Чарговая “мінская вясна” пачалася ў гэтым годзе раней звычайнага. Сезон вулічных шэсьцяў і мітынгаў адкрылі 17 студзеня сацыялдэмакраты з “Народнай Грамады”, што наладзілі акцыю ў падтрымку незалежнасьці Беларусі. Упершыню ў новым 1999 годзе на сталічныя вуліцы выйшлі больш за 4 тысячы грамадзянаў, незадаволеных палітыкай аб’яднаньня з Расіяй.
Дэманстранты прайшлі маршрутам, дазволеным мінскімі ўладамі: ад плошчы Якуба Коласа да опернага тэатру, каля будынку якога адбыўся мітынг. Выступоўцы асудзілі падпісаньне “інтэграцыйных” дакументаў 25 сьнежня, расцаніўшы дзеяньні прэзідэнта Лукашэнкі як дзяржаўную здраду. Было адзначана, што міф пра славянскае адзінства патрэбны абодвум прэзідэнтам дзеля адцягненьня ўвагі людзей ад вынікаў праўленьня “інтэгратараў”. Пра самі ж вынікі, прынамсі, такі адметны, як зьбядненьне насельніцтва, гаварылі падчас мітынгу дастаткова. Сацыялдэмакраты прапанавалі падтрымаць у гэты эканамічна цяжкі год малазабясьпечаныя групы насельніцтва, напрыклад, пенсіянераў. Удзельнікі мітынгу віталі дзеяньні дэпутатаў Вярхоўнага Савету па аднаўленьні канстытуцыйнасьці ў краіне – абвяшчэньне парламентам даты прэзідэцкіх выбараў і аднаўленьне дзейнасьці Цэнтральнай выбарчай камісіі. Дэпутат ВС, сябра партыі “Народная Грамада” Павел Знавец ад імя сваіх калегаўпарламентарыяў заклікаў усіх людзей выканаць грамадзянскі абавязак – прагаласаваць 16 траўня. Выступоўца зьвярнуўся таксама да праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь, заклікаў іх, устрымацца ад рэпрэсіяў. На мітынгу закраналася і тэма вяртаньня ў нашую краіну амбасадараў краін Еўрасаюзу, што адбывалася ў гэты ж дзень адначасна з акцыяй. “Мы лічым гэта не актам у падтрымку рэжыму Лукашэнкі, а чарговым крокам на шляху разьвіцьця міжнародных адносінаў на карысьць беларускага народу, у падтрымку дэмакратыі,” – адзначана ў рэзалюцыі мітынгу.
Відавочна, што шэраг апошніх беларускіх падзеяў спрыяе ўзмацненьню грамадзянскай актыўнасьці людзей. Праз чатыры дні пасьля сацыялдэмакратаў шэсьце і мітынг супраць аб’яднаньня з Расіяй у адну дзяржаву арганізаваў Беларускі Народны Фронт. Акрамя таго, пачатак сёлетнягага году быў надзвычайна багаты на пікеты розных дэмакратычных партыяў.
Наш кар.