(Яан. 1, 43-51)
У 787 годзе на вуліцы Канстанцінопаля выйшла шматлюдная маніфэстацыя прыхільнікаў культу іконаў. Іканаборства, якое працягвалася звыш ста гадоў падзяліла грамадзтва: даходзіла да ссылак і гвалтаў, зьдзеку над духавенствам і вернікамі. Супраць шанаваньня іконаў выступілі нават ерархі ды імпэратары, якія ўмешваліся ў царкоўнае жыцьцё. Пазбаўлены патрыяршага трону Герман рашуча заявіў імпэратару: „Без пастановаў Сабору ў справах веры нічога ня можаш зьмяніць”. Папа Рыгор ІІ таксама супрацівіўся імпэратару Лявону Ізаўрыйцу і сказаў яму: „Царкоўныя догматы — не твая справа; пакінь сваё шаленства”. Устаноўленае 50 гадоў пазьней сьвята перамогі Прававер’я нагадвае ня толькі перамогу над іканаборствам, але і дзеяньні ўсіх ранейшых Сабораў, якія абаранілі ад ерасяў і сфармулявалі асноўныя догматы веры. Усе вялікія ерасі Ўсходу выступалі супраць самой сутнасьці веры: вучэньня аб богачалавецтве Хрыста. Арый цьвердзіў, што Ён створаны і толькі падобны на Бога. Нэстарыяне адрозьнівалі ў Хрысьце чалавека і Лёгаса, які нібыта зышоў на Хрыста ў момант хрышчэньня. Монафізыты і монафэліты наадварот, не прызнавалі чалавечнасьці Хрыста і ўрэшце іканаборцы забаранялі рабіць Яго выявы, пярэчачы гэтым самым рэальнасьці ўчалавечаньня. Сапраўды — гэта цуд, што Царква змагла вытрымаць і пераадолець усе ўнутраныя смуты, раздоры і прасьлед. Вось таму Нядзеля Праваслаўя гэта не трыўмфаваньне бачнай славы і велічы Царквы. Гэта хутчэй за ўсё дзень, калі мы радуемся, што Бог застаўся непераможаным чалавечым грахом, няўстойлівасьцю сэрца і волі.
Пры нашай цяперашняй абыякавасьці для нюансаў тэалёгіі нам цяжка зразумець гэтае карпатлівае, упартае змаганьне за чысьціню веры і непахісную вернасьць ёй. Быў час, калі ў эпоху крыжовых паходаў Рым за некаторыя ўступкі прапанаваў грэкам дапамогу, аднак тыя адказалі: „Хай лепш будзе турэцкі турбан, чымсьці лацінская мітра”. У розныя эпохі людзі пераносілі за сваю веру зьдзек і прыніжэньне, жылі з кляймом нядобранадзейнасьці, духоўнага дысыдэнцтва, аднак таму, што лічылі яе найвышэйшай каштоўнасьцяй, засталіся вернымі. Зараз на пытаньне пра нашу веру мы адказваем: я — праваслаўны, каталік або пратэстант, але на самай справе вельмі часта мала ведаем, што гэта значыць.
У Нядзелю Праваслаўя чытаецца фрагмэнт зь першага разьдзелу Евангельля паводле Яана пра пакліканьне чарговых апосталаў Піліпа і Нафанаіла. У адказ на заклік: „Ідзі і паглядзі”, Піліп бяз ваганьня далучыўся да Хрыстовых вучняў і паклікаў за сабою Нафанаіла. „Мы знайшлі Таго, аб Якім пісаў Майсей і прарокі”, — абвясьціў яму. „Ці-ж можа быць нешта добрае з Назарэту?” — шчыра зьдзівіўся Нафанаіл. Тады Піліп, не прабуючы яго нават пераконваць, запрапанаваў: „Ідзі і паглядзі”, і Нафанаіл, хаця і не без сумневу, прыйшоў да Хрыста з гарачым жаданьнем знайсьці праўду і не расчараваўся.
Гэты спосаб евангелізацыі моцна падкрэсьлівае Праваслаўная Царква, якая заўсёды супраціўлялася празэлітызму — прыцягненьню да сябе любымі сродкамі вернікаў зь іншых канфэсіяў. Яна пасьлядоўна прытрымоўваецца прынцыпу, што павярненьне у Праваслаўе „агнём і мячом” — непрымальнае, што „мэта не заўсёды апраўдвае сродкі”. Яна лічыць, што духоўныя мэты трэба дасягаць духоўнымі сродкамі. Асабісты прыклад, сьвятасьць жыцьця, глыбіня веры, шчырасьць і энтузыязм лепш прамаўляюць за красамоўства і вытанчаныя мэтады ўзьдзеяньня на чалавека. Паводле слоў выдатнага праваслаўнага тэоляга а. Сяргея Булгакава, у адрозьненьні, напрыклад, ад каталіцызму, Праваслаўе не дамагаецца падпарадкаваньня яму як гістарычнай установе, але запрашае да прыняцьця праўды, бо пазнаньне праўды прыводзіць да еднасьці з Праваслаўем. Яна заклікае: „Ідзі і паглядзі”. Паглядзі, як мы верым, як жывём, як молімся, паглядзі нашы храмы, услухайся ў зьмест нашых багаслужбаў і абрадаў, паглядзі на іконы, паслухай царкоўныя сьпевы і тады ўсё ацані сам...
Царква — наша маці! Маці нельга засмучаць, нельга здрадзіць. Мы павінны яе кахаць і ганарыцца не сабою, але ёю. Адначасова трэба сваім жыцьцём апраўдаць сваё высокае званьне праваслаўнага хрысьціяніна. Вартасьць дрэва не заключаецца ў ягоным назове, але ў пладах. Калі-б мы як праваслаўныя ня мелі чым пахваліцца, само званьне ня выратуе нас!