Зёлкі яна прыгатавала з уласнай мэнструальнай крыві, серы ад запалак і спаленых лабковых валасоў. Хлопец месяц праляжаў у рэанімацыі.
Цікавасьць чалавецтва да замоваў, зёлак і інш. стымулятараў лібіда - ну там насарогаў рог, вустрыцы - можа быць параўнаная хіба зь першабытным паляўнічым інстынктам. Невынішчальна! Тым болей што выкарыстаньне тых рэчываў ёсьць натуральным варыянтам задавальненьня ўласнага самалюбства ды комплексу ўладара. Насуперак чалавечай натуры - прымусіць і падпарадкаваць сваёй волі. Хто адмовіцца быць свабодным кіраўніком амуравай стралы? У чаканьні вясновых зьменаў гарманальнага балянсу - практыкум па т.зв. афрадызіяках.
Афрадызіякі /гр. Aphrodisiac/ - рэчывы, якія нібыта павінны стымуляваць сэксуальнае жаданьне /Grand Larousse Universel/. Асьцярожнасьць у фармулёўках цалкам зразумелая. Шматлікія з "прываротных" сродкаў у стане адправіць аб'ект пажадлівасьці да праайцоў. МЭНСТРУАЛЬНАЯ КРОЎ адвеку лічылася самым моцным сродкам у любоўнай магіі - маўляў, калі ёю памазаць за вухам каханага, пакуль ён сьпіць, той пачынае шалець ад пажады. На самой справе яна ёсьць атрутным рэчывам, якое прыводзіць да моцнай алергічнай рэакцыі (магчымы й лятальны фінал).
У мінулым годзе ў Рэймсе (Францыя) адбыўся суд над шаснаццацігадовай дзяўчынай, якая з мэтай прычараваць аднаклясьніка падсыпала яму ў кактэйль "нагаворныя зёлкі". Апошнія яна прыгатавала з уласнай мэнструальнай крыві, серы ад запалак і спаленых лабковых валасоў. Хлопец месяц праляжаў у рэанімацыі з моцным атручаньнем. Недаробленую чараўніцу прысудзілі да 4 месяцаў турмы і штрафу ў €7.000.
Сьпіс небясьпечных глупстваў можна працягваць бясконца. Так у павер'ях аб МАНДРАГОРЫ спляліся відавочная выдумка і вельмі адносная праўда. Знакамітая расьліна ўпершыню згадваецца ў Старым Запавеце пад габрэйскай назвай "дудаім". Яе ўласьцівасьці былі вядомыя яшчэ Гіпакрату. У Сярэднявеччы мандрагора была асноўным кампанэнтам для прыгатаваньня разнастайных любоўных зёлак. Аднак знайсьці расьліну было вельмі складана. Паводле паданьняў, мандрагора вырасьце толькі там, дзе на зямлю ўпадзе спэрма шыбеніка (у пакаранага расслабляюцца цягліцы, і зь семяньнікоў праліваецца вадкасьць). Акрамя таго, лічылася, што корань гэтай расьліны, які нагадвае фігуру чалавека, у момант выкапваньня страшэнна ўскрыквае, і шукальнік праз гэта памірае. Таму шукалі мандрагору з дапамогай магічных пасаў і чорнага сабакі (які й паміраў). У наш час мандрагору прывозяць зь Ірану, Судану і Савудаўскай Аравіі (там да сёньня дазволеныя павешаньні). Кошт аднаго плоду дасягае ў Эўропе €5.000. Рэчаіснасьць жа больш як празаічная. Расьліна сям'і пасьлёнавых Mandragora Оfficinarum утрымлівае атрапін і скапаламін - атрутныя алькалёіды, якія выклікаюць узбуджэньне нэрвовай сыстэмы і галюцынацыі. У сучаснай мэдыцыне атрапін выкарыстоўваецца як асноўнае проціядзьдзе пры атручаньні марфінам, а скапаламін уваходзіць у склад прэпаратаў для лячэньня Паркінсона. Адпускаюцца яны выключна па рэцэпце. Так што Мінздраў папярэджвае...
