CD, Студэнцкая Думка

03/2003


САМАЯ БРЫДКАЯ ЖАНЧЫНА Ў СЬВЕЦЕ

Ён ажаніўся з самаю брыдкаю жанчынаю ў сьвеце. Спэцыяльна паехаў па яе ў Вену. Нічога не плянаваў наперад, раней яму не прыходзіла ў галаву, што ён мог бы зь ёю пабрацца. Але калі ўбачыў яе, калі стрываў першы ўдар узрушэньня, пасьля ўжо ня мог адарваць ад яе позірку. Яна мела вялікую галаву, усю ў нарасьцях і пукатасьцях. Адразу пад нізкім сьпярэшчаным зморшчынамі ілбом тырчэлі малыя, вечна вільготныя вочы, што здалёк нагадвалі шчыліны. Нос здаваўся зламаным у шматлікіх месцах, а яго кончык быў сінім і парослым рэдкаю шчэцьцю. І агромністыя апухлыя вусны, заўсёды адкрытыя, мокрыя, а за імі -надзвычай вострыя зубы. І ў дадатак, нібы гэтага было замала, яе твар парос даўгім, рэдкім шаўкавістым валосьсем.

Упершыню ён убачыў яе, калі яна выйшла з-за кардонных дэкарацыяў вандроўнага цырку, каб паказацца гледачам. Крык зьдзіўленьня й агіды пракаціўся над галовамі сабраных і ўпаў каля яе ног. Мабыць, яна ўсьміхнулася, але выглядала гэта сумнаю грымасай. <…>

Пасьля даўгой, напоўненай зьдзіўленьнем паўзы нехта нарэшце крыкнуў:

- Скажы нам што-небудзь!

Яна паглядзела ў натоўп, у месца, адкуль зьявіўся голас. Шукала таго, хто гэта сказаў, але тады з-за кардонных кулісаў выбегла тоўстая кабета-канфэрансье й адказала за Самую Брыдкую Жанчыну Ў Сьвеце:

- Яна не гаворыць.

- У такім разе ты раскажы яе гісторыю, - ізноў выказаў сваё жаданьне голас, і кабета-канфэрансье адкашлялася й пачала гаварыць.

Калі потым - як вядомы цыркавы імпрэсарыё - ён піў зь ёю гарбату каля бляшанай печкі, што ацяпляла зь сярэдзіны цыркавы фургон, ён падумаў, што яна далёка не дурніца. Вядома ж, яна ўмела гаварыць, і гаварыць дарэчы. Ён глядзеў на яе, вывучаючы, змагаючыся з уласным захапленьнем гэтым выбрыкам прыроды. Яна зірнула на яго й сказала:

- Вы спадзяваліся, што мае словы будуць такімі ж дзіўнымі й агіднымі, як мой твар, так?

Ён прамаўчаў.

Яна піла гарбату па-расейску - налівала яе з самавара ў сподачкі й загрызала кожны глыток кавалкам цукру.

Досыць хутка ён заўважыў, што яна гаварыла на многіх мовах, але, здаецца, ні на адной добра. Кожную хвіліну пераходзіла з адной на другую. У гэтым не было нічога дзіўнага - зь дзяцінства яна выхоўвалася ў цырку, у міжнароднай трупе рознага кшталту монстраў. І заўсёды на новым месцы.

- Ведаю, пра што вы думаеце, - сказала яна зноў, гледзячы на яго сваімі прыпухлымі маленькімі вачыма жывёліны.

І, памаўчаўшы, дадала:

- Той, хто ня меў маці, ня мае й матчынай мовы. Я карыстаюся многімі, але ніводная зь іх ня ёсьць маёй.

Ён не наважыўся адказаць. Раптам яна пачала раздражняць яго - немаведама чаму. Разумнічала, была надта ўжо рэальнаю, канкрэтнаю; не на тое ён спадзяваўся.

Калі ён разьвітваўся, яна - зусім нечакана - падала яму руку для пацалунку, вельмі жаночым жэстам. Жэстам дамы. Абсалютна прыгожую руку. Ён нахіліўся над ёй, але нават не дакрануўся да яе вуснамі.

