Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Срэценьне Гасподняе

(Лук. 2, 22-40)

Згодна яўрэйскаму Закону, у саракавы дзень пасьля нараджэньня першага дзіцяці бацькі накіроўваліся ў ерусалімскі храм, каб ахвяраваць дзіця Богу і зьдзейсьніць абрад ачышчэньня маці. Гэтай традыцыі падпарадкаваліся таксама Язэп і Марыя. У іхным выпадку, аднак, абрад меў іншае значэньне. Нармальна бацькі прадстаўлялі свайго сына Богу на знак прыналежнасьці дзіцяці да Бога. Гэтым разам аднак Бог прадстаўляў Свайго Сына людзям. Зрабіў гэта вуснамі Сімяона і прарочыцы Анны. Сімяон прадставіў Ісуса як сьвятло, якое асьвеціць народы, а таксама як знак супраціўленьня, Таго, Які выявіць замыслы сэрцаў.

У памяць гэтай падзеі, расказанай у Евангельлі паводле Лукі, на Ўсходзе ужо ў 3-м стагодзьдзі было устаноўлена адмысловае сьвята Гыпапантэ — значыць: сустрэча. На Захадзе сьвята прынялося ў 6-м стагодзьдзі і ў значнай ступені мела яно выкараніць паганскае сьвята Люпэркалія.

Сустрэча Ісуса зь Сімяонам і Аннай у ерусалімскім храме зьяўляецца сымбалем рэчаіснасьці ўнівэрсальнага значэньня: гэта сустрэча чалавецтва са сваім Госпадам у Царкве. У храме Сімяон распазнаў у Ісусе доўгачаканага Месію і аб’явіў Яго збаўленьнем і сьвятлом сьвету. Ён зразумеў, што ад гэтага часу лёс кожнага чалавека будзе залежыць ад яго стаўленьня да Хрыста: Ён будзе для чалавека або гібельлю або ўваскрэсеньнем. Гэтую думку выказаў Яан Хрысьціцель: „Мае Ён веялку ў руцэ Сваёй і ачысьціць умалот Свой, аддзяліўшы зерне ад мякіны” (Мацьв. 3, 12). Сёньня адбываецца падобнае, хаця ў іншым вымярэньні. У Царкве людзі сустракаюць Хрыста, атрымоўваюць Яго ў Сьвятым Прычасьці. Ягонае слова становіцца для вернікаў сьвятлом, Ягонае Цела — сілай і ежай.

Сьвята Срэценьня носіць таксама назву Грамніцаў, паколькі ў гэты дзень у храмах асьвячаюцца сьвечкі званыя грамніцамі. Сьвечкі вернікі прыносяць у хаты, іх даюць у рукі паміраючым, а таксама запальваюць у часе буры і маланак. Гэты абрад зьяўляецца бачным знакам веры ў Хрыста — „сьвятлом на асьвячэньне паганцаў” (Лук. 2, 32). Мы павінны стацца сьвятлом для сьвету. Яно дадзена нам ня толькі, каб мы асьвятлялі адно свой жыцьцёвы шлях, не цікавячыся іншымі. Мы не павінны таксама забывацца, што вера быццам сьвечка, якую трымаем запаленую толькі ў храме і гасім вяртаючыся да будзённых заняткаў. Распазнаўшы ў Ісусе абяцанага Месію прарочыца Анна „гаварыла аб Ім усім, хто чакаў вызваленьня”. Паглынутая шэраг гадоў у роздумах, пасьля сустрэчы з Хрыстом яна адкрываецца на шырокі сьвет. Гэтым самым яна вучыць, што рэлігія і рэлігійнасьць не павінны быць нечым інтымным і прыватным. Чалавек не павінен захоўваць толькі для сябе тое, што ў ім найбольш каштоўнае і глыбокае. Заданьне рэлігійных людзей — адкрываць сваё нутро і творча зьзяць на атачэньне.

Як-жа нам трэба перагледзець сваё сумленьне! Што зрабілі мы з нашым сьвятлом? Што сталася са сьвечкай запаленай у часе хросту? Хто адчуў яе наяўнасьць, хто сагрэўся пры ёй? Хрыстос сказаў, што Ён прыйшоў кінуць „агонь на зямлю” (Лук. 12, 49).

Вядома, Ён ня меў на ўвазе звычайны агонь, які апальвае і нішчыць, але такі, які сагравае: агонь любові. Гэты агонь павінен быў размарозіць сьвет паглынуты эгаізмам і ненавісьцю, аднак, бы лучына ўзятая з агню, гарэў вельмі коратка. Каб агонь гарэў далей, трэба запальваць усё новыя лучыны.

Сьвятло, якое Хрыстос даў нам, гэта запавет любові. „Любіце адзін аднаго, любіце нават сваіх ворагаў”. Гэта тое сьвятло, якое мы павінны выносіць з Царквы зноў ды зноў, каб асьвятляць тых, хто застаўся дома і тых, зь якімі мы праводзім кожны дзень. Вернік, які спрабуе зразумець іншых людзей пачынаючы ад самых блізкіх, які паўстрымоўваецца ад горкіх слоў крытыкі і зьняважлівасьці да іншых, які ўмее натхніць каго-небудзь да дабра, у евангельскім сэнсе зьяўляецца „сьвятлом пастаўленым на падсьвечніку”. Такім сьвятлом бывае таксама чалавек, які ўмее знайсьці добрае слова для кожнага, пагутарыць або паслухаць, калі ўмее кожнаму прабачыць. Тады ён — сьвятло, якое сагравае, бо ён — „сьвятло любові”.

Бога можна сустрэць усюды, але перш за ўсё ў месцы, якое Ён Сам абраў Сабе на жыльлё — у храме. Нас таксама, як некалі Хрыста, бацькі прынесьлі ў царкву, каб прадставіць Богу. Потым мы прыходзілі сюды шмат разоў, каб прадставіць Богу нашы дылемы, праблемы, посьпехі і няўдачы. Прыходзім і надалей, каб, як Сімяон, „натхнёныя Духам” атрымаць тут асьвячэньне і падмацаваньне. Пры алтарах усіх цэркваў надалей адбываецца нашае ахвяраваньне. Прыходзім у храм неаднойчы неахвоча, але якраз таму храм — гэта месца ахвяры з нашай стомленасьці ды іншых тлумачэньняў. Як-жа гэта аднак цудоўна, што нязьменна выходзім адтуль узбагачаныя і лепшыя. Ад такіх сустрэчаў з Богам нельга адмовіцца. Хай гэта станецца практыкай.