Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

3/1999


Сітуацыя - Барыс Гюнтэр:«Мы давядзем справу выбараў да лагiчнага канца!»

— Спадар Гюнтэр, выбары прэзідэнта Беларусі ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй 1994га году прызначаныя на 16 траўня. Раскажыце, як і чаму гэта адбылося?

— Дэпутаты Вярхоўнага Савету 13га склiканьня, якія засталіся вернымі Канстытуцыі 1994га году, ўзялі на сябе дзяржаўны абавязак выконваць функцыі Вярхоўнага Савету 13га склiканьня ў яго поўным складзе. Прычым зрабiлi гэта, не парушаючы заканадаўства. Яны маюць права прымаць такія рашэньнi. Сёлета заканчваецца тэрмін легітымнасьці прэзiдэнта краіны. Таму дэпутаты Вярхоўнага Савету 13га склiканьня выканалi свой абавязак — прызначылі дату выбараў на 16 траўня, а таксама абралi i зацьвердзiлi склад Цэнтральнай выбарчай камiсiі. Цяпер сьвяты абавязак гэтай Выбарчай камiсiі арганізаваць і правесьці выбары, а ўсяго нашага грамадства прыйсьцi 16 траўня на галасаваньне.

— Мiнiстр юстыцыi Беларусі, выступаючы па тэлебачаньнi, сказаў, што перадвыбарчая кампанiя, якую распачала апазiцыя, зьяўляецца супрацьзаконнай?

— Мiнiстр можа лiчыць, як яму заўгодна. Вярхоўны Савет выканаў свой канстытуцыйны абавязак, Цэнтрвыбаркам працуе, фармуе рэгiянальныя камiсii i мэтанакiравана iдзе да выбараў 16 траўня. I калi ўлады ня будуць нам перашкаджаць, мы правядзем гэтыя выбары, згодна законаў i Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь, паводле якіх пяцiгадовы тэрмiн, на які быў абраны прэзідэнт, заканчваецца. А ягонае рашэньне працягнуць свае "паўнамоцтвы" з дапамогай "рэферэндума" 1996га году дагэтуль непрызнанае ўсёй мiжнароднай супольнасьцю. Вынікі таго апытаньня маглі быць прынятыя выключна як «рэкамендацыйныя». Яны павiнны былi яшчэ дапрацоўвацца Вярхоўным Саветам 13га склiканьня. Прымусова ж уведзеныя прэзiдэнтам ў якасьцi заканадаўчых актаў, яны ня маюць нiякай законнасьцi. I таму мы лiчым, што кожны сумленны грамадзянiн нашай дзяржавы абавязаны прыйсьцi на выбары 16 траўня i выказаць сваю волю. Чаму? Шмат людзей «памылiлася» ў Лукашэнку. Я часта сустракаюся з людзьмi, якiя галасавалi за яго, але сёньня яны абураныя тым, што адбываецца ў краiне. I яны — за выбары, яны гатовыя прыйсьцi i прагаласаваць, каб выправіць сваю памылку. Чаму б ім ня даць такі шанц. Мiнiстр юстыцыi, зразумела, выконвае загад Лукашэнкi: яго задача запалохаць апазіцыю і ня даць выбарам адбыцца. Мы ж — ня супраць таго, каб і Лукашэнка вылучыў сваю кандыдатуру на гэтыя выбары i змагаўся на роўных з былым прэм’ермiнiстрам Мiхаiлам Чыгiром, з тым жа Генадзем Карпенкам, з камунiстам Калякiным. Сярод кандыдатаў можа быць прадстаўлены ўвесь сьпектр палiтыкаў...

— Я трымаю ў руках заяву ад члена Цэнтрвыбаркама Генадзя Самойленкi, якi развозiў па Брэсцкай вобласьцi дакументы Цэнтрвыбаркама. Ён сьцьвярджае, што тамтэйшыя «вертыкальшчыкi» iмкнуцца сарваць выбары...

