Беларусь - нармальная (адносна, вядома ж, але ўсё ж такі) дзяржава з адпаведнымі атрыбутамі: ёсьць у нас багатыя і жабракі, бізнэсмэны і прастытуткі, сьвятыя і грэшнікі, панкі і гіпі, байкеры і клябэры, скінхэды і хіп-хопэры ды яшчэ шмат іншых. Толькі беларускіх модаў не было, няма і, баюся, яшчэ доўга ня будзе. Чаму?

Мод - ангельскае слова, скарот ад modern (сучасны), і да fashion як такой ніякага дачыненьня ня мае. Стыль жыцьця модаў называецца, адпаведна, мадэрнізм (modernism). Што такое мадэрнізм, папулярна патлумачыў адзін зь яго ідэолягаў, лёнданскі журналіст Пітэр Мідэн: "Гэта спроба чыстага жыцьця ў брудных умовах".

...Брытанія напрыканцы 1950-х гадоў перажывала пасьляваенны вытворчы бум: адкрываліся сотні прадпрыемстваў і фірмаў, якім былі патрэбныя маладыя мазгі. Аплачвалася такая праца някепска, прынамсі, юны мэнэджэр з рэклямнай агенцыі без праблемаў мог дазволіць сабе купляць дзіка дарагія амэрыканскія LP, фірмовыя шмоткі ў буціках, мог рэгулярна цягацца па клюбах. Клюбны бізнэс, дарэчы, знаходзіўся ў наўпроставай залежнасьці ад росквіту брытанскай эканомікі.

Такія вось 17-20-гадовыя хлопцы і дзяўчыны зь лёнданскіх прадмесьцяў, выхадцы са звычайных мяшчанскіх сем'яў, якія ўдзень парыліся ў душных офісах, увечары пачыналі весьці "чыстае жыцьцё ў брудных умовах" - і пакрысе ўсьвядомілі сябе як нешта адзінае. Маладзёны і маладухі назвалі свой сьветапогляд мадэрнізмам, а сябе - модамі. Адбылося гэта ў 1962 годзе. Праз два гады яны сталі нацыянальным фэномэнам.

HI, LAMBRETTA

Такім чынам, пачнем з асаблівасьцяў тусоўкі - хто, як, калі.

Група модаў называлася crew - як зараз каманды хіп-хопэрскіх райтэраў. На чале crew стаяў Top Mod - самы стылёвы, на агульную думку, і самы старэйшы па ўзросьце - звычайна яму было гадоў 25-27, яго ж называлі Аce the face. Далей ішлі проста Faces, то бок заўсёднікі розных тусовак, і Numbers - моладзь, якую так назвалі за любоў да спартовых кашулек з нумарамі на сьпінах. Юных 15-16-гадовых модаў, якія толькі-толькі ўваходзілі ў тусоўку і былі яе лягічным завяршэньнем, называлі Tickets ці Moddy Boys. (Трэба сказаць, што старыя ставіліся да моладзі досыць фанабэрыста - найвышэйшым шыкам лічылася мець свой уласны стыль (такіх называлі stylists), а моладзь збольшага капіявала старэйшых... )

Ну і нарэшце былі тыя, хто тусаваўся час ад часу ці яшчэ ня вырашыў, мод ён ці не - такіх пагардліва называлі Mids ці Mockers.

Як бачыце, справа была закручаная вельмі сур'ёзна.

Ці не галоўным прадметам клопату сапраўднага мода быў яго зьнешні выгляд. Раскашэліцца на прыстойны прыкід, нагадаем, ён мог проста. Ясна, аблічча модаў вар'іравалася, але быў і такі стандарт, па якім іх можна было вылічыць за мілю.

Па-першае, прычоска. У хлопчыкаў - даволі кароткія валасы, што закрывалі вушы: гэта называлася crew cut, shag ці French cut; у дзяўчынак - экстрэмальны варыянт стрыжкі 1920-х, які называўся shingle cut, ці slope, - высока падабраныя ззаду валасы.

Па-другое, сам прыкід. У цёплыя поры году моды фарсілі ў тэнісках "Фрэд Пэры", названых у гонар пераможцы 11-га Ўімблдону (1930), джынсах "Левайс", замшавых ботах ці красоўках "Адыдас". Вэльвэт і замша ў любым выглядзе віталіся. Ну і канечне кашулькі з нумарамі, купленыя за 7 шылінгаў 6 пэнсаў ва ўнівэрмагу "Вулворт". Калі пачыналіся гідкія лёнданскія дажджы, трэба было нацягваць цёмна-зялёны "парк" - куртку з каптуром, скроеную па ўзоры амэрыканскай вайсковай формы. У адвароты "паркаў" моды звычайна ўшывалі 10-12 рыбалоўных кручкоў. Разьлік просты: бяруць цябе за лацканы перад бойкай - і прапорваюць сабе далонь.

