Высокі суд! Паважаныя прысутныя!
2 лістапада 1937 году органамі НКВД быў арыштаваны мой дзед – Маркевіч Масей Савельевіч. Арыштаваны быў проста ў сябе ў хаце, у глухой тады прыпяцкай вёсачцы Чэрнічы Тураўскага раёну Палескай вобласьці. Адразу пасьля арышту, яго этапавалі ў лагер, які быў разьмешчаны каля станцыі Кандалакша Мурманскай вобласьці. Праз пэўны час мой дзед атрымаў афіцыйныя паперы, з якіх даведаўся, што знакамітай “тройкай” ён завочна асуджаны паводле ня менш знакамітага артыкулу 58 Крымінальнага кодэксу СССР – за антысавецкую агітацыю і прапаганду. У якасьці рэчавага доказу вінаватасьці майго дзеда ў матэрыялах справы фігуравала Біблія 1912 году выданьня. Ці варта тлумачыць, што пры наяўнасьці такога “неабвержнага доказу” віны дзед быў прызнаны вінаватым і атрымаў максімальны тэрмін, які быў прадугледжаны “за Біблію” – 5 гадоў?!
Высокі суд! У сваёй прамове пракурор Уладзімір Рабаў паскардзіўся на тое, што ў ягонай працы ёсьць цяжкасьці, якія вынікаюць з адсутнасьці судовай практыкі па нашай справе. Сапраўды, такая справа ў найноўшай гісторыі нашай краіны – першая. Але справы такога роду далёка не такія новыя і ўнікальныя для беларускага грамадзтва, як гэта ўяўляецца маладому супрацоўніку гарадзенскай абласной пракуратуры. І гісторыя майго дзеда, які быў пакараны фактычна за спробу мець уласныя думку, меркаваньне і пазіцыю пра сталінскі “рай ” таму яскравае пацьверджаньне.
У гэтых гісторыях – маёй і майго дзеда – я знаходжу шмат падабенства. Папершае, гэта беспадстаўнасць абвінавачваньня. Бо няма складу злачынства ў тым, што чалавек думае так альбо інакш, у тым, што ён чытае “ня тыя” кнігі альбо піша “ня тыя” артыкулы. Не было ніколі ў Бібліі нічога антысавецкага, таксама як няма і ня можа быць ніякага паклёпу ў артыкулах, якія па сваёй форме зьяўляюцца выказваньнем асабістых меркаваньняў і ацэнак аўтараў публікацыяў.
Другое падабенства – поўная бяздоказнасьць і адной і другой справы. У якасьці доказу злачыннай дзейнасьці майго дзеда фігуравала Біблія. Паглядзіце, як супадае логіка абвінаваўцаў! Яна такая: раз ёсьць Біблія, дык яе абавязкова чытаюць. А раз чытаюць, дык могуць пераказваць зьмест іншым людзям. І праз 65 гадоў: у якасьці доказу пракурор Рабаў выкарыстоўвае наступнае “умозаключение”: “У іх была рэальная магчымасьць выставіць матэрыялы газеты ў Інтэрнэце, бо, як сказаў сьведка Салей, увесь гэты працэс займае ня больш за 6 гадзінаў.”
У 1937 годзе падобная беспадстаўнасьць і бяздоказнасьць сталі падставай дзеля пакараньня майго дзеда, які нягледзячы на катаваньні не прызнаў сваёй віны. Ці зьмяніліся часы і норавы ў судзьдзяў? Ці перасталі яны класьці ў аснову прысудаў сацыялістычную законнасьць і рэвалюцыйную мэтазгоднасьць замест фактаў, доказаў і юрыдычнай абгрунтаванасьці? У хуткім часе мы даведаемся пра гэта з Вашага прысуду, паважаная Тацяна Віктараўна!
