Не сумняваюся, што зацікаўленыя асобы (а іх па краіне набіраецца вельмі шмат) добра памятаюць кампанію па адмене ільготаў для “чарнобыльцаў”, праведзеную прэзідэнтам Беларусі А.Лукашэнкам у 1995 годзе. Гучнае было мерапрыемства. Праўда, цяпер аказваецца, што ільготы адмяніць было проста. Асабліва ўлічваючы метады, якімі дзейнічае прэзідэнт Беларусі: падпісаў паперу пад назвай “указ" – і ўсё. Наступствы ж гэтага кроку простымі назваць цяжка. Міністэрствы, чыноўнікі, ды літаральна ўсе, каго тычыцца гэтая праблема, апынуліся ў казытлівым юрыдычным становішчы... Але – пра сутнасьць справы.
Год таму, 22 студзеня 1998 году, у Фрунзенскім раённым судзе Мінска адбыўся малапрыкметны, звычайны, здавалася б, судовы працэс. На ім разглядалася грамадзянская справа па скарзе Свабоднага прафсаюзу Беларускага ў інтарэсах Феакцістава Уладзіміра Андрэевіча на неправамоцныя дзеяньні да яго ЖЭСу83 ЖРЭА1 Фрунзенскага раёну сталіцы.
Трэба адразу сказаць, што гэтая справа, распачатая адным чалавекам, тычыцца дзесяткаў тысяч людзей, якія маюць пасведчаньні “ліквідатараў”, а гэта значыць, удзельнікаў ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Уладзімір Феакцістаў якраз і зьяўляецца “ліквідатарам”. Згодна з арт. 19 Закону “Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС”, ён мае права на 50працэнтную скідку пры аплаце жыльля і камунальных паслугаў. Аднак ЖЭС83 яму гэтую ільготу скасаваў, спаслаўшыся на Указ Прэзідэнта РБ ад 1 верасьня 1995 году № 349 “Аб упарадкаванні некаторых ільготаў для асобных катэгорыяў грамадзянаў. ЖЭС абгрунтаваў свае дзеяньні ведамасным нарматыўным актам – лістом Міністэрства жыльлёвакамунальнай гаспадаркі ад 23 траўня 1997 году.
Але 25 сьнежня 1995 году Канстытуцыйны суд РБ пункт 1 прэзідэнцкага Указа адмяніў, як неадпавядаючы Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.
З 1 верасьня 1995 года (пасьля ўказу прэзідэнта) Уладзімір Феакцістаў плаціў поўную суму за жыльлё і камунальныя паслугі, з лістапада 1996га яму ільготу аднавілі, а з ліпеня 1997га – зноў скасавалі. Прычынай пазбаўленьня стаў ведамасны ліст ЖРЭА1. Увогуле, за гэты час У.Феакцістаў пераплаціў дзяржаве 1 мільён 300 тысяч рублёў. Грошы не такія ўжо вялікія, але вы разумееце, што тут справа прынцыпу і... прэцэдэнту.
Рашэньне Канстытуцыйнага суда ніхто не адмяняў. Ды і зрабіць гэта можа толькі сам суд. І Фрунзенскі раённы суд прыняў рашэньне, што дзеяньні ЖЭС83, як і вышэйстаячага ЖРЭА1, зьяўляюцца неправамоцнымі. Законных падставаў пазбаўляць У.Феакцістава права аплочваць палову кошту жыльля і камунальных паслугаў няма. А спасылку адказчыкаў на ведамасны ліст суд палічыў неабгрунтаванай, паколькі такія дакументы ня маюць юрыдычнай сілы. Яны ня могуць падмяняць дзяржаўны закон. Адпаведна, “ліквідатару” Феакціставу ЖЭС83 вымушаны будзе зрабіць пераразьлік. Судовае рашэньне не было абскаржанае і ўступіла ў законную сілу.
ІІ
Напэўна, варта вярнуцца на тры гады назад, каб прыгадаць некаторыя моманты, якія тычаццца тэмы артыкулу.
Указам ад 1 верасьня 1995 году грамадзянам Беларусі было прыпынена прадастаўленьне ільготаў, якія прадугледжаныя нормамі васемнаццаці законаў. Гэтыя ільготы тычыліся, напрыклад, бясплатнага праезду, атрыманьня беспрацэнтнай пазыкі на набыцьцё ці будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў, кааператыўнае жыльлёвае будаўніцтва, аплату жылплошчы, прадастаўленьне 50працэнтнай скідкі за карыстаньне ацяпленьнем, вадаправодам, газам і электраэнергіяй, бясплатнага медыцынскага і санаторнакурортнага лячэньня і інш.