У такім выглядзе моды хадзілі па Лёндане. Стоп, толькі не хадзілі: ці ня самая галоўная прыкмета пасьлядоўніка мадэрнізму - ягоны матаролер, ён жа скутэр. Тут было не да патрыятызму, і маладыя брытанцы абіралі Італію ў якасьці ўзорнай - фантастычныя "Іначэнці-Лямбрэта" і "Пьяджа-Вэспа" адцянялі ангельскую стрыманасьць тысячаў модаў; дзякуй богу, для кіраваньня матаролерам кіроўчых правоў не патрабавалася, скутэры "елі" мінімум паліва (на галёне можна было праехаць 125 міляў), разганяліся да 70 міляў/г, лёгка паркаваліся і самае галоўнае - ня пэцкалі элегантныя нагавіцы жахлівымі масьлянымі плямамі! Сьпіс фаварытаў шасьцідзясятых узначальвалі "Лямбрэта-SХ200" і "Вэспа-GS160" (празь пятнаццаць год моды выбралі сабе "Вэспа-Ралі-180" і "Лямбрэта-GP125/150").

Сапраўдны мод свой матаролер песьціў. "Лямбрэты" любоўна называлі lammy ці lamby, а ўсе матаролеры - scoot, hairdryer ці ЕХ. На шынах модаўскіх скутэраў красаваліся белыя налепкі, на пярэднім шчытку - брытанскія сьцяжкі. Але галоўным атрыбутам цюнінгу былі храмаваныя люстэркі задняга віду. Летам 1963 у Англіі ўвялі закон, паводле якога на матаролеры магло быць толькі адно такое люстэрка. На наступны ж дзень на вуліцы Лёндану выехалі тысячы модаў на "вэспах" і "лямбрэтах", літаральна завешаныя нелегальным атрыбутам. Звычайна колькасьць люстэркаў даходзіла да 6-8, часам - да 12-15.

Моды зараблялі свае немалыя фунты і гінеі, а ўвечары зьбіраліся ўсім crew і рушылі ў "правільныя месцы". Галоўнымі іх базамі былі лёнданскія "The Scene" и "Flamingo", дзе гралі самыя файныя The Who, The Kinks, The Small Faces, The Action, The Attack, The Eyes - а ды-джэі круцілі дыскі зь любімай музыкай для ног - амэрыканскі соўл. Там можна было завіснуць на цэлую ноч, і называліся такія руханьні allnighter.

Там жа прадавалі любімую модаўскую наркату - амфітаміны (напрыклад, дурафэт і дэксэдрын, black bomber і French blues адпаведна). Такія наркотыкі можна было скрасьці ў сваіх мамашаў-хатніх гаспадыняў, ласых на ўсялякія антыстрэсавыя пігулкі.

Ну а калі не было танцавальнага гумору і не хацелася глядзець любімую "Ready, Steady, Go!" па тэлеку, тады ўся crew усаджвалася на скутэры і... наперад, насустрач марскому ветру! Тры гадзіны хуткай язды па шашы - і замест душнага Лёндану - Брайтан, Маргет ці Клэктан.

MODS VS.

рокераў (Rockers). Менавіта яны былі галоўнымі супраціўнікамі модаў. Уявіце сабе клясычнага мода і сёньняшняга байкера - рокеры выглядалі амаль гэтаксама.

Ім наканавана было быць у апазыцыі адзін да аднаго, бо яны былі занадта рознымі. Нашыя героі - толькі на скутэрах, рокеры - толькі на байках. Рокеры звычайна былі старэйшымі за модаў, працавалі ў "простых" месцах (зрэшты, і там плацілі някепска), апраналіся ў чорную скуру і бухалі ў шматлікіх пабах. Любілі рокеры весялуху: разагнацца ўночы, у паганае надвор'е да 100 міляў у гадзіну і пад музыку Элвіса, Эдзі Кокрана, Джына Вінсэнта гнаць па асфальце матухны-Англіі.

Моды лічылі рокераў тупагаловымі гопнікамі, а тыя першых - афігелымі ад снабізму малалеткамі. Зрэшты, усе яны мелі рацыю. Кожны сваю.

У межах Лёндану барацьба ішла па-джэнтэльмэнску: моды заходзілі ў пабы, рокеры - у модаўскія кафэшкі, і ўсе заставаліся цэлымі. Зазвычай фронт дзеяньняў у працоўныя дні разгортваўся вакол самага сьвятога: нехта падсыпаў цукар у байкаўскія бэнзабакі, а хтосьці не адмаўляў сабе ў задавальненьні накрэмзаць чым-небудзь вострым "queer" (підар) на шчытку "лямбрэты". Крыўды накапліваліся да ўік-энду, калі можна было сабрацца ў нейкім прадмесьці блізу Лёндану crew і бандзе рокераў, каб палупіцца да крыві.

Дзіўна, што менавіта нашыя героі пачыналі бойку першымі: яны даставалі нажы з выкіднымі лёзамі, маленькія малаткі і з крыкам "We are mods!" кідаліся на барыгаў у скуры. Што самае прыкольнае, поруч з хлопцамі біліся і дзяўчаты!.. Рокеры ў якасьці зброі выкарыстоўвалі жалезныя ланцугі, але іх дамы ў разборкі ня ўмешваліся.