Я ж хачу вярнуцца да лёсу майго дзеда – аднаго з тых дзясяткаў мільёнаў невінаватых людзей, якія былі зьнішчаныя Сталіным дзеля задавальненьня сваіх хворых амбіцыяў і зьдзяйсьненьня сваіх антычалавечых планаў. У 1990 годзе майго дзеда рэабілітавалі. Я бачыў той лісточак паперы, на якім зьмясьціўся ўвесь пяцігадовы шлях майго дзеда па пакутах. Аказваецца, Маркевіч Масей Савельевіч яшчэ ў красавіку 1942 году памёр “от острой сердечной недостаточности”. І далей такія ж стандартныя, паўтораныя ў мільёнах дакументаў словы: “обстоятельства смерти неизвестны, место захоронения – неизвестно”.
Для нашай сям’і, Высокі суд, арышт майго дзеда стаўся сапраўднай трагедыяй. Бяз мужа засталася жонка. Без кармільца засталіся чацьвёра дзяцей, у тым ліку і мой бацька. А самае галоўнае – усе яны перайшлі ў другі статус – сталі дзецьмі “ворага народа”. Многія чулі, што гэта такое. На практыцы гэта азначала адно: татальнае прыніжэньне і адсутнасьць усялякай персьпектывы. Усе яны, ратуючыся ад несправядлівага кляйма, вымушаныя былі ў пошуках лепшай долі пакінуць Радзіму. Вярнуўся толькі мой бацька. Магілы іншых – на чужыне. Развалілася вялікая сям’я, ня склаліся лёсы...
Некалі, знаёмячыся са справай аб рэабілітацыі майго дзеда, нягледзячы на трагізм ягонага лёсу, я разумеў, што ягоны лёс і ягоная рэабілітацыя гэта свайго роду гарантыя таго, што падобныя трагедыі больш не паўторацца. Цяпер я разумею, што памыляўся. І гэты суд – таму пацьвярджэньне. Зноў, як і тады, у грамадзтве пануе страх, па тэлевізары штодня выкрываюць “ворагаў” і “шкоднікаў”, якія перашкаджаюць народу жыць багата і шчасьліва, зноў пачалі зьнікаць невядома куды людзі, пакуль, праўда, ня так масава, як у 1937 годзе. Ізноў на першых старонках усіх газетаў амаль той самы вусаты твар, які павучае земляробаў, як сеяць, навукоўцаў як выкладаць, хакеістаў, як гуляць... Ізноў пачаліся судовыя працэсы, адзінае лагічнае тлумачэньне і мэта якіх – застрашэньне грамадзтва, ператварэньне яго ў статак маўклівых рабоў, у якіх не павінна быць нават права голасу.
Высокі суд, я спадзяюся, што вы разумееце ўсю сімвалічнасьць, знакавасьць і значэньне гэтага працэсу для ўсяго беларускага грамадзтва ў цэлым, а ня толькі для мяне і Паўла. Ад Вашага рашэньня, ад Вашага прысуду будзе залежаць, якога колеру сьвятло будзе запаленае на сьветлафоры, што вызначае кірунак руху Беларусі ў будучыню. Якім будзе дэвіз гэтага руху: “у будучыню – назад!” ці “наперад – у будучыню!”? Ад вашага прысуду залежыць: будзе падняты ці будзе апушчаны шлагбаўм на шляху нашага народу да цывілізаванасьці, цярпімасьці, павагі правоў чалавека?
Узбуджальнікі і натхняльнікі гэтага працэсу таксама разглядаюць яго як свайго роду лакмусавую паперку. Зьесьць грамадзтва гэты абсурд, праглыне яно моўчкі суд над натуральным правам кожнага з нас крытыкаваць уладу, выказваць свае адносіны да гэтай улады? Альбо будзе пратэставаць, пакажа, што за гэтыя 65 гадоў, якія мінулі з 1937 году, мы атрымалі прышчэпку супраць беззаконьня, гвалту і вераломства? Сёньня яны толькі прыглядваюцца да нас, адзін за адным пускаючы пробныя шары, і прыглядаюцца да таго, як мы рэагуем на іхнія захады па вяртаньні краіны назад у СССР. Сёньня яшчэ ня 1937 год. Аднак, калі грамадзтва прасьпіць небясьпеку, не заўважыць, што спрытныя пракуроры цягнуць яго назад у канцлагер, назад у ГУЛАГ, то... Апетыт, як вядома, прыходзіць падчас яды. А ўсё новае, паважаны спадар пракурор, гэта добра забытае старое.
