Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Другая нядзеля Вялікага Посту

(Марк. 2, 1-12)

У праваслаўных другая нядзеля і тыдзень пасьля яе называюцца днямі сьветлатворных пастоў. Царква моліцца аб жыцьцятворным азарэньні ўсіх, хто дбайна посьціцца і змагаецца са сваімі заганамі. У багаслужбах усхваляецца раскаяньне і пост як шлях да ўнутранага аднаўленьня чалавека з дапамогай Божай ласкі. Вучэньне аб гэтым сфармуляваў у 14-м стагодзьдзі выдатны грэцкі тэоляг Рыгор Палама. На падставе дасьведчаньня Царквы, аскетаў і сьвятых ён выклаў сьмелую у той час тэорыю, што праменьні Божай ласкі, які нагадваюць Фаворскае сьвятло — гэта Сам Бог, які зыходзіць на чалавека, робячы яго саўдзельнікам Боскай натуры. На практыцы гэта значыць, што шляхам карпатлівага самаўдасканаленьня чалавек можа быць „абожаны”. Як жалеза можа быць пранізана агнём, гэтак людзі з дапамогай ласкі ўжо на зямлі могуць стаць вобразам таго, да чаго паклікана ўсякае стварэньне, калі „Бог будзе ўсім ва ўсіх”.

Памяць сьвяціцеля Рыгора Паламы Царква ўшаноўвае якраз у другую нядзелю Вялікага Посту. У гэтую нядзелю ў другім разьдзеле Евангельля паводле Марка гаворыцца пра аздараўленьне Хрыстом у Капернауме паралізаванага чалавека, якога прынесьлі на насілках чатыры сябры. „Бачачы веру іх Ісус сказаў паралітыку: даруюцца табе грахі твае”.

Вярта адзначыць, што Хрыстос як быццам не прыкмячаў фізычных пакутаў гэтага чалавека. Заміж адразу заняцца яго зьняможаным целам ён сказаў: адпускаюцца табе грахі твае. Праўда, аздаравіў таксама і цела, але пазьней; на першым месцы паставіў душу. Над целам таксама схіляецца міласэрнасьць Хрыстовая, але яно толькі служыць душы. Разумеў гэтае і сам хворы. Ён несумнена адчуваў патрэбу аздараўленьня, але адначасова разумеў, што хвароба зьяўляецца вынікам пакараньня за грэх. Ён адчуваў дакор сумленьня; побач зь немаччу яго абцяжарвала пачуцьцё віны. Як-жа важнае гэта для сучаснага сьвету, які да такой ступені напружвае ўсе сілы выключна для здароўя, дабрабыту і выгады цела, што амаль забывае пра душу або ўвогуле запярэчвае ейнаму існаваньню. Але-ж Бог ня стаўся чалавекам дзеля нашай матэрыяльнай памыснасьці. У сваёй навуцы Ён не гаварыў пра паляпшэньне матэрыяльнага становішча, але перш за ўсё пра значэньне ахвяры, вырачэньня і нават пакутаў. Калі прыняў сьмерць, дык не за нашае здароўе і дабрабыт, але за збаўленьне душы, за ейнае ачышчэньне і рост. Дзякуючы душы мы сфармаваныя на падабенства Божае; толькі душа здольная адабратварыць нашу існасьць і душа працягвае нашае існаваньне да бясконцасьці дзеля заспакаеньня нашых узьнёслых імкненьняў і мараў.

Фізычнае жыцьцё і здароўе маюць для большасьці людзей першараднае значэньне, але бываюць у жыцьці і такія моманты, калі жыць далей любою цаною ня хочацца, калі інстынкт самазахаваньня адыходзіць на другі плян. Першарадным становіцца згублены ўнутраны спакой, які бывае ад прымірэньня з Богам, зь людзьмі і са сваім сумленьнем. Красамоўным, хаця непахвальным прыкладам зьяўляюцца самагубцы, якіх роспачны крок паказвае, што пачуцьцё віны можа заглушыць нават волю жыцьця.

Такім быў евангельскі Юда, які „раскаяўшыся аддаў назад архірэям і старшынам трыццаць срэбранікаў, кажучы: зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную... і кінуўшы срэбранікі... пайшоў і павесіўся”.

Сумленьне — Божы голас, нябачны Божы вартавы. Гэты непадкупны вартавы ўсё бачыць, усё ведае, усё памятае і нічога не забывае. Яно кантралюе нашы паводзіны, думкі і ўсё жыцьцё, указваючы, што добрае, а што дрэннае. Гэта строгі, але справядлівы вартавы. Мы ня бачым яго цялеснымі вачыма, але ён жыве ў нас і нябачна — калі трэба — дае аб сабе знаць. „Унутры нас жыве справядлівы судзьдзя, голас якога важнейшы за думку ўсяго сьвету”, — пісаў Яан Залатавусны. „Сумленьне — сапраўдны хатні суд. Злачынца можа пазьбегнуць чалавечага суду, але не пазьбегне суду свайго сумленьня”, — гаварыў сьв. Рыгор Багаслоў.

Выдатны нарвежскі драматург Гэнрык Ібсэн пісаў, што „чыстае сумленьне — найлепшая падушка”. Нязлоўлены паліцыяй герой рамана Фёдара Дастаеўскага „Злачынства і кара” Раскольнікаў не знаходзіў сабе месца, ня цешыўся пасьля забойства свабодай. З дапамогай Соні ён сам прызнаўся да ўсяго на паліцыі і, хаця быў сасланы ў Сібір, ён успрыняў гэта з палёгкай і пачаў новае жыцьцё...

„Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога”, — гаворыцца ў Нагорнай казані. На гэты недасягнены ідэал, на значэньне чысьціні сэрца і сумленьня Царква зьвяртае ўвагу асабліва ў час Вялікага Посту...