CD, Студэнцкая Думка

03/2003


ГВАЛТ, ЗЬДЗЕКІ І КАТАВАНЬНІ

Фізычны гвалт чалавека над чалавекам мае такую ж доўгую гісторыю, як і сам род чалавечы. Схільнасьць да гэткіх дзеяньняў назіралася яшчэ ў нашых прапродкаў. Многія дасьледчыкі лічаць, што прага прыніжаць, зьдзекавацца, прыносіць пакуты сабе падобным - гэта вынік сапсаванай генэтыкі хома сапіенсаў. Глядзіце самі: яшчэ нашыя найбольш далёкія продкі аўстралапітэкі не прапускалі нагоды разьбіць галаву сваяцкай гамінідзе, а пасьля пачаставацца яе мозгам. Рытуальны канібалізм, а таксама канібалізм звычайны (як сродак назапашваньня бялку арганізмам) суправаджалі гісторыю чалавецтва амаль да нашых дзён, дастаткова ўзгадаць масавы канібалізм падчас голаду на Ўкраіне ў 1930-х. Як тут не пагодзісься з З.Фройдам: прагнасьць да забойства і канібалізму - праява нашага падсьвядомага.

ЛЕПЕЙ СЬМЕРЦЬ?

Разгул гвалтоўных фантазіяў чалавека можна параўнаць хіба толькі зь яго мастацкай творчасьцю. Самае паказальнае, што сьмяротныя не былі арыгінальнымі: хутчэй за ўсё, традыцыі вычварэнскіх катаваньняў і пакараньняў людзі перанялі ў багоў. Дастаткова ўспомніць тытана Прамэтэя, у якога арол сыстэматычна выклёўваў пячонку, жонку Зэўса Геру, якую валадарны муж падвесіў паміж небам і зямлёй і як сьлед адлупцаваў, ці асьлепленага багамі вешчуна Тырэсія.

Менавіта багі пачалі практыкаваць псыхоляга-фізіялягічнае ўзьдзеяньне на ахвяру. А як па-іншаму назваць зьдзекі з Тантала, які стаяў у краіне нябожчыкаў у вадзе і ня мог напіцца, пакутаваў ад голаду - і ня мог сарваць плады, што віселі над ім? Ці над сьляпым Фінэем, ежу якога забіралі і апаскуджвалі гарпіі, альбо над Сізіфам, што да бясконцасьці цягаў на гару камень, які шторазу скатваўся долу.

Людзі добра засвоілі ўрокі багоў і разнастайнасьць іх мэтадаў катаваньня ды пакараньня, у першую чаргу, фізычна-болевых. Паўсюдна бытавалі бічаваньні, вырываньне пазногцяў, выломваньне пальцаў і іншыя жахі.

Ці гэта жахі? Хутчэй не: чаго вартае эксклюзіўнае катаваньне ў выкананьні старажытных грэкаў, названае колам Іксыёна, калі зь яго дапамогай на целе рабіліся глыбокія раны. Па праўдзе кажучы, пэўныя зародкі гуманнасьці прачыналіся ў грэкаў і падчас катаваньняў: нагадаю, што ў іх катавалі толькі рабоў, і тое - у прысутнасьці сваякоў гаспадара, якія мусілі стрымліваць гаспадарскую жорсткасьць. Але імпэратар Тыбэры неяк зразумеў, што ўсе аднолькавыя перад багамі - ахвярамі катаваньняў палі свабодныя людзі. Сам імпэратар у доказ сэнтэнцыі "ўсе мы людзі, усе мы чалавекі" вырашыў паарыгінальнічаць і прыдумаў новую забаўку: людзей паілі віном, а потым перавязвалі дзетародныя органы, каб немагчыма было справіць прыродныя патрэбы.

Як разнавіднасьць пакараньня людзі здаўна прымянялі разнастайныя калецтвы - у антычнасьці рабоў кляймілі, секлі рукі (імпэратар Калігула загадваў, каб адсечаныя канечнасьці вешалі рабам на шыю).

Фантазія розных народаў па-рознаму выяўлялася і ў фізычным гвалце. Вазьміце Японію, дзе аб'ектам самых вычварных катаваньняў былі шпіёны ніндзя. Ад пачатку сваёй прафэсійнай дзейнасьці шараговы ніндзя ведаў - лепей сьмерць, чым палон. Калі яго лавілі і ён не пасьпяваў цалкам зьнявечыць свой твар, каб пазбавіцца ваенных прыкметаў, ці адкусіць сабе язык, каб памерці ад страты крыві, ніндзя чакаў цэлы набор цяжкіх выпрабаваньняў. Паступовае адразаньне пальцаў рук і ног, а потым і канечнасьцяў - гэта толькі першае слова сьмяротнага хайку...

ПЕРАД ТЫМ ЯК СТАЦЬ "ЗОРКАЙ"

Паміж катаваньнем і сьмерцю стаяць гвалтаваньні, пасьля якіх ахвяра яшчэ пэўны час можа жыць. Паглядзець, як пакутуе вораг - чаго яшчэ можа патрабаваць хворая псыхіка?

Да прыкладу, сярэднявечная, а пасьля новая Эўропа колькі стагодзьдзяў "забаўлялася" пастаноўкай бэстсэлеру "Молат вядзьмарак" з Богу душой невінаватымі простымі пралетарамі ў галоўных (пасыўных) ролях. Апрача гвалту над чароўнымі (sic!) целамі практыкавалася іх выпрабаваньне на саму вядзьмачую сутнасьць: небаракам зьвязвалі рукі-ногі і кідалі ў ваду. Самае цікавае было пасьля, калі ўсе з захапленьнем гадалі: выплыве - ня выплыве. Калі выплывала, значыць, вядзьмарка/вядзьмар - на вогнішча яго/яе! Калі танула, дык значыць... Была невінаватая?.. Ну, тады sorry!

