ПРЫНЯЦЬЦЕ НОВАГА ЗАКОНУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ “АБ СВАБОДЗЕ ВЕРАВЫЗНАНЬНЯЎ І РЭЛІГІЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯХ” СТВАРАЕ ПАГРОЗУ МАСАВЫХ ПАРУШЭНЬНЯЎ ПРАВОЎ ВЕРНІКАЎ
Прыняты 31 траўня Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні законапраект “Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях” выклікаў абурэньне вернікаў і рэлігійных суполак. Незадаволенасьць чарговым крокам уціску правоў чалавека аб’яднала сяброў самых розных рэлігійных грамадаў.
Шырокія колы вернікаў патрабуюць улічваць іх інтарэсы падчас прыняцьця новага закону і захаваць традыцыі талерантнасьці і свабоды, якімі беларуская зямля была славутая яшчэ з XVI стагодзьдзя. З гэтай мэтай, а таксама дзеля прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці да праблемы, 12 чэрвеня была створаная грамадзянская ініцыятыва “За свабоднае веравызнаньне”, да якой далучыліся і прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў.
На здымках на грамадзкіх слуханьнях па пытаньнях новай рэдакцыі закону “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях”, якія прайшлі 24 чэрвеня.
Праект новай рэдакцыі закону “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях” быў унесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў. Распрацоўшчыкамі праекту называюць сьпецыялістаў Цэнтру законапраектнай дзейнасьці пры Адміністрацыі прэзідэнта РБ і Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. Але няма сакрэту ў тым, што гэты дакумент рыхтаваўся з дапамогай юрыстаў беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы. Гэта нават бачна па прэамбуле да закону (якая не ўваходзіць у асноўны тэкст, але таксама выносіцца на разгляд дэпутатаў), дзе праваслаўе называецца гістарычна асноўнай рэлігіяй Беларусі, а каталіцызм, юдаізм, суніцкі іслам і асобныя плыні пратэстанцтва – гістарычна існуючымі на Беларусі. Астатнія рэлігійныя канфесіі пастаўленыя ў стан маргінальных суполак, якія вызнаюць рэлігіі другога гатунку. Нераўнапраўе рэлігійных аб’яднаньняў чырвонай ніткай праходзіць па тэксьце законапраекту.
Распрацоўшчыкі законапраекту матывуюць ягоны жорсткі зьмест неабходнасьцю змагацца з “дэструктыўнымі неакультамі і таталітарнымі сектамі” кшталту "Белага брацтва" ці "АУМ Сінрыкё". Але гэтыя апраўданьні не вытрымліваюць аніякай крытыкі. Справа ў тым, што гэтакзваных “таталітарных сектаў” закон аб веравызнаньні амаль не датычыцца. Яны ж і так не рэгіструюць свае суполкі і свае аб’яднаньні, сьвядома ідучы насуперак грамадзкай маралі. Напрыклад, цяжка сабе ўявіць сатаністаў, якія панясуць у камітэт па справах рэлігіяў статут сваёй суполкі, які прадугледжвае чалавечыя ахвярапрынашэньні і зьдзек над хрысьціянскімі могілкамі. Такія выпадкі рэгулююцца крымінальным кодэксам і знаходзяцца ў кампетэнцыі міліцыі. Закон жа робіць перашкоды дзейнасьці тых рэлігійных плыняў, якія зьяўляюцца арыентаванымі на інтэграцыю ў грамадзянскую супольнасьць і хочуць ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць легальна. Менавіта такім арганізацыям будзе цяжка прыстасавацца да новых умоваў. Верагодней за ўсё, нейкая частка з іх будзе выштурхнутая за межы прававога поля і вымушаная сысьці ў падпольле. Мы вяртаемся нібыта ў часы Нярона, і хутка супрацоўнікам Камітэту па справах рэлігіяў давядзецца выкрываць "прыхаваныя" цэрквы.
