Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

3/1999


Сітуацыя - Неафашысты адчулі сябе ў Мінску вольна

У цэнтры Мiнску актывiсты фашыстоўскай арганiзацыi РНЕ (Русское национальное единство) зьбiлi беларускiх праваабаронцаў.

Гэта адбылося каля дзевяці гадзінаў вечару 5 лютага ў раёне плошчы Перамогi. Карыстаючыся поўным патураньнем з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў члены фашыстоўскай арганiзацыi Рускае нацыянальнае адзiнства раздавалi тут мiнчанам улёткi сваёй арганiзацыi, якiя накiраваныя на ухваленьне «новага рускага парадку» i на распальваньне мiжнацыянальнай варожасьцi. Непаўнагадовыя фашысты стаялi групамi па тры чалавекi каля пераходу на станцыю метро «Плошча Перамогi», паводзiлi сябе нахабна i агрэсiўна, і толькi чакалi нагоды, каб з некiм счапiцца ў спрэчцы.

У гэты самы час з працы вярталiся Андрэй Саньнiкаў (мiжнародны каардынатар грамадзянскай iнiцыятывы «Хартыя97») i Зьмiцер Бандарэнка (сябра аргкамiтэта грамадзянскай iнiцыятывы «Хартыя97»). Актывiсты «Хартыi97» былi абураныя нахабнымi паводзiнамi непаўнагадовых фашыстаў i зрабiлi iм заўвагу. У адказ на свае словы Андрэй Саньнiкаў атрымаў ўдар у твар. Зьмiцер Бандарэнка ўступiўся за калегу. У гэты момант з бліжэйшага двара выбеглi каля дваццацi маладых людзей i падлеткаў, апранутых у камуфляжную форму з нарукаўнымi павязкамi з выявай сiмвала РНЕ — чырвонай свастыкай. Фашысты бiлi безабаронных людзей нагамi, у тым лiку i па твары. Дзеяньнямi неафашыстаў, большасьць з якiх былi непаўнагадовымi, кiраваў чалавек сярэдняга ўзросту са свастыкай на рукаве.

Напад на правабаронцаў адбыўся ў самым цэнтры Мiнску, дзе звычайна дзяжураць нарады мiлiцыi. Толькi на гэты раз iх побач не было. Людзi абыякава праходзiлi побач. Нават дзяжурны мiлiцыянер з метро ня выклiкаў патрульную машыну i не аказаў дапамогi. За праваабаронцаў уступіўся толькi адзiн прахожы — афiцэр Узброеных Сiлаў. Трапiў у бойку таксама прэссакратар «Хартыi97» Алег Бябенiн, якi вяртаўся з працы. Падчас зьбіцьця праваабаронцаў неафашысты брыдкасловiлi i крычалi: «Жиды!», «Если хотите жить — убирайтесь на ...» Дарослы мужчына са свастыкай на рукаве кiраваў дзеяньнямi падлеткаў. Саньнiкава зьбiвалi каля 10 чалавек. Афiцэр, якi ўмяшаўся у бойку, быў кiнуты на асфальт i жорстка зьбiты. Сiлы былi няроўныя. Выклiканая па тэлефоне мiлiцыя да месца здарэньня ўсё не пад'язджала. Таму Зьмiцер Бандарэнка пабег па дапамогу ва Управу Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», якая знаходзiцца непадалёку на вул. Варвашэнi, а Алег Бябенiн кiнуўся ў Акадэмiю мiлiцыi, якая знаходзiцца побач з Управай фронту. Варта адзначыць, што на несанкцыянаваныя мiрныя пiкеты супраць дыктатуры, мiлiцыянеры зьяўляюцца праз некалькі хвiлiнаў пасьля іх пачатку.

Калi на месцы здарэньня зьявiлiся актывiсты Народнага Фронту i супрацоўнiкi мiлiцыi, то непаўнагадовыя неафашысты разам са сваiм «камандзiрам» зьнiклi ў невядомым накiрунку. Андрэй Саньнiкаў ляжаў у лужыне крывi... Хлопцы з «Маладога Фронту» даставiлi А.Саньнiкава ў гарадскую клiнiчную бальнiцу №2. У А.Саньнiкава зламаная пераносiца, у А.Бябенiна зафiксаваныя шматлiкiя сьляды ўдараў.

Гэтыя падзеi разгортвалiся ў самым цэнтры Мiнску, у некалькiх метрах ад абелiску — сiмвалу перамогi над фашызмам. Але, як бачым, урокi гiсторыi забываюцца... Бо нават прэзiдэнт краiны, найбольш пацярпелай ад зьверстваў фашызму, адкрыта ўхваляе дзеяньнi Гiтлера, а на вулiцах баевiкi са свастыкай зьбiваюць безабаронных людзей. Дарэчы, пры рэжыме Лукашэнкi нiводзiн неафашыст ня быў пакараны. У той час, як за антыпрэзiдэнцкiя лозунгi маладых людзей адпраўляюць за краты. Лозунгi «Жыве Беларусь!» старанна замалёўваюцца. У той жа час на сьценах у гарадах Беларусi перыядычна зьяўляюцца антысемiцкiя лозунгі, накiраваныя на распальваньне мiжнацыянальнай варожасьцi, аўтары якіх застаюцца непакаранымi. І вось вынік такой "палітыкі" — у 1999 годзе фашысты пачалi адкрыта зьбiваць людзей нязгодных з iх iдэалогiяй проста на вулiцах сталіцы Беларусі.