Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

1/1999


Жыцьцё - Настаўнік, фермер, падсудны..

Педінстытут Павел Шалесны скончыў у Мінску. Пачынаў працаваць настаўнікам, “вырас” да дырэктара школы. Потым, калі ў СССР загаварылі пра свабоду, нейкі час узначальваў камерцыйную фірму ў Цюмені. Калі ж "рынкавая эканоміка" дасягнула піку папулярнасьці лёс ягоны крута памяняўся. Паколькі Павел быў сынам сваіх бацькоў, звычайных сялянаў з Заходняй Беларусі, ён вярнуўся дадому . Каб стаць культурным сельскім гаспадаром.

Напачатку Шалесны папрасіў у Зельвенскім райвыканкаме 50 гектараў зямлі. Прапанавалі толькі тры і, вядома, пясочак. Праз суд удалося вырваць яшчэ тры з паловай. На пяску нават трава расьці не хацела, таму Павел ад зямлі адмовіўся.

Шуканыя 50 гектараў яму пашчасьціла знайсьці ў суседняй гаспадарцы. Праўда, гэта быў яшчэ толькі 1990ы год, і фермеру дзяржакт на валоданьне зямлёй не далі. Крэдытамі не дапамаглі таксама.

У рэшце рэшт, Павел Шалесны на свае грошы купіў авечак і неабходную тэхніку. Справы пайшлі нядрэнна. Гаспадарка разьвівалася і багацела. Але паралельна гэтаму расьлі негатыўныя настроі ня самай лепшай часткі мясцовага насельніцтва, якую сацыёлагі называюць маргіналамі, а прэзідэнт электаратам,адным словам, народ агледзеўся, прызнаў у новым чалавеку “чужародны элемент” і пачаў яму “ствараць умовы”.

Аднойчы Паўлу спрабавалі прадаць крадзеную салярку. Ён адмовіўся. Гэта "запомнілі". Потым сталі чапляцца мясцовыя п’яніцы і лайдакі: вядома, невыносна бачыць цьвярозага працавітага чалавека побач... Увосень 1993 да яго зьявіліся ажно васьмёра мясцовых з мэтай “павучыць”. Шалесны здолеў пераканаць, што вучэньне дорага ім абыдзецца. Адначасова напісаў заяву ў міліцыю – адказу не было.

Лагічна, што тыя васьмёра прыйшлі зноў, збілі Паўла, зьвязалі і пакінулі на ноч ляжаць у двары. Вынік: месяц у бальніцы, страты зза гэтага, і ліст ад начальніка РАУСу – хуліганы атрымалі грамадскае ганьбаваньне. Яшчэ адзін вынік: мясцовыя маргіналы адчулі падтрымку ўладаў і зусім асьмялелі.

Асабліва лютавалі суседзі. Яны нават не дазвалялі хадзіць каля іх хатаў і праганяць статак. Спрабавалі ўзбудзіць супраць Паўла крымінальную справу – нібыта, за пашкоджаньне пасеваў – ды ў суд чамусьці не зьявіліся.

Канчатковае вырашэньне фермерскай "праблемы" набліжалася...

ІІ

Тыя ж суседзі давялі Паўла Шалеснага да турмы.

Увосень 1994 году, у адзін з дзён, суседзі “сьвяткавалі” заканчэньне ўборкі бульбы. Яны былі ўжо на добрым падпітку і, відаць, жарабя Паўла, якое забегла ў іх двор, перапоўніла іх цярпеньне.

У ходзе “баявых дзеяньняў” Павел спрабаваў абараніць сваё жарабя. Суседзі спусьцілі на яго аўчарку, тая пракусіла Паўлу нагу. Ён, у сваю чаргу, параніў сабаку. Сусед узяўся за вілы – Шалесны адбіў напад са стратамі, вілы прабілі яго руку. Усё магло скончыцца для фермера кепска, але ён кінуўся дахаты і выклікаў міліцыю. Яна прыехала, аднак толькі на наступны дзень.

Апергрупа паводзіла сябе неяк дзіўна. Увесь час сышчыкі прасядзелі за сталом у суседзяў. Відавочна, пратакол яны скласьці былі ня ў стане. Да пацярпелага, Паўла Шалеснага, яны так і не зайшлі. Гутарка са сьледчым адбылася толькі на трэція суткі. Той з месца ў кар’ер абвінаваціў Паўла ў раненьні сабакі, потым – і суседкі. На заканчэньне прапанаваў ва ўсім шчыра прызнацца. Павел, праўда, не зразумеў – у чым.

Сьледства цягнулася некалькі месяцаў, а 8 сьнежня 1994 году фермера прыехала “браць” група захопу, узброеная аўтаматамі. “Узялі” яго проста на полі і моцна зьбілі. Разам з ім – і жанчыну, якая ў Паўла працавала.

У райадзьдзеле яму прад’явілі абвінавачваньне ў злосным хуліганстве. Што ён мог зрабіць? Толькі даць адвод сьледчаму і напісаць заяву аб зьбіцьці яго міліцыянерамі. Фермера перавялі ў Баранавіцкі СІЗА, дзе ён прасядзеў дзевяць месяцаў.

