Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

2/1999


Сітуацыя - Ці паўторацца сёлета ў Беларусі падзеі вясны 1991га году

Любой зьяве заўсёды можна знайсьці гістарычныя паралелі, параўнаньні, дзякуючы якім яна будзе ўспрымацца паіншаму, больш рэльефна і кантрасна. Ну, а ўжо зыходзячы з падабенства можна з вялікай доляй верагоднасьці спрагназаваць, якім чынам будуць разьвівацца падзеі далей. Сёньняшняя эканамічная і палітычная сітуацыя ў Беларусі моцна нагадвае тую, што склалася напачатку 1991га году. Крызіс ахапіў тады ўсе сьферы жыцьця. Інфляцыя "з'ела" усе зьберажэньні людзей, "апусьціла" заробкі да жабрачага ўзроўню, "вымыла" тавары і прадукты з паліцаў крамаў... СССР, гэты гігант на гліняных нагах, развальваўся літаральна на вачах. Драматычныя падзеі ў Вільні, выбары першага расійскага прэзідэнта, ГКЧП, парад суверэнітэтаў і, нарэшце, Віскулі — увабраў у сябе той гістарычны год. Была і яшчэ адная падзея, якая, безумоўна, увайшла ў аналы гісторыі: масавыя вясновыя страйкі ў дагэтуль ціхмянай, "балотнай", вандэйнай Беларусі.

На мінскія вуліцы рабочых вывела тады найперш галеча. Аднак паступова зканамічныя патрабаваньні сталі абрастаць палітычнымі і незалежніцкімі. Рабочыя пачалі разумець, што карэнным чынам не зьмяніўшы ладу жыцьця, пераменаў не даб'ешся, не дачакаешся. Менавіта на хвалі рабочага руху прыйшоў да ўлады, да кіраўніцтва Вярхоўным Саветам Станіслаў Шушкевіч.

Было гэта ўсяго восем гадоў назад, а ўжо добра забылася. За гэты час нашыя блізкія і далёкія суседзі адбудавалі свае незалежныя дзяржавы, наладзілі большменш прыстойнае жыцьцё з элементамі той самай стабільнасьці, пра якую так любяць гаварыць у Беларусі, згадваючы СССР. Нашую ж краіну кідае то ў жар, то ў холад. Арыентацыя на "аднаўленьне СССР", папулізм і элементарная эканамічная неадукаванасьць, "рынкавы сацыялізм" з жорсткай цэнтралізацыяй і дыктатам вытворцам давялі Беларусь да глыбокага крызісу, выйсьця з якога пры захаваньні сёньняшніх уладных структураў нябачна...

Гэта было зразумела даўно, але асабліва праявілася леташняй восеньню, пасьля "чорнага 17 жніўня" у Расіі. Ужо тады інфляцыя і мізэрныя заробкі зрабілі жыцьцё простых людзей невыносным. Пад уплывам хваляваньняў рабочых свабодныя і афіцыйныя прафсаюзы пачалі перамовы з урадам з вылучэньнем усё больш (Пачатак на стар.1)

жорсткіх патрабаваньняў. У мінулую восень прафсаюзы, найперш афіцыйныя, ураду "паверылі". Аднак замест абяцаных зьменаў да лепшага напрыканцы 1998га году ў краіну прыйшоў дэфіцыт на прадукты першай неабходнасьці. І гэта пры тым, што цэны на малако, масла, яйкі ў Беларусі прыблізна такія ж, як і ў Летуве, Польшчы, а заробкі і пенсіі ў дзесяць і болей разоў меншыя...

Пачатак новага году прайшоў у Беларусі пад знакам актывізацыі рабочага і прафсаюзнага руху. Далей трываць, слухаючы абяцанкі ўраду і прэзідэнта, нельга — гэтая думка ўсё часьцей гучыць у рабочых "курылках" і на паседжаньнях прафкамаў. Першую, спробную акцыю пратэсту свабодныя прафсаюзы правялі 27 студзеня. У шэсьцях ад прахадных заводаў і мітынгу прыняло ўдзел да 15 тысяч чалавек. Колькасьць для зімовай пары значная, тым болей, што на акцыях апазіцыі столькі не зьбіралася з вясны 1997га году. Упэўненасьць у тым, што гэта не аднаразовае "мерапрыемства", а менавіта пачатак масавага руху пратэсту, даюць ня толькі беспрасьветнасьць эканамічнай сітуацыі ў краіне (унутраных рэзерваў няма, МВФ і міжнародная супольнасьць рэжыму Лукашэнкі не дапамагаюць, а Расія і сама ў глыбокім крызісе), але і тое, што інфляцыя і безграшоўе спрыяюць страце рабочымі страху перад дыктатарам і ягонымі служкамі з дубінкамі. Да таго ж, усё больш людзей у краіне пачынае разумець, што стварэньнем розных камісіяў і камітэтаў кантролю, што толькі і робіць прэзідэнт, прадуктамі крамы не напоўніш. Вера ў Лукашэнку, як у "лідэра нацыі", губляецца нават сярод адданага яму электарату. Дагэтуль ратавала яго толькі меркаваньне, што нібыта няма ў Беларусі палітыка, кіраўніка роўнага яму. Але распачатая Вярхоўным Саветам падрыхтоўка да выбараў павінна паказаць, давесьці ўсім, што гэта зусім ня так: на разумных, дзелавых і практычных людзей Беларусь не зьбяднела...

Ёсьць падзеі непазьбежныя, падпарадкаваныя выключна самой хадзе гісторыі. Такой падзеяй быў распад Савецкага Саюзу на незалежныя дзяржавы. Толькі Беларусь усё яшчэ чапляецца сёньня за гэтага мерцьвяка і ніяк ня рушыць наперад. Верыцца, што сёлетняя вясна стане ацьвярэжваючай для тых беларусаў, якія яшчэ вераць у фантом. Адкінуць прэч усялякія надзеі на рознага кшталту "саюзы" і пачаць урэшце будаваць Свой Дом Беларусь, урэшце зразумець, што Беларусь гэта еўрапейская краіна — вось тая ідэя, што можа з'яднаць усе слаі грамадзтва і рабочых у тым ліку, каго галеча і бесьперсьпектыўнасьць вывядуць на вуліцы і плошчы нашых гарадоў. Годзе верыць у прыгожыя казкі "інтэгратараў", час ужо жыць сваім розумам.