CD, Студэнцкая Думка

04/2003


V-IDEA

Сынкрэтызм. Поліварыянтнасьць. Паліфанічнасьць. Прыклад аб'яднаньня "ўсяго і ўсіх" - відэа-арт (ВА). У яго шмат твараў: экспэрымэнтальнае кіно, відэа-інсталяцыя, "вельмі кароткі фільм" і г.д. Але самае асноўнае - выкарыстаньне магчымасьцяў відэатэхнікі: тэлепрымачы, відэакамэры, маніторы. Гэта не ТБ - Макс Фрай называе ВА "магістральным кірункам актуальнага мастацтва", якое й дэманструюць на вялікіх прасторах. Зь людзкімі рэсурсамі, гатовымі аглядаць відэа-арт - больш складана, але Наталя ГАРОВІЧ знайшла ў сабе сілы на час пераключыць увагу са звычайнага відэа па тэлеку на відэа-мастацтва. Атрымалася нешта...

BROADCASTING

ВА "нарадзіўся" ў 1963 годзе ў горадзе Вупэрталі на адкрыцьці першай пэрсанальнай выставы Нам Джун Пайка ў галерэі "Парнас". Недысцыплінаваны пасьлядоўнік новай музыкі выкарыстоўваў тэлевізары на манэр Джона Кейджа - нью-ёрскі авангардыст падчас дэманстрацыі сваіх працаў па-рознаму шумеў, чым саманатхнёна нэрваваў прысутных. У Пайка атрымалася нешта падобнае да перасоўваньня фартэпіяна і інш. музычных інструмэнтаў пад гукі неапісальнай какафоніі. Ну в-в-вельмі канцэптуальна. Яго адразу ж запісалі ў патрыярхі ВА, а ў падручніках па мастацтве ХХ ст. у якасьці ўзорнай дэманструюць ашаламляльную статую Буды, які сядзіць перад тэлевізарам.

Зямляк Формана ды Ўорхала (у сэнсе, чэх) і заснавальнік знакамітай нью-ёрскай галерэі "The Kitchen" Штэйн Васулка стаў яшчэ адным клясыкам ВА. Пра свой творчы мэтад сам Васулка кажа вельмі цьмяна і незразумела - "мастацтва з дапамогай кампутара, але не кампутарнае мастацтва", "хутчэй штудыі, чым мастацтва", хаця яго працы надзіва канкрэтныя і вобразныя. Ён спрабуе знайсьці суадносіны паміж візуальнай выявай і музыкай - напрыклад, паміж камэрай і скрыпкай у "Тэатры Гібрыднага Аўтамата". "Зьнешняя і ўнутраная прастора знаходзяцца тут у стане безупыннай камбінацыі. Хуткасьць зьмены кадраў адпавядае рытму музычнага малюнку". Сальеры не забівае Моцарта, а дапаўняе яго.

Эндзі Ўорхал жа спрабаваў папросту спыніць несупынны час і прасачыць, як ён адбіваецца на чалавеку. Атрымлівалася канцэптуальна, але як на сёньняшні дзень, дык задужа занудна: зьнятыя на зафіксаваную камэру Эмпайр-Стэйт-білдынг ці хтосьці з заўсёднікаў "срэбнай фабрыкі" (які яшчэ і калупаецца ў носе) - статычныя і нязьменныя цягам сямі гадзінаў. І ўсё кіно!..

У канцы 70-х прыйшоў час стварэньня аналаў. Музэй Сучаснага мастацтва (Нью-Ёрк) у 1970 годзе адкрыў аддзел відэакалекцыяў, дзе знаходзілася больш за 800 працаў - ад адукацыйных і дакумэнтальных фільмаў да працаў мастакоў, асноўным сродкам якіх стала відэа. І ўжо тут можна казаць пра тое, што такое ВА сёньня.

Гэта альбо бясконцы паўтор аднаго і таго ж сюжэту, кадра, руху, слова, альбо нігілістычныя выбрыкі ў стылі "а ці не патаптацца мне па культурнай спадчыне?". Апошнія добра ілюструюцца працай расейцаў Алейнікавых "Трактарысты-2" (1992). Рэмэйк культавага фільму "Трактарысты" (рэж. Пыроў, 1939) - гэта суцэльны колькігадзінны зьдзек з асноўных прыкметаў "заможнага" жыцьця селяніна, з саўдэпаўскіх ідэалягічных замарочак. Заслуга Алейнікавых ва ўзбагачэньні досьведу ВА - спалучэньне сацарту і ВА.