Шматлікія парушэньні правоў вернікаў і правоў рэлігійных арганізацыяў прыцягнулі да законапраекту ўвагу рэлігійнай грамадзкасьці яшчэ на стадыі яго распрацоўкі. Усе ў адзін голас адзначалі ягоную недэмакратычнасьць і жорсткі характар. Рэлігійныя грамады ўнесьлі некалькі сотняў заўвагаў па тэксьце законапраекту. І зараз распрацоўшчыкі крывадушна заяўляюць, што “некаторыя з гэтых паправак былі ўлічаныя”. На самой справе была ўлічаная толькі адна заўвага, пра тое, што паруску слова “религия” пішацца праз літару “е”, а не праз... “и”, як першапачаткова напісалі аўтары законапраекту.
Яшчэ ўвосень 2001 году Беларускі хельсінскі камітэт выказаў занепакоенасьць тым, што новы закон непазьбежна прывядзе да распальваньня рэлігійнай варожасьці і нецярпімасьці: “Гэты таталітарны закон не прадугледжвае асабістай свабоды чалавека, паколькі ён прапісвае права на ажыцьцяўленьне веравызнаньня толькі для групы грамадзянаў у колькасьці 20 і больш чалавек. Акрамя таго, закон унутрана супярэчлівы. Пра ягоную супярэчнасьць сьведчаць палажэньні артыкулаў пра распаўсюд рэлігійнай літаратуры. Гэта можна рабіць толькі пасьля заключэньня рэлігіязнаўчай камісіі, аднак пры адсутнасьці прафесійных і цалкам нейтральных сьпецыялістаў такога кшталту эксьпертыза ставіцца сьпецыяльнай цэнзурай. У гэтым праекце, акрамя таго, разглядаецца ідэя ўзмацненьня ролі дзяржавы на веруючых і рэлігійныя арганізацыі. Напрыклад, пры наяўнасьці ў краіне пракуратуры, як вышэйшага органу кантролю за выкананьнем законаў, не зусім зразумела, дзеля чаго патрэбна бюракратычная структура камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў”.
Аднак яшчэ большае абурэньне выклікае тое, як выкарысталі нашыя законатворцы эксьпертнае заключэньне расійскага Інстытуту рэлігіі і права. Старшыня Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў неаднаразова заяўляў, што праект быў станоўча ацэнены Інстытутам. Але 13 чэрвеня Інстытут рэлігіі і права распаўсюдзіў заяву пра тое, што эксьпертнае заключэньне па гэтым законапраекце было адмоўным. У тэксьце законапраекту ўтрымліваюцца палажэньні якія, як заяўляюць эксьперты, “яўна супярэчаць міжнародным стандартам свабоды сумленьня і веравызнаньня, а таксама Канвенцыі СНД 1995 году аб правах чалавека”. Законапраект, у параўнаньні з дзеючым законам, адрозьніваецца ў горшы бок і істотна абмяжоўвае свабоду сумленьня і веравызнаньня ў Рэспубліцы Беларусь. Як лічаць эксьперты, прыняцьце законапраекту ў існуючым выглядзе можа выклікаць масавыя парушэньні правоў вернікаў і правоў рэлігійных аб’яднаньняў. Праекту патрэбная сур’ёзная дапрацоўка.
Як адзначыла юрысконсульт прэсслужбы Саюзу хрысьціянаў веры евангельскай Дзіна Шаўцова, у сваім заключэньні па гэтым законапраекце вядомыя расійскія прававеды зьвярнулі ўвагу на тую асаблівасьць, што рэлігійныя арганізацыі падлягаюць абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі. Разам з тым у тэксьце праекту закону ня згадваецца тое, што грамадзяне маюць права сумесна спавядаць рэлігію без утварэньня юрыдычнай асобы (вывучэньне сьвяшчэнных тэкстаў у сямейным коле ці коле сяброў – адзінадумцаў, сумесная малітва за рамкамі рэлігійных арганізацыяў). Пры адсутнасьці трывалых дэмакратычных традыцыяў і невысокім узроўні прававой культуры такое палажэньне можа прывесьці да таго, што нават самастойнае вывучэньне Бібліі запатрабуе стварэньня асобнай рэлігійнай суполкі з 20ці чалавек. Гэта зьяўляецца відавочным парушэньнем артыкулу 18 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе кожнаму чалавеку права вызнаваць сваю рэлігію як адзінаасобна, так і супольна з іншымі людзьмі, як прыватна, так і публічным чынам. Гэтае права можа быць абмежаванае толькі ў інтарэсах грамадзкай бясьпекі, здароўя, правоў і свабодаў іншых асобаў. Між тым, дадзены законапраект, напрыклад, забараняе стварэньне рэлігійных аб’яднаньняў грамадзянам, якія не жывуць у адным альбо ў сумежных населеных пунктах. Такім чынам, законапраект супярэчыць міжнародным абавязацельствам, узятым на сябе Рэспублікай Беларусь.
