Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

2/1999


Сітуацыя - Апанентаў абражаць можна, калі іх погляды разыходзяцца з «дзяржаўнай палітыкай»

14 студзеня Мінскі гарадскі суд перагледзеў справу аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі гісторыка, дасьледчыка тэмы камуністычных рэпрэсіяў Ігара Кузьняцова. Перагляд быў ініцыяваны як самім Кузьняцовым, так і адным з адказчыкаў — старшынём мінскага гарадскога таварыства “Гістарычныя веды” Аляксеем Хахловым. Як вядома, раней суд Савецкага раёну Мінску часткова задаволіў прэтэнзіі І.Кузьняцова, абавязаўшы А.Хахлова ў месячны тэрмін папрасіць у яго прабачэньня за абразу праз друк. Але ў дзеяньнях іншых адказчыкаў – А.Залескага, “Народнай газеты”, а таксама газеты “Славянский набат”, прыцягнутай да адказнасьці ў ходзе працэсу – Савецкі суд аніякай некарэктнасьці не знайшоў. Нагадаем, што менавіта на старонках згаданых выданьняў спадары Залескі, Хахлоў ды іншыя аўтары апраўдвалі рэпрэсіі, заадно абвінавачваючы І.Кузьняцова ў “фальсіфікацыі гісторыі”, плагіяце ды іншых грахах (якія пры бліжэйшым разглядзе не пацьвярджаліся). На працягу мінулага году сябры “Гістарычных ведаў”, да ўсяго, пісалі на свайго апанента таксама даносы ў розныя інстанцыі, у рэшце рэшт змусіўшы яго пакінуць працу ў эканамічным універсітэце.

У судзе другой інстанцыі да сьпісу абвінавачваньняў з боку прыхільнікаў “прагрэсіўнага савецкага ладу” ( а менавіта іх аб’ядноўваюць “Гістарычныя веды”) дадалося яшчэ адно, і вельмі “страшнае”. Як напісана ў касацыйнай скарзе А.Хахлова, “...Кузьняцоў нясе адказнасьць за палітычную скіраванасьць канферэнцыі “Палітычныя рэпрэсіі ХХга стагодзьдзя” і зьяўляецца адным з арганізатараў буйной антыпрэзідэнцкай палітычнай правакацыі”. На думку сп. Хахлова і ягонай “групы падтрымкі” на судзе, Кузьняцоў, як адзін з рэцэнзентаў, павінен быў не дапусьціць выхаду ў сьвет кнігі па матэрыялах дакладаў удзельнікаў канферэнцыі. “Інкрымінаваліся” гісторыку таксама выступ на канферэнцыі і нават сам факт удзелу ў ёй.

Менавіта зза скаргі таварыства “Гістарычныя веды” у пракуратуру мінулай восеньню ледзь не апынуўся пад сьледствам адзін з арганізатараў канферэнцыі “Палітычныя рэпрэсіі ХХга стагодзьдзя” – Беларускі Хельсінкскі камітэт. Цікава, аднак, што супрацоўнікі Пракуратуры РБ пасьля знаёмства са зборнікам дакладаў не знайшлі падставаў для крымінальнага перасьледу ні навукоўцаў, ні праваабаронцаў, ні ахвяраў “чырвонага тэрору” (другім арганізатарам была Асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў). Што да справы Кузьняцова, то тая ж Пракуратура РБ ажно двойчы адмовіла А.Хахлову, які патрабаваў адмяніць рашэньне Савецкага суда аб перапрашэньні за абразу калегі.

Можна было чакаць, што гарадскі суд альбо нічога ня зьменіць у рашэньні Савецкага, альбо прызнае некарэктнымі паводзіны ўсіх адказчыкаў – падстаў для гэтага мелася дастаткова. У часе пасяджэньня судзьдзі гарсуда сп.сп. Жупікава, Шыдловіч і Худзюк не былі заўважаныя у нейкай тэндэнцыйнасьці. Відавочна, што на іхняе канчатковае рашэньне моцна паўплывала палітычная падаплёка справы (“навуковай спрэчкі”, кажучы словамі апанентаў Кузьняцова).

Такім чынам, выказваньні прыхільнікаў камуністычнага тэрору у “Народнай газеце” і “Славянским набате” суд палічыў цалкам карэктнымі і дапушчальнымі. Каментуючы гэтае рашэньне, Ігар Кузьняцоў заявіў, што “ня мае ілюзіяў наконт пазіцыяў іншых судовых структураў пры сёньняшнім "прававым Чарнобылі"”, аднак мае намер зьвярнуцца ў Вярхоўны Суд. На думку Кузьняцова, гарадскі суд Мінску фактычна санкцыянаваў маральны гвалт дзяржавы і прыхільнікаў “савецкага ладу” у дачыненьні да любых праяваў іншадумства.