(Працяг. Пачатак у №№ 15-25)
У другой палове дня ў панядзелак зза дзьвярэй чую сваё прозьвішча – мяне выклiкаюць. Праз хвіліну дзьверы адчыняюцца. Куды павядуць: на сьвiданку, на допыт, да адваката, на эксьпертызу… Пакуль невядома. Даведаешся толькі на месцы. Ёсьць у гэтым свой плюс – трэніроўка інтуіцыі: з часам амаль беспамылкова вызначаеш, куды i навошта цябе выводзяць.
I вось я, яшчэ нявопытны, накiнуўшы на плечы штармоўку, выходжу. Разьмiнаюся на "прадоле", побач — атлетычнага выгляду хлопец у чырвоным спартовым строi. Ён трымае ў руцэ "кешар", а пад пахаю згорнуты матрац. Я яго ўжо ведаю. Гэта Н., ён вяртаецца ў нашую "хату" з чарговага этапа, i яго сустракаюць там, чую, радаснымi воклiчамi.
Мяне вязуць на допыт. Сьледчы Турач паведамляе, што адвакат пакуль яшчэ ня знойдзены, i прапануе пагадзiцца на размову без яго. Абяцае пасьля сустрэчу з жонкай, якая зараз у Гароднi. Узважыўшы ўсё, на размову (допыт) пагаджаюся.
Пытаньнi, у асноўным, тычацца бiяграфii, але паступова размова наблiжаецца да майго знаходжаньня ў памежным лесе. Паўтараю расповяд пра збор грыбоў. Гучыць гладка. Ды вялiчэзную памылку ўсётакi раблю: кажу, што, зьбіраючы грыбы, пайшоў у бок мяжы.
Раптоўна разумею гэта і кажу сьледчаму, што далей на пытаньні буду адказваць толькі ў прысутнасьцi свайго адваката. Турач настойвае на тлумачэньні спыненьня дачы паказаньняў. I я раблю другую памылку: кажу, што часам бываюць правалы ў памяцi.
Абедзьве гэтыя памылкі потым былі скарыстаныя на карысьць сьледства. Першая, хаця i ўскосна, указала на наўмыснасьць дзеяньня, другая, у далейшым, была расцэненая, як спроба заблытаць КДБ i пазьбегнуць адказнасьцi.
Потым я зразумеў сваю нявопытнасьць і наiўнасьць: ня варта падчас сьледства прызнаваць сваю вiну нават часткова, прынамсi, пакуль яна не даказаная. Той, хто прызнаў вiну, для сьледчага – ужо амаль гатовы падсудны. Людзi, што “варацца“ у законах РБ, добра ведаюць: шчырае прызнаньне паляпшае ўмовы i аблягчае пакараньне, але i падаўжае тэрмiн. Прызнаўшы пасьля затрыманьня факт перасячэньня мяжы i рух у яе бок, я ня столькі атрымаў адносны камфорт у турме, колькі пацьвердзiў справядлiвасьць свайго знаходжаньня за кратамi.
Надалей я стаў, як гэта называецца, на "шлях адмовы складу злачынства“ i “супрацьдзеяньня ўсталяваньню iсьцiны“. Камфорт незваротна зьнiк, але я пра гэта не шкадаваў: ня надта прыемная гэтая справа – камфорт у турме за кошт адмiнiстрацыi.
Пасьля падпiсаньня пратаколу з маімі прыкрымі памылкамі, Турач запрашае ў пакойчык маю жонку. Яна выглядае стомленай i зьнерваванай. Першыя яе словы да мяне: “Ну, ты i дурань!..“
Жонка пабыла ў Смаргонi i ўпэўненая, што мяне б даўно выпусьцiлi, калi б я менш “выступаў“. “Вы яго адпусьцiце?“ — пытаецца яна ў Турача. Той шчыра маўчыць у адказ.
