(Марк. 8, 34 — 9, 1)
Праваслаўная Царква некалькі разоў у год экспануе Сьвяты Крыж. Традыцыйна падчас суботняй багаслужбы на сярэдзіну храму выносіцца ўпрыгожаны Крыж. У палове Вялікага Посту, які служыць духоўнаму абнаўленьню, вернікам прапануецца перанесьціся думкамі на Галгофу, яшчэ раз углыбіцца і асэнсааць увесь зьмест Крыжа і Крыжовай Ахвяры Хрыста. Ідэя гэтай ахвяры выказана ў словах апостала Пятра: „Ведайце, што не трухлеючым серабром або золатам вы адкуплены ад марнага жыцьця, дадзенага вам ад айцоў, але шматкаштоўнаю кроўю Хрыста, як чыстага баранчыка бяз сказы” (1 Пят. 1, 18-19).
Калі дзьве тысячы гадоў таму на Галгофе рымскія жаўнеры ўкрыжавалі Хрыста (як, дарэчы, рабілі гэтае са збунтаванымі нявольнікамі, у тым ліку і з паўстанцамі Спартака), насуперак зьнешняму выгляду ўяўная перамога цёмных сілаў зла ператварылася ў перамогу над злом. Укрыжаваны Хрыстос выклікаў у яўрэяў пагарду, а для паганцаў вера ў яго была абсурдам і вар’яцтвам. Супраць гэтай „недарэчнай веры” і небясьпечнага — як тады лічылася — забабону паўстала магутная імпэрыя зь ейным традыцыйным укладам жыцьця і адпрацаванымі мэханізмамі рэпрэсіяў. Аднак не прайшло і стагодзьдзя, як „вызнаўцы крыжа” зьявіліся па ўсёй імпэрыі. Не прайшло двух стагодзьдзяў, як, не зважаючы на жорсткі прасьлед, хрысьціянства стала пашырацца па?за межы вялікай дзяржавы. Яшчэ пазьней, у асобе Канстанціна Вялікага, непераможны Рым афіцыйна скарыўся перад Настаўнікам з правінцыйнага Назарэту. У наступныя стагодзьдзі Царква была вымушана абараняцца ад наступу мусльманаў, ерэтыкоў, раскольнікаў, ад унутраных і і вонкавых ворагаў ды скажэньняў. Ва ўсіх гэтых змаганьнях, якія далі хрысьціянству бясспрэчнае першынство сярод духоўных волатаў, крыж быў ня толькі знакам, але і прыладай перамогі. Яго несьлі перад шэрагамі ваяроў ды ім узнагароджвалі жаўнерскую мужнасьць. Сьв. Яан Залатавусны пісаў у 4-м стагодзьдзі: „Крыж знаходзіцца ўсюды: у хатах, на дарогах, у публічных месцах, на караблях, на посудзе і на зброі”. Знакам крыжа пачыналіся ў свой час усе афіцыйныя дакумэнты, ім таксама заміж подпісу карысталіся непісьменныя. Акрамя вайсковых узнагародаў крыж стаў таксама эмблемай найбольш высакародных ідэяў і дзеяньняў. Пад знакам крыжа ў лодцы — сымбалі экумэнічнага руху — плывуць да будучай еднасьці падзеленыя хрысьціянскія канфэсіі. У штодзённым жыцьці крыж да сёньняшняга дня спадарожнічае вернікам як знак жаданага блаславенства. Маці робяць знак крыжа на падушках засынаючых дзяцей, на буханцы хлеба, перад ежай, працай, у час небясьпекі...
Мабыць, важнейшымі за гэтую вонкавую прысутнасьць крыжа ў жыцьці хрысьціян зьяўляюцца тыя нябачныя, унутраныя змаганьні, якія вернікі праводзяць у Імя Укрыжаванага: раскаяньні, барацьба са злом і высакародныя памкненьні. Крыжык на шыі здольны ў некаторых сытуацыях выклікаць дакор сумленьня, нагадаць пра сапраўднае пакліканьне верніка і ягоныя абавязкі. Хаця мундзір ня робіць з чалавека жаўнера, а высока ўзьняты сьцяг не абавязкова азначае патрыятызм, тым ня менш крыж, як вонкавы знак прыналежнасьці да Царквы, нагадвае да чаго гэтая прыналежнасьць забавязвае. Да іх належыць і „жыцьцёвы крыж”, пад якім падразумяваюцца непазьбежныя выпрабаваньні лёсу з усемагчымымі няўдачамі і пакутамі. Евангельле заклікае „зрачыся сябе, узяць крыж свой ды ісьці за Хрыстом”. Гэта азначае нялёгкае прымірэньне зь лёсам, які бывае вельмі незайздросны, са сваім сьціплым месцам у грамадзтве, са штодзённымі цяжкасьцямі і клопатамі. Насуперак натуральнаму імкненьню да шчасьця і посьпехаў у верніка зьяўляецца думка, што на самай справе ніхто нам не абяцаў раскошнага, бестурботнага жыцьця, што пасьля буры выпагоджваецца, а пасьля сьмеху бывае плач. Перанесьці няўдачы і посьпехі, радасьць і гора з аднолькавым стаічным спакоем і памяркоўнасьцяй як нейкую вышэйшую заканамернасьць — гэта і ёсьць тое саўдзельніцтва ў Хрыстовым Крыжы, да якога мы пакліканы.
У перыяд Вялікага Посту, над якім асабліва распасьціраецца Крыж, вернікі пакліканы заглянуць унутр сябе, адказаць на пытаньне: чым для іх асабіста зьяўляецца Сьвяты Крыж, ці ў нейкай ступені ператварыў ён іхнае жыцьцё. Для шмат каго гэта звычайнае ўпрыгожаньне на шыі, саступка пануючай модзе, але былі і ёсьць людзі, для якіх гэта адлюстраваньне ўнутранага жыцьця і гэтак павінна быць. Вось таму ў Крыжапаклонную нядзелю наша Царква яшчэ раз раскрывае перад намі наш духоўны сьцяг, каб прыгадаць увесь яго сэнс і зьмест.