Трэш на вуліцах Менску
Фантазія маладых трэш-актывістаў пакуль не выпаўзае далей за брудныя джынсы і штучна падраныя майкі. А шкада! Бярыце прыклад з брыгадаў будаўнікоў, што працуюць на вакзальным Макдоне: заныдзганыя баваўняныя нагавіцы колеру хакі, старыя балёневыя курткі з плямамі ад фарбы, брудна-шэрыя майкі і неакрэсьленай маркі боты. Тое насамрэч актуальна.
Сярога
Нарэшце зьявіўся сапраўдны беларускі гангста-рэп - моцны і шчыпкі як партвэйн "Спадчына", зубаскрышальны як зьдз*юлі пацаноў зь Серабранкі. І самае галоўнае - сапраўдны. Шукайце сынгл "Загубілі Лялю", бляха муха! (www.westrecords.by)
Вечарынка "Космас наш!"
У барацьбе за запамінальны сьлёган ня мусіць быць пераможцаў і пераможаных. У Дзень касманаўтыкі хапае месца для ўсіх заваёўнікаў Марсу і Юпітэру. Але пагадзіцеся, што ў варыянце JetSounds Cosmic corp. - лепшага менскага Цэнтру кіраваньня палётамі - вэрбоўка ў астранаўты выглядае больш натуральнай. Кудрашоў і Касач - aka Каралёў і Цыялкоўскі!
Размаўляй са мной па-беларуску
Пасьля Google.com і Altavista яшчэ адзін вэб-бастыён паў! Партал TUT.BY знайшоў у сабе моцы перакласьці інтэрфэйс сваёй пошты на беларускую мову. Нарэшце людзі маюць магчымасьць пісаць і атрымліваць ня "пісьмы", а нармальныя "лісты".
Такім чынам: для таго, каб зьмяніць мову інтэрфэйсу ўласнай (на жаль, пакуль толькі скрынкі), трэба:
1. Зайсьці ў яе праз www.tut.by ці mail.tut.by.
2. Зайсьці ў "Настройки" - там першым пунктам стаіць "Язык", дзе трэба абраць "па-беларуску". Націснуць "Изменить".
3. Пасьля гэтага трэба выйсьці са сваёй скрынкі ("Выход") і ўвайсьці зноў.
Для дбайных аб чысьціні матчынай мовы: для вас у чарговы раз знайшлася праца. У фэйсе процьма памылак, прытым зроблена ўсё на наркамаўцы.
Для пафігістаў: новы фэйс - някепская нагода для штодзённага вывучэньня белмовы.
Для ўсіх: ня выключана, што ў хуткім часе ўвесь партал пяройдзе на беларускую. Прынамсі, ён будзе функцыянаваць паралельна з расейскай.
М.Б.
Нэн Гольдын - голая праўда жыцьця
Гэтая "арыгінальная" мэтафара скразіла з большасьці польскіх выданьняў, якія зрэагавалі на выставу амэрыканкі Гольдын у варшаўскім Цэнтры сучаснага мастацтва. Скандал атрымаўся як мае быць: напачатку амэрыканка ўсяляк супраціўлялася прапановам выставіцца ў Польшчы, але вялікімі намаганьнямі дырэкцыі гэта ўдалося зрабіць. Пасьля - болей: пурытанская грамадзкасьць абвесьціла місіс Гольдын вычварэнкай, вуаерысткай і старой парнушніцай бяз густу.
Devil's Playground шакуе звычайнасьцю і штодзённасьцю сюжэтаў фатаздымкаў. Па-першае, вялікімі - 0,5*1 м - фоткамі людзей, мужчынаў і жанчынаў, якія думаюць, зносяцца, кахаюцца, паміраюць. Прытым гэта мала падобна да таннай парнушкі, але цалкам адпавядае звычайнаму жыцьцю. На ня першай сьвежасьці прасьцінах, валасатыя, дзе-нідзе з цэлюлітам целы пераплятаюцца ў жарсьці, горы і сьмерці. Па-другое, тая насьцярожанасьць, якая ёсьць падчас кожнага наведваньня храму мастацтва, замяняецца на радаснае зьдзіўленьне - як мы ўсё-ткі падобныя!
"Выстава прысьвечаная спробам перадаць пачуцьці, якімі ахопленыя іншыя людзі, - кажа Нэн. - Паміж людзьмі - шкло, і я спрабую яго разьбіць. Спрабую трапіць разам зь людзьмі ў сьвет сяброўства, робячы пра гэта фота".
Дарэчы, калі тэорыя пра адбіцьцё душы чалавека на фотцы мае рацыю, то Гольдын з посьпехам паспрабавала адлюстраваць у сваёй выставе дарагіх для яе людзей. Атрымліваецца, і для нас дарагіх таксама.
Л.Б.