Слава ШПАНСКАЙ МУШКІ трымаецца цягам некалькіх тысячагодзьдзяў. Яшчэ за 100 год да н.э. жонка рымскага імпэратара Аўгуста, Лівія, падсыпала парашок са шпанскай мушкі ў ежу членам імпэратарскай сям'і, каб у далейшым выкарыстоўваць іх сэксуальнае шаленства ў сваіх інтрыгах. А празь сямнаццаць стагодзьдзяў масье дэ Сад такім жа чынам блазнаваў над прастытуткамі ў бардэлі: жанчыны, звар'яцелыя ад пажады, самі кідаліся на вуліцу ў пошуках мужчынаў.
Згодна з уяўленьнямі сучаснай навукі, Lutta Vesicatoria - шпанская ці, дакладней, гішпанская мушка - сапраўды ў стане выклікаць моцнае сэксуальнае ўзбуджэньне. У крыві гэтага насякомага ўтрымліваецца кантарыдзін, які, абмінаючы пячонку, раздражняе мочаспускальны канал, што прыводзіць да спэцыфічнага "сэксуальнага сьвербу" - прыліву крыві да геніталіяў. Але ёсьць вялікае АЛЕ. Кантарыдзін - гэта сапраўдная атрута, якая згубна ўзьдзейнічае на арганізм чалавека нават у min-дозах. Між тым шпанская мушка па-ранейшаму выкарыстоўваецца ў якасьці любоўнага зельля, але ў такіх малых дозах, што вынік дасягаецца ў асноўным праз саманамову.
Сярод "любоўных" стымулятараў існуюць і штучныя. ЭКСТАЗІ - пігулка, што дазваляе танчыць усю ночь і пашырае межы пачуцьцёвага ўспрыманьня, - дае незвычайную лёгкасьць у наладжваньні адносінаў нават з самым непрыступным аб'ектам. Фанаты сьцьвярджаюць, што з дапамогай "наркотыку абдымкаў" магчыма абудзіць у кожным чалавеку сэксуальную энэргію, якая робіць сэкс натуральным, жаданым і неабходным. Насамрэч МДМА (мэтылэндзіаксымэтамфэтамін) за кошт стымуляцыі цэнтральнай нэрвовай сыстэмы робіць пачуцьці больш яркімі, а ўнутраныя забароны - бессэнсоўнымі. Паводле скептыкаў, нават аднойчы прыняты экстазі можа прывесьці да сур'ёзных псыхічных зьменаў. Наркотык стымулюе ўтварэньне ў мазгах сэратаніну - гармону выдатнага настрою, - але адначасова хутка спальвае тое рэчыва. Праз 12 гадзінаў пасьля ўжываньня экстазі сьвята жыцьця зьнікае. Пачынаюцца шэрыя будні.
Вядомыя і больш бяскрыўдныя сродкі. Напрыклад, ТРУФЭЛІ - падземныя грыбы, якія ўжывалі яшчэ Казанова і Людовік XIV. У старажытнагрэцкіх трактатах труфэлі фігуруюць як наймацнейшы сродак узбуджэньня. На самой справе гэта звычайныя грыбы, толькі што падземныя. Але гэта з хімічнага гледзішча. Эфэкт труфэляў заснаваны хутчэй на іх рэпутацыі стоадсоткавага сэксуальнага стымулятара. Магчыма, узбуджае таксама і кошт грыбоў: труфэлі не культывуюцца, шукаюць іх з дапамогай парсючкоў, таму цана ў залежнасьці ад краіны плавае ад $700 до $4.000 за кг.