<…> Некаторыя потым ужо апавядалі гэтую гісторыю як гісторыю нешчасьлівага каханьня. Быццам ён глядзеў сэрцам у яе сэрца, быццам пакахаў у ёй прыўкраснага анёла з брыдкім тварам. Нічога такога. У першую ноч пасьля спатканьня ён проста ўяўляў сабе, як гэта - кахаць такую істоту, цалавацца зь ёю, здымаць зь яе адзеньне.

Ён круціўся вакол гэтага цырку яшчэ колькі тыдняў. Ад'яжджаў і зноўку вяртаўся. Увайшоў у давер да дырэктара. Арганізаваў ім кантракт у Брне, куды зь імі паехаў і дзе цырк прызнаў яго сваім чалавекам. Яму дазволілі прадаваць квіткі, потым ён замяняў тоўстую кабету-канфэрансье, і, трэба сказаць, рабіў гэта добра. Ён разаграваў публіку перад падняцьцем абы-як размаляванай заслоны.

- Заплюшчыце вочы, - крычэў ён. - Асабліва жанчыны й дзеці, бо датклівым вачам цяжка вытрымаць брыдоту гэтай пачвары. Хто хоць аднойчы ўбачыць гэты выбрык прыроды, ужо ня зможа заснуць спакойна, будзе абуджацца ў страху. Магчыма, страціць веру ў Творцу…

Тут ён павышаў голас, і фраза выглядала няскончанаю, хоць напраўду такою не была, - проста ён ня ведаў, што сказаць яшчэ. Яму здавалася, што само слова "Творца" выставіць усё ў патрэбным сьвятле. Насамрэч ён думаў, што гэты Творца, у якога іншыя мусілі страціць веру, вызначыў яго, падарыўшы такі шанец - Самую Брыдкую Жанчыну Ў Сьвеце. Дурні змагаліся за найпрыгажэйшых, страляліся ў двубоях. Ідыёты марнавалі маёнткі на прыхамаці жанчынаў. А ў яго - наадварот: Самая Брыдкая сама гарнулася да яго, як сумная свойская жывёліна. Была інакшая, чым усе. Пагатоў, давала магчымасьць зарабіць. Пабраўшыся зь ёю, ён стаўся б абраным, стаўся б асаблівым. Меў бы нешта, чаго ня маюць іншыя. <…>

Калі яго ахопліваў неспакой, ён казаў ім усім, што зьяжджае па важных справах, што мае сустрэцца з тым альбо гэтым - і называў нейкае чужое ці наадварот добра знаёмае прозьвішча - што наладжвае кантакты, вядзе перамовы. Ён чысьціў свае высокія боты, мыў найлепшую кашулю й рушыў наперад. І ніколі не адыходзіў далёка. Спыняўся ў суседнім мястэчку, скрадаў у кагосьці пулярэс і піў. Але й тады ня быў ад яе вольны, бо пачынаў апавядаць пра яе, быццам ня мог безь яе абыйсьціся, нават падчас такіх уцёкаў.

Дзіўна, але яна сталася яго найкаштоўнейшым скарбам. Ён мог плаціць за віно яе брыдотай. Больш за тое, апісваючы яе твар, ён зачароўваў маладых гожых жанчынаў, якія прасілі апавядаць пра яе нават тады, калі ўжо ляжалі пад ім голыя. <…>

Калі скончыўся іх першы супольны сэзон і цырк павольна вяртаўся ў Вену на штогадовую зімоўку, ён зрабіў ёй прызнаньне. Яна залілася румянцам, затрымцела. Ціха сказала "так", а пасьля далікатна паклала галаву яму на плячо. Ён адчуў яе пах - мыльны, мяккі. Вытрымаў хвіліну, а потым адсунуўся. І пачаў узрушана разгортваць перад ёю пляны іх супольнага жыцьця. Яны паедуць туды, паедуць сюды. Яна суправаджала позіркам яго перамяшчэньні па пакоі й сумна маўчала. Нарэшце ўзяла яго за руку й сказала, што хацела б дакладна наадварот - каб яны аселі недзе ў глушы, каб нікуды ня мусілі езьдзіць, ні з кім ня мусілі бачыцца. Што яна гатавала б, што ў іх былі б дзеці й сад.