— У гэтым няма нічога дзіўнага: «вертыкальшчыкi» — людзi прызначаныя Лукашэнкам i адданыя яму. Яны сёньня займаюць адказныя пасады дзякуючы менавiта прэзiдэнту Лукашэнку, i таму iх прамы абавязак — усiмi сродкамi шкодзiць законным iнтарэсам нашых грамадзянаў. Бо пры сыходзе Лукашэнкi з пасады, яны таксама страцяць свае пасады. Яны абараняюць сваю «шкуру» i ня больш за тое. Але i сярод чынавенства ёсьць разумныя, сумленныя людзi, якiя будуць нам дапамагаць. Нягледзячы на тое, што сёньня ёсьць загад кiраўнiцтва дзяржавы усялякiм чынам замаруджваць выбары, палiваць брудам Вярхоўны Савет 13га склiканьня, Цэнтральную выбарчую камiсiю i тых людзей, хто пойдзе галасаваць...

— А ці верагодны такі паварот справы, што па загаду зьверху «вертыкальшчыкi» змогуць сарваць выбары, што яны наогул не адбудуцца?

— Вы ж ведаеце прымаўку: «Голас народа — голас Божы». Калi сёньня, нягледзячы на перашкоды з боку адмiнiстрацыі прэзiдэнта, «вертыкальшчыкаў», раённых уладаў i сельскiх саветаў па ўсёй дзяржаве ствараюцца рэгiянальныя выбарчыя камiсiі па выбарах прэзiдэнта, то нiякая ўлада, якая б магутная яна нi была, ня зможа спыніць людзей. Толькi пры адной умове: калі ўлады арыштуюць усiх сяброў выбарчых камiсіяў, дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13га склiканьня, лiдэраў апазiцыйных рухаў i партыяў — яны змогуць сарваць выбары.

— Скажыце, калi ласка, на вышую думку дэкрэт прэзiдэнта аб перарэгiстацыi партыяў i грамадзкiх арганiзацыяў нейкiм чынам зьвязаныя з выбарчай кампанiяй?

— Дэмакратычныя сiлы i ў тым лiку Вярхоўны Савет 13га склiканьня сваім рашэньнем на некалькi крокаў апярэдзілі прэзiдэнта. Перарэгiстрацыя пройдзе з 1 лютага па 1 лiпеня, а выбары адбудуцца ў траўнi. Таму тыя партыі, якiя iснуюць сёньня, працуюць згодна заканадаўства i будуць удзельнiчаць ў выбарах на законных падставах, не зважаючы на гэты дэкрэт. Мэты ж дэкрэту відавочныя. Прэзiдэнт хацеў бы пазбавіцца апазіцыйных партыяў, каб стаць паўнаўладным дыктатарам. У сувязі з гэтым зразумела, чаму "паднятая планка" сяброўства ў партыях i рухах, чаму задуманая люстрацыя сяброў партыяў i рухаў — цяпер яны павiнныя падавацца падрабязныя зьвесткi па кожным сябры: прозьвiшча, пасада, месца жыхарства. Пачынаецца татальная люстрацыя ўсiх апазiцыйна настроеных людзей. Ці не дзеля таго, каб прыняць потым, магчыма, нейкiя рэпрэсiўныя меры. Альбо проста напалохаць людзей.

— Як будуць праходзiць выбары?

— Тэхналогiя выбараў яшчэ адпрацоўваецца. Сёньня самае галоўнае стварыць камiсii, якiя будуць працаваць на чыста тэхнiчны вынiк. Мы добра разумеем, якія нас чакаюць цяжкасьці. Але мы да іх рыхтуемся. Махавiк выбараў закруцiўся, яго нельга спынiць. Народ сёньня незадаволены палiтычным i эканамiчным становiшчам у дзяржаве. Народу трэба даць магчымасьць зрабіць выбар, выказацца: я хачу жыць у нармальнай, незалежнай, прыгожай краiне, а ня ў гэтай пастаяннай няпэўнасьці, ня ў гэтым балоце...

І таму я перакананы: мы ў любым выпадку давядзем справу выбараў да лагiчнага канца.

Гутарыў Мiкола КАЧАН