Прайшоўся ВА і па канцэпцыі "сьмерці чалавека-гледача" - адразу ж зьявілася мода на статычныя фігуры, што тупа ўтаропіліся ў блакітны тэлеэкран (чым ня мы самі пасьля працоўнага дня?).

Здаецца, усё, што выйшла з авангарду, аматарскага ды экспэрымэнтальнага кіно - і ёсць ВА. Любая тэхнагенная замарочка адразу ж уцягваецца ў працэс. Тое самае датычыцца і NETу. А што замінае выкласьці на сайціку ўласныя экспэрымэнты з камэркамі і апаратуркай? Мяжа паміж гэткім клонам ВА і net-артам (сеткавым мастацтвам) ужо амаль сьцерлася. Тэхналёгія ж размывае яе і далей. Тэлевізійныя апытаньні з web-адрасамі: што гэта, TV ці сеткавы інтэрактыў? А інтэрактыўны ВА па web-TV з адпаведнай аўдыторыяй і сеткавымі камунікацыйнымі магчымасьцямі - гэта відэа- ці net-арт? Пытаньні, пытаньні…

ANGELS PLAYING WITH MY БЕЛАРУСЬ

Зьлёту назваць беларускага ВА-мастака складана. Хтосьці кагосьці бачыў, нешта недзе чуў... "Культурныя лідэры" ў большасьці сваёй застаюцца інкогніта. Калі зь нейкім аўтарам і сустракаесься, звычайна размова пачынаецца з "Ну, я ня тое каб…".

Тым ня менш, шмат хто зь мясцовых актуальных аўтараў выкарыстоўвае ВА побач зь інсталяцыямі і фатаздымкамі. Пэрформэр Людміла Русава на выставе "Гульня зь лялькай" (галерэя Nova, 2002 г.) побач з фатаграфіямі Сяргея Ждановіча зьмясьціла запіс гульні з манэкенам-цацкай (цётачка сядзіць за сталом насупраць манэкена) - аналягам двайніка-ценю (рэмінісцэнцыі на татальную самоту чалавека ў Сьвеце, "цацачную" ролю жанчыны ў грамадзтве і інш.). Наталя Залозная дэманстравала апошнія хвіліны жыцьця рыбіны, якая філязафічна праецыравалася на сапраўдны кухонны стол (каму сьмерць на патэльні, а каму жыцьцё ў мастацтве). І гэта толькі некалькі прыкладаў са сьнегазвалу спарадычных узьнікненьняў ВА у беларускай прасторы, урваныя, лічыце, са складоў памяці рэдкіх ахоўнікаў найноўшага беларускага мастацтва.

Прасьцей дакрануцца да людзей - у прамым і пераносным сэнсе - па наводцы знаёмых. Так я пазнаёмілася зь менскай канцэпт-групай "An angelico'" (АА) - Антонам Слунчанкам і Віталем Дзекцяровым.

Ідэя праекту вымалёўвалася паступова: кропкай адліку сталі ўласныя працы - ВА, фота, увага да клясычных рэпрадукцыяў і Ідалаў сучаснасьці. Гэта было ідэйнай глебай "АА". Зварот да Ідалаў першапачаткова адлюстраваўся ва ўласным пэрформансе Антона "Размова з TБ" ("TV conversation", міжнародны праект "View Assistance", Базэл, Швэйцарыя, 1999 г.), калі, зачыніўшыся ў спортзале з тэлевізарам, аўтар да мяжы магчымага "ганяў" на трэнажоры, уяўляючы сабой жывую антытэзу пэсымізму і чалавечай бязвольнасьці, увасобленым у культавым фільме П.Джармана "Блакітнае" (ён і дэманстраваўся па тэлевізары).

На BY-сцэне "АА" зьявіліся падчас Беларускага міжнароднага мэдыя-фэсту "Транзыт_01.by", калі ў Доме кіно экспанавалі відэа-інсталяцыю "Only happy life is true". Ідэйнай апорай быў "Лёгіка-філязофскі трактат" таварыша Л.Вітгенштайна - "хто баіцца сьмерці, той вядзе няправільнае жыцьцё". Ілюстраваўся гэты лёзунг вельмі своеасабліва: на плоскасьць мусілі праецыравацца 3 архетыпы: мужчынскі (абстрактны салдат), жаночы (рафінаваная мадэлька Кейт Мос) і вобраз духу (скульптура Мадоны) "хадзілі па коле", а паміж імі часам амаль няўлоўна для вока мільгаў чэрап (зноў дзядзька Фройд са сваімі Эрасам ды Танатасам).