- Ты б ня вытрымала, - абурыўся ён. - Ты выхоўвалася ў цырку. Ты хочаш, патрабуеш, каб на цябе глядзелі. Бяз позіркаў людзей ты памерла б.

Яна нічога не адказала.

Яны ўзялі шлюб на Каляды, у малым касьцёліку. Ксёндз, які іх вянчаў, ледзь не самлеў. У яго дрыжэў голас. Гасьцямі былі адно людзі з цырку, бо ён сказаў ёй, што ня мае сям'і, што ён таксама самотны, як і яна.

Калі ўсе ўжо хісталіся на крэслах, калі спаражнілі ўжо апошнія пляшкі й прыйшла пара ісьці ў ложак (нават яна, крыху ап'янелая, цягнула яго за рукаво), ён затрымліваў іх, пасылаў па віно. Ня мог упіцца, хоць хацеў. <…>

- Хадзем ужо, каханы, - шаптала яна яму на вуха

А ён быццам трымаўся за край стала, быццам быў прымацаваны да яго нябачнымі кнопкамі. Так што самыя ўважлівыя маглі б падумаць, што ён баіцца аголенай інтымнасьці зь ёю, прымусовай шлюбнай блізкасьці. Ці так напраўду было?

- Дакраніся да майго твару, - прасіла яна потым у змроку, але ён не зрабіў гэтага. Ён трымаўся над ёю на руках, так што бачыў адно яе сылюэт, сьвятлейшы за цемру ў пакоі, размытую пляму без выразных абрысаў. А пасьля ён заплюшчыў вочы - гэтага яна ўжо не магла ўбачыць - і авалодаў ёю, як любою іншаю жанчынай, бяз думак, як звычайна.

Наступны сэзон яны пачалі ўжо самастойна. Ён загадаў ёй зрабіць колькі здымкаў і цяпер рассылаў іх па ўсім сьвеце. Адказы прыходзілі тэлеграфам. Яны мелі мноства выступаў. Езьдзілі першаю клясай. Яна ніколі не здымала капелюша з шэрым, цёмным вэлюмам, і толькі празь яго глядзела на Рым, Вэнэцыю й Элізэйскія Палі. Ён купіў ёй колькі сукенак і сам шнураваў ёй гарсэт, так што, ідучы люднымі вуліцамі эўрапейскіх гарадоў, яны выглядалі нармальнаю парай. Але й тады - у тыя найлепшыя для іх часы - ён таксама мусіў уцякаць. Такі ўжо ён быў - вечны ўцякач. Зьнячэўку ў ім уздымалася нейкая паніка, нейкі нязносны тупат, ён пачынаў пацець, задыхацца - і тады ён браў пачак банкнотаў, хапаў капялюш і зьбягаў па сходах, беспамылкова знаходзячы дарогу да партовых прытонаў. Тут ён нечакана рабіўся мяккім, а яго твар - азызлым, валасы кудлаціліся, і схаваная пад набрыяліненымі пасмамі лысіна бессаромна паказвалася на сьвет. Ён піў радасна й нявінна ды нешта мармытаў, а пасьля дазваляў біць сябе па руках нейкай разьятранай брудэрцы.

Калі Самая Брыдкая ўпершыню пачала яго дакараць, ён ударыў яе ў жывот, бо нават такім чынам баяўся дакрануцца да яе твару.

Ён <…> атрымаў ліст ад прафэсара мэдыцыны зь Вены і цяпер прадстаўляў сваю жонку навуковаю мовай.

- Шаноўныя калегі, перад вамі выбрык прыроды, мутант, памылка эвалюцыі, згубленае зьвяно. Такія экзэмпляры сустракаюцца вельмі рэдка. Імавернасьць гэтага ня большая за тое, што ў гэтую хвіліну сюды ўпадзе мэтэарыт. Вось жа, вы маеце магчымасьць жыўцом назіраць мутацыю.

