Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

1/1999


Рэха - А міністэрства юстыцыі маўчыць...

Працэс эканамічнага перасьледу прыватных натарыусаў, згодна з указам прэзідэнта, ідзе ў Беларусі поўным ходам. 14 студзеня ўсяго дзесяць хвілін спатрэбілася мінскаму гарадзкому суду, каб пакінуць у сіле рашэньне першай інстанцыі — Савецкага раённага суда — аб спагнаньні “заднім чыслом” 158 мільёнаў 800 тысячаў рублёў з прыватнага натарыуса Вольгі Лісоўскай. Справа сп. Лісоўскай слухалася з удзелам пракурора гарадзкой пракуратуры Мешчараковай, довады якой былі безагаворачна прынятыя судовай калегіяй.

Справы з гэткім жа вынікам, ініцыяваныя органамі пракуратуры, разглядаюцца сёньня ў розных беларускіх гарадах. У выпадках, калі прыватныя натарыусы спрабуюць аспрэчваць судовыя рашэньні ў больш высокіх інстанцыях, да “лішкаў”, што незаконна адбірае дзяржава, дадаюцца яшчэ і судовыя выдаткі пры пераглядзе справы. І немалыя. Напрыклад, у выпадку Вольгі Лісоўскай такі “дадатак” склаў 18 мільёнаў рублёў. Пры гэтым, згодна з судовымі правіламі, сума выдаткаў на перагляд справы наўпрост залежыць ад сумы “спрэчных” грошай (альбо маёмасьці). Зразумела, што гэткім чынам дзяржава перакрывае магчымыя пошукі праўды натарыусамі праз звароты з касацыйнымі скаргамі ў вышэйшыя інстанцыі. Ды і пошукі гэтыя аказваюцца дарэмнымі... Нагадаем, што так званыя “запазычанасьці” перад дзяржбюджэтам пасьля ўказу прэзідэнта ў некаторых калегаў Вольгі Лісоўскай дасягнулі 1,52 мільярдаў рублёў.

Пасьля спробы Беларускай натарыяльнай палаты правесьці перамовы і дасягнуць кампрамісу з адміністрацыяй прэзідэнта Лукашэнкі ўладныя структуры сапраўды зрабілі выгляд “кампрамісу” паводле ўласнага разуменьня. Пры добраахвотнай згодзе прыватных натарыусаў аддаць дзяржаве тое, што яна спаганяе незаконна, ім паабяцаная трыццаціпрацэнтная скідка. А таксама – ільготы пры арэндзе памяшканьняў. Аднак гэтыя абяцанкі амаль не спраўджваюцца на практыцы. Нават нязначныя ільготы для “добраахвотнікаў”, якія дакларуе адміністрацыя прэзідэнта, не жадаюць прадастаўляць натарыусам арганізацыі – уладальнікі арандаваных памяшканьняў: ім ад адміністрацыі на гэты конт ніякіх указаньняў не паступала. “Ільготы” за сьпіной тых, хто як бы павінен іх рэалізоўваць практычна, ёсьць, такім чынам, толькі сродак вымаганьня грошай з прыватнага натарыяту.

Самі ж прыватныя натарыусы маюць крыўду ня столькі на аўтара зьнішчальнага для іх указу – Лукашэнка, лічаць яны, усётакі не сьпецыяліст у юрыспрудэнцыі, — колькі на юрыдычна адукаваных людзей з ягонага атачэньня. Пра тое, што закон, тым больш падзаконны акт, ня можа мець зваротнай сілы, ведае любы студэнт юрфаку. Найбольш незразумелай выглядае ў гэтым сэнсе пазіцыя Міністэрства юстыцыі. Мінюст, які напачатку 90х гадоў быў галоўным ініцыятарам эксьперыменту з прыватным натарыятам, цяпер проста маўчыць, і ня думае хоць бы словам бараніць уласнае “дзіця”.

Наш кар.