Скасаваньне гэтых ільготаў прэзідэнтам закранула дзесяткі тысяч людзей у краіне. Што і ўлічыў Канстытуцыйны суд, прыняўшы рашэньне. Цытую: “... Канстытуцыйны суд лічыць, што ні Канстытуцыя, ні Законы Рэспублікі Беларусь не прадаставілі Прэзідэнту права прыпыняць дзеяньне закону, альбо яго зьмяняць. Прыпыненьне выкананьня закону, яго асобных нормаў ёсьць ня што іншае, як прыпыненьне дзеяньня закону. Прыпыніўшы прадастаўленьне ільготаў і перавагаў, прадугледжаных законамі, правяраемы Указ фактычна прыпыніў дзеяньне гэтых законаў у часе і па колу асоб. Захаваўшы ўстаноўленыя заканадаўчымі актамі ільготы толькі для часткі грамадзянаў, Указ па сутнасьці справы зьмяніў дзеяньне гэтых актаў. Прыняўшы такі Указ, прэзідэнт тым самым узяў на сябе функцыі органа заканадаўчай улады, чым перавысіў свае паўнамоцтвы...”
У нас да законаў заўсёды ставіліся, мякка кажучы, з недаверам. У прынцыпе, нічога не зьмянілася і цяпер. “Наш” чалавек разумеў і разумее, што закон — рэч неабходная і карысная, але ў паўсядзённым жыцьці кіравацца трэба не законамі юрыдычнымі, а законамі жыцьцёвымі.
Да ўлады прыйшоў чалавек якраз з такім “менталітэтам” і ў адзін момант узяў ды і адмяніў закон...
Камунальшчыкаў можна зразумець: нават пасьля прэзідэнцкага ўказу па гарадах Беларусі набіраецца немалая група грамадзянаў, якія ці ня плоцяць за жыльлё ўвогуле, ці плоцяць палову кошту. Аднак, цяпер не савецкія часы, датацыі на ўтрыманьне жыльлёвага фонду пастаянна зьмяншаюцца – камунальшчыкам прапанавана шукаць "унутраныя рэзервы". А што гэта азначае? Павышэньне квартплаты, толькі павышэньне. І, зразумела, па прыкладзе прэзідэнта, выкрэсьліваньне вялікай групы грамадзянаў з разраду льготнікаў...
Рашэньнем Фрунзенскага суда сталіцы Беларусі беззаконнае самавольства аднаго з ЖЭСаў прыпыненае. Аднак тым самым створаны прэцэдэнт. Бо спадар Феакцістаў толькі адзін з тысяч грамадзянаў, якія па “указу” прэзідэнта страцілі ільготы, а пасьля рашэньня Канстытуцыйнага суда так і не атрымалі іх назад. Думаю, судзьдзя, які вёў справу, разумеў, што сапраўды стварае прэцэдэнт, прычым, небяспечны: колькасьць падобных зыскаў у суды можа перавысіць крытычную мяжу. З другога боку, непахісьнасць закону пацьвердзіў Канстытуцыйны суд, і рашэньне яго ніхто не адмяняў.
Пасутнасці, раённы судзьдзя выконваў у гэтым працэсе работу і Прэзідэнта, і Вярхоўнага Савету, і таго ж Канстытуцыйнага суда. Ці, хутчэй, падчышчаў “хвасты” за гэтымі інстытутамі ўлады.
У недарэчнае становішча трапілі таксама і чыноўнікі, якія маюць дачыненьне да гэтай праблемы. Яны вымушаныя пісаць ведамасныя цыркуляры, загадзя ведаючы, што тыя ня маюць ніякай юрыдычнай сілы, і кожны суд (пры наяўнасьці жаданьня) лёгка прызнае іх “рашэньні” неправамоцнымі. Што і павінен будзе рабіць надалей. Бо выпадак з Феакціставым – першы, але, як мяне запэўнілі прадстаўнікі Свабоднага прафсаюзу Беларускага, не апошні. У дзесяткаў тысяч “чарнобыльцаўільготнікаў” зьявіўся шанц абараніць свае правы. Што адкажуць на гэтае “звычайнае” рашэньне раённага суда ўлады і прэзідэнт?