CD, Студэнцкая Думка

03/2003


МАНАЛІТЫ Ў ЦЕЛЕ

Няпраўду кажуць, быццам аблічча Менску пазбаўленае пэўнай архітэктурна-скульптурнай стылістыкі - вазьміце такога разумніка і прывядзіце на цэнтральны праспэкт, хай яго душонка напоўніцца веліччу нэаклясыцызму, бадзёрага сталінскага ампіру, хай ён усьвядоміць магутнасьць нашых і ня нашых літаратурных і палітычных асобаў. Іх гіганцкія целы мерна крочаць па нашых парках і праспэктах, блукаюць паміж магутных псэўдарымскіх калёнаў. Але гэта, зразумела, фантазія - большасьць гігантаў сядзіць ці стаіць. А за імі спакваля назірае Ігар ЛІК.

М.Г.

Там, дзе струменяцца воды блакітнай Сьвіслачы, на канструктывісцкай лаве сядзіць клясык літаратурнага сацрэалізму М.Горкі. Яго велізарная постаць зробленая надзіва натуралістычна: здаецца, тав. Пешкаў уздымецца ў весь свой велічны рост і скажа голасам бадзягі нешта кшталту "Чалавек - гэта гучыць горда!". Дарэчы, устаць і выйсьці ў горад монстру - без праблемаў: брама ў парку яго імя якраз на яго і разьлічаная.

Такое ўражаньне, што ўся цыкляпічная архітэктура г. Менску створаная толькі дзеля існаваньня менавіта такіх волатаў-тытанаў, што сваім жыцьцём і плённай творчасьцю яшчэ раз нагадваюць усім, хто - яны і хто - мы, а калі капнуць глыбей, дык і наагул пра нашае агіднае, брыдкае, будзённае існаваньне.

Дарэчы, пра памеры. Яшчэ старажытныя эгіпцяне добра разумелі гармонію суадносінаў велічыні помніка і ступені яго дэталёвай апрацаванасьці. Іх калосы зробленыя падкрэсьлена абагульнена, усе рысы твару і вопраткі стылёва велічныя і ляканічныя. Адсюль адзінства зьместу і формы, духу фараонскага праўленьня і тэктонікі. Паўстае лягічнае пытаньне да нашых імхатэпаў: які сэнс рабіць калоса, што нагадвае настольную статуэтку з натуралістычна-дробнымі падрабязнасьцямі? Навошта саджаць павялічаны прывід у задумлівую позу і прымушаць мроіць пра нешта сваё, монстра-інтымнае?

Каб адлюстраваць псыхалёгію таталітарнага грамадзтва, дзе ёсьць людзі-калосы і чалавечкі! Тут мы маем на ўвазе найперш эстэтыку - даведзены да абсурду рэалізм-натуралізм, што адарваўся ад здаровага сэнсу.

Я.К. і Ко

Асобны помнік - гэта толькі індывід, іншая справа, калі гаворка ідзе пра калектыў, а менавіта пра шматфігурную кампазыцыю. Такую, як на плошчы Якуба Коласа. Вось дзе прастора для шматлікіх эстэтычных уражаньняў!

Колькі дзіўных хвілінаў правёў я пад ботамі пісьменьніка ў развагах: можна так файна завязаць матузкі, каб зьверху былі бачныя толькі паралельныя прамыя! Часта, часта я летуценіў на плошчы, камбінуючы розныя спосабы, пакуль адзін знаёмы асьпірант папросту на калідоры роднага ўнівэру ня вырашыў гэтую складаную дылему, прадэманстраваўшы ўсё на ўласным прыкладзе. І так добра зрабілася!!!

А тым часам справа ад клясыка паўляжыць тыповы рэліктавы хлопчык-нэандэрталец, які палымяна паказвае на філярмонію дзядзьку са стрэльбай. Што да філярмоніі (храм мастацтва!), дык тут усё зразумела, дастаткова кінуць беглы позірк на хаўрус няголенага пэнсіянэра бандыцкага віду і малалеткі. Але твар! Нізкі лоб, скошанае падбародзьдзе разам з моцнай фізычнай канстытуцыяй сьведчаць: ён - гуманоід нэандэртальскага тыпу, сьнежны чалавек з садранай ці палінялай скурай. Хутчэй за ўсё, гэта наш, беларускі экзэмпляр, знаходка якога прынясе сусьветнае прызнаньне Бацькаўшчыне.

Але як мужчына мушу прызнацца: калі гляджу налева ад дзядзькі, то перш-наперш кідаю позірк на заднюю частку дзяўчыны, што слухае юнака.

Уяўляю, якіх начных роздумаў каштаваў гэты па-мужчынску сьмелы крок аўтара! Адразу ўяўляюцца ашалелыя ад свабоды старажытнагрэцкія графаманы ад скульптуры - стваральнікі Афрадыты Каліпігі (ад грэц. прыгожазадая) ці Артэміды Эфэскай са шматлікімі грудзямі. Іх бы ды ў нашыя ўмовы! Пакінуўшы намёк на народнасьць (зад дзяўчынкі падкрэсьлена вясковы), аўтар прыдаў яму стромкую вытанчанасьць - у ёй адчуваюцца подыхі вясны, маладосьці, першага каханьня. У сукупнасьці са скрыпкай юнака яна ўтварае ліра-эпічную паэму, якая, як можна здагадацца, супрацьстаіць першабытна-нэандэртальскаму парыву хлапчука ў другой частцы скульптурнай кампазыцыі. І абедзьве яны ўраўнаважваюцца сьціплымі і адначасова таямнічымі ботамі клясыка.