Дарэчы, да віду доўгатэрміновых пакараньняў можна аднесьці і ўкрыжаваньне, якім рымляне падкрэсьлена зьняславілі чалавека. Менавіта так, паводле Новага запавету, быў пакараны Ісус Хрыстос. Укрыжаваныя людзі паміралі ад сьпякоты, голаду, смагі, нязвыклага становішча цела - пакуты маглі доўжыцца тыдзень і болей.

Да пакараньняў з доўгатэрміновай гарантыяй належыць і папулярнае саджэньне на кол. Перад тым як стаць "зоркай" вампірызму, менавіта саджаньнем на кол разьмінаўся князь Дракула - яго ахвярамі сталі сотні чалавек знаці разам з жонкамі.

Што гэта такое - асалода ад назіраньня за пакутамі ахвяры? Эрых Фром лічыў, што гэта праявы нэкрафільскай псыхікі: чалавек-нэкрафіл не абавязкова павінен атрымліваць задавальненьне ад фізычна мёртвых целаў - ён папросту схільны да ўсяго нежывога. Гісторыя дэманструе найбольш жахлівыя ўзоры прадуктыўнай дзейнасьці псыхаў-нэкрафілаў - узгадайце Тыбэрыя, Калігулу, Кляўдзія, рускага цара Івана Жахлівага, што асабіста прысутнічаў пры катаваньнях і пакараньнях ворагаў, Гітлера, адзінай расслабухай якога напрыканцы вайны былі дакумэнтальныя кадры пакараньня змоўшчыкаў, Сталіна, які падрабязна цікавіўся паводзінамі сваіх ахвяраў. Усё гэта праявы адной паталёгіі. Але колькі мільёнаў шарагоўцаў з падобнымі схільнасьцямі застаюцца па-за ўвагай кранікёраў чалавечых вычварэнстваў - гэта пытаньне.

ПА-ПРОСТАМУ, ПА-НАШАМУ

Катаваньне было і ў нас - яго выпадкі фіксуюцца з часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Яно было легітымізаванае як у пісаным праве - трох Статутах ВКЛ, - так і ў праве звычаёвым - копным судзе (такі грамадзкі суд меў права выносіць сьмяротны прысуд). Катаваньні і пакараньні залежалі ад таго, каму (грамадзяніну, дзяржаве, царкве) і наколькі цяжка злодзеі наносілі шкоду. Казаць пра нейкія тутэйшыя вычварэньні не выпадае - пакараньне мела традыцыйна-эўрапейскі характар і толькі ў выключных выпадках вызначалася жорсткасьцю.

Як паўсюль у Эўропе, беларусы публічна ўжывалі катаваньне толькі да ня-шляхты - працэс ладзіўся ў спэцыяльным будынку ля ратушы рукамі ката. Так, асуджанаму задавалі шэраг пытаньняў, а калі той гуляў у "маўчанку", кат цягнуў падсуднага, ногі якога былі зафіксаваныя, за зьвязаныя рукі, і так спрабаваў здабыць сьведчаньні. Калі і трэцяя спроба была няўдалая, ахвяру чакаў "гішпанскі боцік" - трушчаньне костак ног.

Катаваньні шляхты ладзіліся ў спэцыяльна адведзеным месцы, каб простыя людзі не змаглі іх убачыць.

Што да ведзьмакоў, якіх і ў нас было багата, дык іх звычайна палілі. Цікава, што ў якасьці катаваньня перш-наперш палілі валасы па ўсім целе - і д'ябал не схаваецца, і ахвяра вытрымае катаваньне. Так было аж да канца 18 ст., калі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спыніў сярэднявечнае вар'яцтва і выбіў у гонар такой падзеі адмысловы мэдаль.

Са зьяўленьнем у 17 ст. на нашых землях вялікіх казацкіх атрадаў характар катаваньняў і забойстваў істотна зьмяніўся. Нашыя продкі жахаліся паталягічнай жорсткасьці калегаў Хмяльніцкага, іх садызму ў дачыненьні да тутэйшых - пераважна шляхты, сьвятароў-каталікоў, гараджанаў. Казакі прынесьлі амаль нябачаныя віды пакутаў: расьпілоўваньне жывога чалавека, выдзіраньне кавалкаў мяса і інш. У рукі гадаў траплялі традыцыйна недатыкальныя чальцы грамадзтва - жанчыны, сьвятары і дзеці. Істотна даставалася габрэям - дарослых забівалі ўсіх без выключэньня, а дзяцей кідалі ў калодзежы і засыпалі пяском. Так другі раз у сваёй гісторыі пасьля паходу Івана Жахлівага Беларусь сустрэлася зь дзікім азіяцкім садызмам.

Зрэшты, адпаведна паводзіла сябе й войска ВКЛ у дачыненьні да казакоў. Калі казак трапляў у палон (а так было нячаста), дык яго чакалі ці пятля на галіне, ці кол. Прычым сам казак лічыў такую сьмерць пачэснай. Калі калоў было няшмат, на адзін маглі пасадзіць двух казакоў...

Гісторыя сьведчыць: чалавек - ці ня самая жорсткая істота на Зямлі. Як доўга такое будзе цягнуцца, невядома - некаторыя лічаць, што генэтыку ня зьменіш.