Потым быў суд. Шалеснага прызналі вінаватым у парушэньні арт. 201 Крымінальнага кодэксу і далі тры гады зьняволеньня. Сядзеў ён у Мінску, у вядомай установе па вул. Апанскага. Ня так і далёка ад Генеральнай пракуратуры і Вярхоўнага суда.

Цікава адзначыць, што галоўнымі сьведкамі на судзе выступілі суседзі (людзі зацікаўленыя) ды псіхічна хворая жанчына. Супраць Паўла сьведчылі людзі, якія хацелі ўбачыць яго ў турме.

Шалесны адседзеў 2 гады і 2 месяцы, яго выпусьцілі па амністыі ў лютым 1997 году.

У фермера была даволі моцная гаспадарка: “Камаз”, аўтобус, “Жыгулі”, 45 авечак, карова. Калі Павел сядзеў у СІЗА, яму паведамілі: маёмасьць раскрадаецца. Можна ўявіць, што засталося ад гаспадаркі праз два гады. Грузавік захоўваўся ў міліцыі – ад яго застаўся, так бы мовіць, толькі зьнешні выгляд. У вёсцы ж “пастараліся” мірныя сяляне. На гаспадарцы можна было ставіць крыж.

ІІІ.

На гэтым, зразумела, нічога ня скончылася, бо Павел Шалесны пачаў дабівацца справядлівасьці. Ён зьвярнуўся з зыскавай заявай “Аб абароне правоў чалавека” і “Аб абароне канстытуцыйных правоў чалавека” у пракуратуру, дзе адказчыкамі выступаюць Зельвенскі райвыканкам і Гродзенскі аблвыканкам. Гэтым, верагодна, ён свой лёс вырашыў.

Далей усё ішло па накатанай каляіне. Павел вярнуўся з турмы. Зямлю ў яго ўжо адабралі. Ён з гэтым не пагадзіўся – і які б нармальны чалавек з гэтым пагадзіўся? Вясною калгас пачаў засяваць фермерскую зямлю. Шалесны літаральна стаў на дарозе трактараў з віламі. Раённыя ўлады прывялі супраць яго міліцыю. Паўлу Шалеснаму “засьвяціў” новы тэрмін, на гэты раз па арт. 189: “замах на жыцьцё работніка міліцыі”. Была ўзбуджаная крымінальная справа. З Баранавіцкага СІЗА з надзейным чалавекам яму ўдалося перадаць на волю пісьмо. Яно трапіла да мяне. У прыватнасьці, у ім пісалася: “Я зьвярнуўся з заяваю ў Гродзенскае абласное ўпраўленьне ўнутраных спраў. Прасіў знайсьці злачынцаў, якія разрабавалі маю гаспадарку, а таксама паўплываць на тых, хто займаецца гэтым. Адтуль мне ветліва паведамілі, што расьсьледваньне даручана тым, на каго я пісаў скаргу – работнікам Зэльвенскага РАУС. Натуральна, самі сябе яны не знайшлі”.

Аднавяскоўцы раілі Паўлу: “Зьязджаў бы ты куды далей. Цябе ўсё роўна пасадзяць”.

Ён вырашыў дабівацца праўды.

Чаго ж ён урэшце дабіўся? Яго выпусьцілі са сьледчага ізалятара. Да суда справа не дайшла. Павел Шалесны – зноў на волі. Праўда, радасьці ад гэтага мала. Ён да гэтуль не разумее, чаму суседзівяскоўцы ня проста рабавалі яго гаспадарку, але рабілі гэта без усялякага розуму: хатнія рэчы проста псавалі, а жывёлу рэзалі. Але дзяржава, і найперш мясцовыя ўлады, не паўсталі на абарону фермера, як павінна было быць, і мясцовае насельніцтва, адчуўшы безпакаранасьць і маўклівую падтрымку , “папрацавала” на славу...

Чым ён перашкодзіў мясцовай уладзе, што прыйшлося саджаць яго ажно ў турму без усякіх на тое падставаў для яго дагэтуль, скажам так, загадка.

Разгадку даў намесьнік начальніка Зельвенскага РАУСу Аляксандр Губар: “Ён прыносіў шмат клопатаў і ўскаламуціў увесь раён, а зараз яшчэ штосьці патрабуе”.

Памойму, тут ні даць, ні адняць— застаецца хіба што толькі падзівіцца, што Павел Шалесны ўсё яшчэ на волі, што спрабуе дабіцца пакараньня вінаватых і што ўсё яшчэ верыць у аднаўленьне справядлівасьці.

Верагодна, гэта адбудзецца потым, пры новай уладзе. Сёньняшняя ж людзей прадпрымальных і незалежных саджае ў турму. Як гэта ўжо адбылося з Клімавым, Кудзінавым ды іншымі. Павел Шалесны быў адным з першых. Не такім вядомым у краіне, але гэта зусім ня робіць ягоны выпадак менш значным.