Высокі суд! Я прашу вас зьвярнуць увагу на адну істотную акалічнасьць, якая вынікае з вышэйузгаданых абставінаў. І гэтая акалічнасьць заключаецца ў тым, што гарадзенская абласная пракуратура і гарадзенскі КДБ, ініцыятары гэтай высмактанай з пальца справы, засталіся ў адзіноце. Увесь цывілізаваны сьвет – на нашым баку. Напрыклад, прэзідэнт Чэскай Рэспублікі Вацлаў Гавел з нагоды гэтага суда заклікаў "да неадкладнага заканчэньня крымінальнага перасьледу журналістаў газеты "Пагоня", статссакратар Канцылярыі прэзідэнта Польшчы, рэагуючы на нашую справу заявіў, “што свабодны голас грамадзкай думкі, выяўлены праз СМІ – у тым ліку незалежныя і апазіцыйныя да ўлады – не павінен абмяжоўвацца ні ў якой краіне”. Гэты працэс выклікаў рэзкае абурэньне міністэрстваў замежных справаў Летувы і Швецыі. Сотні маральных аўтарытэтаў нашай планеты, ад пазіцыі якіх залежыць тое, якім будзе імідж нашай краіны на міжнароднай арэне, запатрабавалі ад беларускіх уладаў неадкладнага спыненьня гэтай ганебнай для цывілізаваных людзей справы. Так што,
Высокі суд, пазіцыі вызначаныя. І рашэньне за Вамі: станеце Вы на бок закону, маралі, цывілізацыі, дабра і справядлівасьці ці салідарызуецеся з цемрашаламі абласнога ўзроўню. У 1937 годзе судзьдзі, на бяду для майго дзеда, выбралі апошняе.
І тады, і сёньня ўзбуджальнікі падобных працэсаў абгрунтоўваюць свой выбар інтарэсамі народу, “важдзя”, альбо “бацькі”. Калі браць наш канкрэтны выпадак, то, я спадзяюся, Высокі суд і без мяне ўжо зразумеў, што бацькі гэтага сьпектаклю абсурду пра кіраўніка дзяржавы Лукашэнку думалі ў апошнюю чаргу. Таму і атрымалася, што гэты самы Лукашэнка ад дзейнасьці такіх “рупліўцаў” нічога, акрамя свайго палітычнага і маральнага прыніжэньня не атрымаў. Гаворачы гэта, я маю на ўвазе ўжо ня толькі міжнародную рэакцыю. Я спадзяюся, вы ў курсе, Высокі суд, як ставіцца да гэтага працэсу абсалютная большасьць людзей нашага грамадзтва, якое ацэньвае яго ў катэгорыях справядліва – не справядліва. Дык вось, грамадзкая думка і грамадзкая сімпатыя адназначна на нашым баку. І на шматлікіх кухнях, і ў грамадзкім транспарце, і тут, на прыступках суда Ленінскага раёну г.Гародня, людзі, абмяркоўваючы наш працэс, скланяюць ня столькі імёны пракурораў, колькі імя Аляксандра Лукашэнкі, імя якога – о, парадокс! – пракуроры нібыта хацелі абараніць.
