Неяк сьмешна робіцца, калі чуеш нешта кшталту "шоў-бізнэс - гэта спараджэньне 20 стагодзьдзя". Усё, што вы прачытаеце ніжэй, заклікана ўпэўніць вас у адной простай рэчы - шоў-біз быў заўжды, адно што называўся ён па-рознаму. Прынамсі, так думае Вячаслаў СКУГАРЭЎСКІ.
Многія разумныя таварышы сыходзяцца ў меркаваньнях на тым, што шоў-біз, яго першапачатковая ідэя караніцца, як гэта ні парадаксальна, у рэлігіі. Ясная справа, што людзям трэба заўжды некаму пакланяцца. Цягам стагодзьдзяў эўрапейскі каталіцызм трымаў сваю кліентуру ў стане зацікаўленасьці - адпаведна і шоў-бізу ніякага не намячалася. А вось нямецкі сьвятар Мартын Лютэр першым заўважыў: нявесела, спадарства, жывем. І напісаў свае 12 тэзысаў, якія прыбіў да дзьвярэй кляштару. Вакол адразу сабраўся натоўп. Стала весела. Пачалася ідэалягічная вайна супраць кансэрватарскага каталіцызму. Так нарадзіліся пратэстантызм і шоў-біз.
Гады ішлі, царква патроху губляла ўплыў на масы, і масы гэтыя пачалі сумаваць. Калі я кажу пра масы, то маю на ўвазе безумоўна не маўклівых сялянаў, якія акапаліся на сваіх гародчыках, а народ больш-менш забясьпечаны. Гэтаму народу ўжо не хапала адной-адзінай рукапіснай кнігі на ўвесь горад. Ягана Гутэнбэрга, які вынайшаў друкаваны станок, разам з шоў-сьвятаром Лютэрам можна лічыць бацькам-заснавальнікам шоў-бізу. З 15 стагодзьдзя па 19-ае самымі буйнымі шоў-бізнэсмэнамі былі, натуральна, пісьменьнікі і каралі. Каралі будавалі сабе палацы, кідалі мільярды на прыёмы і апранахі, ваявалі і браліся шлюбам - прыгожа, халера яго вазьмі!.. Не адставалі і пісьменьнікі. Да ангельца Сэмюэля Рычардсана штораніцы прыяжджалі міністры і цікавіліся, ці не знайшоў ён часу напісаць нешта новенькае. Да Вальтэра стаяла доўгая чарга багачоў, якія хацелі даць яму грошай...
Шоў-біз пачатку 19 стагодзьдзя квітнее і буяе. Як і цяпер, прагрэсіўны народ чытаў адно і тое ж, слухаў адно і тое ж, захапляўся аднымі і тымі ж кумірамі. У тройку супэрстараў таго часу ўваходзяць імпэратар Францыі Напалеон Банапарт, ангельскі паэт Джордж Байран і італьянскі кампазытар Джаакіна Расіні. Кожны з гэтай тройцы сымбалізаваў Свабоду і Сучаснасьць.
Напалеон пракаціўся па Эўропе ачышчальнай бурай. Байранам зачытваліся рамантычныя юнакі. Опэры Расіні з трыюмфам ставілі па ўсім сьвеце, ад Вільні да Вашынгтону. Між іншым, усе яны ўтрымалі плянку да гэтага дня - веліч не паблякла пад напорам часу.
Напрыканцы 19 стагодзьдзя расеец Фёдар Цютчаў заўважыў, што ў Эўропе пакланеньне чалавеку стала новай рэлігіяй. Гэта страшэнна хвалявала паэта, і ён нават знайшоў у сабе сілы прадказаць жудасныя пэртурбацыі ў Нямеччыне. Што сталася з Германіяй ў 1920-1940, вядома ўсім, але фішка ў тым, што палітыкі і зараз - шоў-біз чыстай вады: з рэйтынгамі (гіт-парадамі), з постэрамі, якія прадаюцца ў кожнай кнігарні....
Так што музычны-арыстакратычны-кіношны шоў-біз, росквіт якога прыпаў на другую палову 20 стагодзьдзя, - на жаль, зусім не самае вялікае зло ў сьвеце. Гэта проста настырнае і яркае адлюстраваньне таго Вялікага Шоў-Бізу, які заплюхнуў наш сьвет досыць даўно - калі людзі адчулі, што ім сумна верыць у Хрыста.
Можна, безумоўна, успрымаць Элвіса, "Бітлз" і Мадону прасьцей. Ну, пяюць і пяюць, грошы атрымліваюць. Але сэнс іх існаваньня, калі ўдумацца, глыбокі і пагражальны. Нас ужо не ўзбуджаюць абразы і малітвы. Ды і "бітлы" хіба што не ўзбуджаюць - малавата ў іх "шоў". А вось Мадона можа і цыцкі паказаць...