Выклікае занепакоенасьць і палажэньне праекту аб тым, што кіраўніком рэлігійнае арганізацыі можа быць толькі грамадзянін Рэспублікі Беларусь.
Сьпецыялісты выказваюць думкі, што нормы закону аб парадку ліквідацыі рэлігійных арганізацыяў супярэчаць грамадзянскаму кодэксу. Згодна з новым палажэньнем, дзейнасьць такой арганізацыі можна прыпыніць нават без рашэньня суда ў выпадку атрыманьня двух папярэджаньняў за парушэньне заканадаўства альбо статуту. Гэта значыць, што калі ў царкве двойчы парушаюцца, напрыклад, правілы супрацьпажарнай бясьпекі (няма плану эвакуацыі, няма вогнетушыцеля), дык рэлігійную арганізацыю можна ліквідаваць нават без рашэньня суда. Таксама гаворыцца, што арганізацыя можа быць зьліквідаваная ў выпадку нанясеньня шкоды здароўю і маралі грамадзянаў. Аднак у артыкуле не агаворваецца, што гэтая шкода можа быць вызначаная толькі ў судовым парадку. Такім чынам, ствараюцца ўмовы дзеля несудовай расправы над аб’яднаньнямі вернікаў.
У адпаведнасьці з новым законам, рэлігійнае аб’яднаньне ствараецца толькі пры наяўнасьці ня менш 10 рэлігійных суполак (кожная колькасьцю ня менш за 20 дарослых чалавек), якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі ня менш за 15 гадоў. Гэтая норма навязвае вернікам арганізацыйную структуру, якая можа супярэчыць іх рэлігійным перакананьням. Напрыклад, як заўважае прэзідэнт Рэлігійнага аб’яднаньня суполак прагрэсіўнага юдаізму Якаў Басін, згодна з габрэйскімі традыцыямі, рэлігійная суполка ствараецца пры наяўнасьці 10 вернікаў. Тым самым законапраект ігнаруе нацыянальныя і рэлігійныя традыцыі народаў, якія ўтвараюць беларускую нацыю. Выклікае пытаньні і зацьвярджэньне згаданага пятнаццацігадовага выпрабаваўчага тэрміну дзейнасьці рэлігійных аб’яднаньняў. Як піша ў сваім эксьпертным заключэньні Інстытут рэлігіі і права РФ, “пятнаццаць год таму на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу фізічна не маглі існаваць шмат якія гістарычныя вядомыя і паважаныя канфесіі”. Дарэчы, ці існавалі пятнаццаць год таму ў Беларусі ўніяты? Гэта будзе вырашаць нейкі эксьпертны савет. І калі ён дасьць адмоўны адказ, нацыянальнае беларускае веравызнаньне, якое існавала тут стагодзьдзямі, на доўгія гады апынецца паза законам...
Законапраект дазваляе ствараць духоўныя навучальныя ўстановы толькі рэлігійным аб’яднаньням, адмаўляючы ў гэтым праве рэлігійным суполкам. Гэта ставіць у няроўнае становішча “вялікія” і “малыя” рэлігіі, таму што дзеля рэгістрацыі рэлігійнага аб’яднаньня неабходна 10 суполак з ня менш як 200 вернікамі. Супольнасьць са 199ці дарослых вернікаў ня зможа стварыць рэлігійную школку для дзяцей.
Даволі цьмяная і норма аб месцах, дзе дазволена праводзіць рэлігійныя службы. Рабіць гэта, як раней, на прыватных кватэрах, па месцы жыхарства грамадзянаў, будзе забаронена.