Кульмінацыяй такіх бітваў сталі падзеі 17 траўня 1964 г. Тады ў Брайтан зьехалася процьма "байцоў" з абодвух бакоў, але модаў, якія і справакавалі першыя сутычкі, было нашмат болей. Паступова бойка перамяшчалася з пляжу на вуліцы гораду, дзе паліцыя ўзяла "цёпленькімі" каля 50 чалавек. На Вялікдзень таго ж 1964 у Клэктане адбылося нешта падобнае - на гэты раз зброяй сталі пляжныя парасонікі, і арыштаваных было амаль у два разы болей.

Ангельцы, якія любяць рабіць з усякага гаўна культ, зрабілі гэта і з модамі: па месцах баявой брайтанаўскай славы, што стала прычынай судовага працэсу 1964 году (пра яго пісалі ўсе мясцовыя газэты), існуе адпаведны турмаршрут. А ў буціку "Jump The Gun" вы можаце набыць "байцоўскую" экіпіроўку сярэдзіны 60-х - акурат у такой пралівалі кроў моды.

MAIN

Росквіт модаўскай культуры прыйшоўся на 1966 год, калі мадэрнізм стаў мэйнстрымам - у моды запісвалася апошняя шаўка. Потым рух стаў згасаць. На зьмену модам прыйшлі больш актуальныя гіпі. Праўда, малалетнія моды-"тыкеты" ўсё-ткі далі пачатак яшчэ адной новай зьяве. Напрыканцы 1969 яны пачалі галіць свае галовы, а замест звыклага "Адыдасу" начапілі бахілы "Доктар Мартынз" - так зьявіліся скінхэды, якія да сярэдзіны 1970-х ня мелі ніякага дачыненьня ні да нэанацызму, ні да расізму і ад наступных генэрацыяў скіноў аддзялялі сябе ёмістым прыдомкам trad.

Мод-адраджэньне адбывалася не аднойчы: у 1978 годзе на лёнданскіх вуліцах зноў зьявіліся "вэспы" і "лямбрэты", асядланыя элегантнымі хлопчыкамі ў пінжачках і сонечных акулярах. Другое пакаленьне модаў групавалася вакол гурта The Jam, але нічога новага: да 1981 мадэрнізм зноў перастаў быць актуальным, саступіўшы месца "новым рамантыкам", "руд бойз", а там і "готыкам".

Трэцяе адраджэньне мадэрнізму - гэта 1993 год і брытпопэры. Хоць прыхільнікі "чыстага" мадэрнізму незадаволена бурчаць: гэта, маўляў, ужо эклектыка, ня больш як настальгія па залатых дзяньках 60-х. Тым часам нэа рэгулярна ладзяць зьлёты, скутэрныя трыпы па культавых месцах, дзе, трэба думаць, і праводзяць ідэалягічныя дыскусіі наконт чысьціні сваіх шэрагаў.

САМАСЬЦЬ

"Моды - гэта тое самае, што і беларускія савецкія стылягі", - большай лухты і прыдумаць немагчыма. Нашыя былі дзецьмі высокапастаўленых чыноўнікаў, жылі на татавыя грошы і каталіся на машынах. Ніякай ідэалёгіяй, ніякімі негалоснымі запаветамі ад іх і ня пахла. Па сутнасьці, стылягі былі простымі спажыўцамі, якія сьлепа капіявалі заходнюю моду свайго часу.

Нічога такога ў мадэрнізме не было. Моды самі выпрацавалі ўласную манэру апранацца і паводзіць сябе, самі зараблялі грошы, дый стаялі яны, трэба думаць, у авангардзе брытанскай поп-культуры 60-х. Акрамя таго, не забываймася на мідэнаўскі афарызм: "Мадэрнізм - гэта спроба чыстага жыцьця ў брудных умовах". Звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія вырасьлі на ўсім гатовым у муніцыпальных дамах, раптам пачыналі крывіць насамі, калі ім прапаноўвалі стандартную брытанскую будучыню: служба, кар'ерны рост, уласны дамок з садком, машына, жонка, дзеці. Яны стваралі чысьціню сярод навакольнага бруду. І ў іх гэта атрымлівалася.

Мы? Так, няма, але нам гэта патрэбна! Нам патрэбныя такія хлопчыкі і дзяўчынкі, якія больш за ўсё на сьвеце баяцца выпацкаць свае нагавіцы машынным маслам. Яны будуць расьці, абурацца сваімі сумнымі бацькамі і сыходзіць у сваё нестандартнае жыцьцё...

Пакуль беларускіх модаў няма. Ёсьць асобныя піжоны, але якая ідэалёгія іх аб'ядноўвае? Чыстае жыцьцё ў брудзе? Тупыя забаўкі, ад якіх патыхае сама мала кепскім тонам! Ды і расьлі яны зусім не ў звычайных працоўных сем'ях на ўскраінах.

Астатнія... Стандартны набор: кар'ерны рост, машына, кватэра, жонка, дзеці - тое, ад чаго любы мод званітаваў бы на месцы. Спадзяюся, ты таксама.