Адвакат, кажа жонка, ужо знойдзены i заўтра мяне наведае. Прадуктовая i рэчавая "дачкi" перададзеныя – хутка я iх атрымаю. У "дачку" пакладзеныя, апроч іншага, “сьвянцоныя яблыкі” – трэба, каб я зьеў іх сам, абавязкова адзін (ведала б яна, колькі гэтае "сам" і "адзін" потым будзе мне каштаваць). А яшчэ яна хвалюецца, што паклала ў рэчы чырвоныя пантоплі (з гэтым праблемы будуць толькі жартаўлівыя, турма – ня зона, рацыянальнае ў дарослых "хатах" перамагае; з'язджаючы на этап, я пакіну пантоплі наступнікам, і яны, спадзяюся, былі ім дарэчы).
Дзякуй Богу, жонка тут, і я веру, што яна цяпер зробіць самае неабходнае. Трэба неадкладна ўздымаць шум у СМІ, каб усе мае прыхільнікі даведаліся, дзе я. Пакуль ня будзе рэакцыі грамадзтва на маё затрыманьне, я – звычайны зэк. Калі ж будуць трымаць, як звычайнага – да суда ня вызваляць.
“Сьвіданка” скончаная. Ідучы да “сабачніка”, бачу, што некалькі ўбаку стаяць сваяк, аршанка Ларыса (прыехала з маёю жонкаю) і Дзіма Кісель – журналіст з газеты “Пагоня”. Радасна вітаюся. Яны адказваюць вітаньнем, але іх твары зусім ня радасныя... Сустрэцца з імі пасьля давядзецца толькі праз шмат месяцаў, ужо на свабодзе...
Пасьля “сьвіданкі”, шукаючы найлепшага выйсьця, жонка мела размовы з галоўным апазіцыянерам Гарадзеншчыны Сямёнам Домашам і славутым адвакатам Гары Паганяйлам. Надалей жа ейныя дзеяньні былі супрацьлеглымі маім просьбам.
Вяртаюся ў "хату" – хлопцы кажуць: прыносілі "дачку" , але мяне не было, таму не пакінулі. Значыць, прынясуць заўтра.
На тумбачцы стаіць вячэра. Да гонару "хаты" трэба сказаць, што пайкі для тых, каго часова выдзернулі, яна пакідае заўсёды, пры любых стасунках паміж жыхарамі.
"Калегі" уражаныя тым, што ў мяне — ўжо другі допыт за чатыры дні. Гэта для іх пацьверджаньне, што я ня просты зэк. З простымі "сьлядак" сустракаецца раздва на месяц.
Да адваката мяне вядуць наступным ранкам – праз унутраны дворык у сьпецыяльны будынак — там усе кабінеты праслухоўваюцца.
Не было б кратаў – наўрад ці пазнаёміўся б з гэтым чалавекам. А практычных ведаў ён даў нямала. У стасунках з Уладзімірам я зразумеў, наколькі істотная для адваката і кліента мова жэстаў, а таксама тое, што на Беларусі асноўная работа адваката — не ў судзе, а ў кулуарах. Нябачная большасьці, яна найперш неабходная для посьпеху. А суд – так, для прэсы.
Са зьяўленнем Н. нашая "хата" адразу робіцца “правільнай” – пачынае “ганяць коней”. Я таксама рвуся да справы, бо хачу даведацца, дзе Алег, і наладзіць з ім сувязь. З. болей не паказвае з сябе знаўцу "паняцьцяў" і толькі незадаволена бурчыць час ад часу ў бок Н. А Н. вучыць мяне пакуль не сьпяшаецца, і ў гэтым яго актыўна падтрымлівае, як высьвятляецца, галоўны ягоны сябра ў нашай "хаце" Банкір: “Навічкі павінны некалькі тыдняў прыглядацца”, кажуць яны. Калі ж мы, урэшце, дамаўляемся з Н. пра вучобу і трэніроўкі па кунфу, таго выцягваюць на этап.
(Працяг будзе)