Асабліва ўражвае блізасьць, шчырасьць, зь якой гіганцкія фігуры набліжаныя да нас: яны ня маюць п'едэсталу, яны тут, у кожным доме, дзе шануюць Коласа (дзяўчынцы, дарэчы, гады адбілі кавалак касы - вось што значыць ісьці ў народ!). Гэтая блізасьць - яшчэ адна праява імкненьня тутэйшых харэтаў інтымізаваць калосаў, зрабіць іх роднымі, блізкімі.

М.Б.

Перад Тэатрам опэры і балету ў позе унтэр-афіцэра, што атрымаў ад нявесты гарбуза, стаіць чароўны лірык Беларусі Багдановіч, гэткі Фэлікс Эдмундавіч. Хваравіта-вытанчаны паэт захутаны ў чырвонаармейскі шынель-палітон. Унізе палітон крыху разыходзіцца, дэманструючы, як можна меркаваць, сьмелую думку скульптара аб неардынарнасьці паэта. Лірычны маналіт, горда склаўшы рукі на грудзях, глядзіць некуды, не зважаючы на чалавечую беганіну. Поза адмірала ці тырана. Карацей, пастаўлены Максім Горкі.

ЕTC.

Сярод нашых лірычных маналітаў ня ўсе застылі ў прастрацыйным задуменьні. Імкнецца да руху Янка Купала, абвяргаючы даўно вядомы пастулят, што вялізным постацям, зробленым у манумэнтальнай стылістыцы, лепей стаяць на месцы.

Шэраг генэтычных чалавечых парадоксаў і анамаліяў дапаўняе цётка, што на праспэкце Машэрава, з вырастаючымі (імплянтаванымі?) зь пляча трубамі. Гэты хірургічны прыём здаўна выкарыстоўваецца некаторымі афрыканскімі народамі, якія ўстаўляюць у нос, губы і вушы разнастайныя вялікія рэчы, у тым ліку і трубкі.

Яшчэ адзін падазроны экспанат homo sapiens хаваецца ў менскім мэтро. Сярод рэліктавых прыкметаў трэба адзначыць занадта даўгія рукі, крываватыя ногі і дзіўны, накіраваны ўнутар адсутны позірк. Можна меркаваць, ці то перапрацаваўся, ці то сыстэматычна ўжывае галюцынагены.

Усе гэтыя біялягічныя дзівосы ўдала дапаўняе твар Ільліча-тэрмінатара на станцыі яго імя. І куды, як не да мэтро, крочаць жудасныя ў сваім цялесна-рэвалюцыйным парыве масы з фасаду Дома модаў, што на Нямізе? Колькі гадоў эвалюцыі - вось табе і маеш: ня тое, што нэандэртальцы - тыя ўсё-ткі людзі разумныя, мозаг як у нас, - не, гэта папярэдняя фаза эвалюцыі, досыць рэдкая, як мяркуюць, тупіковая галіна: аўстралапітэк Бойса, а можа, і мэгантроп зь Явы (рост - 2,5 м) - наймагутнейшы прадстаўнік раньніх дачалавечых і чалавечых формаў.

Нават з помнікамі больш-менш чалавечых памераў у нас ня ўсё ладна. Чорная хмара прывідаў вісіць над галавой дзядзькі Язэпа Драздовіча (ці не ад яе ён шпарка бяжыць з Траецкага прадмесьця?), чалавека, творчасьць якога скіраваная да іншаплянэтнага жыцьця.

Што сапраўды зроблена арганічна, дык гэта помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці. Чорны маналіт з чалавечкамі ўнізе адразу дае ўяўленьне пра характар эпохі і чалавека.

ДЛЯ ПАДРЫХТАВАНЫХ

Менскія скульптуры часоў таталітарнага мастацтва літаральна акупуюць цэнтральную магістраль Менску - ад помніка Калініну да помніка Леніну. Гэта знакі-сымбалі, галоўнае ў якіх - ідэалягічны кантэкст, што грунтуецца на эстэтыцы сацыялістычнага рэалізму зь яе прыматам прастаты, ідэалягічнай даступнасьці. Мастацтва, цалкам зьедзенае ідэалёгіяй, дзе галоўнае - прэзэнтацыйнасьць, дзе ўсё, што мае дачыненьне да ўлады, дзяржавы - будынкі, скульптуры, ядальні і пісуары - выключнае. Тубыльцамі гэтыя псэўдаэгіпэцкія пэрформансы ўспрымаюцца як належнае, нават ня ў самых тупых выданьнях можна прачытаць пра іх "мастацкую, грамадзкую каштоўнасьць".

Напэўна, патрэбнае новае пакаленьне, якое ня памятае пра эгіпэцкі палон, якое пратрэ вочы і жахнецца: монстры ідуць!