Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

12/2002


Хроніка

АБВІНАВАЧАНЫ Ў "СПРОБЕ АБРАЗЫ ПРЭЗІДЭНТА"

20 чэрвеня ў пракуратуры Першамайскага раёну г.Мінску было прад’яўленае абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай супраць рэдактара газеты “Рабочы” Віктара Івашкевіча. Паводле арт. 367 ч.2 Крымінальнага кодэксу РБ і 368 ч.1 КК РБ ён абвінавачваецца ў “спробе паклёпу на прэзідэнта” і “спробе абразы прэзідэнта”. 20 чэрвеня ў пракуратуры Першамайскага раёну г.Мінску адвакат Сяргей Цурко і Віктар Івашкевіч азнаёміліся з матэрыяламі справы. Цяпер справа будзе накіраваная ў суд на разгляд. Адвакат Сяргей Цурко сказаў:” Паводле арт. 368 ч.1 Крымінальнага кодэксу РБ прадугледжаныя штраф, папраўчыя працы і абмежаваньне свабоды тэрмінам да 2 гадоў і пазбаўленьне волі да 2 гадоў, а паводле арт. 367 ч. 2 – абмежаваньне свабоды і пазбаўленьне волі тэрмінам да 5 гадоў. У справе В.Івашкевіча сітуацыя лепшая , чым у рэдактара газеты “Пагоня” М. Маркевіча. Артыкул “Злодзей павінен сядзець у турме”, за публікацыю якога прад'яўленае абвінавачаньне, быў узяты рэдакцыяй газеты з Інтэрнэту. Гэты матэрыял можна было прачытаць на розных сайтах. Таму ўсе падставы дзеля абароны ў нас ёсьць”.

ШТРАФ АБАРОНЦУ КУРАПАТАЎ

19 чэрвеня судзьдзя Мінскага раённага суда Дз.Грыцуль вынес рашэньне па адміністратыўнай справе Васіля Парфянкова. Абаронца Курапатаў прызнаны вінаватым і пакараны штрафам памерам у 2 базавыя адзінкі – 20 тысячаў рублёў. Дарэчы, разгляд справы В.Парфянкова цягнуўся больш за два месяцы.

РАДЫЁЖУРНАЛІСТА НЕ ПУСЬЦІЛІ Ў МЗС

13 чэрвеня мінскі карэспандэнт Радыё Рацыя ня змог прысутнічаць на прэсканферэнцыі, якую ладзіў намесьнік міністра замежных справаў РБ Аляксандр Герасіменка з нагоды зьменаў у візавым рэжыме паміж Беларусьсю і Польшчай, Летувой і Латвіяй. Прэссакратар МЗС Павел Латушка, які не пусьціў карэспандэнта зарэгістраванай у Польшчы радыёстанцыі ў будынак міністэрства, патлумачыў свае дзеяньні тым, што радыёстанцыя ня мае акрэдытацыі пры МЗС, а тое, што раней карэспандэнты маглі прысутнічаць на прэсканферэнцыях ведамства, выключэньне з правіла.

Цягам апошніх двух гадоў Міністэрства замежных справаў тройчы адмаўляла карэспандэнтам Радыё Рацыя ў акрэдытацыі, не паведамляючы прычынаў. Закон аб друку РБ, які рэгламентуе акрэдытацыю замежных карэспандэнтаў, дазваляе міністэрству замежных спраў уводзіць абмежаванні на акрэдытацыю толькі для журналістаў тых краін, дзе абмяжоўваюцца правы беларускіх журналістаў. Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, гэтае абмежаваньне не датычыць карэспандэнтаў польскіх СМІ.

СПРОБА ЗАПАЛОХАЦЬ

23 чэрвеня ў 23 гадзіны ў памяшканьне, дзе месьціцца рэдакцыя Белаазёрскай газеты “Альтанка” і грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтр рэгіянальнага супрацоўніцтва”, прыйшлі два супрацоўнікі міліцыі, якія патлумачылі сваё зьяўленьне тым, што атрымалі зьвесткі, быццам бы па гэтым адрасе захоўваюцца скрадзеныя рэчы. На патрабаваньне прад’явіць санкцыю на вобыск, альбо хаця б назвацца, міліцыянты не рэагавалі. Яны зрабілі агляд памяшканьня і заявілі, што яго трэба апячатаць. Двух супрацоўнікаў рэдакцыі, што былі ў гэты час у офісе, прымусілі ехаць ў РУУС. Там іх дапытвалі да 2 гадзінаў ночы, а потым вызвалілі. Падчас гэтых дзеяньняў не складаліся ні пратакол допыту, ні пратакол агляду памяшканьня.

На наступны дзень у тым жа памяшканьні быў праведзены паўнавартасны вобыск. Зноў жа, санкцыі на яго правядзеньне не было, а пратакол не складаўся. Вобыск рабілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія таксама не назваліся.

Выканаўчае бюро Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў заявіла пратэст у сувязі са свавольствам міліцыі гораду Белаазёрску і зьвярнула ўвагу грамадзкасьці на тое, што перасьлед недзяржаўных арганізацыяў у гэтым горадзе ажыцьцяўляецца відавочна злачыннымі метадамі.