Вядома ж, яны прыходзілі ва ўнівэрсытэт да прафэсара. Там іх разам здымалі: яна сядзела, ён стаяў за ёю й трымаў руку ў яе на плячы.

Аднойчы, калі яе мералі, прафэсар перакінуўся зь ім параю словаў.

- Цікава, - сказаў ён, - ці гэта спадчынная мутацыя. Ці ня думаеце вы пра дзіця? Ці ўжо спрабавалі? Ці вашая жонка…? Ці вы ўвогуле…?

У хуткім часе, быццам бы бяз сувязі з тою асьцярожнаю размовай з прафэсарам, яна сказала яму, што зацяжарала. З таго часу ён пачуваўся дваіста. Яму хацелася, каб яна нарадзіла дзіця, такое самае, як яна, - тады б яны мелі яшчэ больш кантактаў, яшчэ больш запрашэньняў. У выпадку чаго ён быў бы забясьпечаны на ўсё жыцьцё, нават калі б зь ёю нешта здарылася. Можа, зрабіўся б знакамітым? Але адразу ж зьяўлялася панічная думка, што дзіця будзе монстрам. Што ён гатовы вырваць яго зь ейнага чэрава, адно каб абараніць ад гэтай атруты ў крыві, што нясе ў сабе зло. І яму сьнілася, быццам ён сам ёсьць гэтым сынам у ейным чэраве, увязьнены там, аддадзены на яе змрочную ласку. І быццам яна, увязьніўшы яго там, паволі зьмяняе яму твар. <…> Па абуджэньні, спатнелы, ён маліўся, каб здарыўся выкідак.

Яе жывот рабіў гледачоў сьмялейшымі. Яны лягчэй выбачалі ёй пачварную брыдоту. Цяпер ёй задавалі пытаньні, на якія яна, зьбянтэжаная, адказвала ціха й няўпэўнена. Блізкія знаёмыя ішлі ў заклад, якое народзіцца дзіця і якога полу. Яна ўспрымала гэта прыязна.

Вечарамі яна шыла распашонкі.

- Ведаеш, - сказала яна, зьнерухомеўшы на хвілю й утаропіўшыся позіркам у нейкую далёкую кропку, - людзі такія слабыя, такія самотныя. Шкада мне іх, калі яны сядзяць перада мною, углядаюцца мне ў твар. Быццам бы самі яны пустыя, быццам бы павінны на нешта наглядзецца, нечым напоўніцца. Часам я думаю, што яны мне зайздросьцяць. Я, прынамсі, нейкая. А яны - зусім без чагосьці выключнага, бязь якасьцяў.

Ён скрывіўся, пачуўшы гэта.

Яна нарадзіла ўначы, бяз клопатаў, паціху, як жывёліна. Акушэрка прыйшла адно каб перарэзаць пупавіну. Ён даў ёй пачак банкнотаў, каб ні пра што нікому да часу не казала. Пасьля запаліў усё сьвятло, каб магчы ўсё дакладна разгледзець. Яго сэрца калацілася. Дзіця было страшнае, яшчэ горшае ад маці. Ён мусіў заплюшчыць вочы, бо страўнік падскочыў яму да горла. Толькі пасьля, праз пэўны час, ён пераканаўся, што, як яна й казала, гэты нараджэнец - дзяўчынка.

Тады ён выйшаў у цёмны горад, гэта была Вена альбо Бэрлін. Валіў дробны, мокры сьнег. Боты жаласьліва хлюпалі па бруку. Ізноў пачуваўся дваіста - цешыўся й пакутаваў.

Піў і заставаўся цьвярозы. Мроіў і баяўся. Калі вярнуўся праз колькі дзён, меў ужо гатовыя пляны, што да маршруту іх турнэ й прамоцыі. Напісаў ліст прафэсару. Запрасіў фатографа, які дрыготкімі рукамі штохвілі запальваў спалох, каб увечніць у зыркім бляску пачварную брыдкасьць абедзьвюх істотаў.

Хай толькі скончыцца зіма, хай зацьвітуць крокусы, хай высахне брук вялікіх гарадоў. Пецярбург, Бухарэст, Прага, Варшава, і далей, далей, ажно ўрэшце Нью-Ёрк і Буэнас-Айрэс… Хай толькі неба разгорнецца над зямлёю вялікім блакітным ветразем. Увесь сьвет захопіцца брыдотаю яго жонкі й дачкі, упадзе перад імі на калені.

