Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

2/1999


Сітуацыя - "Выбары прэзідэнта павінны адбыцца ў любым выпадку"

10 студзеня 1999 году дэпутаты Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13га скліканьня прынялі рашэньне аб правядзеньні ў краіне 16 траўня прэзідэнцкіх выбараў.

Яшчэ за тры дні да сесіі законнага парламенту Беларусі рэжым А.Лукашэнкі адрэагаваў на будучыя падзеі досыць нярвова, з дапамогай Пракуратуры РБ паспрабаваўшы прыпалохаць усіх, хто верны Канстытуцыі 1994 году, “крымінальнай і адміністратыўнай адказнасьцю”. Тым ня менш, падрыхтоўка да выбараў ужо ідзе поўным ходам...

Гэтай тэме прысьвечаная гутарка нашага карэспандэнта са старшынёй Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Сямёнам Шарэцкім.

— Сямён Гяоргіевіч, папершае, дзякуй вам і вашым калегам за гэты прынцыповы крок! Абвяшчэньня прэзідэнцкіх выбараў чакалі многія людзі Беларусі.

— За што дзякуй? Нічога надзвычайнага не адбылося. Мы проста дзейнічалі ў строгай адпаведнасьці з законамі. І вось цяпер, калі журналісты гавораць: “Ну, нарэшце, Вярхоўны Савет пра сябе заявіў!” мне заўжды хочацца запытаць: “А што ён раней мог зрабіць? Ён чакаў канстытуцыйнага тэрміну, каб абвясьціць выбары”. Мы не маглі гэтага зрабіць ні раней, ні пазьней.

— Некаторыя назіральнікі наракаюць на нібыта нелегітымнасьць гэтага рашэньня. Наколькі я ведаю, меркавалася запрасіць для абмеркаваньня ўсіх дэпутатаў, абраных у 1995 годзе...

—Усе дэпутаты будуць запрошаныя на наступную сесію, якая адбудзецца 20 лютага. Пра гэта ўжо можна гаварыць. Будзе прыняты план мерапрыемстваў, ажыцьцяўленьне якіх дазволіць правесьці дэмакратычныя выбары прэзідэнта краіны. Гэта ўсё мы зробім.

— Зразумела, гэта будзе дэмакратычна. “Перабежчыкі” у створаную прэзідэнтам “палату” тады змогуць самі вырашаць, прымаць ім удзел у сесіі, ці не?

— Не, ім будзе напісанае такое запрашэньне: яны могуць прыйсьці на сесію, калі складуць паўнамоцтвы ў “палаце”. Яны ж выйшлі з Вярхоўнага Савету! Чаму зьяўляецца легітымным нашае рашэньне: таму, што ёсьць тлумачэньне Канстытуцыйнага Суда ад 11 кастрычніка 1995 году, у якім складзе і якія пастановы мае права прымаць Вярхоўны Савет. Пастанова аб выбарах ня тычыцца нейкіх зьменаў у Канстытуцыі. Таму Вярхоўны Савет мае права прымаць яе большасьцю галасоў ад тых дэпутатаў, якія самі сябе лічаць дэпутатамі. А той, хто пайшоў у “палату”, сябе дэпутатам ня лічыць. Таму нашае рашэньне не падлягае ніякім спрэчкам: легітымнае яно, ці нелегітымнае. Калі сам Вярхоўны Савет легітымны, і калі большасьць – дэпутаты, якія яго прызнаюць і ня выйшлі з яго складу – прымае рашэньне, дык яно, безумоўна, легітымнае.

— А калі, да слова, скончыцца тэрмін паўнамоцтваў у самога Вярхоўнага Савету?

— Тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету скончыцца толькі тады, калі будзе абраны новы склад Вярхоўнага Савету.

— Сямён Гяоргіевіч, пасьля вядомай заявы Пракуратуры РБ вы гатовыя да магчымых рэпрэсіяў?

— Вось гэта ўжо не мая праблема – магчымыя рэпрэсіі!

— Як бы там ні было, а пра падрыхтоўку да нейкага “перавароту” рэжым ужо загаварыў. Пасьля 10 студзеня вы не адчулі ўзмацненьня “увагі” да сябе і ўціску?

— Я ўвесь час адчуваю ўціск. Што тут можа зьмяніцца? Калі сп. Бажэлка (Генеральны пракурор РБ — рэд.) загаварыў пра нейкі ўціск, я пайшоў на радыёстанцыю “Свабода” і папярэдзіў яго ды іншых аматараў усялякіх уціскаў, што мы выконваем патрабаваньні Канстытуцыі. І калі хто бярэ грэх на сваю душу і адказнасьць перашкаджаць нам рабіць гэта – дык хай сам будзе гатовы адказваць за свае ўчынкі. Дарэчы, я двойчы папярэджваў чынавенства аб адказнасьці. Нагадаў нават пра Піначэта: вунь колькі часу прайшло пасьля яго адстаўкі, але і яму давядзецца адказваць за свае ўчынкі. Тое самае і тут.

Мы ўсё роўна будзем праводзіць выбары, бо гэтага Канстытуцыя патрабуе! Больш за тое, я цяпер ежджу па абласных цэнтрах, дзе мы ствараем абласныя выбарчыя камісіі. Далей пойдзе стварэньне раённых камісіяў.