Акрамя таго, як заяўляюць прадстаўнікі чатырох буйнейшых пратэстанцкіх канфесіяў краіны, закон легалізуе цэнзуру па рэлігійнай прыкмеце. Ён забараняе рэлігійным суполкам мець ва ўласнасьці і выдаваць газеты, часопісы, а распаўсюджаньне рэлігійнай літаратуры дазваляецца толькі пасьля папярэдняй рэлігіязнаўчай эксьпертызы (чытай, цэнзуры).
Зразумела, што дзейсны Закон аб свабодзе веравызнаньняў ад 1992 году не бездакорны, але ў параўнаньні з новым законапраектам ён зьяўляецца цудам ліберальнай законатворчай думкі. Да што там стары закон! Нават сярэднявечнае беларускае заканадаўства было больш прагрэсіўным, бо яно ня ўмешвалася ва ўнутраныя справы вернікаў.
У Статуце Вялікага Княства Літоўскага, прынятым у1588 годзе, у разьдзеле 3, артыкуле 3 сьцьвярджаецца: “А таму што ў рэспубліцы нашай ёсьць немалая розьніца ў хрысьціянскай веры, прадухіляючы тое, каб з гэтае прычыны паміж людзьмі не пачалася якаянебудзь варожасьць шкадлівая, якую ў другіх дзяржавах мы ясна бачым, абяцаем сабе за нас і за нашчадкаў нашых на вечныя часы пад абавязкам прысягі, пад вераю, годнасьцю і сумленьнем нашым, што якія ні ёсьць мы розныя ў веры, мір паміж сабой захаваць і дзеля рознай веры ў касьцёлах крыві не праліваць і нікога не караць адчужэньнем маёмасьці, зьнявагаю, арыштам альбо выгнаньнем, і ніякім уладам і ўраду ў падобных дзеяньнях не спрыяць...”.
Нашыя продкі дэманструюць нам узоры талерантнасьці і верацярпімасьці. Новы закон паварочвае нас да цемрашальства і рэлігійнага перасьледу.
Падаецца, што нават самі аўтары закону ня ведаюць, якія жудасныя наступствы можа ён выклікаць. Трэба чакаць таго, што ў хуткім часе “паляваньне на вядзьмарак” выкліча новую хвалю эміграцыі з Беларусі. Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што нашая краіна зьяўляецца пастаўшчыком палітычных уцекачоў у Еўропу і вольны сьвет увогуле. Магчыма, што неўзабаве нам давядзецца прызвычаіцца і да паняцьця “рэлігійны ўцякач з Беларусі”, а нашую краіну будуць лічыць у сьвеце аўтарытарнай дыктатурай з жорсткім рэлігійным прыгнётам.
Зразумела, што прыняцьце ў першым чытаньні законапраекту аб зьменах у Закон аб свабодзе веравызнаньняў гэта толькі частка поўнамаштабнага наступу дзяржавы на структуры грамадзянскай супольнасьці. Дзяржава, паставіўшы ў невыносныя ўмовы сьвецкія грамадзкія аб’яднаньні, дамагаецца кантролю і над рэлігійнымі арганізацыямі. Таму ў барацьбу за захаваньне свабоды веравызнаньняў уключыліся і нерэлігійныя грамадзкія аб’яднаньні, звычайныя грамадзяне. Новаўтвораная грамадзянская ініцыятыва “За свабоднае веравызнаньне” патрабуе правядзеньня шырокага грамадзкага абмеркаваньня праблемы і заклікае да ўдзелу ў дыялогу прадстаўнікоў усіх канфесіяў, правазнаўцаў, юрыстаў, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады.
Толькі сапраўдны ўлік грамадзкай думкі і галоснае абмеркаваньне зьменаў у заканадаўстве дазволіць прадухіліць чарговае абмежаваньне грамадзянскіх свабодаў і зрабіць дзяржаўную рэлігійную палітыку адпавядаючай міжнародным прававым нормам і пажаданьням беларускага грамадзтва.
P.S. 26 чэрвеня Палата прадстаўнікоў перанесла на восень разгляд законапраекту «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях»...