Мабыць, менавіта тады ён упершыню пацалаваў яе ў твар. Ня ў вусны, не, але ў лоб. Яна паглядзела на яго прасьветленым, іншым, амаль што чалавечым позіркам. Менавіта тады яму ў галаву прыйшло пытаньне, якога ён ня мог ёй задаць. "Хто ты?", "Хто ты?", "Хто ты?" - паўтараў ён сабе й нават не заўважыў, як пачаў яго ў думках задаваць іншым, і нават самому сабе перад люстэркам падчас галеньня. Нібыта яму адкрылася нейкая таямніца - што ўсе навокал носяць маскарадныя строі. Што гэтыя чалавечыя твары - маскі, быццам бы ўсё жыцьцё - вялікі карнавал у Вэнэцыі. Часам ён уяўляў, напіўшыся, - бо ў цьвярозым стане не дазваляў сабе такіх дурнотаў - што ён зрывае гэтыя маскі, і яны зь лёгкім трэскам клеенай паперы агаляюць… Але што? Ён ня ведаў. <…>

Але раньняю вясной прыйшла гэтая страшная эпідэмія гішпанкі, і абедзьве захварэлі. Яны ляжалі побач распаленыя, цяжка дыхаючы. Час ад часу ў нейкім панічным парыве яна прытуляла дзіця да сябе. Трызьнячы, спрабавала яго карміць, не разумеючы, што дзіця ня мае сілы смактаць. Што яно памірае. А калі яно ўрэшце памерла, ён далікатна забраў яго й паклаў на край ложка. Запаліў цыгару.

Тае ночы Самая Брыдкая на хвіліну апрытомнела, але адно каб зайсьціся ў роспачным галашэньні. Ён ня мог гэтага вытрываць - гэта быў голас самой ночы, цемрадзі, чорнай гушчэчы. Ён затыкаў вушы, а потым ня вытрымаў, схапіў капялюш і выбег з дому, але не адыйшоў далёка. Да ранку ён хадзіў пад вокнамі свайго жытла й такім чынам нібы дапамагаў памерці і ёй. Гэта адбылося хутчэй, чым ён мог спадзявацца.

Ён замкнуўся ў іхнай спальні й глядзеў на абодва целы, надзіва цяжкія, надзіва нязграбныя, нечакана матэрыяльныя. Са зьдзіўленьнем заўважыў, як моцна яны прагіналі матрац. Ён абсалютна ня ведаў, што яму цяпер рабіць; ён толькі пазваніў прафэсару і, п'ючы проста зь пляшкі, назіраў, як змрок сьцірае абрысы абедзьвюх нерухомых постацяў на ложку.

- Вы павінны іх выратаваць, - мармытаў ён, благаючы, калі прафэсар прыехаў і рабіў прафэсійны агляд трупаў.

- Вы што, звар'яцелі? Яны ж мёртвыя, - адказаў той раздражнёна.

Пасьля прафэсар падсунуў яму нейкую паперу, і ён падпісаў яе праваю рукой, леваю беручы грошы.

Перш чым яшчэ таго самага дня зьнікнуць недзе ў порце, ён дапамог прафэсару перавезьці целы фурманкаю ва ўнівэрсытэцкую клініку. Там празь нейкі час зь іх таемна зрабілі чучалы.

Доўга, амаль дваццаць год, яны стаялі ў халодных сутарэньнях будынку, пакуль не прыйшоў лепшы час і іх не далучылі да вялікай калекцыі габрэйскіх і славянскіх чарапоў, дзьвюхгаловых немаўлятаў, рознага кшталту спарышоў. Іх і цяпер можна ўбачыць у зборах Patalogisches Museum: маці й дачка, застылыя ў поўных велічы паставах, шклянавокія, стаяць, як няўдалы пачатак новага віду.

Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч

паводле: Olga Tokarczuk. Gra na wielu bebenkach. Walbrzych, 2001.