— А людзі ў нас не запалоханыя? Шмат жадаючых удзельнічаць у працы, за якую ўлады, магчыма, будуць чыніць перасьлед?

— Вы ведаеце, я нават не чакаў: жадаючых больш, чымсьці месцаў у камісіях. Колькасьць месцаў агавораная заканадаўствам. Абласныя камісіі можна ствараць у складзе ад дзевяці да шаснаццаці чалавек, раённыя – ад дзевяці да дванаццаці. Я прыпыніў вылучэньне кандыдатаў у склад Цэнтральнай выбарчай камісіі, таму што вылучылі ўжо васемнаццаць чалавек, дзевятнаццаты – Віктар Ганчар, які, як старшыня, быў прызначаны раней. Больш нельга вылучаць, згодна з нашым заканадаўствам. А было жадаючых значна больш!

— Сямён Гяоргіевіч, ці ёсьць ужо міжнародныя водгукі на рашэньне Вярхоўнага Савету, акрамя рэакцыі АБСЕ?

— На мінулым тыдні нас падтрымаў Сейм Рэспублікі Польшча. Яго дэпутаты прынялі зварот да беларускага народа, выказалі падтрымку і салідарнасьць.

— Можна цяпер я задам трохі балючае пытаньне?

— У мяне няма балючых пытаньняў.

— Пасьля спробы дамовіцца мірным шляхам з рэжымам у лістападзе 1996 году, калі прыязджалі Селязьнёў, Строеў ды іншыя, частка нашых суайчыньнікаў выказвала роспач і расчараваньне. Як вы зараз ацэньваеце тыя падзеі?

— Калі б мы тады не ўступілі ў перамовы, Вярхоўнага Савету цяпер бы проста не існавала. Нас бы абвінавацілі ў захопе ўлады – што далей? Таму што імпічменту, на жаль, не было. Што мы маглі зрабіць? Нічога. Толькі дамаўляцца.

— Ці ня можа здарыцца гэтак жа, калі АБСЕ зноў паспрабуе наладзіць перамовы паміж Лукашэнкам і Вярхоўным Саветам пры сваім удзеле?..

— Мы пойдзем на перамовы, калі такая прапанова будзе. Але ж гэта зусім ня тычыцца перанясеньня тэрміну выбараў! Таму што гэта канстытуцыйнае патрабаваньне. Мы будзем весьці перамовы – а выбары прэзідэнта павінны адбыцца ў любым выпадку. Дарэчы, у тым пагадненьні 96га году было таксама запісана, што павінны адбыцца давыбары дэпутатаў Вярхоўнага Савету... А на перамовы мы пойдзем заўжды.

— Выказваецца меркаваньне, што нават Аляксандр Лукашэнка можа паўдзельнічаць у выбарах 16 траўня.

— Гэта яго праблема! Яму ж ніхто не забараніў удзельнічаць. Ён мае права. Але – гэта малаверагодна!..

— Як працаваць у вядомай сітуацыі з беларускімі масмедыя? Ці хопіць дэмакратам, гэтак мовячы, інфармацыйных рэсурсаў?

— Але іншай прэсы ў нас няма. Тут патрэбна, каб дэмакратычныя прэса дзейнічала больш адказна. І ня варта цяпер перамываць косьці апазіцыі. Гэта можна было рабіць паўгода назад, а цяпер – навошта? Можа, камусьці так і хацелася – каб Вярхоўны Савет прыняў толькі заяву. Былі прапановы менавіта заяву і прымаць. Але мы прынялі канстытуцыйную пастанову і будзем яе выконваць, што б ні сталася. Хачу падкрэсьліць, што нашае рашэньне – юрыдычнае, а не палітычная заява, за якой не стаіць ніякіх дзеяньняў.

— Ці ёсьць, на вашую думку, сярод грамадзкаактыўных дэмакратычных сілаў Беларусі такія, што ўспрынялі рашэньне аб выбарах адмоўна?

— Пакуль што няма такіх. Гэта ж палітычнае самазабойства, калі нехта заявіць, што не падтрымлівае патрабаваньне Канстытуцыі. Дык што ён тады падтрымлівае?! Рэжым?

— Днямі ў нас адбудзецца доўгачаканы Кангрэс дэмакратычных сілаў краіны. Ці будуць на ім прымацца рашэньні па вылучэньні кандыдатаў у прэзідэнты краіны?

— Ня будзе такіх рашэньняў. Таму што выбары тады, атрымліваецца, будуць недэмакратычнымі. Мы нікому не павінны забараняць вылучаць сябе кандыдатам у прэзідэнты. Вярхоўны Савет гэтае права забясьпечыць любому, хто толькі пажадае. Але будзе патрабаваць і ад яго выкананьня тых прынцыпаў, якія прадугледжаныя законам.

— А вы самі не зьбіраецеся балатавацца ў прэзідэнты?

— Не, ні ў якім разе. І аб гэтым я ўжо заявіў раней. Інакш Лукашэнка проста правядзе прапаганду, што я нібыта ўсё раблю для сябе, пад сябе. Тут амбіцыі павінны быць на трыццатым месцы. Тут галоўнае — справа дзяржавы, народу...

Гутарыла Тацяна Сьнітко