CD, Студэнцкая Думка

02/2003


Тое, што адбываецца вакол цябе

АЛЬТЭРНАТЫЎНЫ КЛЯБІНГ

Народныя трэш-забаўкі кшталту кухонных пасядзелак, публічнага караоке, актыўнага выпіваньня ў боўлінг-цэнтрах і інш. сталі надзвычай папулярнымі на Захадзе. Стомленасьць ад нудотнага клябіліці невыносная - гэта дало шанцы простым, а таму масавым спосабам баўленьня часу набыць сваю аўдыторыю сярод клябэраў. Мода на old school васьмідзясятых прапануе па-новаму зірнуць на адпачынак.

Пакуль вэстэрнізатары ласуюцца самаробнымі прысмакамі і пад лаўнж папіваюць пунш на хатніх вечарынках, абарыгены ўзгадваюць старадаўнія традыцыі, запачаткаваныя тутэйшымі актывістамі-інтэлектуаламі.

Брытанец зь лёнданскім імем Бэн, філямат адной зь менскіх установаў адукацыі, арганізоўвае для абмежаванага кола сяброў г.зв. "літаратурныя чытаньні". Месцы выбіраюцца адпаведныя - кавярні ці бары, дзьверы якіх будуць адкрытыя для ўсіх ахвотных з вуліцы. Пад мернае пастукваньне пляшак аб куфлі, у якія бармэн пры вас вылівае таннае "Залатое" (АП "Аліварыя"), пад музыку і безь яе паэты чытаюць вершы. Ужо праз колькі хвілінаў захоплівае сам працэс, і нацягнутая штучнасьць падзеі сыходзіць. Яе ажыўляюць і "прыхадні" з вуліцы, у іншы час звычайныя паляўнічыя на танны "комплексны абед", а зараз - самыя патрабавальныя слухачы. Іх падбадзёрваючыя "класна сказаў", "нармальныя сьціхі" ці "х... знае што" - лепшыя вымяральнікі таленту.

Недахоп падобных вечарынак у Менску - боязь кічу (а таму і замалыя яго памеры): напрыклад, музычнае афармленьне, ці не галоўны кампанэнт любой вечарынкі, для арганізатараў не сягае за fm-далягляды "Мелодий века", хаця зусім натуральным у такім антуражы выглядалі б саўндтрэкі, складзеныя па выніках "Чырвоных гвазьдзікоў'83" (рэйтынгавая праграма БТ) ці караоке ў духу "Цячэ вада ў ярок", "Мае вочы чорныя" і інш.

Што да самых пэрспэктыўных месцаў адпачынку, раім зазірнуць у кавярню "Сьвіцязянка" ці хаця б у задрапіраваную ў бардо забягалаўку, якая з правага боку ад Фэлікса Дзяржынскага.

"ЦВЕТЫ" РАДЗІМЫ

Забудзьцеся на раку, у якую некалі ўваходзілі, раз і назаўжды. Да вашага новага прыходу яна можа стаць малаводнай ці наагул зацьвісьці.

Шукаць новыя эмоцыі ў пашыраным на некалькі квадратных мэтраў клюбе "28", які зараз называецца "Цветы", аказалася ня марнай справай. Імправізаваная рэстарацыя са сцэнай для "жывых" выступаў, private room і паўпусты танцпол у пятніцу ня ўражваюць. Фібры агрэсіўнай насьцярожанасьці, якія плаўна перацякаюць у непрыхаванае жлобства з боку пэрсаналу і адміністрацыі, таксама ня новыя для менскіх клюбэраў, але тут квітнеюць неяк адмыслова, арыгінальна, што ня можа ня выклікаць замілаваньня.

Прыходзьце сюды зь сябрамі - буйнымі, вясёлымі, зь нестандартным пачуцьцём гумару. Замоўце ў бары ня першай сьвежасьці "Советское", зашыйцеся ў цёмны private room і рыхтуйцеся назіраць. Garcons у фізіялягічнай і эмацыйнай экіпіроўцы "сініх каўнерыкаў", якія на пытаньне "хто тут каму вінен" маюць адназначны адказ, баявога выгляду салістаў у спартовых касьцюмах, што дэфілююць паўз face control, і адміністрацыю, якая нахабна імкнецца ідэнтыфікаваць ваш аднаполы сяброўскі саюз як гома. Калі апошняе, на вашую гетэра-бяду, падаецца ім аксіёмай, сьвятло ў пастаянным рэжыме "вкл." і незадаволенае "без света нельзя" (really?) разбураць аднастайны private у адну хвіліну.

Вось тады і пачынаецца сапраўдны fun: "весялуха" паступова ператвараецца ў тэатралізаваную пастаноўку, якая нагадвае выкрывальныя савецкія фільмы пра "сов-общепит" з хамаватымі адміністратаркамі і пакрыўджанай інтэлігенцыяй у галоўных ролях. У фільмах усё заканчваецца вясельлем. Наўрад ці такое атрымаецца ў вас, але бліжэй да чацьвертай гэта ўсё стамляе і выдае на неактуальную безгустоўшчыну.