З пачатку сьнежня 1998 г. у Мiнскiм СIЗА павялiчылiся нормы прыёму перадачаў зьняволеным. Раней тут прымалi ў месяц адну прадуктовую перадачу вагой да васьмі кiлаграмаў (пры ўмове, што зьняволены не парушыў рэжыму). А з пачатку сьнежня 1998 г. перадачу дазволена перасылаць два разы на месяц і вагою да пятнаццаці кiлаграмаў.
Супрацоўнiкi СIЗА патлумачылi, што гэтыя зьмены былi ўведзеныя з нагоды сьвятаў — Калядаў i Новага году. Але новыя нормы, вiдаць, застануцца i надалей. Памяншаць iх пакуль што не зьбiраюцца. Варта адзначыць, што нормы павялiчылiся толькi ў Мiнскiм СIЗА, а ў iншых гарадах Беларусi яны засталiся ранейшымi — восем кiлаграмаў, і толькі раз на месяц.
Цяпер у мiнскiм СIЗА прымаюць і тушонку ў металічных бляшанках. Раней гэта было забаронена — бо ў камерах нельга трымаць нiякiх металічных прадметаў, каб не нанесьцi цялесных пашкоджаньняў сабе i сукамернiкам. Кажуць, што цяпер бляшанкi з тушонкай адкаркоўвае «прадольны мент» (дзяжурны па калiдоры). Раней нельга было перадаваць малочныя прадукты, цяпер прымаюць i сыр, i згушчанае малако. Гэта азначае, што істотна пашырыўся і асартымент прадуктаў. Але ў пакоi для прыёму перадачаў мiнскага СIЗА вiсiць абвестка аб тым, што напоi i сокi ў аднаразовых упакоўках часова прымаць забаронена. Тлумачыцца гэта тым, што напярэдаднi сьвятаў былi спробы перадачы сьпiртнога.
Для зьняволенага, якi знаходзiцца ва ўмовах перанаселенай камеры, дзе на аднаго чалавека прыпадае менш за квадратны метр плошчы, перадача — самая вялiкая радасьць. Кожны зьняволены прыкладна ведае, калi падыходзiць ягоны тэрмiн атрымаць перадачу, i з надзеяй чакае гэтага дня.
Здараюцца выпадкi, калi частка перадачы не даходзiць, але даказаць гэта немагчыма. Тое, што перадаецца, узважваецца, але ў камеры няма вагаў, i зэк ня можа праверыць вагу. А калi мент вязе не каталцы цыгарэты "LM" (кожная пачка перавязаная нiткамi альбо ўсе цыгарэты высыпаныя ў празрысты пакунак), дык хiба лёгка яму ўтрымацца i не працягнуць руку па цыгарэты... Бо пасьля работы давядзецца купляць iх па 160 тысячаў у камерцыйным кiёску. У сем’ях супрацоўнiкаў СIЗА iдзе значная эканомiя грошай за кошт сваякоў зьняволеных. Таму павелiчэньне нормаў перадачаў выгадна ня толькi зэкам.
Вiдавочна, што гэтая зьмена нормаў зьвязаная ня толькi са сьвятамi i жаданьнем адмiнiстрацыi мiнскага СIЗА зрабiць зэкам калядныя падарункi, але i з тым, што выжыць нармальнаму чалавеку пры мізэрнай турэмнай штодзённай пайцы вельмі цяжка. Зранiцы тут даюць звычайна чарпак сечкi, у абед — баланду з пярлоўкай, на вячэру могуць даць юшку з селядца... Такім чынам, павялiчыўшы колькасьць перадачаў, адмiнiстрацыя СIЗА часткова здымае з сябе адказнасьць за харчаваньне зьняволеных.
Відавочна, што павялічэньне нормаў перадачаў зьвязанае і з iнтэграцыйнымi працэсамi — у Расii такія нормы былi ўведзеныя значна раней.