Як і ў 1937 годзе, спускавы курок рэпрэсіяў націскаюць раўнівыя аматары дагадзіць. І тады, і цяпер, уладаю “балуюцца”, не разумеючы, што з гэтага атрымліваецца ўрэшце рэшт. Гэта яны, адзін аднаго абганяючы ў ініцыятывах, не прыпыняюцца ні перад чым, пастаўляючы “вінаватых” у прагнае жарало пекла. Сёньня няма трацкістаў, замежных шпіёнаў. Але ёсьць журналісты "Пагоні" Маркевіч і Мажэйка, якія хочуць пакрыўдзіць прэзідэнта, ягоныя гонар і годнасьць. Хочуць прынізіць прэзідэнта, хаця на самой справе ён высокі. Больш за тое, паглядзіце – яны ўжо яго прынізілі...
Увесь трагізм гэтай сітуацыі ў тым, што зразумець усё гэта можа толькі адзін чалавек у Беларусі – сам Лукашэнка. Аднак ён – далёка, падобных “дробязяў” не заўважае. І сьнежны камяк абсурду, скінуты абаронцамі “бацькі”, паступова вырастае да пагражальных памераў... То тут, то там узбуджаюцца справы, разганяюцца дэманстрацыі, перапісваецца гісторыя... Аднак, на мой погляд, нашыя беды павялічваюцца не таму, што ёсьць нязгодныя з Лукашэнкам, а зза дыспрапорцыі, якая сёньня назіраецца ў нашых кіраўнікоў і ў нашых пракурораў паміж узроўнем іх разуменьня сітуацыі і ўзроўнем іх паўнамоцтваў. І гэта, на вялікі жаль, не залежыць ад таго, зьявіўся той ці іншы артыкул у"Пагоні" , ці не зьявіўся.
Аднак вернемся да шматлікіх чутак пра загадкавыя зьнікненьні палітычных апанентаў Лукашэнкі. У дзяржаве ўзьнік Бярмудзкі трохкутнік, дзе бяз сьледу зьніклі Ганчар, Захаранка, Красоўскі і Завадзкі. Натуральна, што людзі хочуць разгадаць гэтую загадку. Выказваюцца версіі. І вельмі кепска, што ў прэзідэнта няма адказу на гэтую загадку, гэтыя пытаньні, гэтыя версіі. Дык хто ж у гэтым вінаваты? Ясна адно – не Маркевіч і не Мажэйка!
Высокі Суд! У сваёй працы я і ўвесь калектыў "Пагоні" кіраваўся выключна Законам “Аб друку” і правамі, якія прадставіла нам Канстытуцыя. І няма маёй віны ў тым, што недзе ў КДБ альбо ў пракуратуры ёсьць людзі, якія ўпарта ня хочуць разумець і прызнаваць галоўныя гарантыі нашага Асноўнага Закону. На працягу гэтага працэсу толькі сьляпы мог не заўважыць, што гэтая справа шытая белымі ніткамі. Усе два тамы гэтай справы сьведчаць пра нашую з Паўлам невінаватасьць. Пра тое, што нас папросту прызначылі вінаватымі.
Высокі суд! Вы паглядзіце, якая вялікая кампанія тых, хто ці па сваёй слабасьці, ці зза спагады альбо страху перад пракуратурай забіваў і зьнішчаў "Пагоню". Высокі суд, паглядзіце, сёньня ўжо ня раз акрываўлены клінок пракуратура імкнецца ўкласьці і ў Вашыя рукі. Не паддавайцеся на правакацыю. Не ідзіце на паваду ў людзей, якія хочуць загрэбці жар Вашымі рукамі, не станавіцеся саўдзельнікамі гэтага жудаснага злачынства супраць свабоды слова.
Вы маеце ўсе падставы і ўсе паўнамоцтвы спыніць гэтую ганебную справу, апраўдаўшы невінаватых людзей. Гэтым вы дакажаце, што высокае слова "Закон" у нашай краіне не пусты гук. Гэтым вы пакажаце ўсяму цывілізаванаму сьвету, што беларусы – цывілізаваны народ, а з Беларусьсю можна і трэба мець справу без небясьпекі згубіць тут беспадстаўна свае грошы, маёмасьць і добрае імя.
Дзякуй за ўвагу!