На жаль, арганізацыя фэсту была як заўсёды, таму ўся гэтая дзея папросту ішла па тэлевізары, што зводзіла канцэпцыю на zero. Недзе а палове на 12-ю ночы "АА" вырашылі зрабіць "як трэба" і аднавілі інсталяцыю... на будынку гатэлю "Мінск". Гледачоў, вядома, ужо не было, затое мясцовая мянтура далучылася да прыгожага.

У лістападзе 2001 году "An angelico'" зьдзейсьнілі выставу "Dialogue" (Менск, Дом дружбы народаў), дзе праецыраваліся фатаграфіі мадэлек, а насупраць былі вывешаныя габэлены вядомай швэйцарскай мастачкі-авангардысткі Лізы Штоўфэр. На ўсё гэта накладаліся гукі мора - прыбой і музычныя шумы (аўдыяльнае суправаджэньне рабіў той жа Савіцкі). Цікава, як муціруе ў нас мастацтва пад уплывам Сыстэмы: "АА" распавядалі, што праект павінен быў звацца "Ной" (экспазыцыйная прастора асацыявалася з каўчэгам), але ідэю арганізацыйныя органы не зразумелі. Назву зьмянілі на трывіяльныя "Дыялёгі".

Канцэпцыя "АА" мабільная, і зьвесьці яе да некалькіх выразаў цяжка. Так, назва групы зьявілася ад прозьвішча мастака Фра Анджэліка (раньняе Адраджэньне, флярэнтыйская школа) і яго выяваў саладжавых анёлаў. Стрыжань творчай канцэпцыі "АА" - перапляценьне сакральнай гістарычнай сымболікі і сучаснай штучнай "боскасьці". Сапраўды, сьвет высокай моды стаў тым мітычным Алімпам, дзе ёсьць свае "культы" (кельвіны-кляйны й ніны-рычы), а героі (кляўдзіі-шыфэры й наомі-кэмпбэлы) - сапраўды бесьцялесныя істоты, бездакорна прыгожыя і ідэальныя. Аўтары праекту шматразова прапускаюць выявы рэальных мадэлек празь фільтры: фота-малюнак-фота-відэа. На чым усё завязваецца? Сучасны чалавек ня бачыў/ня бачыць сапраўдных працаў, арыгінал як прадмет эстэтычнага задавальненьня для яго не існуе. Проста і з густам.

Атрымліваецца, што самым простым шляхам да сэрцаў шматлікай публікі становіцца VJ-інг у выкананьні "АА". Нашыя героі і прома-група Jet Souds, па трапных назіраньнях некаторых, паступова зрастаюцца, але ці кепска гэта? Бадай, не - прыгожае цягнецца да такога ж. Дый Ярык з Канём удала дапаўняюць візуалаў "АА".

Так існуе беларускі ВА. Праходзіць мноства міжнародных фэстаў, пра якія ніхто нічога ня ведае, канцэпцыі ламаюцца праз адсутнасьць min тэхнікі. Ужо згаданы міжнародны фэст экспэрымэнтальнага кіно "Праекцыі", які ўсё ж неяк прагучаў, бачнага штуршка ў бок папулярызацыі ВА ня даў. Пасьля фэсту тыя, каму гэта было б цікава, яшчэ месяц перапытвалі адзін у аднаго: "А што гэта было?"

Блізка-далёкія

PL: У Варшаве ёсьць Замак Уяздзоўскі, дзе арганізуюцца выставы і акцыі сучасных творцаў. Там, у самым сэрцы польскага актуальнага мастацтва, часам працуюць і BY-канцэптуалісты, а таксама ўдзельнічаюць у міжнародных мэдыя-фэстах, напрыклад, WRO (Уроцлаў).

UA: У Кіеве ладзіцца ВА-фэст "KI-MAF", а ў Цэнтры сучаснага мастацтва Кіева-Магілянскай акадэміі час ад часу арганізуюцца ВА-экспазыцыі.

RU: У расейцаў праходзіць Маскоўскі міжнародны мэдыя-форум (http://www.mediaforum.danet.ru) - найбуйнейшы на постсавецкай прасторы. Там жа месьціцца "ТВ-галерея", якая прапагандуе ВА. Нечым падобным займаецца "Галерея 21" у Пецярбурзе. Раз-пораз ВА ўзьнікае і на "Арт-Москве".