Бадзяжныя сабакі на праспэкце
Толькі і застаецца дзівіцца, якія людзі (мы ўсе) брыдкія стварэньні. У просталінейнасьць прамэнадаў па галоўным праспэкце сталіцы ўпісваецца нашая пыха, важнасьць і дзелавітасьць. Толькі не бадзяжныя сабакі. Але ж яны, якіх некалі называлі "сябрамі", а пасьля выкінулі з дому, каб здыхалі на вуліцы ці ў скурадзёрні, - тое, што чакае кожнага з нас у наступным жыцьці. Чытайце "Бхагават-Гіту" і рыхтуйцеся…
"Краски"
Ходзяць чуткі, што прадусара лепшага беларускага teen pop'у пасадзілі. Так-так, за краты - ці то на Валадарку, ці то яшчэ куды... Прачытайце матэрыял Гнёта ў гэтым нумары.
"Барскія" вечарынкі
Ніколі ня быў на "pretty"-вечарынках, але ўжо адныя месцы правядзеньня і абяцаньні "асабістага фэйс-кантролю на ўваходзе" напружваюць. Не, рукі не пацеюць, але робіцца ніякавата. Аказваецца, "залатая моладзь" ня вымерла, а мімікравала. І зараз гатовая купляць шчасьце на ноч у рэстарацыі для клеркаў небагатых менскіх бізнэс-установаў (ясна, усё зьведваецца ў параўнаньні) за 21 эўра. Для асабліва спрытных маюцца плястыкавыя карты-фляеры, якія даюць права на ільготны (SIC!) доступ на баль і якія разьлятаюцца як дармовы дрынк.
Вось ужо гэтая нясьціплая прывабнасьць маладой буржуазіі! Барства ня ў модзе, спадары-таварышы!
"Галяндзкае нашэсьце"
Эксклюзіўную магчымасьць зрабіць разумны твар атрымалі заўзятары навамодных культурных тэндэнцыяў 7 і 8 красавіка ў будынку музэю "з гарматай". У рамках фэсту "Галяндзкае нашэсьце" на ўсеагульны агляд былі выстаўленыя імпартныя прыклады сучаснай нідэрляндзкай фатаграфіі. Ідучы за эстэтыкай выключнага мінімалізму, работы ўдалося пералічыць па пальцах уласнай рукі.
Калі ты выявіў сябе ў той самы час у тым самым месцы, а зараз ня ведаеш, як аднавіць здаровы сон і дабрабыт, што моцна пахіснуўся (мінус brb 750 дзеля мастацтва), - не адчайвайся. Ты не адзін у сваіх мучэньнях, і наракаць на абмежаванасьць уласнай сьвядомасьці ня варта.
Імкненьне падацца куды больш разумным і кемлівым, а таксама знайсьці сусьветны сэнс у рэчах, у якіх ён не прадугледжаны - звычайная хвароба сталічных разумнікаў. І нават самае бурнае захапленьне ад курынай скуры на жаночай галаве ці кіслароднай маскі на цяжарным пузе - ня больш як эгаістычны страх падацца лохам.
Нам жа ўсё зразумела: БМГА "Нью Фэйсэз" зь беларускага боку як арганізатар запрасіла на вясновыя вакацыі ў Менску сяброў з Zesde Kolonne, а заадно і фэст сфабрыкавалі. Каб сумна не было.
А.Г.
Diеsel абрабавалі
Так проста: бяз масак з тварамі экс-прэзыдэнтаў, без вадзяных пісьцікаў, бяз гангстэрскага нахабства! Зайшлі, забралі - і пайшлі!
Крыху падрабязнасьцяў.
Зайшлі злодзеі ў краму, як прыстойныя людзі зачынілі за сабой дзьверы (на ключык), а паколькі Diеsel - марка троху элітная, то ў памяшканьні не аказалася ніводнага шараговага закладніка. (Дзякуючы якім Колю-Дусі можна было б пасьля раскруціць апраўдальную брэнд-правакацыю. Дулю табе!) Ні-ко-га! Адно што гаспадары, якім настойліва параілі аддаць выручку крамы. І тыя людзі, якія неаднойчы пазыцыянавалі сябе як, гм-м-м, героі (?), так вось проста здаліся на літасьць шэрых менскіх бандзюганаў. А тыя нібыта на зьдзек у дадатак да касы прыхапілі пару рэчаў з новых калекцыяў Diеsel і Americanos.
Крыху высноваў.
Вось табе і маеш - "адважны сэрцам" Уладзімер Z (гаспадар крамы/чалавек, які возіць у вялікіх валізках тавар з братніх краінаў былога сацлягеру) з кампаніяй "нязломкаў" (прынамсі, так можна было зразумець з рэклямы менскага Diеsel) здольныя да банальнага анансаваньня Only the Brave лайф-стайл, але зусім не да актыўнага яго прапагандаваньня. Героі ўчорашніх дзён?..
С.С.