А зараз - усім вядомыя ВУСТРЫЦЫ. Гэтыя малюскі зьяўляюцца сапраўдным сымбалем пачуцьцёвых уцехаў. На тэму іх неабсяжнага патэнцыялу не выказваўся толькі лянівы (кажуць, магістар Джакама Казанова зьядаў кожны дзень па 50 шт.). Нават у самім працэсе каштаваньня вустрыцаў і ў іх выглядзе ёсьць нешта двухсэнсоўнае. Наяўнасьць у вустрыцах цынку, які грае важную ролю ў працэсе спэрматагенэзу - бясспрэчны факт. Але да сэксуальнага ўзбуджэньня той ня мае ніякіх адносінаў. Sorry :(
МАРСКІЯ ПАЧВАРЫНЫ, таксама як і вустрыцы, лічацца найэфэктыўнейшымі стымулятарамі сэксуальнага жаданьня. Старажытнарымскі літаратар Апулей у ІІ ст. да н.э. ледзь ня быў асуджаны за тое, што ажаніўся з багатай удавой з дапамогай крывадушнага падману - рэгулярна частаваў даму каракаціцамі, амарамі й іншымі глыбакаводнымі жыхарамі. Згодна з паданьнямі, такім жа чынам Вэнэра падтрымлівала "незгасальны агонь" у сваім міталягічным мужыку Вулкане. А зусім рэальны кароль Англіі Генріх I увогуле памер ад перадозу: аб'еўся міногамі. На самой справе, як і вустрыцы, морапрадукты - усяго толькі лёгкая і прыемная ежа, багатая на бялкі і каштоўныя мікраэлемэнты. Ня болей.
У сьпісе расчараваньняў чалавецтва вылучаецца СЕЛЬДЭРЭЙ, што з даўніх часоў лічыўся цудадзейным сродкам. У шматлікіх народаў існаваў звычай вешаць сельдэрэй над ложкам маладых дзеля распаленьня жаданьня. Мадам Пампадур для падтрымкі сэксуальнага запалу Людовіка XV карміла яго супам зь сельдэрэю, а сама аддавала перавагу сельдэрэю з шакалядам ці ў выглядзе салаты зь яблыкамі ды грэцкімі арэхамі. І добра рабіла! Бо ў ім утрымліваецца вялікая колькасьць каштоўных рэчываў, якія стымулююць выраб полавых гармонаў, спрыяюць сэксуальнаму даўгалецьцю і ўвогуле амаладжэньню арганізму. Аднак сельдэрэй не аказвае імгненнага ўзбуджальнага эфэкту. Нават калі зьесьці цэлы кіляграм.
Водар экзатычнай кветкі ІЛАНГ-ІЛАНГ ёсьць асновай магнэтычнай прыцягальнасьці самай сэксуальнай парфумы мінулага стагодзьдзя Сhanel №5. Пахі аказваюць на нас вельмі моцнае ўзьдзеяньне: яны непасрэдна ўплываюць на самую "старажытную" структуру галаўнога мозгу - лімбічную сыстэму, якая адказвае за нашыя першародныя пачуцьці і эмоцыі. Менавіта на гэтым заснавана дзеяньне пахучых стымулятараў (язьміну, нэролі, пачулі, ірысу, касіі, ляванды), якія выпускаюць у выглядзе эфірных маслаў. Зь іх дапамогай можна зрабіць сапраўдны эратычны масаж, прыгатаваць ванну для расслабленьня ці стварыць вакол сябе аўру сэксуальнай прывабнасьці.
Калі ўжо чапаць тэму водараў, дык нельга абмінуць пах ПОТу. Так-так. На Сыцыліі існуе гэткі вар'яцкі звычай: юнак, які прагне ўвагі ганарлівай сыцылійкі, дзейнічае наступным дзедаўскім мэтадам: прапітвае хустку потам з уласнай прамежнасьці (!) і зьмяшчае яе (хустку) у нагрудную кішэню. Пасьля чаго застаецца толькі запрасіць дзяўчыну на танец. Гэтае негігіенічнае шаленства насамрэч ня цалкам пазбаўлена сэнсу. Мужчынскі пот утрымлівае андрасцэрон - фэраман, які зьяўляецца сэксуальным стымулятарам і моцна ўплывае на жанчынаў. Сёньня асабліва прасунутыя касмэтычныя фірмы выпускаюць на аснове фэраманаў спэцыяльныя сродкі, з дапамогай якіх кожная жынчына ў стане адчуць сябе сэкс-бомбай.