Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Сырапусная нядзеля

(Мацьв. 6, 14-21)

Мы апынуліся напярэдадні Вялікага Посту. Для пераважнай большасьці хрысьціян — асабліва для праваслаўных — гэта выключны перыяд ва ўсім літургічным годзе. Перш чым уступіць у яго і прыступіць да свайго ўдасканаленьня вернікі адзін у аднаго просяць дараваньня спрычыненых крыўдаў і правінаў. У 6-м разьдзеле Евангельля паводле Мацьвея (6, 14-21) нагадваецца, што „калі ня будзеце дароўваць людзям іхных правіннасьцяў, то і Айцец ваш не даруе вам вашых правіннасьцяў”. Інакш кажучы, намагаючыся аднавіць належныя адносіны з Богам, трэба пачаць гэта з прымірэньня са сваімі бліжнімі. Гэтак у старажытнасьці рабілі манахі, якія, накіроўваючыся на час Посту ў свае пустэльні, уладжвалі паміж сабою ўсемагчымыя непаразуменьні. У шматлікіх цэрквах практыкуецца ў нядзелю перад Вялікім Постам абрад дараваньня ўзаемных правінаў паміж сьвятарамі і вернікамі. Так і ў гэты дзень Царква нагадвае, што „хто жыве ў разладзе зь іншымі людзьмі, той ня можа жыць у згодзе з Богам” (сьв. Яан Залатавусны). Блажэнны Аўгусьцін падкрэсьліваў, што „ня можа быць ні сапраўднага посту, ні сьвяткаваньня, дзе варожасьць і гнеў”. Паводле ягоных слоў, Бог аддаў у нашы рукі суд над намі самімі. Ад нас залежыць канчатковы суд над намі. Як паступім з бліжнімі, гэтак Бог паступіць з намі. Гэта вельмі простае і яснае. Цікава выказаўся на гэту тэму сьв. Рыгор Ніскі. „Госпадзе, — пісаў ён, — рабі са мною, што я раблю. Я мог-бы мсьціць за сябе, аднак паўстрымоўваюся і Ты не рабі гэтага. Я забыўся пра спрычыненае мне крыўды, забудзься і Ты пра мае грахі... Я зрабіў тое, што Ты загадаў мне; выканай і Ты Сваё абяцаньне: дароўвайце і вам будзе даравана” ( Лук. 6, 37).

Напярэдадні Вялікага Посту Царква ўспамінае першародны грэх чалавецтва. Гэтая духоўная катастрофа ўпаткала людзей на заранку іхнага існаваньня і сталася звышчасовай падзеяй. Кожны з нас нясе ў сабе Адамаў грэх, цёмны бунт самавольства і супраціву ў дачыненьні да Тварца. Людзі — зьвязаны паміж сабою як часткі аднаго арганізму Адама, як яго нашчадкі. Мы можам лічыць адказнасьць за богаадступніцтва Адама несправядлівай, але штодзень мы павялічаем і дапаўняем ягоны грэх. Царква паказвае нам гэтую карціну сапсаванасьці і недасканаласьці натуры. Узьнесены па?над прыродай ды іншымі стварэньнямі чалавек здрадзіў сваё пакліканьне і падпаў пад уладу стыхіяў. Цяпер ён можа абмяжавана і толькі зьнешне панаваць над імі, празь веды і навуку, аднак ключ да сапраўднай перамогі духа тоіцца ўнутры чалавечай істоты.

Евангельле нядзелі дараваньня правінаў нагадвае таксама сапраўдны сэнс посту, які ні ў якім выпадку не павінен ператварыцца ў бяздушны рытуал або вонкавую традыцыю, але павінен стацца ўнутранай патрэбай чалавека. Звычайна ня любім прызнавацца да сваіх памылак, ня любім уступаць іншым, але-ж часам трэба крыху пакоры і самакрытыкі. Ініцыятыва прымірэньня павінна выходзіць ад нас! Паказная, крывадушная пабожнасьць наагул агідная Богу, які бачыць ня толькі нашы дзеяньні, але і найбольш утоеныя думкі. З другога боку, у сэнсе цялеснага посту, добраахвотна адмаўляючыся ад багатай, пераважна мясной, ежы чалавек узвышаецца над сваёй зьвярынай натурай і ставіць дух вышэй цела. Як гаварыў сьв. Яан Залатавусны, „ад тлустага чэрава наагул не бывае тонкага розуму”. Памяркоўнасьць у дагаджэньні сваім прыхамацям — паводле ягоных слоў — адкрывае проста большы прастор для духа, вядзе да ўтаймаваньня заганных цягаў і спакусаў. „Колькі аднімеш у цела, гэтулькі дадаш душы”, — гаварыў таксама сьв. Рыгор Вялікі. Паколькі сапраўдны пост заключаецца ва ўзмоцненай дбайнасьці пра ўдасканаленьне і самаачышчэньне, Яан Залатавусны заклікаў „пазбыцца ўсякага зла, утаймаваць язык і грэшныя схільнасьці, адкінуць паклёпы, хлусьню і клятвапарушэньні, накарміць галоднага, прыняць бяздомнага і беднага”.

Вялікі Пост перад галоўным хрысьціянскім сьвятам Пасхай-Вялікаднем — гэта таксама дзесяціна Богу, якую паводле старазапаветнай практыкі мы ахвяроўваем Богу. Адлічыўшы ўсе няпосныя дні — суботы і нядзелі, атрымоўваем дакладна 36,5 дня, дзесятую частку году.

Калі-б ня гэтае духоўнае разуменьне посту, пры сучасным зьбядненьні значнай часткі грамадзтва, пры дарагавізьне ды мізэрных заробках і галодных пэнсіях, гаварыць пра пост, які сам сабою вымушаны, было-б проста зьдзекам. Аднак заклік да посту накіроўваецца і да багатых, і да бедных, бо па?за хлебам надзённым ёсьць яшчэ іншы, вельмі важны дэфіцыт. Нам усім, акрамя поўнага страўніка, пра які рупімся больш за усё, патрэбнае яшчэ ўнутранае аднаўленьне, узаемнае прабачэньне і прымірэньне: са сваім сумленьнем, з бліжнімі і з Богам. Бяз гэтага нічога нявартае выціраньне каленямі царкоўных паркетаў і нізкія паклоны... Пра гэтае перш за ўсё і нагадвае нам Царква напярэдадні Вялікага Посту.