюць патрэбы ў пацьвярджэньні, у волевыяўленьні” народаў абедзьвюх краінаў. Аднак многія беларусы ўспрынялі такі “калядны падарунак” як асабістую абразу. Вельмі сімвалічна выглядае той шок, які атрымалі 25 сьнежня мае знаёмыя. Яны былі на сьвяточнай імшы ў Чырвоным Касьцёле, калі на пэйджэр аднаму з іх прыйшло паведамленьне пра падзеі ў Маскве...
Не пасьпеў дасохнуць атрамант на подпісах Лукашэнкі ды Ельцына, як на мінскі прасьпект Скарыны ўжо выліўся стыхійны пратэст. Незадаволеных і абураных "аб’яднаньнем" было ў той дзень шмат. Але нават для іх стала нечаканасьцю тое, што каля 20 чалавек перакрылі аўтамабільны рух на прасьпекце ў раёне пляцу Якуба Коласа. Паказальная рэакцыя на раптоўны пікет 20ці сьмельчакоў міліцыянтаў і грамадскасьці. Міліцыя сьпярша нават разгубілася, а мінакі на вуліцы ды кіроўцы спыненых аўтамабіляў шчыра дзякавалі пікетоўшчыкам і з захапленьнем пыталіся: “Што гэта за людзі?” Толькі адзін кіроўца БМW зьбіў сваёй машынай удзельніка акцыі, сябра БНФ Лявона Сакольчыка: пасьля размовы з міліцыяй ён паехаў проста на пікет. Праз паўгадзіны пасьля пачатку акцыі міліцыяй былі затрыманыя дзевяць яе ўдзельнікаў, на якіх склалі пратаколы ў Савецкім РАУСе сталіцы, а потым трымалі тры выходныя дні – у сьпецпрыёмнікуразьмеркавальніку на Акрэсьціна. Праўда, былі адпушчаныя ў ноч на 26 сьнежня трое затрыманых жанчын: Любоў Лунёва, дэпутат Вярхоўнага Савету 13га скліканьня Людміла Гразнова і прадстаўніца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіна Юрына. Замест турмы правёў каталіцкія Каляды ў нейрахірургічным адзьдзяленьні дзевятай мінскай бальніцы дэпутат і журналіст Валеры Шчукін (у яго балела галава ад ранейшых пабояў міліцыі 7 сьнежня, а ў бальніцы высьветлілася, што ў яго чэрапнамазгавая траўма). Астатнія затрыманыя тры дні сядзелі ў камеры разам з бамжамі.
Потым распачаліся суды. Спаслаўшыся на рамонт у будынку Савецкага раённага суда, улады правялі судовыя працэсы над апазіцыянерамі ў раённым адзьдзеле міліцыі і апорным пункце на Камароўскім рынку (сам рынак у той дзень быў зачынены на выходны дзень – панядзелак). Прадстаўнікоў СМІ і праваабаронцаў на суды не дапусьцілі. На “Камароўцы” перад уваходам у міліцэйскі пастарунак стаяў кардон міліцыі, а з рацыяў ахоўнікаў несьліся загады:”Нікога не пускаць!” Па словах аднаго з міліцыянтаў, загад аддаў намесьнік начальніка Савецкага РАУС. Судзьдзя Іна Шэйко вынесла папярэджаньне праваабаронцы Любові Лунёвай. Актывісткі грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя97” Людміла Гразнова і Галіна Юрына аштрафаваныя на 52,5 мільёны рублёў. Судзьдзя Людміла Савасьцян наклала штраф у 5 мільёнаў на яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі – сябра БНФ Віктара Фурмана. Яе ж рашэньнем былі асуджаныя на 5 сутак адміністратыўнага арышту 67гадовы Алесь Карызна, 50гадовы Уладзімір Руснак, 48гадовы Віктар Марозаў (таксама сябры БНФ). На такі ж тэрмін трапіў за краты і Зьміцер Бандарэнка – кіраўнік Фонду падтрымкі незалежнай прэсы. Увогуле, нельга не заўважыць, што ў пратэсьце супраць здрады інтарэсаў Беларусі найбольш радыкальна праявілі сябе менавіта людзі сталага веку: у стыхійнай акцыі амаль ня ўдзельнічала моладзь. Гэта нязвыкла, і можна толькі ўяўляць, якія формы можа прыняць беларускі студэнцкі пратэст...
Падчас акцыі 25 сьнежня меліся спробы затрымаць журналістаў. Быў схоплены, але пазьней адпушчаны карэспандэнт газеты “Беларуская маладзёжная” Сяргей Пульша. Калегі і мінакі ледзь адбілі ў міліцыянтаў аператара ГРТ Зьміцера Завадскага, у якога хацелі адабраць відэакасету з запісам акцыі.
У апошні дзень году ледзь не патрапіў у турму і дэпутат ВС Валеры Шчукін, якога раніцай выпісалі са шпіталю. Калі ён выйшаў на ганак, яго ўжо чакалі міліцыянты. Дэпутата пасадзілі ў машыну і адвезьлі ў суд, але працэс быў адкладзены толькі дзеля таго, што В.Шчукін запатрабаваў адваката. Новы год Валеры Аляксеевіч сустрэў дома з роднымі, але ўжо ў першы працоўны дзень 1999 году – 4 студзеня – яго чакала судовае разьбіральніцтва і арышт...
Такім чынам, рэжым адразу паказаў: “яднаньне з братняй Расіяй” будзе весьціся метадам ня толькі хлусьні з тэлевізіі наўздагон дамовам за сьпінай народа, але і трывіяльнага кулака. Нязгодных жыць у новай імперыі чакаюць зьбіцьцё, краты, вошы, астранамічныя штрафы. Чым далей заходзіць “яднаньне” – тым мацнеюць рэпрэсіі ў Беларусі. Сітуацыя абвастраецца эканамічным крызісам, пустымі паліцамі крамаў, нявыплачанымі заробкамі і блізкім канцом легітымнасьці прэзідэнцтва А.Лукашэнкі.